усу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Прасунуцца ўнутр чаго‑н. Дзверы нясмела адчыніліся, і ў пакой усунулася кепачка з пакамечаным брылём, а потым худы хлапечы твар. Арабей. Мала, зусім мала часу спатрэбілася Крукаву на тое, каб праз адчыненыя дзверцы ўсунуцца ў топку, паставіць на сваё месца каласнік. Васілёнак. // Улезці, паказацца ў чым‑н. Час ад часу ў вокны ўсунецца твар, як крэйда, збялелы, паглядзіць і расплывецца дзесьці ў цемені камеры. Нікановіч.

2. Разм. Уваліцца, праваліцца куды‑н. Бацька сказаў, нібы адгадаўшы маю думку: — Мабыць, усунуўся нехта ў багну.. І чорт яго пагнаў, не праведаўшы дарогі!.. Кулакоўскі. // Трапіць, папасці ў што‑н. А Якава збракавалі!.. Па вачах не падышоў і руку некалі зламаў. .. Мабыць, у машыну ўсунуўся, калі ў дэпо рабіў. Чарнышэвіч. Міша сігануў праз канаву, усунуўся адным ботам у глыбокую гразь, потым ускраем балацявіны абагнуў Нятрэсеў хутар з тыльнага боку. Арочка. // Утапіцца. Было іх, рэчак, часамі на ноч і па дзве, і па тры. Але такой шырокай не было. І так яны, хлопцы, яшчэ не сядзелі. — Я паплыву прыганю [лодкі], — сказаў Алесь. — Усунешся яшчэ. Брыль.

3. Разм. Увайсці куды‑н. павольна, ледзь перастаўляючы ногі. У карчму не ўвайшоў, а неяк цішком, прыгнуўшыся, усунуўся Апанас Хмель. Пестрак. Рыпнулі дзверы, і ў адрыну ўсунуўся Мікіта, Ігнасёў аднагодак. Чарнышэвіч. З гэтымі словамі ў пакой усунулася.. мажная кабеціна, пудоў на дзесяць вагою. Дубоўка.

4. Разм. Умяшацца, ублытацца ў што‑н. Справа магла наблізіцца да нейкага кампрамісу, але ў аркестроўку ўсунуўся Ядловец і.. перарваў дыспут. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уткну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Убіцца вострым канцом у што‑н., пранікнуць у глыб чаго‑н. Кап’ё ўткнулася ў зямлю. □ Човен уткнуўся носам у пясчаны бераг якраз супраць глыбокага рова. Шамякін.

2. Зарыцца галавой, тварам у што‑н. Жэнька паднялася з зямлі і ўткнулася галавою ў пасцель. Крапіва. // Есці, усунуўшы галаву ў якую‑н. пасудзіну (пра жывёлу). [Мурзік],.. ціха заскуголіўшы, падбег да бляшанкі, уткнуўся ў яе мордачкай і стаў хлябтаць. Капыловіч.

3. перан. Доўга глядзець куды‑н. (у акно і пад.). [Сёмка:] — Толькі хутка пачаў я прыкмячаць, што Аленка мая сумуе. Уткнецца ў акно, быццам на вуліцу пазірае, а сама перад сабою нічога не бачыць. Кандрусевіч. // Не ўзнімаючы вачэй, паглыбіцца ў якую‑н. справу. Уткнуцца ў кнігу.

4. Уперціся ў што‑н. Мікола як уткнуўся тварам у сцяну, так і не павярнуўся. Б. Стральцоў. — Прыехалі! Прыехалі! — усхапілася Ліза і ўткнулася носам у халодную шыбіну. С. Александровіч. — Не пікні! — Дула пісталета ўткнулася.. [Рабушку] ў грудзі. Новікаў. / у перан. ужыв. Сіратліва ўткнуліся ў неба заводскія трубы, вецер не расцягваў ад іх доўгіх хвастоў дыму. Пятніцкі. // Сутыкнуцца з якой‑н. перашкодай. Калі [хлопцы] прайшлі кіламетры са два, то.. зноў ўткнуліся ў балота! Маўр. Цяжка шаргануўшы па пясчанаму дну, уткнуўся ў бераг паром. Аляхновіч.

