зі́мнік, ‑а, м.

Разм. Дарога, па якой ездзяць толькі зімой. З грэблі адыходзіў у бок зімнік, па якім вазілі зімой сена з балот. Лынькоў. Зімнікі заўсёды пракладаюцца найкарацей — нішто не замінае іх рабіць там, дзе ўлетку часам і нага чалавечая не можа ступіць. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паха́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і пахаджаць. На гэты раз чытанне штось не ладзілася, і Лабановіч часта адрываўся ад кнігі, пахаджваў па пакоі і думаў. Колас. Толькі цяпер я заўважыў, што сярод статка важна пахаджвае на сваіх высокіх нагах даўганосы гаспадар балот. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эле́ктрыка, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.

Разм. Электрычнасць; электрычнае асвятленне. Старыя паломаны праслы, Электрыка рвецца ў аконцы. Купала. Праваднік уключыў электрыку, і купэ акунулася ў бледна-зялёнае святло. Васілевіч. Давайце плаціну ўздымем, Электрыку пусцім у ход, Бо нам не асіліць аднымі Рыдлёўкамі багну балот. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасяле́нец, ‑нца, м.

1. Той, хто пасяліўся на новым месцы. Пасяленцы на неабжытых землях.

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — сасланы на пасяленне чалавек. [Павел Лукіч:] — Глухія нашы ваколіцы сярод непраходных балот былі .. месцам высылкі для тых, хто ў чым правініўся перад дзяржавай. Пасяленцы абзаводзіліся сем’ямі і заставаліся назаўсёды. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гарма́та, ‑ы, ДМ ‑маце, ж.

Агульная назва артылерыйскай зброі (пушка, гаўбіца, марціра і інш.). Супрацьтанкавая гармата. Зенітная гармата. □ Некалькі гадзін грымелі нашы гарматы, і водгулле іх грому далёка расплывалася па нетрах лясоў і балот Палесся. Колас.

•••

Гарматай не праб’еш гл. прабіць.

Страляць з гарматы па вераб’ях гл. страляць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́ня, ‑і, м.

1. Драпежная птушка сямейства ястрабіных, дакучлівы манатонны крык якой нагадвае слова «піць»; сарыч, канюк. Прытаіцца да моху русалка, лясун, Каня вечнага «піць» не заводзіць. Пад звон-песню жывучых гусляравых струн Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць. Купала.

2. Абл. Кнігаўка. Пералётам да балот далі аб сабе знаць кані. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяздо́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае шчаслівай долі; няшчасны. Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты Ткаць залатыя паясы. Багдановіч. Той час мінуў, калі ў бядзе і скрусе Рабом палоскі вузкай і сахі Быў люд бяздольны даўняй Беларусі — Жыхар нізін, балот і пушч глухіх... Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пустэ́льня, ‑і, ж.

Тое, што і пустыня. Вярблюды ідуць, вярблюды Павольна адмерваюць крок, Па гліне сухой, па грудах — Пустэльняй ідуць здалёк. Хведаровіч. Пайшоў, як волат, праз пяскі Пустэльняю Турксіб. Броўка. Направа ўзнімалася зялёнае ўзгор’е вялікага кургана. Гэта быў аазіс у пагібельнай пустэльні балот. Самуйлёнак. Перад намі на поўначы дзікай У пустэльнях растуць гарады. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дасле́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак. і незак., каго-што.

Зрабіць (рабіць) навуковы разгляд з мэтай пазнання, высвятлення чаго‑н. Даследаваць пытанне. □ Аўтару трэба было больш дэталёва даследаваць некаторыя моманты стылю К. Чорнага. Шкраба. // Уважліва і падрабязна агледзець (аглядаць) каго‑, што‑н., азнаёміцца (азнаямляцца) з чым‑н. для высвятлення, вывучэння каго‑, чаго‑н. Даследаваць нетры балот. Даследаваць дно ракі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ільдзі́на і льдзі́на, ‑ы, ж.

Кавалак, глыба лёду. // Крыга. Здаецца, яшчэ ўчора .. [Нёман] імкліва нёс кудысьці на хвалях апошнія льдзіны, а сёння — вербы, заглядваючыся ў яго празрыстую ваду, нібы ў люстэрка, ужо любуюцца сваімі бледна-зялёнымі завушніцамі. Данілевіч. Ён [снежань] ахінуў стагі лугоў, Як верацёны снежнай воўнай; З-пад Налібок, з балот, лясоў Плыты ільдзін пагнаў па Нёмну. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)