сурвэ́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Невялікі (звычайна квадратны) кавалак тканіны або паперы, якім карыстаюцца для засцеражэння вопраткі ў час яды, у цырульнях і пад. Начальнік сядзіць за сталом.., падаткнуўшы пад бараду белую сурвэтку. Сачанка. Цырульнік змахвае сурвэткай рэшткі пены і шыпіць пульверызатарам. Каршукоў.

2. Абрус (звычайна невялікіх памераў), якім накрываюць стол. Палавічкі на падлозе, засланы бялюткай сурвэткай стол — усё тут было сціпла і разам з тым акуратна. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сме́шна,

1. Прысл. да смешны.

2. безас. у знач. вык., звычайна каму або з інф. Пра жаданне смяяцца. [Ядвіся] ж тут, але яго вочы не бачаць яе. І смешна ёй і радасна. Колас. Было смешна глядзець, як мой тоўсты дзядзька, нібы тая качка, перавальваючыся на кароткіх ножках, ціха падкрадваецца да куста. Каршукоў.

3. безас. у знач. вык., звычайна з інф. Дзіўна. Смешна, першыя дні шэрага хлеба не хапала. Мыслівец. Якая там стрэльба?.. Яе, папраўдзе сказаць, смешна і называць стрэльбай. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

празвіне́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.

1. Утварыць звонкі, высокі гук. Ужо празвінеў першы званок, а Павел усё яшчэ не з’яўляўся. Шахавец. // Пачуцца, прагучаць (пра звонкі гук, голас). Танклявы галасок маленькай Верачкі празвінеў за сталом так нечакана, што ўсе сціхлі і павярнуліся да яе. Каршукоў.

2. перан. Стаць вядомым. [Аксіння:] — Глінчыха вунь, Наталька Чарнавус ды другія некаторыя гэтым летам на ўвесь раён празвіняць. Кулакоўскі. [Баяніст:] Наш ансамбль будуць запісваць для радыё. І пра цябе [Гэлю] запішуць. На ўвесь свет празвініш! Губарэвіч.

3. Звінець некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́сціць, зашчу, засціш, засціць; незак., каго-што.

Разм. Засланяць, затуляць сабой. [Бярозы] засцяць густым галлём, засланяюць неба над вуліцай і над Сузонавым дваром. Галавач. [Дождж] сеяўся як праз сіта і вільготнай імглой аасціў дрэвы, засціў нізкае восеньскае неба. Лынькоў. // перан. Засланяць, ставіць на задні план. Хай адгэтуль далёка Да жаданага шчасця, Вобраз твой яснавокі Мне пакуты не засцяць. Вітка. Як сустрэцца, дзяўчо, нам пашчасціла? Чым і як ты наўкола ўсё засціла? Дзяргай.

•••

Засціць вочы — перашкаджаць добра бачыць. Каршукоў задыхаўся. Буйныя гарачыя слёзы засцілі вочы. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расплю́шчаны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расплюшчыць ​1.

2. у знач. прым. Раскрыты, адкрыты (пра вочы). Аляксандра Пятроўна ляжала з расплюшчанымі вачыма, намагалася заснуць, але не магла. Каршукоў.

расплю́шчаны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расплюшчыць ​2.

2. у знач. прым. Плоскі, прымяты. П адагнаў лодку, .. глянуў на Марусава з-пад казырка мокрай, расплюшчанай шапкі. М. Стральцоў. // Расціснуты, раструшчаны. На падлозе расплюшчаная каробка тэлефона, раструшчаны нагамі тынк. Навуменка. У руцэ ў мяне расплюшчаная ліпкая цукерка, загорнутая ў бліскучую паперку. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рулявы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да руля (у 1 знач.). Рулявое кола. Рулявое вясло. □ За мачтай цямнела нерухомая постаць рулявога матроса. Час ад часу ён круціў штурвальнае кола. Самуйлёнак.

