ве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Знаць што‑н., мець уяўленне пра што‑н. Ведаць жыццё вёскі. □ Дабрацца летам да Глухога вострава мог толькі той, хто дасканала ведаў звілістыя сцежкі між дрыгвы і куп’я. Колас. Месца пад падлогай, кожную дошку самой падлогі Міколка ведаў, як свае пяць пальцаў. Лынькоў. І ўсё ж горад здаваўся.. [Галіне] нечым непадобным на той, якім яна ведала яго дагэтуль. Мележ. // пра каго-што, аб кім-чым і без дап. Мець звесткі пра каго‑, што‑н. [Карага:] — А дзе.. [бацька] цяпер — не ведаю; і ты, брат, відаць, не ведаеш аб сваёй радні. Колас.

2. Мець веды, навыкі, умець рабіць што‑н. Ведаць урок. Ведаць матэматыку. □ Вядома, што Багушэвіч добра ведаў польскую мову, чытаў многіх польскіх пісьменнікаў, нават сам пісаў вершы па-польску. Ларчанка.

3. Быць знаёмым з кім‑н. Раптам.. падышла маладая дзяўчына. Зося яе не ведала. Чорны. Сцяпана ўсе ведалі як.. памяркоўнага чалавека. Кавалёў. // Адрозніваць ад другіх. Мікола добра ведае гэтыя шэрыя пранізваючыя вочы [сакратара]. Бядуля.

4. Усведамляць, уяўляць; разумець. [Масладуда:] — Ну, не гаруй, не такі ён хлопец, каб загінуць ні за што ні пра што. Ён сваю дарогу ведае. Лынькоў. Мы ведалі: вайне-грабежніцы не пакасіць нас, не пажаць. Панчанка.

5. Перажываць, адчуваць; мець справу, знацца, знаць. І горшай у свеце навалы Не ведаў ніколі народ. Колас. Сэрца.. [жанчыны] поўнілася пяшчотаю да гэтага няшчаснага хлопчыка, які не ведае нават, што такое звычайная чалавечая ласка. Шамякін. Маёнтак быў зусім пад бокам, а ў панскіх пакоях — такі прастор, якога дагэтуль не ведалі ні кадрыль, ні лявоніха. Брыль. Кучаравая галава [Гушкі] амаль што ўсе дні на дварэ не ведала шапкі. Чорны.

6. кім-чым. Кіраваць, распараджацца кім‑, чым‑н. Ведаць трэстам. Ведаць перапіскай.

7. і з дадан. дап. Памятаць, не забываць. [Васіль:] — Ведай вось, як з пустымі рукамі хадзіць. Брыль. Няхай жа ведаюць бандыты, Што гэта кроў падзе на іх. Колас.

8. у знач. пабочн. Ужываецца ў тых выпадках, калі неабходна звярнуць увагу субяседніка на тэму гутаркі. [Клава:] Ведаеце, я забылася тую песню пра косы. Крапіва.

•••

Бог (святы) ведае (хто, што, куды, колькі, які) гл. бог.

Бог (чорт, пярун, ліха, халера) яго (цябе, яе, вас, іх) ведае гл. бог.

Будзеш (будзеце і г. д.) ведаць — форма пагрозы каму‑н.

Ведай (знай) нашых; няхай ведаюць (знаюць) нашых — вось мы якія, вось з кім маеце справу. — Хапіліся! — задаволена кажа Жаўтых, седзячы на дне, і радасна смяецца, густа наморшчыўшы свой зашчацінены за ноч сіняваты твар. — Усё ж абдурылі — ведай нашых! Быкаў.

Ведаць дарогу — папярэдне быць знаёмым з чым‑н.

Ведаць (паказаць), дзе ракі зімуюць — ужываецца як пагроза.

Ведаць меру — трымаць сябе ў пэўных рамках, устрымлівацца ад лішняга.

Ведаць не ведаю, знаць не знаю — аб поўным няведанні чаго‑н., нежаданні знацца, мець справу з кім‑, чым‑н.

