Се́бра ‘талака, калектыўная дапамога’ (карэл., кліч., бялын., мазыр., ДАБМ, камент., 905). Рус. валаг., алан. себра́ ‘праца грамадой, сумесна; талака’. Даль (4, 169) узводзіць да сябр (гл. сябар). Рус. слова сумесна з алан. себра́, сябра́, ся́бра ‘абшчына, арцель, сумесная справа’ разглядалі як запазычанне з вепск. sebr‑ (sebra‑) ‘калектыўная праца’; гл. Фасмер, 3, 586. Трубачоў (История терм., 165) усе гэтыя словы звязвае са слав. *sębrъ ‘сябра’. Фрэнкель (768–769) лічыць магчымым балцкае паходжанне: параўн. літ. sébras ‘саўдзельнік, супольнік’, лат. sēbrs ‘сусед, прыяцель’. Лаўчутэ (Балтизмы, 148) балцкае паходжанне слова разглядае як недостаткова аргументаванае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ініцыяты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які валодае ініцыятывай (у 2 знач.), здольны да самастойных актыўных дзеянняў; прадпрымальны. Ініцыятыўны рабочы. Ініцыятыўная камісія. □ Раней знаходлівы, ініцыятыўны, цяпер .. [Рашчэня] нічога не мог прыдумаць. Шамякін. У саўгасе гаспадарка была ўжо наладжана, а тут патрэбен валявы, ініцыятыўны і вопытны чалавек, здольны за кароткі час падняць заняпалую арцель. Новікаў. // Звязаны з праяўленнем ініцыятывы. Ініцыятыўныя дзеянні. □ Трэба стварыць упэўнены, баявы рабочы настрой у кожным працоўным калектыве, дабівацца ініцыятыўкай, творчай работы — работы ў поўным сэнсе слова наватарскай. Машэраў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вя́тка ’натоўп, гурт людзей, арцель, чарада’ (Гарэц., КСП, КТС, Нар. сл., Садоўскі, вусн. паведамл.). Рус. вятка ’тс’ (смал., Даль, пск., СРНГ); ’вячоркі’ (смал., Садкова, вусн. паведамл.). Слова з даволі вузкім арэалам распаўсюджання. Параўн., напрыклад, заўвагу Козырева: «Вятка… — специфически смоленская лексика» (Бел.-рус. ізал., 59). Недахоп даных прымушае выказаць толькі здагадку. Можна дапусціць, што гэта рэпрэзентацыя старой асновы jat‑ (‑iti) (параўн. серб.-харв. jȁtiti (se) ’збірацца’). Па форме (далучэнне пратэзы) гэта, у такім разе, утварэнне тыпу вячай, вятроўка (гл.). Да семантыкі параўн. паўднёваславянскую лексіку: серб.-харв. jȁto ’чарада, абшчына, брацтва’, славен. jȃta ’чарада, статак’, балг. ято ’чарада’ і да т. п., аб якіх гл. Скок, 1, 761. Вятка, такім чынам, дэмінутыў ад jat‑a або іначай суфіксальнае ўтварэнне ад дзеяслоўнай асновы jat‑. Усю праблематыку апошняга гл. пад ятка 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ся́бар ’друг, прыяцель, таварыш’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), ’швагер’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’кампаньён, супольнік’ (паст., Сл. ПЗБ), ’халасцяк (стары)’ (Мат. Гом.), сябр, себр ’родзіч, брат; сябар’ (Нас.), ся́бер (siaber) ’супольнік у кожнай справе’ (Пятк. 2, Сержп., ЛА, 3): на вяселлі маладым даруюць паўкаровы… паўкалоды пчол або што другое, каб быць сябрамі (Сержп. Прымхі), ’пакупнік і прадавец адзін для другога’ (чырв., З нар. сл.), ’таварыш у мове злодзеяў’ (Арх. Федар.), сябёр ’чалавек, які што-небудзь купіў у другога ці прадаў другому’ (Бір. Дзярж.), ’здаравенны тоўсты чалавек, брысюга; ненадзейны таварыш’ (Бяльк., Юрч.), ся́бра ’ўдзельнік, пайшчык, супольнік, калега’ (Ласт.), ’прыяцель, кампаньён’ (Касп., Варл.), сябрава́ць ’дружыць’ (Касп.), ’працаваць супольна’ (Ласт.), ’узаемна дапамагаць у плытніцкай справе’ (віл., Сл. ПЗБ), сябрава́цца ’прымазвацца, набівацца ў супольнікі’ (Пятк. 2), ’супольна дзяржаць пчол’, сябро́ўскія (сябе́рныя) пчолы ’супольныя пчолы, якімі карыстаюцца два гаспадары’ (віл., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), сябэ́рскія пчолы ’тс’ (ашм., Сл. ПЗБ), сябэ́рка ’суполка на пчол’ (паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. себры ’назва людзей у ВКЛ, якія сумесна карысталіся ворнай зямлёй, прамысловымі ўгоддзямі і інш.’ (Ст.-бел. лексікон), се́бреный ’агульны, супольны’ (там жа). Укр. ся́бер ’удзельнік зямельнага ўладання’, ’кампаньён у гандлёвым прадпрыемстве’, ’сапернік’, ’швагер’, дыял. палес. сябро́ ’няўклюдны, нялоўкі чалавек’, рус. сябёр ’сусед, сябар, пайшчык; член суполкі з правам голаса’, паўн.-рус. сябра́, ся́бра ’суполка, арцель, агульная справа’, стараж.-рус. сѧбръ ’сусед, член адной грамады’, серб.-харв. се̏бар ’земляроб’, ст.-серб. себьр ’селянін, член грамады свабодных земляробаў’, себрь ’палавіншчык, удзельнік, кампаньён’, славен. srebər ’селянін’; сюды ж каш. sibřec są ’падлізвацца, падлабуньвацца’, польск. аргат. siewrać ’размаўляць на зладзейскім жаргоне’. Адзінай этымалогіі, таксама як і адзінай славянскай праформы, няма. Прасл. *sębrъ узнаўляецца на аснове запазычанняў са славянскіх моў: алб.-таск. sëmbër ’здольнік, саўладальнік скаціны’, новагрэч. σεμπρος ’здольнік’, венг. cimbora ’сябар, прыяцель’, арум. simbru ’земляроб, які мае аднаго вала і ўступае ў суполку з іншым уладальнікам вала’, рум. sîmbră ’грамада, абшчына’; узнікла, па адной версіі, з *sem‑ro (з устаўным ‑b‑) і звязана з *sěmьja (Трубачоў, История терм., 166; Каліма, AfslPh, 17, 343). Па іншай версіі, прасл. *seberъ роднаснае гоц. sibja ’роднасць’, ст.-в.-ням. sippa ’тс’, ст.-інд. sabhā́ ’сукупнасць, збор’ (Мее, 14; 342; Атрэмбскі, WSl, 16, 188). Падрабязней агляд ранейшых версій гл. Фасмер, 3, 824 з літ-рай. Гл. таксама Ляпуноў, Сб. ОРЯС, 101, 3, 257–263; Папоўска–Таборска, ZNGd, Slavistyka, 6, 219–226; Гаспарыні, RiS, 8, 3–28 (звязвае семантыку слова з экзагаміяй); SEK, 4, 270 і наст. Няясныя адносіны да літ. sė̃bras ’палавіншчык, таварыш’, лат. sę̄brs ’сусед’ (запазычанні з бел. сябр ці спрадвечныя балцкія формы без насавога?). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 495. Борысь (Etymologie, 207) значэнне ’прыяцель’ лічыць беларускай семантычнай інавацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

