здра́длівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які заключае ў сабе здраду, з’яўляецца здрадай. Здрадлівы ўчынак. // перан. Які выдае тое, што хацелася б утаіць. Здрадлівая ўсмешка. □ Па светламу твару Колышава распаўзлася здрадлівая чырвань. Мележ.

2. Які можа здрадзіць; прадажны, вераломны. [Ворагам] удаецца мець уплыў толькі на здрадлівых і нікчэмных людзей. Хведаровіч. // Такі, на які нельга спадзявацца; падманлівы, ненадзейны. Прыкованы вочы, увага мільёнаў Да лагера Шміта на здрадлівым лёдзе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праспе́кт 1, ‑а, М ‑кце, м.

Вялікая, звычайна шырокая і прамая вуліца ў горадзе. Убраліся ў чырвань праспекты і плошчы І ў цвецень вясковую — дрэвы садоў. Хведаровіч. За апошнія гады гэты, некалі шумны і ажыўлены, праспект неяк прыціх, быццам пасталеў. Шыцік.

[Ад лац. prospectus — від, агляд.]

праспе́кт 2, ‑а, М ‑кце, м.

1. Падрабязны план, змест (навуковай работы, навучальнага дапаможніка, часопіса і пад.). Праспект падручніка.

2. Даведачнае выданне рэкламнага характару.

[Ад лац. prospectus — від, агляд.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кра́ска ж.

1. фа́рба, -бы ж.;

акваре́льные кра́ски акварэ́льныя фа́рбы;

ма́сляные кра́ски ма́сленыя (але́йныя) фа́рбы;

2. прям., перен. (тон, цвет) фа́рба, -бы ж.; ко́лер, -ру м.;

я́ркие кра́ски зака́та я́ркія фа́рбы (ко́леры) за́хаду со́нца;

3. (румянец) чы́рвань, -ні ж.;

от стыда́ кра́ска бро́силась ему́ в лицо́ ад со́раму чы́рвань кі́нулася яму́ ў твар;

не жале́ть кра́сок не шкадава́ць фа́рбаў;

сгуща́ть кра́ски згушча́ць фа́рбы.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

драбі́ны, ‑бін; адз. драбіна, ‑ы, ж.

1. Драўляная прыстаўная лесвіца. [Хлопцы] залазілі .. [на вышкі] па высокіх драбінах .. праз закотнае акенца. Якімовіч. У хляве было аж пад бэльку сена. Да яе была прыстаўлена драбіна. Пташнікаў.

2. Сялянскія калёсы з рашотчатымі бакамі. У нядзельку раненька, ледзь толькі займала чырвань па ўсходзе, Лабановіч сядзеў ужо на сене ў драбінах і выязджаў з вёскі. Колас. Двор поўніўся людскім гоманам; рыпелі колы ёмістых драбін, бразгала жалеза. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. Які вельмі пеніцца; з пенай. [Маці] прынесла поўны гладыш пахучага пеністага квасу. Шамякін. Прыемна і ўлетку, калі б’юць перуны, а па дарогах цякуць пеністыя рэчкі. Гроднеў. Мы, перадаючы гладыш з рук у рукі, пілі яшчэ пеністы пахучы сырадой. Няхай. // Падобны на пену. Прачнулася сонца. Барвай набрынялі пеністыя лёгкія хмаркі, чырвань заліла ўсё: і лес, і вёску, і паплавы. Капыловіч.

2. Які ўтварае многа пены (у 2 знач.). Пеністае мыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убра́цца, убяруся, убярэшся, убярэцца; убяромся, уберацеся, убяруцца; зак.

1. Набыць прыгожы выгляд, стаць прыгожым. Убраліся ў чырвань праспекты і плошчы І ў [к]вецень вясновую — дрэвы садоў. Хведаровіч. // Прыгожа адзецца, прыбрацца, разадзецца; выстраіцца. Убрацца ў святочны касцюм. □ [Міхаліна:] — А калі адчыніла шафу, каб адзецца, то адчула, што знікла маё жаданне ўбрацца па-святочнаму. Шамякін.

