Вурдала́к ’ваўкалак’ (КТС). Рус. вурдала́к лічыцца выключна кніжным словам, узнікшым у выніку недакладнай перадачы волкола́к, вуркола́к (Вінаградаў, ДСИЯ, 6, 9 і наст.; Трубачоў, Дополн., 1, 366; Шанскі, 1, В, 216); адсутнасць фіксацыі бел. слова ў народнай мове не дае падстаў для яго этымалагізацыі на мясцовай глебе і прымушае разглядаць як кніжнае запазычанне з рус. мовы. Аднак балг. іхцім. вурдала́ ’дрэнны чалавек, з якім цяжка знайсці агульную мову’ (калі гэта не запазычанне) і іншыя факты робяць праблематычным сцверджанне аб штучным паходжанні гэтага слова; хутчэй за ўсё гэта слова паўднёваславянскага паходжання (магчыма, уведзенае Пуцінным, гл. Вінаградаў, там жа), дзе яно можа суадносіцца з балг. върда́лямперакідаць, перакульваць’, як балг. въркола́к ’ваўкалак’ з върка́лям ’валяцца па зямлі’, што адлюстроўвае «тэхналогію» пераходу чалавека ў такі стан; параўн. перакі́нуцца (воўкам або інш. зверам), рус. о́боротень і пад. (Згодна ўяўленням палешукоў, такі чалавек мог стаць зверам, часцей за ўсё воўкам або зайцам, забіўшы нож у дрэва і перакуліўшыся цераз галаву ці пакачаўшыся па зямлі, КСТ). Менш верагодна вывядзенне гэтага слова з цюрк. obur‑da‑lak ’пражэрлівы’ ад кораня obur ’абжора’ (Дзмітрыеў, Лекс. сб., 3, 40).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́ркаць ’таўхаць кароткімі штуршкамі’, ’рэзкімі рухамі дакранацца’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Юрч.), ’даваць, прапаноўваць’ (Нас., Юрч. Вытв.), ’тыкаць’ (Нас., Ласт.): то́ркаць у зубы ’груба падаваць, паказваць’ (Юрч. Фраз.), ’пратыкаць’ (Сцяшк.), ’штурхаць’, ’будзіць’, ’усоўваць, садзіць’ (ТСБМ, Нас.; калінк., Сл. ПЗБ), тарка́ць ’тс’ (Нас.), ’чапаць, кратаць’, ’кляваць’ (ТС; нараўл., З нар. сл.), то́ркаты ’тузаць; падсоўваць’ (драг., З нар. сл.), ’упікаць, дакараць, лаяць’ (Сл. Брэс.; малар., Нар. лекс.), ст.-бел. то́ркати ’бадаць, калоць рагамі’ (Сл. Скар.), сюды ж то́ркацца ’варушыцца, калывацца’ (ТС), ’совацца, заходзіць’ (Юрч. СНЛ), то́ркнуцца ’даткнуцца’ (Ласт.), то́рнуць ’штурхаць, усадзіць, ткнуць, даць’ (Сл. ПЗБ, Юрч., Жд. 2), торкену́ць ’таўхануць, штурхануць’ (ТС), торк — пра нечаканае з’яўленне, падаванне (ТСБМ), ’тыц’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), торьк ’тс’ (мсцісл., Нар. лекс.; Бяльк.), торк‑торк — пра тузанне (Сержп. Прык.). Укр. то́рка́ти ’чапаць, зачапляць’, ’штурхаць’, ’рушыць’, торка́тися ’дакранацца’, рус. то́ркать ’штурхаць, грукаць’, ’ірваць’, ’выцягваць’, польск. torknąć ’ткнуць’, ’піхнуць, падштурхнуць’, ’ударыць’, ’зачапіць’, н.-луж. starkaś, starcyś ’штурхаць, піхаць’, в.