Ведаць, пачым фунт ліха — пазнаць, як цяжка жыць у горы, нястачы. Сама Аўдоля хапіла гора нямала. Ведае, пачым фунт ліха. Крапіва.

Ведаць сваё месца — весці сябе адпаведна свайму становішчу, не ўмешвацца не ў свае справы; быць сціплым.

Ведаць толк у чым‑н. — разбірацца ў чым‑н. з веданнем справы.

Ведаць у твар — ведаць каго‑н. з выгляду, але не быць знаёмым.

Ведаць усе хады і выхады — добра ведаць што‑н., мець дакладныя звесткі аб чым‑н., быць сваім чалавекам дзе‑н.

Ведаць цану каму‑, чаму‑н. — ведаць хто (або што) чаго варты.

Ведаць як аблупленага — вельмі добра ведаць каго‑н.

Ведаць як свае пяць пальцаў — вельмі добра, грунтоўна ведаць што‑н.

Ліха ведае (хто, што, які, куды і пад.) гл. ліха.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) вочы дзець (падзець) — пра пачуццё вялікага сораму.

Не ведаць, куды (дзе) дзецца (падзецца) — а) разгубіцца, збянтэжыцца ад сораму, непакою; б) разгубіцца ад нечаканай пагрозы.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) рукі дзець (падзець) — пра збянтэжанасць, пачуццё сарамлівасці.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) сябе дзець (надзець) — не ведаць, чым заняцца.

Хто яго (цябе, яе, вас, іх) ведае гл. хто.

Чорт ведае (хто, што, які куды і пад.) гл. чорт.

Чорт ведае што! гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́нкі, ‑ая, ‑ае.

1. Невялікі ў папярочным сячэнні; проціл. тоўсты. Тонкі лёд. Тонкія ніткі. Тонкі сшытак. Тонкая кніжка. □ [Насця:] Я дастала з куфра тонкае палатно. Чорны. Ад ярусаў да самай вады падложаны тонкія, доўгія бярвенні. Колас. // Зроблены, пашыты з нятоўстага матэрыялу. Тонкая сукенка. □ Мароз шчыпле за нос, прарываецца праз тонкі шынель. Лынькоў. // перан. Не густы, празрысты (пра туман, дым і пад.). Тонкая восеньская імжа вісела ў паветры, нібы павуцінне. Бядуля. — Бачыш, дыхае, цеплынёю радуецца зямля, — паказвае Тамара на ледзь прыкметную пару, якая тонкім, танюсенькім павуціннем сцелецца над свежаю, сонцам прыгрэтаю раллёю. Бялевіч.

2. Невялікі ў абхваце; не тоўсты, вузкі ў косці (пра чалавека, яго фігуру, часткі цела). Тонкія пальцы. Тонкая талія. □ Перахвачаная ў паясніцы, з рэвальверам, які абцягваў папружку, тонкая, зграбная — .. [Ганна] чаравала ўсіх. Нікановіч. У перамежку паміж выбухамі кашлю .. [Ніна] ляжыць з заплюшчанымі вачыма. Толькі час ад часу ўзнімае перад сабой тонкія ручкі, усхліпвае ад болю і шэпча: «бабка, піць...» Брыль. Ты [дзяўчына] прайшла з усмешкай цёплай, Прашумела, нібы ветласць Той вясны, што ты адбіла Тонкай постаццю дзявочай. Панчанка. // Не грубы, не шырокі, прыгожага, далікатнага складу (пра твар, рысы твару). Дзе, якой зарою чырваніла Яна вусны тонкія свае. Броўка. У прыпухласці губ, у тонкіх рысах твару я заўважыў нешта новае; нібы .. [Люда] штось прадчувала, а можа, і чакала чагось важнага. Дуброўскі. Жанчына была прыгожая, .. з тонкім далікатным тварам. Маўр.

