пра́гна, прысл.

З вялікай ахвотай, жаданнем. Чалавек прагна піў ваду, і з кожным глытком яе да яго нібы варочалася страчаная моц. Лынькоў. Павел, які сядзеў на канапе і прагна курыў, уздрыгнуў і баязліва паглядзеў на сястру. Шамякін. / у перан. ужыв. Языкі полымя прагна пачалі лізаць здабычу. Новікаў. // перан. З вялікай цікавасцю, інтарэсам; нецярпліва. Аленка прагна, але дарэмна ловіць словы — нічагутк[і] не чуваць. Колас. Як там, на далёкай чужыне, Так прагна ён вестак чакаў. Ад родных сваіх і ад сына. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́жны, ‑ая, ‑ае, займ.

1. (мн. ко́жныя, ‑ых, ужываецца толькі ў спалучэннях колькасных лічэбнікаў з назоўнікамі, а таксама з назоўнікамі, якія не маюць адзіночнага ліку). Адзін з усіх, узяты асобна; усякі. Аўтобус ходзіць кожныя пяць мінут. Кожны дзень. □ Танцавала Зіна лёгка, папярэджваючы кожны рух партнёра. Шыцік.

2. у знач. наз. ко́жны, ‑ага, м.; ко́жная, ‑ай, ж. Усякі чалавек. Кожнаму сваё. □ Запомніць кожнаму не шкодзіць: Герой Не той, Хто дагары нагамі ходзіць. Корбан.

•••

Кожны божы дзень гл. дзень.

На кожным кроку гл. крок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

культу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да культуры (у 1, 2 і 3 знач.). Культурныя сувязі паміж народамі. Культурны ўзровень насельніцтва.

2. Які стаіць на высокім узроўні культуры. Культурнае асяроддзе. Культурная гаспадарка. // Які мае пэўныя навыкі паводзін у грамадстве. Культурны чалавек. Культурны чытач.

3. Тое, што і культурна-асветны. Весці культурную работу.

4. Які разводзіцца, вырошчваецца (пра расліны); проціл. дзікі, дзікарослы. Культурныя ягады. Культурныя віды злакавых раслін. // Які апрацоўваецца (пра глебу, зямлю). Культурны луг.

•••

Культурны слой зямлі гл. слой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́ка, ‑і, м. і ж.

Разм.

1. ДМ ‑мацы, ж. Старая або сапсаваная рэч. [Салавей:] — А з чаго страляць будзеце? [Сымон:] — Такія-сякія ламакі знойдуцца, там мо і чаго лепшага расстараемся. Грахоўскі. // ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑мацы, Т ‑ай (‑аю), ж.; перан. Нязграбны, няздатны (пра чалавека, жывёлу, звычайна старых). [Каваль:] — Ну, і што там [у тэлеграме] патрабуюць ад такога старога ламакі, як я? Паслядовіч.

2. ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑мацы, Т ‑ай (‑аю), ж. Чалавек, які крыўляецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прэтэндава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., на што.

1. Прад’яўляць свае правы на што‑н., дамагацца чаго‑н. [Берднікаў] не прэтэндаваў на кіруючую ролю ў той арганізацыі, якая была створана пры яго бліжэйшым удзеле. Мікуліч. Наплыў быў вялікі. На адно месца прэтэндавала да дваццаці чалавек. Губарэвіч. У нас ёсць яшчэ асобы, якія прэтэндуюць толькі на чын, на званне, а не на карысную для грамадства працу. Паслядовіч.

2. Дамагацца прызнання за сабой якасцей, асаблівасцей, якіх звычайна няма. Прэтэндаваць на талент. Прэтэндаваць на інтэлігентнасць.

[Ад лац. praetendere.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разагна́цца, разганюся, разгонішся, разгоніцца; зак.

1. Павялічваючы скорасць свайго руху, давесці яе да найбольшай велічыні. Вось.. [бусел] трошкі разагнаўся, узмахнуў разы тры крыламі, і паволі падняўся ў паветра. Васілевіч. [Вадзімку] тут не было дзе і пабегаць. Толькі разгоніцца, а перад ім лава, ці ўслон, ці палаці. Сабаленка.

2. Захапіцца сваім заняткам, увайсці ў азарт. Гледзячы на гэтую Бабейкаву сядзібу, Ваўчок не любаваўся яе раскошай, а з трывогай думаў: «Ох і разагнаўся чалавек Хадкевіч.

•••

Не разгонішся — пра немагчымасць зрабіць што-небудзь у існуючых абставінах, умовах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разва́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Якому ўласціва развага, роздум; разважлівы. Млынар Стэфан Вялічка, чалавек разважны, спачатку падумае, пасля скажа. «Маладосць».

2. Які змяшчае ў сабе павучанне, параду і пад. Перад ім [Рыгорам] быў малады, і яму карцела сказаць мне разважнае слова старэйшага чалавека. Адамчык.

3. Спакойны, размерны, паважны. Ішоў сваёй разважнай, нетаропкай хадой час. Васілёнак. Ідзе з вайны салдат. Ідзе разважным крокам Каторы дзень здалёк І бразгае пры боку Запасны кацялок. Вітка.

разважны́, а́я, ‑о́е.

Такі, які прадаецца на вагу. Разважны тавар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свісту́н, ‑а, м.

1. Той, хто свішча, любіць свістаць. Санька — лепшы свістун на нашай вуліцы. Закладзе чатыры пальцы ў рот ды як дзьмухне — мёртвы падскочыць. Сяркоў.

2. перан. Чалавек, які шмат гаворыць, а мала робіць, які несур’ёзна адносіцца да справы; балбатун. Дзед меў да сецей нахіленне, А вудзіць — не: не меў цярпення І не любіў наогул вуды І гэтай вудавай маруды, Во вуды любяць больш паны І, выбачайце, свістуны. Колас. Свет.. [Мані] зачыніўся, як прыехаў гэты свістун [Антось Бандура]. Васілевіч.

•••

Арэх-свістун гл. арэх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

славу́тасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць славутага.

2. Слава, шырокая папулярнасць, вядомасць. Горад хутка разросся і набыў славутасць. «Маладосць». Зоя Лагодзіч адразу ўскіпела: — Мы [Толю] ўсыплем. Не паглядзім на славутасць. Асіпенка.

3. Вядомы, праслаўлены чалавек. Я адразу пачаў ствараць фантастычныя праекты, як зраблю навуковае адкрыццё ды стану славутасцю. Карпюк. «Зусім магчыма, — разважала маці, — што хлопчык некалі зробіцца славутасцю. Гучнае імя для яго тады будзе як знаходка!» Арабей.

4. Месца ці прадмет, выдатныя чым‑н. І яшчэ адна славутасць ёсць у Ігарцы — мярзлотная станцыя. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сланя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Разм. Хадзіць туды-сюды (звычайна без мэты, без справы); бадзяцца без работы. І па шырокім тратуары Ужо сланяюцца не пары, А хлопцы крочаць на завод, І кожнаму — дваццаты год. Грахоўскі. Вавіць час застаўся Дома матчын сын, З кута ў кут сланяўся Без яе, адзін. Калачынскі. Палонныя сланяліся, як сонныя мухі, па двары і хаваліся ў будынак. С. Александровіч.

2. Злёгку хістацца. Сланяцца ад стомы. □ [Маці:] — Што ты, здурэў? Чалавек з голаду аж сланяецца, а ён — галіцца. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)