-луж. storkać ’штурхаць’, ’таўчы’, чэш. trkati ’басці, калоць’, ’кідацца (у вочы)’, strkat ’штурхаць’, ’перакідаць з месца на месца’, ’падсоўваць’, славац. trkať ’басці’, славен. tŕkati ’грукаць, штурхаць’, otŕkniti ’зацвярдзець, зрабіцца цвёрдым’, якое Бязлай (Linguistica, 8/1, 64), адносячы да ізаляваных славенскіх лексем, супастаўляе з літ. trìkti ’штурхаць’, ’быць перашкодай’, trė̃kti ’псаваць’, trãknys ’пацяруха’, харв. кайк. tȑkati ’грукаць у дзверы’, серб. тр́кати ’бегаць туды-сюды’, балг. тъ́ркам ’перашкаджаць’, ’церці’, ’расціраць’, ’драць’, дыял. то́ркам ’моцна калоць’, макед. трчка ’бегаць’, трча ’мітусіцца’. Прасл. *tъrk‑/*stъrk‑, роднаснае літ. tùrkterėti ’штурхнуць’ (Буга, Rinkt., 1, 490), відаць, гукаперайманне (Фасмер, 4, 83). Да і.-е. *(s)ter(H)‑k‑ ’зацвярдзець’ (Шустар-Шэўц, 1361). Першаснае значэнне — ’біць па нечым цвёрдым’ (Сной₂, 784). Махэк₂ (651) у якасці роднаснай прыводзіць польск. trykać ’басці’. Аднак Скок (3, 504), разглядаючы лексему як анаматапеічную, звязвае яе з літ. treñkti ’грукаць, грымець, трэснуць, шпурнуць з сілай’, ’біць кулаком’, нова-в.-ням. Drang ’націск’, ’імкненне’ і адносіць да і.-е. асновы *trenq‑, якая ў славян без назалізацыі. Куркіна (Этимология–1974, 45–47) мяркуе, што іншаславянскія сувязі застаюцца не зусім яснымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́ргаць1 ’цягнуць не роўна, а рыўкамі, рэзкімі рухамі’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ, ТС; бялын., Янк. Мат.): то́ргаў трактор трактора з ямы (ТС), ’тузаць за лейцы, прымушаючы каня ісці’ (ТСБМ), то́ргыць ’чапаць’ (Бяльк.), тарга́ць ’цягаць, валачы ў розныя бакі’, ’тузаць, шморгаць’ (Нас.), то́ргаті ’тузаць аснову красён’ (лун., Шатал.), то́ргаць ’кляваць, прыводзіць у рух паплавок’ (ТСБМ, ТС), ’дрыжаць, пацепвацца, перасмыквацца’ (ТСБМ), ’торгаць пры нарыванні (з болем), балець праз аднолькавыя прамежкі часу, тузаць пры нарыванні’ (ТСБМ, Шат., Жд. 2, Жд. 3, Сл. ПЗБ; бялын., Янк. Мат.), то́ргаты ’нарываць’ (бяроз., ЖНС), ’шморгаць, часаць лён’ (Клім., Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. торгати ’тузаць, церабіць, рваць’ (Сл. Скар.), сюды ж то́ргацца ’тузацца’ (Касп.), выклічнік торг: торг‑торг ’тык-мык’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. харк. то́ргати ’тузаць’, рус. то́ргать ’штурхаць’, ’тузаць’, ’тармасіць’, ’цягаць, скубці’, ’ірваць (лён)’, ’вымотваць нервы’; польск. targać ’тс’, ст.-польск. tergać, н.-луж. tergaś ’ірваць, раздзіраць’, ’тузаць’, ’тармасіць’, ’шчыпаць’, ’цягнуць’, ’перакідаць, зносіць’, ’разбіваць’, в.