3. Невялікі па шырыні, вузкі. Тонкая лінія. □ На .. лбе [Любы] зрабілася тонкая маршчынка і, зварухнуўшыся, знікла. Чорны. Сцяжынкай тонкай над старой канавай Іду з касою між ракіт густых. Гілевіч.

4. Высокі (пра гукі, голас). Раптам .. [Іліко] пачуў нейкі тонкі гук, як бы недзе звінеў камар. Самуйлёнак. Дзіця сумысля закрычала высокім сваім тонкім голасам. Чорны.

5. Які складаецца з дробненькіх часцінак. Абмытае каменне .. блішчала пад сонцам, пакуль лета не ўкрые яго тонкім засцілам бялявага пылу. Чорны. [Серафіма да Тэклі:] — То ж я прыйшла табе сказаць, што можа ў цябе няма чаго-небудзь, можа мукі няма свежанькай пшанічнай, то мой стары ўчора толькі змалоў, тонкая такая, беленькая! Краўчанка.

6. Складаны, выкананы з вялікай увагай, умела, па-мастацку. [У гісторыка-этнаграфічным музеі ў Мадрасе] сабраны ўзоры вельмі тонкай разьбы па дрэве. «Полымя». [Дубок:] — Хочаш далікатную работу — і тут мае рукі ход маюць, абы толькі [ін]струменцік да ладу. Бо на тонкай рабоце з сякерай не разгонішся. Лынькоў. // Складаны, які патрабуе ўмелага, далікатнага падыходу. [Мельнік:] — Зразумей, каханне — справа тонкая! Карпюк. // Дэтальны, дакладны, дасканалы. Тонкае веданне справы.

7. Ледзь прыкметны, які з цяжкасцю адрозніваецца. Тонкія адценні колераў. □ Дзівіць [восень] людзей размалёўкаю тонкаю. Лісце кляновае — лапкі чырвоныя Гусі пакідалі ў лужыны звонкія... Тармола.

8. Прыемны сваёй вытанчанасцю, не рэзкі (пра смак, пах і пад.). Тонкія віны. Тонкія духі. □ Водар ліпавых кветак, тонкі, ледзь-ледзь улоўны, напаўняе паветра. Мікуліч.

9. Тактычны, далікатны (пра чалавека, яго душу). [Мастак да Галі:] — Калі не памыляюся, вы... вельмі ўражлівы, .. з тонкай душой чалавек. Ракітны. // Выключны, незвычайны (пра выхаванне, манеры, гутарку, культуру і пад.). Тонкае выхаванне. Тонкія манеры абыходжання.

10. Які вылучаецца розумам, густам, праніклівасцю, глыбокім веданнем справы. Тонкі крытык. □ Партызанства ў сабе маю дастаткова. Але як стаць такім тонкім псіхолагам, вынаходлівым палітыкам, дыпламатам?! Карпюк. Я бачыў у .. [настаўніку] тонкага педагога, які добра ведаў, што палкаю цяжка загнаць і ў дзверы, а ласкаю можна ўціснуць і ў вузкую шчыліну. Дамашэвіч. Купала як перакладчык паказаў сябе тонкім знаўцам творчасці Міцкевіча. Лойка.

11. Гібкі, праніклівы, які схоплівае малапрыметнае (пра розум, мысленне). Тонкі розум. // У якім выяўляецца глыбокае разуменне чаго‑н., пранікненне ў сутнасць. Тонкая крытыка. Тонкі псіхалагізм. // Дасціпны, умела завуаліраваны (пра іронію, гумар і пад.). Тонкі гумар. Тонкі намёк. □ — Ты [Люба] Хадкевіча да сябе выпішаш, — з тонкай насмешачкай падкалола Аня. Васілевіч. // Эмацыянальна-ўзвышаны, паэтычна-ўсхваляваны. Трапяткое крыло галубінае і з’яўляецца адной з важнейшых адзнак паэзіі Ізі Харыка, адзнак яе тонкага лірызму. Лынькоў.