5. Разм. Улезці, уціснуцца куды‑н. Андрэй згледзеў, што ў кузаве пабіта людзей, не ўткнуцца. Пташнікаў. // перан. Умяшацца, прыняць удзел у чым‑н. — Як? — здзівіўся маёр. — Хто яму дазволіў?.. Усюды.. [Чыжык] уткнецца першым! Няхай. — Нічога я не пісала!.. — буркае Ганька. — Як гэта не пісала. Раскажы няхай.. [Міша] паслухае. Ён-то ўжо табе скажа! — усюды гэта баба Іваніха ўткнецца. Васілевіч.

•••

Уткнуцца носам у што або куды — не адрываючыся, з захапленнем чытаць, пісаць і пад.

Уткнуцца са сваім языком — сказаць што‑н., калі не просяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; заг. сунься; зак. і незак.

Разм.

1. зак. Кінуцца, палезці куды‑н. Сляпы куды ні сунецца, усё на агонь натыкаецца. Якімовіч. Сунуліся мы з Санькам у адно месца — багна; паткнуліся ў другое — грузне пад нагамі куп’ё. Сяркоў. Не зведаўшы броду, не сунься ў воду. Прыказка. // Паспрабаваць зрабіць што‑н. (цяжкае, рызыкоўнае, небяспечнае і пад.). [Цімошка:] — А калі Мурашка на рэўком паляціць? Што тады? — Ага, паляціць, — хмыкнуў Сцёпка. Няхай сунецца. Хомчанка. Спрабавалі карнікі сунуцца ў лес, але партызаны так іх паперлі назад, што больш і носа баяліся паказаць туды. Кірэйчык. — Ды я на парог яго [Ігара] не пушчу, дачушка!.. Ды я яго памыямі аб[лію], калі сюды сунецца! — горача паклялася маці. Сіняўскі.

2. зак. Звярнуцца да каго‑, чаго‑н., куды‑н. з якой‑н. мэтай. Браток .. пайшоў да старога пана. Як адважыўся сунуцца да яго Браток, застанецца назаўсёды загадкай. Асіпенка.

3. зак. Раптоўна ўпасці, паваліцца. Косця сунуўся носам на брук. Новікаў.

4. незак. Ісці, ехаць вельмі павольна. Віктар ідзе наперадзе, і я моўчкі сунуся следам, і дошкі сходкаў зыбаюцца пад нашымі нагамі. Савіцкі. Сунецца лодка па роўнай паверхні ракі, і зусім не відаць таго, хто вяслуе. Ваданосаў. // Плысці, пасоўвацца (пра хмары, туман і пад.). З лагчыны цераз пуці сунуліся шэрыя космы туману. Быкаў. Пушчай сунуўся змрок, хмарай высь завалок. Куляшоў. Ветру няма, а хмара сунецца, цёмная, страшная. Жычка. / у перан. ужыв. Так і думкі ў галаве ідуць, сунуцца неахвотна, спакваля. Шынклер.

5. незак. Перамяшчацца, перасоўвацца куды‑н. Напружваючы апошнія сілы, дырэктар зірнуў угору. Край даху паволі сунуўся ўніз. Нядзведскі. Завішнюк ціха адчыніў вароты — яны зарыпелі, аселі і сунуліся, хоць і новыя, па зямлі. Пташнікаў. Ножка [дзіцяці] была цэлая, толькі, відаць, трохі зачапіла яе колам, калі машына сунулася ў адхон. Кулакоўскі. // Адсоўвацца. Людзі пачціва сунуліся ў бакі, уступаючы .. [Баталевічу] дарогу. Васілёнак.

6. незак. Умешвацца без спросу ў што‑н., куды‑н.; імкнуцца прыняць удзел у чым‑н. Маша ўзлавалася: чаму .. [жанчыны] па-бабску сунуцца ў чужыя справы. Шамякін. [Жорка:] — А ты [Васіль] без паняцця сунешся ў такую скрыпічную тонкасць. Беразняк.

•••

Сунуцца з (сваім) носамумяшацца (умешвацца) звычайна не ў сваю справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уле́зці, улезу, улезеш, улезе; пр. улез, ‑ла; заг. улезь; зак.

