Гіча́н ’лісце і сцяблы рознай агародніны’ (БРС), таксама гіч, гі́чка, гічанё, гіча́ннік, гічы́ўнік, гіча́нне, гічэ́ўе (гл. Смулкова, Лекс. балтызмы, 41). Лічыцца запазычаннем з літ. gỹčas ’сцяблы табакі’ (Смулкова, там жа). Вельмі няпэўна. Ва ўкр. мове, акрамя форм тыпу гич, гича́, гича́ль (таксама гита́ль), гича́лля, ги́чка (гл. Грынч.), ёсць і ги́ка (лем.), гик (бойк.), што робіць версію аб літ. паходжанні гэтых слоў неверагоднай. Паводле Рудніцкага (614), паходжанне гэтых лексем няяснае. Параўн. і гіча́нкачан салёнай капусты’ (Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віхор (БРС, Шат., Касп., Мядзв., Гарэц., КЭС, КТС) ’шчацінне на хрыбце ў свінні’ (Бяльк., Шатал.); ’дух-гаспадар ветру’ (Інстр. II); ’від танца’ (Інстр. IV), віхры́ ’пясчаныя ўзгоркі, нанесеныя ветрам’; ’кучаравыя валасы’ (Сцяшк. МГ). Рус. вихо́р, укр. вихор, польск. wicher, чэш. vicher ’капуста, якая не завілася ў качан’, славен. vicher ’завіток валасоў’. Да віць (Фасмер, 1, 324). Перанос націску адбыўся ў выніку ўздзеяння дэрыватаў тыпу бугор, тапор і г. д. (Шанскі, 1, В, 112). Міклашыч (388), Персан (322) параўноўваюць з вяха́, вехаць як ступені чаргавання. Гл. таксама віхар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сце́бель ’сцябло, цыбух’ (Сл. ПЗБ), ’ручка ў вясле’ (ТС), сце́бяль, сцяблавы́ ко́рань ’вертыкальны корань дрэва’ (Сл. ПЗБ; чэрв., ЛА, 1). Параўн. укр. сте́бель ’адростак, цыбух’, рус. сте́бель ’ствол, адростак, чаранок’, стараж.-рус. стьбль, славен. stebəl ’сцябло, камель’. Прасл. *stьblь, параўноўваюць з літ. stíbis ’membrum virile’, stíebas ’слуп; цыбух, сцябло’, лат. stiba ’кій, прут’, ст.-інд. stíhhih ’пучок, звязка’ (Фасмер, 3, 750; Бязлай, 3, 314; ЕСУМ, 5, 405), літ. stìbilas ’чаранок, сцябло, качан’ (Сной₂, 697); на падставе апошняга Мартынаў (Дерив., 35) прапануе рэканструкцыю прасл. *stьbьlь з суф. ‑ьlь, паралельнае да лац. stipula ’салома, сцябло’ з суф. ‑ula, што няпэўна. Гл. таксама сцябло.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гі́чка ’ніжняя шырокая частка збанка’ (Шатал.). Па сваіх семантычных сувязях гэта лексема вельмі нагадвае слова гі́рка ’тс’ (гл.). Гі́чка, як і ўкр. ги́чка, звязана з гіч ’сцяблы, лісце і да т. п.’ (гл.). Ва ўкр. мове ги́чка азначае ’качан кукурузы без зерня; верхняя частка завязанага мяшка вышэй перавязі; валасы’ (гэта апошняе значэнне ўжываецца ў іранічным сэнсе). Для нас важнае тое, што як у слова гі́рка (гл.), так і ў слова гі́чка (укр. ги́чка) у семантычным полі сустракаецца значэнне ’валасы, стрыжка’, якое можа суадносіцца (метафарызацыя!) з ’часткай збанка’. Для слова гічка мы, праўда, чакалі б хутчэй значэння ’верхняя частка збанка’. Але параўн. яшчэ бел. дыял. гі́чка ’істужка, тасьма; верх завязанага напоўненага мяшка (вышэй завязкі)’ (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гало́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы; Р мн. ‑ловак; ж.

1. Памянш.-ласк. да галава (у 1, 6 знач.). Дзіцячая галоўка. Галоўка сыру.

2. Шарападобны плод, шарападобнае або прадаўгаватае суквецце некаторых раслін. Галоўка маку. Галоўка дзьмухаўца. □ Красаваліся буйныя малінавыя галоўкі канюшыны. Мележ. // Пра клубень цыбулі, качан капусты. Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста: З вядро галоўкі вырастаюць. Колас. // звычайна мн. (гало́ўкі, ‑ловак). Плады, каробачкі лёну. Лянок, паслушны лёгкаму ветру з усходу, кланяецца сваёй гаспадыні, пашумліваючы спелымі галоўкамі. Кулакоўскі.

