акалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., што.

Абабіць калоцячы; абтрэсці. У садзе даспявалі грушы і познія яблыкі, і дзед баяўся, каб хто не залез і не акалаціў іх. Рунец. // Уручную збольшага абмалаціць, абабіць (пра снапы жыта). Увосень за школаю ды за іншымі справамі.. [Рыгор] толькі жыта на насенне акалаціў ды змалоў крыху, і цяпер яго турбавала думка пра малацьбу. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абтрапа́цца, ‑траплюся, ‑трэплешся, ‑трэплецца; зак.

1. Ачысціць сябе ад чаго‑н. Абтрапацца ад снегу. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ачысціцца ад кастрыцы (пра лён, цяньку).

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падрацца, абабіцца па краях (пра вопратку). Варвара раскідвае пінжак на каленях і крытычна праглядае рукавы: ці не падпаролася падкладка, ці не абтрапаліся краі. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аго́рклы, ‑ая, ‑ае.

1. Пра тое, што набыло горкі смак. Не спазнаўшы месяца мядовага, Яблынькі прачнуліся удовымі, Доляй падзяліліся з рабінамі — Дзічкамі агорклымі зрабіліся. Барадулін.

2. перан. Пра тое, што надакучыла, абрыдла. З двара пачуўся так добра знаёмы, такі ўжо агорклы голас: «Мар-ры!» Брыль. // Невыносны, цяжкі. [Язэп:] — Як там маці? [Даша:] — Нічога... І зноў настала агорклая цішыня. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замаўча́ць 1, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Разм. Замоўкнуць, змоўкнуць. Госць дыпламатычна замаўчаў, і яны перавялі гаворку на другую тэму. Сіняўскі.

замаўча́ць 2, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

Разм. Наўмысля скрыць, не даць даведацца, не сказаць пра што‑н. Нельга замаўчаць імя вялікага вучонага. □ Кіруючыя колы ЗША імкнуцца прынізіць, зменшыць, замаўчаць, сказіць праўду пра нашы дасягненні. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бруі́цца, бруіцца; незак.

Цячы, пераліваючыся (пра ручай, крыніцу і пад.). Там фантан, як вадаспад, Не сціхаючы бруіцца. А. Александровіч. // перан. Разыходзіцца струменямі, хвалямі (пра паветра, святло, пах і пад.). І Лагода адчуў, што цяпло, якое бруілася з.. [Дашыных] вачэй, адразу пранікла ў самае яго сэрца, моцна завалодала ім. Васілевіч. Каласістыя мірныя палі, якія бруіліся пад ветрам, уціхамірвалі душу. Шарахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зату́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Разм. Замучыць нападкамі, прыдзіркамі, папрокамі; давесці да атупення. — І я ж пра гэта кажу, пра сяброўства, а без яго, дык затукаюць і разгоняць нас яны, — зноў сказаў Ашурка. Галавач. Успамінаўся Юрка, і яна бедавала, што сын у жыцці бездапаможны без яе. Што ён можа сам? Яго ж адразу затукаюць другія. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збля́кнуць і збле́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Страціць яркасць афарбоўкі; выцвісці. Матэрыя зблекла. □ Зара тым часам падалася ўправа, і светлы ветразь яе зменшыўся, ружовыя фарбы збляклі. Дуброўскі.

2. Завянуць, страціць свежасць (пра расліны). Зблякла трава. / Пра чалавека, яго твар. Вочы .. [Сцяпана] на момант загарэліся, але тут жа і збляклі. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каржакава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Нізкі, з тоўстым сукаватым ствалом (пра дрэва). Дзед заняў пазіцыю пад старым прысадзістым, каржакаватым, як і сам дзед Талаш, дубам. Колас.

2. Невысокі, шыракаплечы, моцнага целаскладу; каранасты (пра чалавека, яго постаць). [Міхей] быў малы супроць сваёй жонкі, але каржакаваты, з сілай у кожным вузле цела — галава ў лобе шырокая, у плячах ёмкі, хаця плечукі прыўзнятыя. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жаўтаро́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З жаўтаватай дзюбай, з жаўцізной вакол дзюбы (пра птушанят). У гняздзе былі жаўтаротыя птушаняты. Лынькоў.

2. перан. Разм. Пра маладога нявопытнага чалавека. З тыдзень я абіваў парогі розных майстэрняў, фабрык і заводаў, гатовы пайсці на любую работу, але паглядзяць на мяне — і адмаўляюць. Жаўтароты. Гурскі. Хлопцы, дзяўчаты, што згрудзіліся ля вас, жаўтаротая, зялёная моладзь. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наслу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Пачуць, паслухаць многа чаго‑н. Наслухацца пра даўнейшае. Наслухацца казак. □ А расказваць было што: ходзячы вечна па людзях, усяго наслухаешся. Чорны. Шмат чаго мы наслухаліся ад дзеда пра войны. Якімовіч.

2. Атрымаць задавальненне, слухаючы (часта з адмоўем «не» або дзеясл. «магчы»). Наслухацца музыкі. □ Слухае не наслухацца [Пастух] Салаўя-спевака, птаху чароўную. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)