пара́дак, ‑дку, м.

1. Правільная, наладжаная сістэма размяшчэння чаго‑н.; належны стан чаго‑н. Прывесці ў парадак кватэру. □ Ля хаты Кліма Мінчонка поўны парадак, тут не ўбачыш нічога лішняга, непатрэбнага. Кавалёў. [Вера і Канькоў] абышлі кашару, агледзелі бітоны, вёдры, саламарэзку. Усюды чысціня, парадак. Асіпенка. // у знач. вык. Разм. Правільна, добра; як належыць. Першае звяно эскадрыллі Мохарта праверыла работу матораў. Парадак! Алешка.

2. Устаноўлены лад, план, сістэма кіравання. Знішчэнне капіталізму, увядзенне асноў камуністычнага парадку стала асноўным зместам сацыяльнага прагрэсу. «Звязда».

3. Расклад, распарадак; спосаб. Шмат.. суседзяў .. [Пніцкага] таксама, як і ён, уцягваліся ў новы парадак жыцця, адрываючыся ад старога. Чорны. // Звычай. Маладая сама хадзіла да суседзяў — такі ўжо вядзецца здаўна ў беларускіх вёсках парадак, — запрашала да сябе на вяселле. Васілевіч. Насуперак заведзенаму парадку, прыгнечаны Максім Сцяпанавіч не паехаў адразу на дачу, а папрасіў Федзю збочыць спачатку дамоў. Карпаў. // Правілы паводзін, якія склаліся дзе‑н., закон. А за сталом маўчком сядзелі. Там хлопцы гыркацца не смелі, Бо там парадак вельмі строгі, Там падпілуюць табе рогі, Калі парушыш дысцыпліну. Колас.

4. Пэўная паслядоўнасць, устаноўлены ход чаго‑н., чарговасць. Алфавітны парадак. □ На адным участку прыдумалі, як змяніць парадак паступлення дэталяў на лінію. Шыцік. Віктар Сяргеевіч падышоў да хлопцаў і расказаў ім аб парадку работы: першая група спачатку пойдзе церабіць кусты і ачышчаць рабочую пляцоўку, другая, услед за ёй, будзе знімаць верхні здзірванелы пласт, трэцяя — глыбей урывацца ў грунт. Якімовіч.

5. Спосаб, метад, правілы ажыццяўлення чаго‑н. Парадак аплаты працы. □ [Важатая], расказала аб парадку прыёму ў піянеры і, урэшце, прадыктавала тэкст урачыстага абяцання. Якімовіч.

6. звычайна ў Р. Разнавіднасць, род, тып чаго‑н. Пытанні агульнага парадку.

7. Вайсковае пастраенне, строй. І танк наляцеў на парадкі пяхоты; крычалі ад жаху зялёныя роты. Вялюгін. Асобныя групы, калі маглі, прасочваліся праз баявыя парадкі карнікаў, і наносілі ім удары з тылу. Няхай.

8. Група блізкароднасных сямей у сістэматыцы жывёл і раслін.

•••

Парадак дня — пералік пытанняў, якія разглядаюцца ў пэўнай чарговасці на пасяджэнні, сходзе і пад.

Для парадку — а) для падтрымання, навядзення парадку; б) для захавання прынятых правіл, фармальнасцей.

Навесці (свае) парадкі гл. навесці.

Сваім парадкам — так, як заўсёды, як звычайна.

Такім парадкам — гэтак, так; такім чынам.

У адміністрацыйным парадку — паводле распараджэння органаў выканаўчай улады.

У рабочым парадку — у працэсе работы.

Усё ў парадку — а) у добрым стане, у спраўным выглядзе. [Механік:] — Не заводзіцца [машына]. Праверылі яе, здаецца, усё ў парадку, а вось капрызіць. Мяжэвіч; б) добра. — Ну як, Пятровіч, справы? — звярнуўся ён з парога яшчэ. — Ды ўсё ў парадку, Сцяпан Іванавіч. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спіса́ць, спішу, спішаш, спіша; зак., каго-што.

1. Перапісаць з арыгінала які‑н. тэкст; зрабіць рукапісную копію чаго‑н. Спісаць з дошкі ўмову задачы. Спісаць вершы з кнігі ў сшытак. Спісаць расклад лекцый. // Намаляваць, скапіраваўшы (карціну і пад.). Спісаць пейзаж Левітана. // Перапісаць што‑н., напісанае кім‑н. іншым, выдаючы за сваё. На ўроках [Кандрат] — майстра на падгляд. Заўжды спісаць у сябра рад! Хведаровіч.