-луж. torhać ’тс’, ’драць’, ’вырываць’, чэш. trhati ’тс’, ’зношваць (адзенне, абутак)’, ’падрываць (скалу)’, ’пацепваць (плячом)’, славац. trhať ’тс’, ’торгаць пры нарыванні’, ’зрываць (адзенне)’, ’рэзаць (слых)’, славен. tŕgati ’рваць, зрываць’, ’расхопліваць (тавар)’, ’разрываць (адносіны)’, ’раздзіраць (адзежу)’, ’адломваць, адрываць’, харв. tȑgati, серб. тр̏гати ’рваць’, ’зрываць (плады)’, ’тузаць пры нарыванні раны’, макед. трга ’торгаць, цягнуць рыўкамі’, ’ад’язджаць’, ’піць з бутэлькі’, ’цярпець, пакутаваць, мучыцца’, балг. тъ̀ргам (Младэнаў, 640), тръ̀гвам, тръ̀гна ’ад’язджаць, рухацца ў дарогу, адыходзіць’, ’лахаць па розных месцах’, ст.-слав. истръгати ’разрываць, перарываць’, истръгнѫти ’вырваць, выцягнуць’, ’адабраць ад каго-небудзь’. Прасл. *tъrgati, звязанае чаргаваннем галосных з *tьrg‑ (Фасмер, 4, 83), *tr̋gati або *trgãti (Сной₂, 782; Рэйзак, 673) ці *tr̥gati (Борысь, 627), роднасныя лац. tergēre ’выціраць, асушаць, чысціць’, ’казытаць’, ст.-грэч. τρώγω ’грызу, хрумстаю, ем’, арм. tʼurc ’сківіца’, тахар. A і тахар. B trask ’жаваць’. Махэк₂ (651) прасл. *tъrgati супастаўляе з лац. stringere ’зрываць з паверхні, абрываць’, ’жаць, касіць’, ’злёгку драпаць, раніць’, ’датыкацца’ (з s‑mobile, якое ў *tьrgati страцілася), сцвярджаючы, што ‑r‑ тут не з’яўляецца каранёвым, звязвае яго з прасл. *tęg‑ ’цягнуць’, а Фасмер (там жа) — са ст.-інд. tṛṇḗḍhi ’расколаты, раздроблены’. Тым не менш Скок (3, 499), як і Борысь, Рэйзак і Сной, мяркуе, што прасл. лексема ўзыходзіць да і.-е. *ter‑ ’церці’, пашыранага фармантамі ‑gh‑ і ‑g̑h‑. Блізкім да то́ргаць (варыянт з азванчэннем пачатковага зычнага?) з’яўляецца до́ргаць ’торгаць’, ’патузваць чым-небудзь’, ’прагна хапаць ежу’, ’ванітаваць’, раздо́ргаць ’стан, калі нападае лютасць, ашалеласць, раз’юшанасць’ (Нас.), дэ́ргаты, да́ргаты ’часаць лён на грэбні’ (Уладз.), якое да прасл. *dьrgati, параўн. укр. де́ргати ’тузаць, торгаць’, дыял. де́рʼгати ’часаць (валакно)’, рус. дёргать ’торгаць’, ’рваць, выцягваць’, ’цягнуць’, ’рабіць рэзкі рух’, смал. дарга́ть ’раздзіраць’, стараж.-рус. дьргати ’торгаць’, польск. dziergać, старое dzierzgać ’фастрыгаваць’, ’вязаць’, н.-луж. źergaś ’часаць лён’, чэш. drhati, ст.-чэш. držěti se ’трэсціся’, drhat ’калыхаць’, dŕhat ’шчыпаць курыцу’, славен. dŕgati ’церці, месці’, dŕzati ’часаць’, ’шчыпаць траву’, балг. дъ́рзам ’мяць лён, трапаць яго’, якія суадносяць з *dьrati пашыраным на ‑g‑ < і.-е. *derH‑gh‑ ’цягнуць, ірваць, торгаць, здзіраць скуру’ (Фасмер, 1, 500–501; ЭССЯ, 5, 221; Сной₂, 124; Махэк₂, 127; ЕСУМ, 5, 603).

То́ргаць2 ’крычаць (пра драча)’ (ТСБМ). Слова пабудавана на гукаперайманні крыку гэтай птушкі, падобнага да дорг! (рус. дёрг!, польск. der‑der!), якое паўтараецца да 15 разоў (Праабражэнскі, 1, 179; Фасмер, 1, 501; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 103; Струтынскі, Nazwy, 114).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)