12. Не адразу прыкметны, які тоіцца ў глыбіні чаго‑н.; такі, да якога трэба даходзіць, дазнавацца. Тонкія адценні ў значэнні слова.

13. Дасканала арганізаваны і дакладны па выніках. Тонкі хімічны аналіз.

14. Чуллівы, які ўспрымае самыя слабыя раздражненні (пра органы пачуццяў і іх дзейнасць). Тонкі слых. Тонкі зрок. □ У Надзі добры голас. Тонкі музы[каль]ны слых. Гарбук.

•••

Тонкая кішка гл. кішка.

Кішка тонка (тонкая) у каго гл. кішка.

Тонкая штучка гл. штучка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сам, само́га, м.; сама́, само́й, ж.; само́, само́га, н.; мн. самі, саміх; займ. азначальны.

1. Ужываецца пры назоўніках ці асабовых займенніках, каб паказаць, што іменна названая асоба або прадмет непасрэдна ўдзельнічае ў дзеянні. З вуліцы ехалі сані. Ладымер пазнаў Банадысёвага каня. Сам Банадысь, высокі, у новым кажуху, .. ішоў побач з канём. Чорны. Сам факт стварэння слоўнікаў нацыянальнай тэрміналогіі не можа разглядаць інакш, як факт выключнай навуковай важнасці. Суднік. // Ужываецца як замяшчальнік назоўніка або асабовага займенніка. Што казаць: самі ведаеце, якія задзіры гэтыя хлопцы. Колас. [Арына Восіпаўна:] — Стаіць [Мажэйка] сярод пакоя, размаўляе са мной, а сам так і шныпарыць вачыма па закутках. Асіпенка. // Ужываецца ў зваротах, каб паказаць, што асоба занята сабою, сваімі справамі. Сам сабе [Уладзімір] нешта шаптаў, сам з сабою раіўся. Скрыган. / У выразах, у якіх што‑н. прыпісваецца самому аб’екту. [Хлопец:] — Не згубіў, а сама [метрыка] згубілася, як нашага прыхода царкву перабудоўвалі на школу... Чарот.

2. Ужываецца, каб падкрэсліць, што асоба або прадмет выконвае дзеянне самастойна, без чыёй-небудзь дапамогі. Засяваць мы самі Будзем нашы нівы, Збіраць самі будзем Ураджай шчаслівы. Купала. // Ужываецца для вылучэння пэўнай асобы або нейкага прадмета. [Гарлахвацкі:] Выдавецтва? Хто пры тэлефоне?.. Перадайце трубку самому дырэктару. Крапіва. Сам камандзір батальёна сядзеў за сталом, займаў цэнтральнае месца. Колас.

3. Ужываецца для падкрэслівання важнасці, значнасці асобы або прадмета. Ка мне ў госці з прывітаннем шчырым.. Сам старшыня прыйшоў і брыгадзіры. Купала.

4. у знач. наз. сам, само́га, м.; сама́, само́й, ж. Разм. Ужываецца для абазначэння якой‑н. паважанай асобы (гаспадара, кіраўніка і пад.). [Бабка:] — Ой, хоць бы ўжо хутчэй сам прыйшоў. Сам — гэта, канечне, бацька. Сяркоў. [Таццяна:] — Ну, а дзе сама [Марына Паўлаўна]? Я ўжо ладзілася ісці па яе, ды дасюль няўпраўка была... Зарэцкі.

5. Пры назоўніках з якасным значэннем падкрэсліваюць наяўнасць вышэйшай ступені якасці ў прадмеце. Сама ты, радзіма, жывая паэма, Вялікасны твор бальшавіцкага племя. Глебка. Значкі ГПА на крутых грудзях [моладзі] выглядаюць так, як можа выглядаць само здароўе, сама сіла, сама паўнакроўная маладосць! Самуйлёнак.