2. з каго-чаго. Паказаць (у літаратуры, жывапісе), выкарыстаўшы каго‑, што‑н. як прататып, натуру. Спісаць героя рамана са знаёмага чалавека.

3. Скласці пералік каго‑, чаго‑н., запісаць у спіс. [Шарон:] Мне трэба ведаць, хто і колькі іх. Спішы мне зараз, Мітрафан, усіх! Танк.

4. Дакументальна афармляючы, запісаць як зрасходаванае або нягоднае. Спісаць устарэлую тэхніку. □ [Майстар:] — Ладна ўжо, спішам гэты твой разец — ніхто і ведаць не будзе. Асіпенка. Тунякоў такія штукі мог рабіць адмыслова: спісаць збожжа ці яшчэ што як бракованае, а потым сплавіць налева. Радкевіч. // Ускласці на каго‑, што‑н. адказнасць за што‑н. (часцей за знішчэнне, пашкоджанне і пад. чаго‑н.). [Следчы да Сотнікава:] — Не выдасі ты — другі нехта выдасць. А спішам на цябе. Быкаў. Відаць, не першы ты, хто ўсе выдаткі Хацеў бы на мінулае спісаць. Пысін. // Лічыць несапраўдным, скасаваць (доўг, запазычанасць і пад.). Спісаць запазычанасць. // Разм. Зняць у якасці спагнання. [Карова] .. цэлую ноч жэрла .. кіяхі. З Піліпкі за гэта цэлых пяць працадзён спісаў брыгадзір. Навуменка.

5. Звольніць (з карабля, авіяцыйнай часці і пад.); адправіць у запас. Спісаць з карабля. □ Як спісалі [Аўсяніка] з авіяцыі, .. як апусцелі кішэні, як спусціўся на зямлю механікам у нейкі задрыпаны гараж, так і сяброў тых не стала. Васілевіч. — Вось так я, малады чалавек, і ваяваў, — кажа цесць зусім ціха. — Пасля вайны мяне спісалі ў запас на адпачынак. Хомчанка.

6. Запоўніць пісьмовымі знакамі (аркуш паперы, сшытак і пад.). Пісаў .. [Валодзя] доўга.. Спісаў шмат старонак. Шамякін. Увесь вялікі ліст спісалі, хто алоўкам, хто чарнілам, хто прозвішча паставіў, а хто крыжыкі. Брыль.

7. Разм. Зрасходаваць на пісанне. Спісаць аловак. □ Колькі мы спісалі паперы, колькі ў раён папахадзілі! Ракітны.

8. перан. Разм. Збіць, спаласаваць. — Вось каб яго [Юрку] палажыў на лаўку ды дубцамі спісаў, каб дзве нядзелі сядзець не мог,.. — сярдзіта прабасіў суддзя. Чарот. Адам упаў у капу кулёў і не вельмі выцяўся, паабдзіраў толькі рукі, спісаў калючай саломай твар. Сабаленка.

•••

Спісаць у расход — у бухгалтарскай справе — ліквідаваць, знішчыць.

Спісаць у архіў — тое, што і здаць у архіў (гл. здаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скла́сці, складу, складзеш, складзе; складзём, складзяце; зак., каго-што.

1. Пакласці разам, у адно месца (многія прадметы); пакласці разам, у пэўным парадку, надаўшы якую‑н. форму. Скласці дровы. Скласці сена ў копы. □ Сала і мяса гаспадар склаў у кубелец і паставіў у каморы. Сабаленка. Андрэй з Іванам склалі лён у гумне на таку. Чарнышэвіч. Склалі на лаўцы, што была ля частаколу, скрынкі і адпусцілі хлопчыка з падводай. Пташнікаў. // Злажыць, спакаваць (для ад’езду). Склаў [Мікола] чамаданчык — і ў дарогу. «Работніца і сялянка».

2. Прыбавіць адзін лік да другога, зрабіць складанне. Скласці два лікі. Скласці драбы. □ — Калі і маю, і тваю здачу скласці — усё роўна не хопіць, — усхліпнуў Міша. Пальчэўскі.

3. Сабраць, злажыць з якіх‑н. частак. Скласці піраміду. □ Спі, дарагая мая надзея, Станеш вялікая скора: Домікі з кубікаў скласці ўмееш, Знаеш «Вавёрчына гора». Тарас. [Кузя:] — Харошы хлопец Барыс. Любую машыну разбярэ і складзе. Жычка.