3. Патоўшчаная канцавая частка чаго‑н. Галоўка бедранай косці. Галоўка запалкі. Галоўка цвіка.

4. толькі мн. (гало́ўкі, ‑ловак). Пярэдняя частка саней. Пакласці сена ў галоўкі. □ Бацька хутка ўлажыў дровы — крыху вышэй за галоўкі — перавязаў вяроўкаю за развалкі. Мыслівец.

5. толькі мн. (гало́ўкі, ‑ловак). Пярэдняя частка ботаў, якая пакрывае пальцы і верхнюю частку ступні. Паставіць у ботах новыя галоўкі. □ Боты не надта хвацкія: да старых, абшарпаных халяў прышыў Адам галоўкі з траскучай карабацістай скуры. Навуменка.

•••

Баявая галоўка — тое, што і боегалоўка.

Гладзіць па галоўцы каго гл. гладзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тугі́, ‑ая, ‑ое.

1. Моцна, да адказу нацягнуты. Тугая струна. Тугі лук. □ Цяпер конь не паспяваў за .. [Засмужцам]: ішоў на тугім повадзе. Мележ. Да тугіх правадоў гуртам ластаўкі ліпнуць, Каб у родных краях Заказаць сабе гнёзды. Нядзведскі. // Шчыльна сплецены, скручаны, звіты. Тугія косы. □ Густыя .. валасы [Акіліны], сабраныя ў тугую куклу.., зусім не кранула сівізна. Вітка. // Які шчыльна аблягае, моцна сціскае (фігуру, часткі цела). Тугі каўнер. Тугі гарсэт.

2. Напоўнены, моцна напханы чым‑н. Тугі мяшок. □ З лавак падымаюцца салдаты. Абвешаныя тугімі ранцамі з парашутамі, рукзакамі і зброяй, яны падобны да казачных жыхароў невядомай планеты з фантастычнай кнігі. Жычка. // Наліты, пруткі, ядраны. Тугі колас. Тугі качан. □ А калі лісты з тугіх пупышак Вырваліся ў свет сям’ёй густой, — Ён [лось] зусім пакінуў наш зацішак, Перастаў хадзіць на вадапой. Бялевіч. [Дзяўчына] ўсміхнулася, і на тугіх маладых шчоках з’явіліся дзве прывабныя ямінкі. Ваданосаў. Заганяе [Алёша] ў капу па самы чаранок вілы, напружваецца ўсім сваім тугім, налітым сілай целам і — цэлую гару сена валіць на драбіны. Вышынскі. // Не рыхлы, крамяны. Скажы: хвала і слава тым, Хто слова даў, палі араў. Начэй нямала недаспаў, Раллі тугія камякі Зрабіў рукой мякчэй мукі. Панчанка. // Круты (пра цеста).

3. Які цяжка сціскаецца або расцягваецца, нацягваецца; пругкі. Тугая гума. Тугая спружына. // Які вызначаецца вялікай сілай; напружаны. У шыбах зашумеў, засвістаў тугі сустрэчны вецер, і нейкі час чуваць былі толькі гэты шум і свіст, толькі песня вялікай хуткасці. Палтаран. Калючая, тугая вада страляе з крана. Вялюгін. Над прыціхлай зямлёй павіс тугі гул танкавых матораў, з-за лесу паказаліся лабатыя, з вуглаватымі вежамі машыны. «ЛіМ».

4. перан. Непадатлівы або скупы на што‑н., у якіх‑н. адносінах (пра чалавека). [Харытон:] — Тугія ў Муравейніках людзі. Не тое гета, што ў Бродзе. Адным словам, натурыстыя. Баранавых. [Афіцэр:] — Ціха! Глядзіце, каб вам не захацелася плакаць. — На плач мы тугія... — сказаў нехта з кутка. Пестрак. // Які марудна, з вялікімі цяжкасцямі ўспрымае, засвойвае што‑н. (пра разумовыя здольнасці чалавека). Нягледзячы на ўзрост — яму ўжо ішоў трэці год — хлапчук быў вельмі тугі на мову. Васілевіч.

5. перан. (звычайна ў спалучэнні са словамі «камяк», «камок»). Які сціскае моцна горла (пра спазмы ў горле пры адчуванні моцнай крыўды, радасці і пад.). Горкі тугі камяк вырас у грудзях, падступіў пад горла. Навуменка. У Паўла то падкочваўся к горлу тугі камок, то яму рабілася смешна. Грахоўскі.

•••

Тугі кашалёк гл. кашалёк.

Тугі (тугаваты) на вуха — які дрэнна чуе, недачувае, глухаваты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)