6. Ужываецца тады, калі трэба паказаць, што пра пэўны прадмет ці асобу ўжо гаварылася. [Лабановічу] ўспомнілася,.. што ў гэтую кузню не адзін раз прыязджаў ён і прыходзіў з дзядзькам Марцінам па розных гаспадарчых справах. І кузня, і само мястэчка тады нейк выглядалі іначай, рабілі большае ўражанне, можа, з тае прычыны, што ён быў малы. Колас.

•••

Сам вялікі гл. вялікі.

Сам (сама, само) за сябе гаворыць — не мае патрэбы ў тлумачэнні, пацвярджэнні.

Сам (сама, само) з сабою — адзін, на адзіноце. [Мікуць] гаварыў гэтак сам з сабою праз усю дарогу. Чорны.

Самі з вусамі — не горш за іншых, не дурней за іншых.

Сам-насам — быць аднаму без удзелу іншых. Відаць, не лёгка было Антосю заставацца, сам-насам са сваімі думкамі. Бажко. Хацелася пабыць аднаму [Барташэвічу], сам-насам. Карпюк.

Сам на сябе вяроўку суча гл. сукаць.

Сам не гам і другому не дам гл. гам ​2.

Сам не свой — аб стане разгубленасць роспачы, адчаю, вялікага хвалявання, непакою. Ладымер з’явіўся дадому сам не свой. Ён пастагнаў у сенцах, паенчыў, пабедаваў і падаўся ў хату. Чорны.

Сам не ў сабе — пра таго, хто страціў душэўную раўнавагу, самавалоданне. [Рыгор:] — Чакай, Каця! Даруй, я сам не ў сабе. Крапіва.

Сам (сама, само, самі) па сабе — а) адвольна, незалежна ні ад кога. Цяпер [пасля запрашэння перайсці на працу ў раён] пытанне развязалася само па сабе — проста і дасканала. Зарэцкі. Нарэшце гоман сам па сабе ўлёгся. Дуброўскі; б) кожны паасобку. [Іван:] — У нас [у Чыжэвічах] канапасы ў гурт збіраюцца, гавораць, смяюцца. А тут [у Малінаўцы] кожны сам па сабе. Чарнышэвіч; в) паводле сваёй сутнасці. Сам па сабе дзядзька Анупрэй быў вельмі цікавым чалавекам. Машара.

Сам праз сябе — самастойна.

Сам (сама, само, самі) сабе — а) адзін, без нікога. [Макатрыха:] — Я магла б жыць і пры сыне, але мне лепш калі я тут сама сабе. Кулакоўскі; б) ціха, ледзь чутна (чытаць, гаварыць і пад.); в) ніяк знешне не выяўляючы; у думках, не выказваючы ўголас. Яшчэ тады [Макар] сам сабе падумаў: а што, калі тут давядзецца працаваць, дык жа зусім згубішся сярод гэтых сталёвых волатаў. Сабаленка.

Сам сабе не рад — незадаволены самім сабою. Цяпер і сам сабе не рад. Не спіцца, не ляжыцца. Ці не вярнуцца лепш назад Ды з другам памірыцца? Танк.

Сам сабе пан (гаспадар, галава) — самастойны, незалежны ні ад кога чалавек.

Само сабой (зразумела) — не выклікае ніякага сумнення; безумоўна.

Сам (сама, само, самі) сабою — а) самастойна, сваімі сіламі (магчымасцямі). Як узяўся, як стаў вучыцца і сам сабою вывучыўся. Янкоўскі. Шчасце не прыйшло само сабой. Барадулін; б) без якіх‑н. намаганняў. Само сабой прыгадалася, як зімой.. [бацька] з Шурам валіў сосны на хату. Ставер; в) у адпаведнасці з сваёй унутранай сутнасцю, такім, які ёсць. Сышліся твар у твар — яны і вечнасць, Тут кожны быць павінен сам сабой, Як смага — смагай, як вада — вадой. Куляшоў.

Сам чорт галаву (нагу) зломіць гл. чорт.

Сам чорт не брат каму гл. брат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)