1. Пранікнуць, праціснуцца, забрацца ўнутр чаго‑н. Улезці ў склеп. Улезці ў кабіну. □ Лапко ўлез у печ і ўзяўся за работу. Памагала яму Анэтка, спрытная, гнуткая дзяўчына. Падавала гліну. Колас. Толькі падумаю ехаць — А як у аўтобус улезеш? На яго ж у суботу Людзей, нібы сосен у лесе. Карызна. Цяпер ужо льга было чалавеку ўлезці ў млын, вылезці назад і паставіць дошкі на месца. Чорны. // Разм. Увайсці, забрацца куды‑н. Не зважаючы на стрэлы і голле, якое драпала яго па твары, .. [Сотнікаў] бег, пакуль не трапілася імшарына, потым улез у нейкую твань і ўжо не мог з яе выбрацца. Быкаў. Цяжка дыхаючы, у штаб улез двухметровай вышыні шыракагруды чалавек з забінтаванай галавою. Шчарбатаў. [Дзядзька:] — Бабка твая .. улезла ў .. [куст маліны] і давай збіраць ягады ў вядзерца. Ляўданскі. [Ігнат:] — Пільнуй, каб коні, барані бог, у балота не ўлезлі. Мележ. // Разм. Пасяліцца, усяліцца куды‑н. Перабраліся ў зямлянку і жылі ў ёй, пакуль не ўлезлі ў новую хату. Лужанін. [Ганка Мікалаеўна:] — Каб сама не бачыла, не паверыла б, — і, памаўчаўшы, дадала: — Вось улезем у новую хату, першым госцем будзеце. Грахоўскі. // перан. Разм. Старанна ўнікнуць у якую‑н. справу. Эскіз дапамог мне яшчэ глыбей улезці ў вобраз. Сяргейчык. // Разм. Надзець што‑н. Насця .. ўлезла ў андарак і, тэпаючы босымі нагамі па падлозе, пайшла ў сенцы адчыняць. Навуменка.

2. Залезці ў шкоду. — Глядзі ж, каб яшчэ які конь не ўлез, — строга паказала Насця. Мележ. [Лапінка:] — Настуля Кукобіна .. моліцца, а сама ўсё цікуе за рэчку, каб гусі ў шкоду не ўлезлі. Брыль. Трэба было глядзець, каб у грады не ўлезла суседскае парася, сачыць за цялём, якое пасвілася на дзедавым прыгуменні і магло ўбіцца ў шкоду. С. Александровіч. // Пранікнуць куды‑н. тайком. У воласць гэтымі днямі прыдзе дывізія, якая, разумеецца, будзе стаяць па вёсках. Дрэнна толькі тое, што салдат любіць часамі і ў пограб зазірнуць і ў кубелец з салам улезці. Колас. // Захапіўшы чужое, залезці куды‑н. — От які сусед мне папаўся, Андрэй, — гаварыў па дарозе Сымон. — Свінушнік пабудаваў, дык па паўаршына ў маю сядзібу ўлез. Чарнышэвіч. // перан. Пранікнуць куды‑н. хітрасцю, лоўкасцю. [Клеманс] думаў, што старшыня паможа яму ўлезці ў сельсавет. Чорны.

3. Умясціцца, размясціцца ўнутры чаго‑н. Нага не ўлезла ў бот. Кнігі ўлезлі ў чамадан. □ Цётка Насця рэжа бульбу на кавалкі, каб больш улезла ў чыгун, і расказвае. Палтаран. [Юрка:] — Цягні яшчэ бутэльку — колькі ў яе ўлезе той вады, і яна сагрэецца адразу, — да лесу яшчэ не данясеш... Пташнікаў.

4. Уваткнуцца, увайсці ў глыб чаго‑н. Улезла стрэмка ў нагу. □ Тое, што першае трапіла на язык, спадабалася Алесю.. Але далей зубы ўлезлі ў нешта вязкае, — груша і не груша. Караткевіч. / у перан. ужыв. У вушы чамусьці ўлезла і гучыць — ні на хвіліну не змаўкае — дзіцячая песенька. Сачанка. // Асесці, апусціцца, увайсці ў што‑н. Старая хата неяк яшчэ больш улезла ў зямлю, нахінулася набок побач з новым зрубам. Хадановіч.

5. Разм. Умяшацца ў якую‑н. справу. У размову ўлезла цётка Таццяна. Яна спыніла Данілу, мабыць, на самым цікавым месцы. Асіпенка. Стары падла, як кажа жонка, а ўлез у кашу, звязаўся з гэтымі зладзеямі! Дамашэвіч.

