будзёнавец, ‑наўца, м.

Баец Першай Коннай арміі, якой камандаваў С.М. Будзённы ў гады грамадзянскай вайны. Сцёпа і цешыўся з жарэбчыка, і пяшчотна гладзіў па лысінцы, і называў яго самымі ласкавымі словамі. А гэта дзядзьку Мікалаю, старому будзёнаўцу, надта спадабалася. Якімовіч. Ішла будзёнаўцаў калона, Спынілася ля нашых хат. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгляну́цца, ‑глянуся, ‑глянешся, ‑глянецца; зак.

Разм. Выклікаць чыю‑н. увагу, сімпатыю; спадабацца. Прыглянулася Алія старому баю. Даніленка. А калі парою, Здарыцца часіна, Прыглянуцца нашы Хлопец ці дзяўчына, — Рады мы заўсёды З вамі нарадніцца. Русак. Вось гэтыя месцы і прыглянуліся працавітым мірным бабрам — вакол цішыня і спакой, шмат вады і корму. Самусенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расшпілі́ць, ‑пілю, ‑піліш, ‑піліць; зак., што.

Раз’яднаць што‑н. зашпіленае. Расшпіліць паліто. □ Нешта перашкодзіла старому гаварыць, ён задыхнуўся, расшпіліў каўнер. Бажко. Я расшпіліў кабуру, дастаў браўнінг і стрэліў у гадзюку. Мікуліч. // Вызваліць, раскрыць засцежку (гаплікі, гузікі і пад.), каб раз’яднаць зашпіленае. Заслонаў сеў за стол, расшпіліў гузікі кажушка і загаварыў. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

у́нікум, ‑а, м.

Рэдкі, адзіны ў сваім родзе экземпляр (прадмет або чалавек). Завод-унікум. □ Мяфодзій Кірылавіч Задзерынос, пра якога мы, яго былыя падначаленыя, хочам расказаць, можна сказаць, адзіны экземпляр прыроды, унікум. Прокша. Старому Бародку даўно была пара выходзіць на пенсію, але, відаць, яго трымалі на службе як своеасаблівы астрожны унікум. Машара.

[Лац. unicum — адзіны ў сваім родзе.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навізна́, ‑ы, ж.

1. Уласцівасць і якасць новага (у 2, 3 знач.). Навізна поглядаў. Навізна ўражанняў.

2. Нешта новае, незнаёмае; тое, што нядаўна адчулі, аб чым нядаўна дазналіся. І кожны раз гэты горад, родны і блізкі, радаваў і хваляваў светлай навізной. Хадкевіч. Усё.. [у кватэры] вабіла навізною, а хатнія рэчы былі расстаўлены па-старому. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спако́йна,

1. Прысл. да спакойны.

2. безас. у знач. вык. Ціха. У лесе было спакойна. Якімовіч.

3. безас. у знач. вык. Пра душэўны спакой. На душы ў.. [Аркадзя Цімафеевіча] было спакойна і радасна. Дуброўскі.

4. безас. у знач. вык. Утульна, прыемна. Спакойна будзе тут старому паляўнічаму, — казаў Ігнат. Танк. У будане спакойна мне. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старэ́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да старца (у 1 знач.), належыць яму. На кій старэцкі я ўспёрся свой і праз акно гляджу перад сабой. Дубоўка.

2. Уласцівы старому чалавеку. Ды чорт яе, з той сівізною: Хай лысіна свеціць, як блін. Ты ж клыгай старэцкай ступою, А думай — мне дваццаць адзін! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стары́, -а́я, -о́е.

1. Які дасягнуў старасці.

Старая жанчына.

Цяжка жыць старому (наз.).

2. Які даўно ўзнік, існуе доўгі час.

Старая вёска.

3. Якім доўга карысталіся, паношаны.

Старыя падручнікі.

Старая сукенка.

4. Мінулы, які даўно прайшоў, не сучасны.

Старыя парадкі.

5. Які быў раней, папярэднічаў каму-, чаму-н.

Старое рэчышча ракі.

6. Зроблены, створаны даўней і які захаваўся да цяперашняга часу; даўнейшы.

Старая частка горада.

Старая архітэктура.

7. Вопытны, бывалы.

С. грыбнік.

8. Даўно вядомы.

Старая прымаўка.

9. Які стаў нясвежым, страціў свае якасці (пра прадукты харчавання).

Старое сала.

10. Які стаў несапраўдным пасля пэўнага тэрміну або пасля выкарыстання.

С. білет.

С. пропуск.

І стары і малады — усе да аднаго, усе без разбору.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ве́дама,

1. безас. у знач. вык. Тое, што і вядома (у 1 знач.). Ведама, старому дык і ўлетку холадна. Якімовіч.

2. у знач. часціцы. Ужываецца ў тых выпадках, калі трэба адзначыць, канстатаваць што‑н. [Дзядок:] — Да нас, праўда, рэдка даязджаюць: ведама бездараж, балота. Грахоўскі.

•••

Давесці да ведама гл. давесці ​1.

Прымаць да ведама гл. прымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гніля́к, ‑а, м.

1. Кусок гнілога, спарахнелага дрэва. Пень трэба .. узяць на падпалку: сухі гніляк і бяроста стануць гарэць, як смаляк. Пташнікаў. Старыя хрыплівыя ўздыханні напамінаюць гуд пілы, якая рэжа мяккі гніляк. Бядуля.

2. перан. Пра хваравітага, слабага чалавека. Не падобна гэта на Андрэя — даць па зубах, тым больш таму старому гніляку, пра якога ён збіраецца расказаць. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)