2. Разм. Управіцца з уборкай ураджаю. [Ганна:] — Напішы, Алеська, што ўбраліся са збажыною. Скрыган.

•••

Убрацца ў пер’е — абжыцца, палепшыць матэрыяльнае становішча, пачаць жыць самастойна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запле́сці, ‑пляту, ‑пляцеш, ‑пляце; ‑пляцём, ‑плецяце; зак., што.

1. Перавіваючы, сплесці. Заплесці касу.

2. Увіць, уплесці ў што‑н. Запляту я ў касу Стужку чырвань-агонь. Астрэйка.

3. Плетучы, залапіць, закрыць адтуліну і пад. Заплесці дзірку ў плоце свежай лазой.

4. Пакрыць густым перапляценнем чаго‑н.; аплесці. Але скала больш не тоіць у сабе небяспекі, яе перамаглі, яе заплялі лёгкай, простай і прыгожай канструкцыяй драўляных клетак. Галавач. Павуцінне звісала са столі, яно запляло і два абразы на покуце. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. папоўз, ‑паўзла, ‑ло; зак.

Пачаць паўзці. Праз момант танк стаў, адскочыла вечка люка, і адтуль, спрытна куляючыся, выскачылі танкісты, пападалі на зямлю і папаўзлі ўбок. Марціновіч. Па вуліцы, рыпаючы палазамі, папаўзлі вазы. Грахоўскі. Чырвань хутка папаўзла па шчоках, пераноссі, скронях. Б. Стральцоў. Па горадзе папаўзлі чуткі: партызаны напалі на фашыстаў. Новікаў. Размяклы, працяты вадою снег гурбінамі папоўз з саламяных стрэх. Колас. Заімжыў дробны веснавы дождж, папаўзлі па шыбах доўгія крывыя пісягі. Грахоўскі. Ярка-сіняя маса папаўзла з цыліндрыка, на вачах мяняючы свой колер, павялічваючыся ў памерах. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агні́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які свеціцца, як агонь. Агністая чырвань на ўсходзе Адсвечвае, грае пажарам. Колас. Лес зашумеў мацней, захістаўся. Збоку бліснула яркая агністая паласа. Якімовіч. // Падобны колерам да агню; які адлівае фарбамі агню. З табою, клён, я разважаю. З тваёй агністай галавой. Броўка. // Пякучы, гарачы, як агонь. Усё дзіка, пустынна імшыцца, Агністая спёка стаіць. Багдановіч.

2. Палымяны, бліскучы, які ззяе ад узрушэння і пачуцця (пра вочы, позірк). Цёмны сад-вінаград, Цвет бяленькі вішнёвы, — І агністы пагляд, І гарачыя словы. Багдановіч. // перан. Палымяны, страсны. Любіў жыццё, свабоду я Душой сваёй агністай... Броўка. // Натхняльны, страсны. Сотні тысяч галодных Узнімаюць, як сцяг, Два агністыя словы: — Мір і хлеб! Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хво́я, ‑і, ж.

1. Вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых з высокім прамым ствалом і доўгай ігліцай; сасна. Люблю я лес, адвечны бор, Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі. Колас. Стромкія хвоі ўзнімалі свае вяршыні над лесам, нібы яны сябравалі з Вялікай Мядзведзіцай. Краўчанка.

2. зб. Абл. Ігліца. Крайнія хаты стаялі амаль пад самымі соснамі, так што шышкі і хвоя заляталі ў двары. Шамякін. // Пра пах ігліцы. Пахла хвояй. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху, па пнях. Бядуля.

3. Галінка хвойнага дрэва. Чырвань, хвоя на дамах, Лозунгі, вядома. Броўка. // Хваёвы лес; сасняк. Зялёны ранак сонечнай нядзелі Не можа радасць цішыні ўтаіць. Відаць, субота добра пагудзела, Калі ў хвоях шум яшчэ стаіць. Чэрня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)