•••

Колькі ўлезе — уволю, колькі хочаш. [Мужчынскі голас:] — Знайшоў дзе месца чытаць. Бяры дахаты ды там і чытай, колькі ўлезе. Пальчэўскі.

Улезці ў даўгі (у доўг) — тое, што і залезці ў даўгі (у доўг) (гл. залезці).

Улезці ў душу — тое, што і залезці ў душу (гл. залезці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́зці, лезу, лезеш, лезе; пр. лез, ‑ла; заг. лезь; незак.

1. Хапаючыся рукамі і чапляючыся нагамі, карабкацца, узбірацца, падымацца ўверх або спускацца ўніз. Лезці на дрэва. □ Немцы лезлі ўгару па ўсходах. Чорны. [Яначка] ідзе ў хату, лезе на печ і лажыцца плячыма на чарэнь. Крапіва.

2. Забірацца куды‑н., у што‑н., пранікаць унутр чаго‑н. Андрэй хапае каласнік і зноў лезе ў паравозную кабіну. Васілёнак. Уся белая, лезла ў акно чаромха. Васілевіч. // Паўзком, сагнуўшыся, пранікаць куды‑н., а таксама выбірацца адтуль. Лезці пад стол. Лезці з пограба. □ Адзін за адным [рабочыя] з вялікімі перасцярогамі лезлі пад падлогу. Лынькоў. // Уступаць, улазіць у што‑н.; забірацца. [Мірон:] — Эх, не хочацца зноў лезці ў сцюдзёную ваду! Маўр. [Тата] збірае грыбы і ўсё лезе туды, дзе густа стаяць калючыя ёлачкі. Брыль. // Глыбока апускацца, ўлазіць у што‑н. мяккае; грузнуць. Ногі [быкоў] у зямлю лезуць. Колас. Мох прарваўшы, коні капытамі Лезлі ўсё глыбей у глей густы. Бялевіч. // Пранікаць куды‑н. Дым з камінка лезе ў вочы. Колас. З балот хмарамі плылі камары і надакучліва лезлі ў вочы, вушы, упіваліся ў лоб, абсядалі рукі. Новікаў. // перан. Пранікаючы, назойліва дакучаць (пра гук, пах і пад.). Акрамя шуму ветру, больш нічога не лезла ў вушы. Дамашэвіч.

3. Пранікаць, уваходзіць куды‑н. тайком, крадучыся (з мэтай грабяжу, забойства). Усю ноч [Койферу] трызнілася, што хтосьці паўзе да дома, рэжа вартавых і лезе праз акно да яго. Шамякін.

4. Забірацца рукой унутр чаго‑н. Лезці за пазуху. Лезці ў кішэню.

5. (звычайна з адмоўем). Уваходзіць, змяшчацца. Грэбень не лезе ў валасы. Шафа не лезе ў дзверы. Кнігі не лезуць у партфель. // Надзявацца, быць якраз (пра абутак, адзенне). Чаравік не лезе на нагу. □ Рука гарэла, як у агні, набухала, не лезла ў рукаў сарочкі. Лынькоў. Абяцаная шапка на вушы не лезе. Прыказка.

6. Прабівацца, выбівацца наверх. Глядзелі мы, як з моху лезе За грыбам грыб у летні час. Бялевіч. У гародчыку пад акном лезуць з-пад прызбы зялёныя парастачкі дзікай вяргіні. Пташнікаў. // перан. Настойліва ўзнікаць, з’яўляцца (пра думкі, пачуцці і пад.). Лезла ў грудзі крыўда, Матчын стогн і крык. Бядуля. Баязліваму страх у вочы лезе. Прымаўка.

7. Насоўвацца, налазіць. З грукатам і звонам адна на адну лезлі цыстэрны. Федасеенка. [Вецер] сагнаў хмары ў адно месца, і яны лезлі адна на адну, ачышчаючы неба. Чорны. // Спускацца, спаўзаць, дрэнна трымацца. [Хлапчук] вёў за сабой старога, выглядаючы дарогу з-пад шапкі-кучомкі, што лезла на вочы. Ракітны. / Пра валасы, кудзеркі. Чорныя кольцы валасоў растрапаліся, прыліпалі да лба, лезлі ў вочы. Васілевіч.

