Ракі́та ’дрэва або вялікі куст сямейства вярбовых’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ласт., Кіс.), ’вербалоз’ (Бяльк.), ’нарост на дрэве, гуз’ (шарк., Цыхун, вусн. павед.), ракі́ціна ’лазіна’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Шатал.), ’від бярозы з вельмі цвёрдай драўнінай’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), рокі́та ’дробналістная лаза з тонкімі галінкамі’ (ТС; беласт., Сл. ПЗБ), ракі́тавае дзерава ’карэльскя бяроза’ (?) (шарк., Цыхун, вусн. павед.), ракі́тнікзараслі ракіты’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. роки́та ’гатунак вербы’, рус. раки́та ’вербалоз’, ’тып, гатунак вербы, што расце па берагах ракі, ў нізінах’, польск. rokita, rokicina, в.-луж. rokot, н.-луж. rokit, rokita, палаб. rükåita, прым. rühtjeitna (= rokitna), чэш., славац. rokyta, rakyta, славен. rakȋta, серб. ра̀кита, харв. ràkita, балг. раки́та, макед. ракита, ст.-слав. ракыта. Прасл. *orkyta. У слав. мовах метатэза з рэфлексамі ro‑/ra‑. Значэнне ’гібкасць’ і ’цвёрдасць’, магчыма тлумачаць фармальную блізкасць з лат. ērcis, ērcetis ’ядловец’, грэч. αρκευθος ’тс’ (Фасмер, 3, 438; Бязлай, 3, 148; Шустар-Шэўц, 2, 1233; БЕР, 6, 168). Абсалютызацыя значэння ’гібкі’ схіляе да параўнання са ст.-інд. arkáh̥ ’лук’, лац. arcus ’лук, дуга, скляпенне’, arka ’куфэрак, сундучок’, гоц. arhwazna ’страла’, што звычайна не прымаецца этымолагамі (гл. Фасмер, там жа, з літ-рай; параўн. аднак Глухак, 517; Сной₂, 601). Адмаўляецца таксама сувязь з чэш. rakos, rokos ’трыснёг’ (гл. рагоз).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смуга́, дыял. сму́га́ ‘дымка, туман’ (ТСБМ; смарг., воран., Сл. ПЗБ), ‘ціна’, ‘нізкае месца; гразкае балота’ (віл., смарг., карэліц., гродз., іўеў., Сл. ПЗБ), ‘нанос пасля таяння снегу’ (віл., ашм., лаг., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ‘туман’; ‘копаць ад тытуню ў цыбуку’ (Шат.), ‘чорная плесня’ (Касп.), ‘самагон’ (Жд. 2), сму́га ‘імгла, туман; раса, шкодная збожжу’ (Байк. і Некр.), ‘паласа туману’ (стол., Нар. лекс.), ‘цёмная або светлая палоска на небе, пахмурнасць’ (ТС), ‘брудны налёт, паласа пены на вадзе’ (Жыв. сл.), ‘рудая вада на балоце’ (ЛА, 2), ‘смутак’, ‘вяршкі’ (Мат. Гом.), ‘брудная паласа на адзенні, на целе’, ‘мокрая вузкая нізіна’ (ТС), ‘непраходнае балота’, ‘няўдобіца на балоце’ (палес., падрабязна гл. Талстой, Геогр., 192 і наст.), смуг ‘паласа’ (ТС), ‘стаячая вада, забруджаная тванню’ (Сцяшк.), ‘гразь на траве пасля раставання снегу’ (Шатал.), ‘вузкая палоска зямлі’ (слонім., З нар. сл.), ‘паласа сенажаці’ (Тур.), ‘багністая пратока’ (лельч., Нар. лекс.), смужа́віна, смуга́віна ‘палоска на небе; пахмурнасць’ (ТС), сму́жнікзараслі маладога лесу’ (ТС), смужня́к ‘гразкае балота’ (люб., Сл. ПЗБ), ‘невялікі хваёвы лес, які расце астраўкамі на балоцістых месцах’ (ваўк., Сл. ПЗБ), смужэ́ ‘багна, балота’ (Сцяшк. Сл.); ст.-бел. смуга, смугъ ‘вузкая і доўгая паласа зямлі; цясніна’ (Ст.-бел. лексікон), укр. сму́га ‘рыса; штрых; паласа’, рус. паўд. сму́га ‘пляма (напр., ад праса) у выглядзе паласы’, польск. smug, smuga ‘паласа; паласа поля, луга’, дыял. ‘балота’, каш. smug ‘вузкі вільготны лужок’, ‘стаячая вада; невялікая сажалка’, в.-луж. smuha ‘паласа, лінія’, н.-луж. smuga ‘тс’, чэш. šmouha ‘брудная паласа’, дыял. smuha ‘сухая паша’, ‘тс’, славац. smuha, šmuha ‘прадаўгаватая пляма’, славен. smúga ‘лінія, паласа’, серб.-харв. сму́га ‘від глебы; рачны нанос’, балг. дыял. сму́га ‘сцежка, след праз сенажаць або поле’. Прасл. *smuga/*smugъ ‘паласа, штрых, лінія’, ‘цёмная паласа на светлым фоне’ (Борысь, Etymologie, 219) роднаснае лат. smaugs ‘тонкі, стройны’, літ. sùsmauga ‘звужэнне’, ст.-ісл. smuga ‘паглыбленне, пралаз’, с.-в.-ням. sich smougen ‘туліцца’; гл. Фасмер, 3, 693 з літ-рай. Махэк₂ (562) ставіць пытанне аб магчымым раздзяленні значэнняў ‘паласа, лінія’ і ‘чорная пляма, паласа, бруд’. Шустар-Шэўц (1324–1325) аб’ядноўвае гэтыя значэнні і адносіць да і.-е. базы *(s)meu̯gh‑ ‘курыць’, зыходным пунктам для спецыялізацыі значэнняў было б ‘паласа, лінія, пляма, якая ўзнікла пад уздзеяннем цяпла, сонечнага свету і г. д.’. Борысь (563) узводзіць таксама да і.-е. *(s)meu̯g​h, але без дэфініцыі першаснага значэння праславянскага слова. Тады сюды ж і сму́глы (гл.), рус. сму́глый, укр. сму́глий, якія Фасмер (там жа) следам за Покарным (971) аддзяляе ад *smuga. Бярнар (Бълг. изсл., 341–342) узводзіць да кораня і.-е. *smeug‑/*(s)meuk‑, прадстаўленага ў ст.-слав. смъкати сѧ, што ад мъкнѫти ‘цягнуць, валачы’. Гл. таксама шмыгаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