расці́, расту, расцеш, расце; расцём, расцяце; пр. рос, расла, ‑ло; незак.

1. У выніку жыццёвага працэсу павялічвацца, станавіцца большым, даўжэйшым, вышэйшым і пад. (пра жывыя істоты, арганізмы). Быў чэрвень, Калі ўсё расло і цвіло... Броўка. А ракіта тая як расці ды расці, — вырасла да самага неба. Якімовіч. Платон Назаравіч адхіляецца, адступае на крок; аглядае Алеся так, як бацька сына, якога доўга не бачыў, кажа з ухвалай: — А ты расцеш, хлопча. Шамякін. // З’явіўшыся, павялічвацца, падаўжацца (пра валасяное покрыва, поўсць). Скура над ілбом садрана, магчыма, і сапраўды не будуць расці валасы. Кулакоўскі. Падласы еў адну мякіну, Тарчком на ім расло шчацінне. Крапіва. // Станавіцца больш сталым, дарослым. [Самоцька:] — Я яго б’ю, катую, ушчуваю. Гэтак мой дзед вырас .., гэтак і маё дзіця расце. Чорны. // Праводзіць дзе‑н., у якіх‑н. умовах сваё дзяцінства, раннія гады. Расці ў вёсцы.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павялічвацца колькасна, у памерах, у аб’ёме. Хутка расце новы дом. Расце народны дабрабыт. Растуць надоі малака. □ Буданы хутка раслі адзін пры адным. Мележ. Вялізарная наледзь расла вакол вадакачкі і цягнулася да самых рэек. Лынькоў. А ў лясах Палесся тым часам адзін за адным нараджаліся і раслі атрады народных мсціўцаў. Краўчанка. // Падыходзіць, паднімацца (пра цеста). // Узмацняцца, мацнець. Дружба паміж сябрамі расла і мацнела. Гамолка. «Арцель .. [Вольга Апалонаўна] збіраецца карміць ці што?» — не раз думаў Юрка, і ў яго душы расло нездавальненне ўсім гэтым парадкам жыцця ў доме Пеўніка. Навуменка. // Станавіцца больш гучным; мацней гучаць. Крык шырыўся, рос, палату ўсе двары, усю вуліцу. Лынькоў.

3. перан. Удасканальвацца, развівацца. [Капітан:] — Зайздрошчу ўрачам у шпіталі. Людзі там сапраўды працуюць, растуць. Алешка. [Сцяпан Рыгоравіч] працаваў у гандлі, працаваў і рос ад радавога прадаўца да старшыні райспажыўсаюза. Кірэйчык.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Распаўсюджвацца, існаваць (пра расліны, калі ідзе гутарка аб раёне іх пашырэння). У возеры растуць водарасці. Сасна расце на пясчаніках. // Знаходзіцца, быць (пра расліны ў працэсе росту). Каля хат раслі кучаравыя вішанькі; былі тут ігрушы і яблыні. Колас. [Абапал дарожкі] густа раслі рамонкі, півоні, астры і незабудкі. Ваданосаў. На ўбітай дарозе трава не расце. Прымаўка.

•••

Вялікі расці! — ужываецца як адказ дарослых на падзяку дзяцей.

На вярбе грушы растуць у каго гл. груша.

Расці на лес гледзячы — а) пра хуткі рост; б) пра гадаванне дзяцей без нагляду, без бацькоўскай навукі. Мікодым — удавец, мае дваіх дзяцей, якія ў як кажуць, растуць на лес гледзячы, бо бацька не вельмі іх даглядае. Марціновіч.

Расці як грыбы (пасля дажджу) — узнікаць хутка і ў вялікай колькасці.

У роце расце — а) пра адсутнасць апетыту, жадання есці; б) пра непрыемную на смак страву.

Хоць трава не расці — пра поўную абыякавасць да чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)