8. перан. Разм. Настойліва ісці, праходзіць, пранікаць куды‑н., нягледзячы на забарону, перашкоды, цяжкасці. Дзянікінцы лезлі назойліва, лезлі ўпарта, як раненыя драпежныя звяры, і нічога не магло іх стрымаць, бо тая пазіцыя, якую займалі чырвоныя, была незвычайна важная. Колас. // Імкнуцца прыняць удзел, умяшацца (у бой, бойку, сварку і пад.). Лезці ў спрэчку. □ Меў .. [Кулага] гонар ці быў такі сарамлівы, але ў гутарку ніколі не лез, а ўсё толькі слухаў. Шахавец. // Неадабр. Умешвацца (у чыё‑н. жыццё, чужыя справы і пад.). [Шмульке:] — Ты слесар, Бруно, там твая і работа. У другое не ўмешвайся, не лезь, не заўважай. Лынькоў. — Не лезь не ў свой клопат, — скрывіўся Сева і .. сціснуў кулакі. Карпаў. // Настойліва, назойліва звяртацца з чым‑н. да каго‑н., прыставаць, дакучаць. [Саламон:] — Перастань! Не лезь з глупствам! Бядуля.

9. Разм. Імкнуцца стаць, зрабіцца кім‑н., заняць больш высокае становішча, пасаду. Лезці ў начальнікі. □ Я — салдат, радавы і ў страі і ў паэзіі. Да высокіх пасад не імкнуся, не лезу я. А. Вольскі.

10. Выпадаць (пра валасы, поўсць). Валасы лезуць.

11. Разм. Распаўзацца, рвацца (пра тканіну, скуру і пад.). Сукенка лезла па швах.

•••

Аж вочы на лоб лезуць гл. вока.

З горла лезе (валіцца, прэ) — мець вельмі многа чаго‑н. Пільнуй панскае дабро, а ў князя Радзівіла яно і так з горла лезла, не вартуючы. Лужанін.

Кусок (кавалак) у горла не лезе гл. кусок.

Лезці к чорту ў зубы — рашацца на што‑н. небяспечнае для жыцця.

Лезці (перціся) на ражон — рабіць што‑н. рызыкоўнае, загадзя асуджанае на няўдачу.

Лезці на сцяну — моцна раздражняцца, злавацца.

Лезці не ў сваё карыта — умешвацца не ў свае справы.

Лезці пад рукі каму — перашкаджаць каму‑н. працаваць, займацца чым‑н.

Лезці (вылузвацца) са скуры — старацца з усіх сіл.

Лезці сляпіцаю (асою) у вочы — назойліва прыставаць; дакучаць. Была, толькі адна бяда — машкара. І ўдзень і ўночы стаяла яна над галавою, лезла сляпіцай у вочы... Капыловіч.

Лезці ў бутэльку — раздражняцца, злавацца на каго‑н. (часта беспадстаўна).

Лезці ў бяду — апынацца ў цяжкім, крытычным становішчы.

Лезці ў вочы — а) старацца быць увесь час на віду, назойліва тырчаць перад вачыма; б) быць асабліва прыкметным, кідацца ў вочы. У .. [Мікуця] усё замітусілася ў ваччу, і ён толькі ўвесь час, пакуль хадзілі па ўсіх прамысловых, індустрыяльных і тэхнічных павільёнах выстаўкі, без плана і сістэмы азіраўся на ўсё адразу, што лезла ў вочы навокал яго. Чорны; в) назаляць чым‑н. [Сухалета:] — Што ты мне з гэтым мяшком у вочы лезеш? Вітка.

Лезці ў галаву — неадчэпна з’яўляцца ў памяці.

Лезці ў душу чыю — умешвацца ў чые‑н. асабістыя справы, пачуцці, перажыванні.

Лезці ў пятлю (вяроўку) — рызыкаваць жыццём; шукаць на сябе згубы.

На вочы лезці — імкнуцца быць заўсёды на віду.

Не лезе ў галаву — тое, што і не ідзе ў галаву (гл. ісці).

Не лезці ні ў якія вароты — быць ні на што не падобным.

Пішчом лезці — намагацца з усяе сілы, магчымасці.

У горла (у рот) не лезе што — няма ніякага жадання з’есці што‑н.

Хоць у пятлю лезь — аб пачуцці адчаю, бяссілля ад немагчымасці што‑н. зрабіць, каб выйсці з цяжкага становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)