бяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца белым. Некалькі разоў твар Паліводскага зменьваў свой колер: то чырванеў, то зелянеў, то бялеў. Чорны. Ноч яшчэ спала, хоць на ўсходзе пачынала ўжо бялець неба. Дамашэвіч.

2. Вылучацца сваім белым колерам, віднецца (пра што‑н. белае). Зараз жа за Выганамі па шырокім пляцы, што раздзяляў дзве вёскі, Выганы і Высокае, паказалася школа.. прыветна бялеючы шырока раскрытымі аканіцамі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рыжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. Станавіцца рыжым, рыжэйшым. Валасы рыжэюць. □ Лён ужо даўно адцвіў, зялёныя буйныя галоўкі пачыналі рыжэць, перашэптваліся на ветры. Гурскі. Заставалася яшчэ з паўгадзіны часу да заходу сонца, а сена было ўжо ўсё згрэбена і зложана ў копы, каб не рыжэла ад расы. Колас.

2. Вылучацца сваім рыжым колерам, віднецца (пра што‑н. рыжае). На высокіх узгорках рыжэла ржышча. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выгляда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Мець які‑н. выгляд; здавацца каму‑н. кім‑, чым‑н. Выглядаць героем. □ Каця хадзіла заўсёды ў камбінезоне, у простых чаравіках, і выглядала звычайнай трактарысткай. Чарнышэвіч. Усе [сяляне] выглядалі так, як бы неўзабаве павінна было штось зрабіцца. Колас.

2. Віднецца, быць відным. Сонца зайшло.. за.. таполі, верхавіны якіх ледзь выглядалі з-за ўзгорка. Шамякін.

3. Разм. Незак. да выглянуць (у 1 знач.).

4. Разм. Незак. да выглядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

святле́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; незак.

1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Станавіцца светлым або больш светлым.

Валасы пасля мыцця святлеюць.

2. Пра надыход раніцы, дня.

На дварэ святлее (безас.).

3. перан. Станавіцца радасным, ласкавым.

Твар сябра святлее.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Пра думкі, свядомасць: рабіцца больш ясным, нармальным.

Думкі сталі с.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Віднецца (пра што-н. светлае).

У гушчары ельніку святлела купка бяроз.

|| зак. пасвятле́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е і прасвятле́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е (да 3 і 4 знач.); наз. прасвятле́нне, -я, н. (паводле 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

жаўце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Вылучацца сваім жоўтым колерам, віднецца (пра што‑н. жоўтае). На дрэвах у садзе золата жаўцелі адны толькі антонаўкі. Сабаленка. Убаку, дзе дарога падступала к зарасніку, нібы падфарбаваны, жаўцеў яшчэ новы масток. Мележ.

2. Станавіцца жоўтым, набываць жоўты колер. Жаўцець ад часу. // Паспяваць (пра плады, злакі). Лён на ўчастку пачаў жаўцець. // Вянуць, адміраць (пра лісце раслін). Стала восень, толькі пачыналі жаўцець і ападаць лісты. Скрыган. // Набываць нездаровы колер твару, цела. Жаўцець ад хваробы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рудзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Рабіцца рудым, рудзейшым. У Беларусі больш за месяц нясцерпна паліла сонца; вялі кветкі, рудзелі ў парках на ліпах лісты. М. Стральцоў. У полі, каля тэлеграфных слупоў, з кожным днём усё больш і больш рудзела трава. Кулакоўскі.

2. Вылучацца сваім рудым колерам, віднецца (аб чым‑н. рудым). На пагорку ледзь рудзее пакручастая дарожка, як баразёнка, узораная плыўкімі палазамі. Колас. Палі прыцерушыў лёгкі сняжок, толькі рудзеюць сцежка, пратаптаная клетачкамі лапцей, ды каляіны. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свіце́цца, свіціцца; незак.

1. Віднецца праз што‑н., быць бачным. У канцы гарода.. [Арцём] убачыў радок крывых алешын, за якімі свіціўся зялёны лужок. Ракітны.

2. Будучы вельмі рэдкім, прапускаць праз сябе святло. Цяпер на Гэльцы была не тая спадніца, зношаная, рэдзенькая, што ўся свіцілася, у якой яна ганяла ў поле, а новая паркалёвая сукенка ў вялікія чырвоныя кветкі. Адамчык.

3. перан. Адлюстроўваць якія‑н. пачуцці, хваляванні (пра твар, вочы, знешні выгляд чалавека). Наўмыснікаў твар свіціўся ўсімі адценнямі радасці. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Рабіцца сівым. «Ці то сівець пачаў [Глеб], ці то проста святло на валасах пераліваецца... Мы ж амаль равеснікі», — падумаў Макар. Дуброўскі. Дармо, што сівеюць мае аднагодкі — вучы нас, краіна, сягоння нанова! Вялюгін.

2. Віднецца, вылучацца здалёк (пра што‑н. шаравата-белае, сівое); шарэць. Сівелі ўзгоркі ад палыну і шэрай квецені лебяды, іржа кепскага шчаўя зацягнула пожні. Хадкевіч. Яшчэ не прыбіты дажджом попел сівеў на тым месцы, дзе стаялі хата і хлевушок. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свети́ться

1. свяці́цца;

в о́кнах свети́лись огни́ у во́кнах свяці́ліся агні́;

2. (виднеться) віда́ць, відне́цца;

сквозь зе́лень свети́лась вода́ праз зе́лень віда́ць была́ (відне́лася) вада́;

3. перен. свяці́цца;

глаза́ свети́лись ла́ской во́чы свяці́ліся ла́скай.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

рысава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; незак.

1. Віднецца, вылучацца (сваім колерам, абрысамі і пад.) на фоне чаго‑н. На тым баку, за жытнёвым полем, рысаваліся на блакіце неба стрэхі. Васілёнак.

2. перан. Паўставаць у чыім‑н. уяўленні. Вобраз пані з чорнымі пышнымі валасамі жыва рысаваўся ва .. уяўленні [настаўніка]. Колас.

3. Старацца паказаць сябе з выгаднага боку, выклікаць чым‑н. інтарэс да сябе. Баешка ўваходзіў у ролю, пачынаў яўна рысавацца перад натоўпам, што ў момант вырас ля яго. Шынклер.

4. Зал. да рысаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)