перашэ́пты, ‑аў; адз. няма.
Разм. Перагаворванне шэптам, гукі перашэптвання. Скончыць перашэпты. □ Бразджалі лічыльнікі і чуліся ціхія перашэпты. Гартны. // перан. Ледзь чутны шум, шэлест. Я спыняюся і услухоўваюся ў перашэпты чаротаў. Пестрак. Я гатоў слухаць там ад зары да зары перашэпты вяршалін густых угары. Бураўкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адпу́дзіць, ‑пуджу, ‑пудзіш, ‑пудзіць; зак., каго.
1. Спалохаўшы, адагнаць. Спачатку хлопцы сядзелі моўчкі і толькі зрэдку перагаворваліся шэптам, баючыся адпудзіць рыбу. Ваданосаў.
2. перан. Адштурхнуць ад сябе сваімі словамі, учынкамі і пад. Чарнікевіч адказаў не адразу. Ён баяўся першым неасцярожным словам адпудзіць гэту дзяўчыну. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́шапак, ‑пку, м.
Разм.
1. Тое, што і шэпт. Ціхі пошапак і пошум стаялі да таго часу, пакуль за чырвоным сталом не паявіўся дырэктар. Сабаленка. Палкоўнік пераходзіць на зусім ціхі пошапак. Кавалёў.
2. у знач. прысл. по́шапкам. Разм. Шэптам. Мы гаварылі, як змову вялі, пошапкам. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свісця́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Са свістам, з прысвістам. — Ты хто такі? — свісцячым шэптам, з усіх сіл трымаючыся, каб не закрычаць, спытаў Гунава. Самуйлёнак.
2. Які ўтвараецца пры праходжанні струменя паветра праз вузкую шчыліну ў месцы збліжэння пярэдняй часткі языка з верхнімі пярэднімі зубамі. Свісцячыя гукі. / у знач. наз. свісця́чы, ‑ага, м. Цвёрды свісцячы. Мяккі свісцячы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шапта́ць, шапчу, шэпчаш, шэпча; незак., што і без дап.
1. Гаварыць, вымаўляць вельмі ціха, шэптам. Шаптаць на вуха. Шаптаць малітвы. □ Губы .. [Людмілы] шапталі гнеўныя пракляцці тым, хто ўчыніў такую лютую бойню. Якімовіч. — Саша... Саша... Ты ж сама прыгажосць... — шаптаў Малашкін, гладзячы руц Сашы, — з табою жыць і паміраць. Пестрак. // перан. Утвараць якія‑н. ціхія гукі (слабы шум, шолах і пад.). Шэпча жыта, нібы стогне Здушанай тугою. Колас. Зноў так радасна шэпчуць дубровы. Кляшторны.
2. Перадаваць якія‑н. чуткі па сакрэту, тайна. І не толькі яны [Сцёпка з Борам] — уся вуліца шаптала пра Міхалку. Баранавых. — Каму ж, хлопцы, пачаць, як не нам? Можа, напалохаюць тыя, што будуць шаптаць з-за вугла ды чакаць паратунку з-за мора. Брыль.
3. Шэптам замаўляць, чараваць. Матруна ёй [шаптусе] цягала Адзенне, грошы, сала, — Амаль усё занесла, што было, А тая ўсё шаптала, чаравала. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прамяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
Зрабіць абмен, абмяняць. — І яшчэ адно, Андрэй Ігнатавіч, — шэптам загаварыў барадач, — трэба збыць тавар, прамяняць на чырвонцы, з імі спакайней... Якімовіч. // на каго-што. Адмовіўшыся ад каго‑, чаго‑н., аддаць перавагу другому. Ну і кожны з хлопцаў бадай што роднага бацьку прамяняў бы на .. [Піліпа]. Кулакоўскі. — Самасад ні на якія папяросы не прамяняю, — заявіў .. [Васіль], згортваючы цыгарку. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перашэ́птвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Перагаворвацца шэптам. Людзі спярша дзівіліся, пасля пачалі перашэптвацца. І папаўзлі па вёсцы чуткі, што недзе ёсць у Андрэя прыхаванае дабро. Ваданосаў. Дзяўчаты, з затоенай хітрынкай у вачах паглядваючы на нас, паціху перашэптваліся. Лынькоў. // перан. Ледзь чутна шумець, шалясцець. Ціха перашэптваюцца між сабой дрэвы. Пальчэўскі. Па-над галавой, атрасаючы з сваіх галін іней, перашэптваліся вячыстыя прыдарожныя бярозы. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гавары́цца, ‑варыцца; незак.
1. Выказвацца, расказвацца, паведамляцца. І тое, што далей гаварылася, ужо лёгка прасейвалася праз .. [Сашкаву] галаву. Чорны. // Вымаўляцца, выгаворвацца. Кожнае слова гаварылася шэптам. □ — Разумець трэба, для чаго якое слова гаворыцца... Лынькоў.
2. безас. Аб наяўнасці жадання, настрою гаварыць. [Астаповіч і Блецька] увайшлі, і Блецька моўчкі сеў. Нешта яму не гаварылася. Чорны.
3. Зал. да гаварыць (у 2 знач.).
•••
Як гаворыцца (у знач. пабочн.) — як прынята гаварыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шушу́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Гаварыць пра каго‑, што‑н. шэптам па сакрэту, нашэптваць. Шушукалі, хіхікалі Падсуседзі дасужыя, Назад вярнуцца клікалі — З натугі, бач, нядужае. Купала. І вось ён, Аляксандр Іванавіч Сідарчук, храбры камандзір партызанскага атрада, сядзіць цяпер у рэстаранчыку, дзе працуе яго жонка Ніна, пра якую шушукаюць яе сяброўкі па працы, што яна хоча пакінуць свайго Сашу, бо Саша не можа перастаць піць. Пестрак.
2. перан. Тое, што і шушукацца (у 2 знач.). Над страшнай працягла сасонка Шушукала з ветрам начным. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нашэ́птваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
1. Гаварыць шэптам што‑н. Алесь бачыў, як у друга заварушыліся вусны і як ён сам сабе нашэптваў словы тае ж песні. Броўка. Іван Іванавіч яхідна ўсміхнуўся і, адвярнуўшыся, пачаў нешта нашэптваць на вуха суседу. Асіпенка.
2. перан. Нагаворваць на каго‑н., пляткарыць. Пісар каму трэба і не трэба нашэптвае, што ў вачах у настаўніка «рэвалюцыя гарыць». Навуменка. Цяпер доктар Салавейчык лічыць сябе чысценькім, а на Івана Іванавіча нашэптвае. Арабей.
3. У павер’ях — гаварыць замовы; чараваць. Нашэптваць на ваду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)