след, ‑у, М следзе; мн. сляды, ‑оў; м.

1. Адбітак ступні нагі, капыта, лапы на якой‑н. паверхні. Калі Мікола праходзіў па гліне, дык ногі гразлі і сляды ад іх заставаліся на памосце. Бядуля. — Вось зайчык бег, — паказаў Косцік.. — Дзе? — Во сляды, бачыш, во! Гэта і гэта. Дзвюма ножкамі... Ці, праўда, чатырма. Брыль. // Адзнака таго, што тут хадзілі; дарога, шлях. След конь чуў добра сам, і яго не трэба было кратаць лейцамі. Пташнікаў. / у перан. ужыв. Мая Дуброўка!.. Успаміны Вядуць на мой юнацкі след. Бялевіч. // Паглыбленне, паласа і пад. на паверхні чаго‑н. пасля перамяшчэння па ёй. Пракладаецца першы след па новай саннай дарозе. Машара. [Незнаёмы:] — Вось паслухай, якім чынам утвараецца белаваты след за самалётам. Шыловіч. // Вынік чыёй‑н. дзейнасці, якой‑н. падзеі і пад. [Лявон:] — Чалавек павінен па сабе след на зямлі пакінуць. Інакш ён не чалавек... Б. Стральцоў. След гэтай гаворкі астаўся ў Алесі надоўга. Скрыган. [Тварыцкаму] хацелася і ашчаслівіць дачку, і адарвацца, адрачыся, ачысціцца ад свайго мінулага, знішчыць у сабе ўсе яго сляды. Кудраўцаў.

2. Адбітак, які‑н. знак ад ціснення, дотыку і. пад. На жоўтым століку выразна віднелася чарнільная пляма, вельмі падобная на след дзіцячай далонькі. Лынькоў. Вешалка толькі адарвалася, і на каўняры відзён след ад цвіка. Васілевіч. Вашамірскі расшпільваўся і паказваў .. рубцы — сляды кіпцюроў. Бядуля. // Тое, што, застаўшыся пасля каго‑, чаго‑н., з’яўляецца яго прыкметай, сведчыць аб чым‑н. Тут [у лесе] зусім не відно слядоў чалавека: ні сцежкі, ні ссечанага дрэва. Шамякін. / у перан. ужыв. Мы раз-пораз угадваем у творчасці ранняга Чарота сляды вучобы ў Купалы. Перкін.

3. Уцалелая частка чаго‑н., астаткі чаго‑н. Сляды пазалоты. □ У штабе тым [сельсавеце] усё заўжды Праверана, знаёма: Дзе вапна ёсць, Дзе глін сляды, І колькі тон, вядома. Астрэйка. Даўніх вогнішчаў сляды Зараслі травою. Гілевіч. / у перан. ужыв. Бачу я на твары Дзіцячай, шчырай радасці сляды. Агняцвет.

