славу́тасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць славутага.

2. Слава, шырокая папулярнасць, вядомасць. Горад хутка разросся і набыў славутасць. «Маладосць». Зоя Лагодзіч адразу ўскіпела: — Мы [Толю] ўсыплем. Не паглядзім на славутасць. Асіпенка.

3. Вядомы, праслаўлены чалавек. Я адразу пачаў ствараць фантастычныя праекты, як зраблю навуковае адкрыццё ды стану славутасцю. Карпюк. «Зусім магчыма, — разважала маці, — што хлопчык некалі зробіцца славутасцю. Гучнае імя для яго тады будзе як знаходка!» Арабей.

4. Месца ці прадмет, выдатныя чым‑н. І яшчэ адна славутасць ёсць у Ігарцы — мярзлотная станцыя. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

служы́цель, ‑я, м.

1. Тое, што і слуга (у 1 знач.). У час канцэрта між радоў ходзяць служыцелі з падносамі і частуюць гледачоў чаем з мятай. В. Вольскі.

2. Ніжэйшы служачы ў некаторых установах. Служыцель музея. □ А перад смерцю ёй [Данусі] ўдалося напісаць пісьмо, і адзін паляк — служыцель турмы — яго вынес на волю. Карпюк.

3. Чалавек, які служыць чаму‑н., працуе і прыносіць карысць сваёй працай у якой‑н. галіне (навукі, мастацтва і пад.). Служыцель навукі. Служыцель мастацтва. // Пра духоўных асоб. Служыцель культу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

устрыво́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад устрывожыць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане трывогі, хвалявання. Устрывожаны камендант.. загадаў двум сваім салдатам з аховы неадкладна праверыць, хто страляе і па чыйму дазволу. Якімовіч. — Што з табой, Ваня, ты нездаровы, ці што? — спытала ўстрывожаная жонка. Карпюк. // Які выражае трывогу, хваляванне. — Хто гэта? — пачуўся ўстрывожаны жаночы голас. Скрыпка. А .. [Таня] нібы не заўважала ўстрывожаных мужавых вачэй. Новікаў. // Успуджаны, сагнаны з месца. Устрывожаныя птушкі ўзвіваліся ў паветра, высока кружыліся ў небе. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чыстакро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Чыстай, не змешанай пароды (пра жывёл). — Гэта не трус, а трусіха, — нахмурыўшыся, адрэзаў Дапік. — І прытым не абы-якая трусіха, а чыстакроўная «белы велікан». Краўчанка.

2. Разм. Сапраўдны, праўдзівы. Гэта — чыстакроўная арыстакратка, і нізавошта мяне не прызнала б за чалавека, калі б я стаў нават мільянерам! Карпюк. [Драздовіч:] — Яго [Павалковіча] тут старым кавалерам завуць, шляхціцам. Хоць ніякі ён не шляхціц, з дзеда-прадзеда чыстакроўны мужык. Машара. // Тыповы, яскрава выражаны, характэрны для каго‑, чаго‑н. (пра чалавека). Чыстакроўны паляшук. Чыстакроўны немец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шнуро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шнураваць.

2. Р мн. ‑ровак. Шнур або шнурок на якім‑н. адзенні і пад., пэўным чынам размешчаны, працягнуты, а таксама прашнураванае месца. Скрозь слой бруду на блясе цьмяна віднеўся малюнак: бліскучы бот, а побач — чаравік без шнуровак. Карпюк. Шнуроўка колеру зары, Пагляд, што бляск рубінавы, І сарафан агнём гарыць, Каралі — арабініны. Ляпёшкін. // Уст. Частка жаночай сукенкі, якая сцягваецца шнурком; гарсэт. Мураўёўна нізка звесіла галоўку, Бо занадта зацягнулася ў шнуроўку. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адхлы́нуць, ‑не; зак.

1. Пацячы, памкнуцца ў адваротным напрамку (пра ваду). Вада адхлынула ад берага. □ Васіль увесь сумеўся, адчуў, як у яго ад твару адхлынула кроў. Краўчанка. // Раптоўна адступіць, адысці (пра пачуцці і пад.). Гора на момант адхлынула ад дзіцячага сэрца, і Косцік заснуў. Пестрак.

2. перан. Адысці назад, адступіць (пра натоўп людзей). Тады гітлераўцы павярнулі дулы аўтаматаў на натоўп. Усе адхлынулі і на момант замоўклі. Пальчэўскі. // Адхіснуцца, аддаліцца ад каго‑н. Убачыўшы, што Міша цалкам захапіўся ўжо новай мэбляй, дзяўчаты адхлынулі ад яго. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выпіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да выперці.

2. Выдавацца на паверхню, выпінацца. Твар.. [танкіста] быў як набрынялы, і кадык выпіраў з расшпіленага мундзірнага каўняра. Чорны. Вера бачыла яго чорныя ўскудлачаныя валасы і вострыя лапаткі, што выпіралі з-пад бэзавай тэніскі. Асіпенка. // перан. Разм. Яскрава выяўляцца, прарывацца. У рысах майго твару не было той лагоднай сіметрыі, якая, мне тады здавалася, так падабаецца дзяўчатам; выпірала нейкая вуглаватасць, а шэрыя з жаўцізной вочы глядзелі пранікліва. Карпюк. Праз гэтую ціхую фразу так і выпірала наверх злосць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абры́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Імкліва ўпасці зверху, абрушыцца, абваліцца. Ён [мост] закалышацца, як дзіцячая калыска, не вытрымае цяжару і абрынецца ў ваду. Сабаленка. Косыя блакітныя ніткі мігатлівай шкляной заслонай захінаў далягляд, і Юрку здалося, што палатка — гэта астравок, на які абрынулася вада. Карпаў. // перан. Нечакана спасцігаць каго‑, што‑н. Няшчасце абрынулася на Марыльку. Сабалеўскі.

2. перан. Імкліва, з вялікай сілай напасці, наваліцца. Не ступіў я і кроку, як раптам у галаве памутнела, паплылі кругі, нейкая магутная сіла абрынулася на мяне, і я апамятаўся на брызенце. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ідэа́л, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Вышэйшая мэта, да якой імкнуцца людзі і якая кіруе іх дзейнасцю. Агульначалавечы ідэал. Высокія грамадскія ідэалы. □ [Нявідны] ведае і верыць у праўду новага ладу жыцця, таго ладу, за ідэалы якога змагаецца партыя камуністаў. Колас.

2. ‑у; чаго або які. Дасканалы ўзор чаго‑н. Ідэал шчасця. Ідэал прыгожага.

3. ‑а; чый. Пра таго, хто з’яўляецца для каго‑н. вышэйшым ўвасабленнем якіх‑н. якасцей, узорам годнасці. З прачытанай літаратуры Кася вынесла вобраз свайго ідэала — рыцара, князя, аб якім марыць. Карпюк.

[Фр. idéal.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

любава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; заг. любуйся; незак., кім-чым і на каго-што.

Разглядваць каго‑, што‑н. з захапленнем, задавальненнем. Маша часта ў апошні час любавалася .. [Алесяй] і думала: «Якая яна раптам стала прыгожая!». Шамякін. Мы часта любуемся Месяцам, падоўгу ў ясныя ночы назіраем за ім. Гамолка. // Адчуваць задавальненне, захапленне, наглядаючы чыю‑н. дзейнасць, учынкі. І каб толькі не ворагі — жыць бы нам ды пажываць, на працу сваю любавацца. Лынькоў. Я захапляўся спрытнымі людзьмі, якія баранілі слабых, любаваўся мужчынскай сілай, адвагай і сумленнасцю людзей прэрый. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)