шок, ‑у, м.

Агульнае цяжкае парушэнне функцый арганізма ў выніку моцнага фізічнага пашкоджання ці псіхічнага ўзрушэння. Налівайка быў у стане шоку: з перабітай адною нагою і другой лёгка параненай, з акрываўленым тварам, акачанелы, ён нерухома ляжаў на перавязачным пункце. Гурскі. А потым настала другая фаза шоку: паўнейшая абыякавасць да ўсяго на свеце. Шамякін.

[Фр. choc.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жывёльны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да жывёлы, жывёл. Жывёльны свет. Жывёльны арганізм. // Атрыманы ад жывёла прыгатаваны з арганічных рэчываў, якія ёсць у целе жывёлы. Жывёльнае масла. Жывёльныя бялкі.

2. Такі, як у жывёл; падсвядомы, чыста фізіялагічны. Візэнер сядзеў нерухома — жывёльны страх скаваў яму цела і язык. Шамякін. // перан. Грубы, нізкі. Жывёльныя пабуджэнні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зве́сіцца, звешуся, звесішся, звесіцца; зак.

Спусціцца адным канцом уніз; павіснуць. Акно расчынілася, і цёмна-русыя косы Густы звесіліся амаль дадолу. Васілевіч. // Нахіліцца ўніз; апусціцца. Ляшчыннік звесіўся ў раку, Шапоча ледзь чутно. Броўка. Каласкі звесіліся ўніз — амярцвела, нерухома, быццам падсечаныя. Мележ. // Нахіліцца ўніз, перагнуўшыся цераз што‑н. Коля звесіўся з печы і глядзеў на хату. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́туя, ‑і, ж.

Скульптурны вобраз чалавека або жывёліны, які звычайна размяшчаюцца на пастаменце. Мармуровая статуя. □ Прыгожы сад, які любіў Ватто: Між дрэў зялёных статуі паўсталі. Багдановіч. // перан. Пра халоднага, пазбаўленага жыццёвай энергіі чалавека. Гледзячы збоку на Аню, нельга было не падумаць: даць бы гэтай прыгожай статуі жывыя і цёплыя вочы. Васілевіч.

•••

Як статуя (стаяць, сядзець) — зусім нерухома.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нае́дак, ‑дку, м.

Разм. Тое, чым можна наесціся; пажыўнасць яды. Яблыкі — не вялікі наедак. Які з цукерак наедак? □ Даўгулевіч.. абсмоктваў гусіныя лапкі. Наедак, праўда, невялікі, але Даўгулевіч не мог ад яго адарвацца. Гурскі. [Цешча:] — Ат, кідай сёрбаць, які з таго варыва наедак. Я табе, Міхаська, лепш драчонаў.. дам. Б. Стральцоў. // Пажыва. У засені зараснікаў нерухома стаяць вялізныя, як плашкі, шчупакі, пільнуючы сабе наедку. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нерэа́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не існуе ў рэчаіснасці; фантастычны. Дрэвы, ахутаныя ў казачна бялюткія адзенні, стаялі нерухома, быццам зачараваныя. Усё здавалася нерэальным, таямнічым. Новікаў. У Косцевым уяўленні кожная дзяўчына была занадта паэтычная і нерэальная. Карпюк.

2. Немагчымы для выканання, здзяйснення; неажыццявімы. Нерэальныя патрабаванні. □ І ўсе іх планы былі нерэальнымі, бо не было ў хлопцаў зброі, ды і ўдвух не многае зробіш. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нудлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны нуды, тужлівага настрою. Нудлівая песня.

2. Які наганяе нуду, сум. [Варашкін] заснуў пад непрыемны і нудлівы посвіст ветру за акном. Савіцкі.

3. Які трывожыць бесперастанку (пра боль і інш.). Застаўшыся на месцы са жменькай мужчын, Сцёпка нерухома глядзеў услед натоўпу. Нудлівы боль і злосць — не то на іх, не то на сябе, што не здолеў угаварыць [людзей]. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэкараты́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць для ўпрыгожвання. Дэкаратыўнае пано. Дэкаратыўныя кусты. Дэкаратыўныя тканіны.

2. Маляўнічы, эфектны. Дэкаратыўны выгляд. □ Бярозы стаялі нерухома, у шэрым змроку яны здаваліся ніцымі, а кусты і елкі дэкаратыўнымі. Карпаў.

3. Звязаны з афармленнем сцэны дэкарацыямі. Дэкаратыўнае афармленне.

4. перан. Разм. Ненатуральны, штучны; паказны. Сіратліва, як бы яно не натуральнае, а зробленае, дэкаратыўнае, вісіць над сопкамі халоднае сонца. Шамякін.

[Фр. décoratif.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уто́ркнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Уткнуцца вострым канцом у што‑н. Кап’ё ўторкнулася ў зямлю.

2. Уперціся, уткнуцца ў што‑н. У бераг носам пад кустом Уторкнулася лодка. Скарынкін. Мой, вораг ляжаў нерухома, уторкнуўшыся тварам у снег. Шамякін.

3. перан. Не ўзнімаючы вачэй, паглыбіцца ў якую‑н. справу. Уторкнуўшыся ў газету,.. [афіцэр] ужо думае аб дарозе. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ачуме́ць (БРС, Шат., Бяльк., КСТ), очумане́ць, ачумі́ць, ’ачмуціць’ (Юрч. Фраз. 2), рус. очуметь ’здурнець, згубіць прытомнасць; разгубіцца’. Няясна. Звязваюць з славен. čum, čuma дрымота’, čuméti ’драмаць; сядзець на кукішках’, серб.-харв. čùmijati, čùmijȃm ’звянуць’, чэш. čuměti ’выступаць, выдавацца’ і ’доўга чакаць’, што ўзыходзяць да асновы čum‑, адносна якой выказваецца меркаванне пра яе роднасць з асновай (s)kum‑, гл. Куркіна, Этимология 1971, 62; пра сербскахарвацкае слова гл. Скок, 1, 341 (да čuma ’чума’); чэш. čuměti ’глядзець з цікавасцю, глядзець дурнем; нерухома, чакаючы нечага, сядзець’. Махэк₂ (108) адносіць да гукапераймальных утварэнняў. Параўн. таксама балг. чуме́я, чаме́я вянуць, сохнуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)