•••

У адзін след; у два (тры і пад.) сляды (дыскаваць, баранаваць) — разрыхляючы ўзараную зямлю, праходзіць з бараной, дыскамі па адным і тым жа месцы адзін або некалькі разоў.

Без следу — зусім бясследна (знікнуць, згінуць і пад.). Без следу згінуў камарыны кут, як быццам тут за ноч адбыўся цуд. А. Вольскі.

Блытаць сляды гл. блытаць.

Браць (узяць) след гл. браць.

Заблытаць сляды (след) гл. заблытаць.

Замесці сляды (след) гл. замесці.

Зблытаць сляды (след) гл. зблытаць.

Здвоіць след гл. здвоіць.

(І) след прастыў (прапаў) — пра знікненне каго‑, чаго‑н.

І следу не засталося гл. застацца.

І следу няма гл. няма.

Лавіць бягучага воўка след гл. лавіць.

Напасці (трапіць, натрапіць) на след гл. напасці.

Па гарачых (свежых) слядах — зараз жа, адразу пасля якой‑н. падзеі.

След у след — адзін за адным, ставячы нагу туды, куды ступаў той, хто ішоў наперадзе.

Як след — як трэба, як мае быць. Здалёк разгледзець жанчыну як след было цяжка. Лупсякоў. [Баба Іваніха:] — Цяпер, глядзі, бярыся як след за кніжкі. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сухі́, ‑ая, ‑ое.

1. Не мокры, не прасякнуты вадою; не сыры. Сухая бялізна. □ Юзік кінуўся збіраць палачкі і сухія трэсачкі. Колас. Вяскоўцы на беразе косамі звоняць, Сена сухое дзяўчаты грабуць. А. Александровіч. Моцны вецер зрываў яшчэ зялёнае лісце, біў у шыбы сухім пяском. Ваданосаў. / у знач. наз. сухо́е, ‑ога, н. Пра вопратку. [Віця] хутка пераадзеўся ў сухое, з’еў спехам кавалак хлеба .. і сеў за стол рашаць задачы. Якімовіч. // Не потны. — У мяне конь сухі, — стрымана адказаў Багдан. Кулакоўскі. // Без вады, вільгаці на паверхні чаго‑н., у чым‑н. Вуліца сухая, ні лужынкі, ні гразі. Ермаловіч. Паплыве яна [рака] рэчышчам Новым зусім, А пясчанае дно яе Стане сухім. Куляшоў. Сухія былі вочы, Гарачыя ад роспачы. Бядуля. // З невялікай колькасцю вільгаці ў глебе або без яе. Пяскі сухія рунню зарунелі. Купала. Коні,.. перайшоўшы на рысь, пайшлі сухім лугам за Нёман. Брыль. Грэбля .. вяла праз вялікія .. балоты туды, дзе пачыналіся сухія землі. Самуйлёнак. Сям-там на больш сухіх мясцінах трапляліся зараслі нізкарослых абамшэлых хвоек. Лынькоў. / у знач. наз. сухо́е, ‑ога, н. Пра сухое месца. Выбрацца на сухое. □ [Сімха:] Тут кладкі ёсць. Я зараз іх праверу, Калі дажджом не пазмывала часам, Праз пяць хвілін мы будзем па сухім. Глебка.

2. Пазбаўлены вільгаці, з невялікай колькасцю вільгаці. Сухое паветра. Сухое памяшканне. □ Ад ракі павяваў сухі вецер. Савіцкі. З неба сыпаўся сухі калючы снег. Марціновіч. // З невялікай колькасцю дажджоў, ападкаў. Сухі клімат. □ Пагода стаяла сухая, з невялікімі прымаразкамі па начах. Якімовіч. Зіма была бясснежная, сухая і марозная. Танк.

3. Прыгатаваны высушваннем; сушаны. Сухія фрукты. Сухія грыбы. Сухія чарніцы. Сухі таран. // Прыгатаваны ў выглядзе парашку, канцэнтрату. Сухое малако. Сухі кісель.

4. Не вадкі. [Змітрок] хутка з’еў свой «сухі» полудзень і падышоў да станка. Ваданосаў. // Які страціў свежасць, сакавітасць, мяккасць; чэрствы. Быў дома і Андрэй — ён стаяў апрануты, у шапцы перад сталом і грыз сухую скарынку. Зарэцкі.

5. Пазбаўлены спажыўных сокаў, не жыццяздольны, засохлы, амярцвелы (пра расліны). Знайшлі .. зломак сухой асіны, што ляжаў ад зімы. Брыль. Над вадой тырчаць, як скручаныя сударгай пальцы, сухія карэнні дрэў. Няхай.