2. у знач. наз. рулявы́, ‑ога, м. Чалавек, які кіруе рулём на судне. Жвавы падлетак прабягае па палубе. Каля капітанскай рубкі яго спыняе рулявы. Каршукоў. Моўчкі глядзяць вартавыя, Дазорныя і рулявыя. Лось. // перан. Пра кіраўніка, правадыра. У баях цяжкіх, на барыкадах ты ішла пад сцягам баявым. Слаўная ўдарная брыгада — нашага народа рулявы. Ставер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мільгаце́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Свяціць няроўным, перарывістым святлом; іскрыцца. Цяпло ішло ад грубкі. У ёй патрэсквалі дровы. Чырвоныя водбліскі мільгацелі на сцяне, на падлозе. Каршукоў. Вунь як быццам мільгацяць у гушчары агеньчыкі. Ці не ваўкі? Гамолка.

2. З’яўляцца ў полі зроку і знікаць, праносіцца перад вачыма. Свішча за сцяною вецер, бразгае на слупе бляшаны абажур, мільгацяць кадры старой кіналенты. Аляхновіч. Зноў дарога. Лугі.. і зялёныя пушчы, шырокія палі спелай збажыны мільгацяць за акном. Мыслівец. // перан. Хутка праносіцца ў памяці. Мільгацяць у галаве здагадкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хай, часціца і злучн.

Разм.

1. часціца. Тое, што і няхай (у 1–3 знач.). Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі — Любі сваю ніву, свой край. Купала.

2. злучн. Тое, што і няхай (у 4 знач.).. Чалавеку заўсёды хочацца думаць аб прыемным, хай нават прыемнага адна кропля. Каршукоў.

•••

Не ў гнеў (крыўду) хай будзе сказана гл. быць.

Хай адсохнуць (у мяне) рукі і ногі гл. адсохнуць.

Хай ён (яна, яно) згарыць гл. згарэць.

Хай сабе гл. сабе.

Хай яно гарам гарыць гл. гарэць.

Хай яно запаветрае гл. запаветраць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прые́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыносіць задавальненне, радасць. Прыемная навіна. Прыемны ўспамін. Прыемны пах. □ У цёплыя дні Міколка лазіў з бацькам у рэчку і мацаў ракаў. Да чаго ж прыемны занятак. Лынькоў. Раптам пакой напаўняе ціхі-ціхі, але такі прыемны, кранаючы спеў калыханкі. Шамякін. Прыемная зморанасць разлівалася па жылах смачным дрымотным пітвом. Бядуля. / у знач. наз. прые́мнае, ‑ага, н. Чалавеку заўсёды хочацца думаць аб прыемным, хай нават прыемнага адна кропля. Каршукоў.

2. Які выклікае сімпатыю, прыхільнасць; прывабны. У .. [старшыні] прыемны адкрыты твар, шчыры пагляд, лагодны голас. Ваданосаў. Гэты круцель і камбінатар быў на першы погляд чалавек прыемны. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыручы́ць, ‑ручу, ‑ручыш, ‑ручыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць ручным, прымусіць прывыкнуць да каго‑, чаго‑н. (жывёлу, птушку і пад.). А выведуцца маладыя арляняты, возьме [Гошка] адно з гнязда і прыручыць: няхай у іх будзе ручны арол. Даніленка. Выходзіць, калі добра даглядаць, абыходзіцца з ім як след, дык і ваўка можна прыручыць. Пальчэўскі.

2. перан. Разм. Зрабіць каго‑н. больш даверлівым, паслухмяным; прывучыць да сваіх парадкаў. «Малады яшчэ, толькі з інстытута, — цікуючы спадылба на Антона Антонавіча, разважаў Маслабаеў. — Яго няцяжка прыручыць, пад свой, так сказаць, уплыў узяць». Каршукоў. «Ну і мядзведзь, — думаў Сярмяжка, пазіраючы, як павольна клыпае гэты здаравяка. — Нічога, мы цябе прыручым». Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)