4. Пабудаваць шляхам кладкі. — Каб былі камяні, дык можна было б сякую-такую печку скласці, — сказаў Мірон. Маўр. Галоўны бацькаў клопат у тым, каб скласці хату і хутчэй у яе перабрацца. Навуменка.

5. Стварыць што‑н., падбіраючы, аб’ядноўваючы якія‑н. даныя; напісаць які‑н. тэкст, што змяшчае якія‑н. звесткі. Скласці расклад заняткаў. Скласці спісы выбаршчыкаў. Скласці акт. □ [Сакратар райкома] адзначыў, што такі цікавы план першамайцы склалі не выпадкова. Кавалёў. Прыдзецца, брат, пратакол скласці, — звярнуўся .. [капітан] да Віці, калі паставы скончыў даклад. — Учынак ганебны, што і сказаць. Якімовіч. // Падабраўшы адпаведны матэрыял, скампанаваць што‑н. Скласці буквар. Скласці зборнік практыкаванняў. // Напісаць, прыдумаць, стварыць (верш, песню і пад.). Чаму ж змаганню ўпартаму Не скласці сёння гімн? Іверс. Пад гуд кравецкай машыны я думаю і думаю, як скласці песню пра галубку. Бядуля. // Распрацаваць што‑н. Скласці карту. □ З Івянца піянеры ішлі на захад па маршруту, які дапамог скласці Сцяпан Захаравіч. Жычка.

6. Утварыць, сфарміраваць (групу, камісію, калектыў), падабраўшы адпаведныя людзей. Скласці камісію.

7. Утварыць якую‑н. колькасць чаго‑н. у выніку, у суме. Тыраж склаў 12 мільёнаў экземпляраў. □ Гадавая эканомія ад ажыццяўлення рацыяналізатарскіх прапаноў склала каля 25 тон канструкцыйнай сталі. «Звязда».

8. Стварыць шляхам назіранняў або лагічных вывадаў. Раней чым убачыць Ніну, Сяргей ужо склаў ўяўленне аб ёй. Шахавец.

9. З’явіцца чым‑н., утварыць што‑н. У гісторыі развіцця беларускай культуры творчасць Скарыны склала цэлую эпоху. Алексютовіч.

10. Згарнуўшы, перагнуўшы (паперу, тканіну і пад.), надаць якую‑н. форму, зменшыць аб’ём. Скласці газету. Скласці прасціну. □ Ён [Кастусь] склаў лісткі і на канверце Бярэцца адрас напісаць. Калачынскі. // Сагнуўшы і наблізіўшы рухомыя часткі, падаць кампактны выгляд (складному прадмету, якім у гэты момант не карыстаюцца). Скласці нож. // Сагнуўшы, выгнуўшы і пад., надаць які‑н. выгляд (губам, рукам, нагам). Скласці рукі на грудзях. □ Максім рупарам склаў далоні і надзвычай гучна адказаў: — О-го-га! Шамякін.

11. Разм. Зняць (тое, што ляжыць на чым‑н.). Скласці груз з воза.

12. перан. Вызваліцца ад адказнасці за што‑н., ад выканання якіх‑н. паўнамоцтваў, абавязкаў. Скласці свае паўнамоцтвы. Скласці з сябе адказнасць. // Перакласці на каго‑н. абавязкі, адказнасць і пад. Скласці сваю віну на іншага.

13. Сабраць па частках што‑н. для якой‑н. мэты. Насушыш сем[е]чак, адкрыеш кубельчык, калі ён ёсць у цябе, і складзеш пасылачку. Аднаму пашлеш, пашлеш другому... Ракітны.

14. Разм. Выказаць. І некалі мне крыўду скласці, І некалі прыняць дакор. Вярба.

•••

Скласці галаву (косці) — тое, што і злажыць галаву (косці) (гл. злажыць).

Скласці зброю — а) спыніць узброенае суцраціўленне; здацца; б) адмовіцца ад барацьбы, ад якіх‑н. дзеянняў.

Скласці карты — спыніць барацьбу, прызнаўшы сваё паражэнне.

Скласці (аддаць, узлажыць, прынесці) што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — ахвяраваць чым‑н. у імя бацькаўшчыны, навукі і пад.

Скласці рукі — перастаць дзейнічаць. Але рук мы не склалі ў адчаі, — Мы савецкай радзімы сыны. Астрэйка.

Склаўшы рукі (сядзець, чакаць і пад.) — бяздзейна, нічога не робячы. [Клім:] — Ураджай — справа такая: яго трэба зрабіць. Ён не прыходзіць да тых, хто яго чакае склаўшы рукі, як манны нябеснае. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)