6. Спец. Які праводзіцца, робіцца пры адсутнасці вільгаці, вадкасці; без вільгаці, вадкасці. Сухі рамонт судна. Сухія метады кладкі. Сухая атынкоўка. // Які праходзіць, працякае пры адсутнасці вільгаці, біез вадкіх выдзяленняў (пра хваробы, фізіялагічныя працэсы). Сухі плеўрыт. Сухі кашаль. Сухія роды.

7. Нішчымны, без нічога (пра хлеб). [Маці:] Небарака, сухі хлеб есць. [Скіба:] Малака б кубачак, то ён і не быў бы сухі. Крапіва.

8. Які дрэнна жывіцца з-за недастатковага выдзялення тлушчу тлушчавымі залозамі (пра скуру, валасы). Сухія валасы.

9. Які мае сухарлявы склад цела; хударлявы. Кузня працавала амаль круглы год. У ёй жылісты і сухі, як яловы корч, Апанас Шведзік так чахаў молатам, што здавалася, сцены не вытрымаюць. Даніленка. // Вельмі худы, схуднелы. Ніяк нельга было ўявіць, што гэтая сухая бабуля ў падраным світэры — разважлівая і некалькі цвёрдая характарам цётка Антося. Карпюк. / Пра твар і пад. Змучаны, знерваваны загадчык .. з сухім бледным тварам сядзеў, як у шчыльна абложанай крэпасці. Колас. // Перасохлы. — Не хадзі, табе гавару, не хадзі... — шаптала .. [Вера] сухімі, бяскроўнымі вуснамі. Лынькоў. // Які не дзейнічае, высах з-за якой‑н. хваробы (пра канечнасці). Сухая рука.

10. перан. Пазбаўлены душэўнага цяпла; няздольны праяўляць пачуцці. [Андрэй] вырашыў быць прынцыповым, а стаў прыдзірлівым, хацеў быць строгім, а стаў сухім. Шахавец. [Сяргей Аляксандравіч], здавалася, увесь быў у сваёй матэматыцы, сухі і лаканічны, як алгебраічная формула. Лобан. // Які сведчыць пра адсутнасць душэўнага цяпла, спагадлівасці. Сухі фармалізм. Сухая дзелавітасць. // Які выяўляе, выказвае намераную стрыманасць, халоднасць; непрыветны. Сухі тон. □ Толькі на трэці дзень .. [Анатоль] адпісаў Ізе. Пісьмо было кароткае, сухое. Пальчэўскі. Ідзі [Марына] ў кватэру, — сухім, чужым голасам загадаў .. [Міша]. Васілевіч. — Вон! — загадала .. [Зося]. Твар яе стаў сухі. Чорны.

11. перан. Пазбаўлены эмацыянальнасці, жывасці; скупы і лаканічны. Сухі пераказ. Сухія інструкцыі. □ Паэты даволі сухіх публікацый! Прашу вас ад імя ўсіх юнакоў — Калі не кахаецца, то закахацца І скласці хоць пару гарачых радкоў. Панчанка. Была ў даследчыка яшчэ адна немалаважная асаблівасць: .. сухія архіўныя звесткі падабаліся так ярка і вобразна, што некаторыя старонкі ўспрымаліся як мастацкі твор. С. Александровіч. // Які мае адносіны да розуму, разліку, не закранае пачуццяў; вельмі рацыяналістычны. [Собіч:] — Далёкія ад нашай прафесіі людзі лічаць .. [бухгалтэрыю] сухой, нецікавай. Скрыган.

12. Пазбаўлены гучнасці, меладычнасці, мяккасці (пра гукі). Сухі металічны лязг і скрогат ірваў паветра над ваколіцай. Якімовіч. Сухое чахканне матора аддалілася, а потым зусім заціхла. Алешка. // Рэзкі (пра бляск у вачах). Дулеба паволі падняўся, і ў яго вачах Бярозін заўважыў сухі і рашучы бляск. Шчарбатаў.

13. У выразе: сухі́ лік — азначае, што адзін з бакоў у працэсе гульні не набраў ні аднаго ачка. Прайграць матч з сухім лікам. / у знач. наз. суха́я, о́й, ж. Зрабіць сухую.

•••

Сухая перагонка гл. перагонка.

Сухі лёд гл. лёд.

Сухі паёк — прадуктовы паёк, які складаецца з круп, мукі, кансерваў або з прадуктаў-паўфабрыкатаў.

Сухі туман гл. туман.

Сухі тынк гл. тынк.

Сухія кармы гл. корм.

Сухое віно гл. віно.

Выйсці (выбрацца) сухім з вады гл. выйсці.

На сухі лес — падалей ад людзей, ад усяго жывога. Няхай .. [чытачы] цяпер парадуюцца з намі, што ты адужаў хваробу — няхай яна ідзе на сухі лес! С. Александровіч.

Сухі закон гл. закон.

Сухога месца (рубца) няма на кім гл. няма.

Трымаць порах сухім гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)