спадні́ца, ‑ы, ж.
1. Жаночае адзенне, а таксама частка сукенкі ад таліі ўніз. Сынклета Лукічна апусціла галаву і доўга моўчкі перабірала складкі спадніцы. Шамякін. Спадніца і кофтачка, што прынесла маці, былі просценькія, злінялыя. Карпаў.
2. перан. Разм. Пра жанчыну (як прадмет цягі мужчын). На адно ён [Мікіта] здацен — Бегаць за спадніцай. Бачыла. [Сулькіна:] — Самаачыстку трэба весці сістэматычна. Нам таксама неабходна выгнаць усіх тых, якія здольны ганяцца за ўсякаю спадніцаю. Гурскі.
•••
Трымацца за спадніцу гл. трымацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
увагну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Прагнуцца ўнутр, утварыць паглыбленне. Хісткая, прашмуляная нагамі ступенька ўвагнулася і заенчыла пад яго [Пятрэся] ботам. Арочка. Стукнуў .. [сярэдні брат] сваёю булавою, — вароты толькі ўвагнуліся. Якімовіч.
2. Сагнуцца пад цяжарам чаго‑н.; згорбіцца. [Пушкарэвіч:] — Пастушок лямантуе, аж заходзіцца, а .. [воўк] увагнуўся, цягне на плячах авечку і ў вус не дзьме. Гурскі. / у перан. ужыв. Вадаспад тае славы сыплецца, сыплецца градам, А ён [чалавек] увагнуўся і скурчыўся — маленькі пад тым вадаспадам. Сіпакоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узвыша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да узвысіцца.
2. Вылучацца сваёй вышынёй, высіцца над чым‑н. Далей, за перонам, узвышаюцца прыгожыя, шматпавярховыя дамы з шэрага каменю. Лупсякоў. Кіламетры за тры ад ускраіны ўзвышаўся пясчаны курган. Грахоўскі. На тратуарах узвышаліся сумёты снегу. Гурскі. // перан.; над кім-чым. Вылучацца сярод іншых якімі‑н. станоўчымі якасцямі. Толькі тым узвышаецца пад народам паэт, што ён больш за іншых ведае і чуе. Навуменка.
3. Зал. да узвышаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
успаро́ць, успару, успораш, успора; зак., каго-што.
1. Падчапіўшы чым‑н. вострым, распароць, разрэзаць. Успароць мяшок. □ Бляшанку кансерваў разрэзалі, успаролі нажом, адкаркавалі і паўлітэрка. Сачанка.
2. Разм. Разбудзіць, падняць рана. [Сцяпан:] Забаўляйся тут з Паўлінкай, а я прыкархну трохі... Сягоння яшчэ дасвета мяне мая ўспарола. Купала. // Узагнаць са свайго месца. [Пушкарэвіч:] — З-за вашага брата-рыбака ніводнай качкі сядзячай не возьмеш, усюды ўспоруць. Гурскі. Летась, успамінае Ульяна, такой парой, косячы, успаролі ў гэтым кутку ласіху. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шмыг, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шмыгаць — шмыгнуць. [Тарас:] Пакуль я схапіў аўтамат, дык ён [Віткоўскі] гэтым часам шмыг у кусты і даў драла ў лес. Гурскі. Шустры жоўценькі клубок Шмыг са сцежкі пад дубок. Ад квактухі ён адстаў, Ціўкаць жаласна пачаў: — Памажыце, ціў-ціў-ціў, Маці родную знайсці. Галіноўская. Верабейчык — ціў-ціў-ціў! — Носам вострым пакруціў, Лапкай шоргнуў па суку, Крыллем пляснуў па баку І ў каноплі мігам — шмыг! Дзеружынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ненагля́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Каханы, самы дарагі. Ты заўсёды мне жаданы, Мой адзіны, мой каханы, Сэрцу мілы, ненаглядны мой! Валасевіч. І заспала [старая]. Бо прыснілася ёй Лідачка, зорачка яе ненаглядная, унучка. Брыль. / у знач. наз. ненагля́дны, ‑ага, м.; ненагля́дная, ‑ай, ж. Ужо не будзеш гуляць, як бывала, Цалаваць, як раней цалавала, Вых[о]дзіць у сад апаўночы, Глядзець ненагляднаму ў вочы. Багдановіч.
2. Такі, на якога нельга наглядзецца, якім нельга налюбавацца; вельмі прыгожы. [Скакун:] Эх, красуня ты мая, ненаглядная. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пру́ткі, ‑ая, ‑ае.
1. Цвёрды, але гнуткі. Свежае, яшчэ пруткае ржышча пахла жытам. Лобан. Шамцяць жыты неяк ціха-звонка, так шамцяць хіба яшчэ толькі пругкія густыя чараты на рацэ. Мурашка. Пазвоньвае пруткімі голлямі клён. Бялевіч. // Спружыністы, лёгкі ў рухах. [Старавойтаў] сярэдняга росту, сухі, але яшчэ пруткі. Гурскі. Пругкія Рыгоравы рукі здрыгануліся ад штуршка, але ён не выпусціў лемяша з зямлі. Гартны.
2. Жорсткі, каляны; цвёрды. Калошы былі мокрыя і пругкія, як бляха, і закасваць іх было няспрытна. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прызва́нне, ‑я, н.
Унутраная цяга і здольнасць да якой‑н. справы, прафесіі. Але прызванне Максімкі было не ў гэтым. Музыкай ён займаўся толькі ў час адпачынку, а больш за ўсё яму хацелася будаваць. Гурскі. З фельчарскімі абавязкамі вы спраўляецеся някепска, але мне здаецца, што па прызванню вы ўсё ж не медык. Арабей. Арганізоўваць, камандаваць — гэта .. [Сцёпкава] прызванне, яго стыхія. Жычка. // Прызначэнне. — Знаеце, што я вам скажу, Міцкевіч? — узрушана прамовіў Кудрынскі. — Беларускі верш — вось ваша сапраўднае прызванне! С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысві́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Суправаджаць свістам спевы, танцы; пасвістваць (у такт чаму‑н.). Янка браўся рукою за падагнутую нагу Лабановіча, а Лабановіч за Янкаву, а на другой назе яны скакалі, як вар’яты, прысвістваючы або падпяваючы ў такт скокам. Колас.
2. Пасвістваць, свістаць. Аслабелы Шнураў, седзячы на канапе, захроп, прысвістваючы. Гурскі. Цёхкае салавей, прысвіствае дрозд і, як заўсёды, укладае некага спаць перапёлка. Сачанка. У полі моцна прысвістваў сыраваты вецер, балюча секлі твар сняжынкі. Мыслівец.
3. Гаварыць з прысвістам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыспяшы́ць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.
1. Тое, што і прыспешыць. Рыгор — вельмі цэльная натура. У пэўнай меры, ён нават максімаліст, ён не хоча чакаць, пакуль ход падзей прывядзе да належных рэвалюцыйных вынікаў, а гатовы гэтыя падзеі прыспяшыць, даць ім штуршок у пажаданым кірунку. Навуменка.
2. і без дап. Пастарацца хутчэй зрабіць што‑н.; паспяшацца. — А з стварэннем брыгады трэба прыспяшыць... Штаб партызан мае весткі, што хутка сюды прыйдзе дывізія рэгулярных нямецка-фашысцкіх войск. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)