абцерабі́ць, ‑цераблю, ‑цярэбіш, ‑цярэбіць; зак., што.

1. Ачысціць ад галля, бацвіння, лісця і пад. Урэшце, спусціўшы апошняе дрэва на дзялянцы, мы абцерабілі яго і выбраліся на слаба ўезджаную дарогу. Савіцкі. // Абсячы, абрэзаць галлё, бацвінне, лісце і пад. Абцерабіць галлё на дрэве.

2. Разм. Аб’есці. Падрос козлік і вельмі ж развалачыўся. Панадзіўся ў Піліпавы грады і ўсе капусныя высадкі абцерабіў. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пару́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.

Паклапаціцца, панепакоіцца аб кім‑, чым‑н. Ды трэба ж было парупіцца, каб газета выйшла добрая, каб моцна і трапна біла яна стары быт, ды прыдумаць ёй і адпаведнае імя. Колас. Ля студні намерзла высока і подступу каню не было. — Ніхто і не парупіцца, каб абсячы. Чорны. Каторы год як не бачыла брата, а гэта зайшоў па дарозе, дык нават падвезці не парупілася. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылі́ў, ‑ліву, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыліваць — прыліць.

2. Перыядычны пад’ём узроўню акіяна, мора. [Дно] знаходзілася досыць высока і залівалася вадой толькі ў час прыліву. Маўр.

3. Паяўленне каго‑, чаго‑н. у вялікай колькасці; прыток. Прыліў рабочай сілы. Прыліў грашовых сродкаў. □ Сталінградская бітва выклікала новы прыліў байцоў у рады народных мсціўцаў. Залескі. У канцы 50‑х гадоў закончыўся прыліў у паэзію тых, хто памятаў вайну непасрэдна, на вачах у каго яна праходзіла. Лойка. // перан. Пра адчуванне паўнаты сіл, энергіі, пачуцця. [Лабановіч] адчуў прыліў бадзёрасці, новай сілы, жаданне змагацца за сваё месца ў жыцці і за ўсіх добрых людзей. Колас. Антон Лескавец ажно задыхнуўся ад раптоўнага прыліву злосці і крыўды за сваю памылку. Шамякін.

4. перан. Уздым у развіцці чаго‑н. Прыліў рэвалюцыйнага руху. □ Пачалі арганізоўвацца калгасы. Не адну ночку сядзелі напралёт. Былі прылівы і адлівы. Гурскі.

5. Спец. Патаўшчэнне на адлітай дэталі. Бакавы прыліў бэлькі. Абсячы прылівы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)