агрызну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Злосна забурчаць ці забрахаць, пагражаючы ўкусіць таго, хто закрануў (у адносінах да некаторых жывёл). Нават самы добры кот, калі хто нечакана смаргане яго за хвост, агрызнецца. Гарэцкі.
2. перан. Разм. Груба, са злосцю адказаць на чыё‑н. пытанне, заўвагу. — Ды маўчы ты, — агрызнуўся на жонку Лявон. Сабаленка. Не хацелася яму [Саньку] аддаваць сваю вушанку чужому хлапцу. Але ж гэты чорны прыстаў... Смала, а не чалавек... Ды Сідараў, пэўна, не ўмеў і агрызнуцца добра. Чыгрынаў. // Аказаць супраціўленне. Спачатку нехта ўдарыў з вінтоўкі, потым на голас вінтоўкі злосна агрызнуўся і кулямёт. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
закаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.
1. што. Коцячы, перамясціць, змясціць куды‑н. Закаціць калёсы ў хлеў. □ Каля магазіна [Вова і Пеця] знайшлі бочку, закацілі яе на самы высокі пагорак. Хомчанка.
2. Разм. Уехаць, заехаць куды‑н. Макара шукалі ўсім калгасам. Але нідзе не знайшлі. Вярнуўся ён толькі назаўтра пад вечар. Закаціў на калясцы ў Язэпаву зямлянку, выцер пот рукавом. Асіпенка.
3. Разм. Учыніць, зрабіць што‑н. надзвычайнае. Закаціць скандал. Закаціць істэрыку. □ Шахцёр спыніўся, падняў угору .. букет і закаціў такую прамову, што ў Міхася міжвольна прайшоўся па спіне халадок. Лупсякоў.
•••
Закаціць (падвесці) вочы — завесці зрэнкі пад верхнія павекі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неперабо́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Які не вылучаецца пераборлівасцю, строгасцю ў выбары; які нічым не грэбуе. [Надзея:] — На яду .. [дзеці] непераборлівыя; будзе цяпло, а скарынка хлеба ды бульбіна заўсёды знойдуцца, — і вырастуць. Кірэйчык. Я .. [маці] мала дакучаў, быў непераборлівы на харч, мала плакаў і больш спаў. Астрэйка. // Непатрабавальны (аб раслінах, жывёлах). Ласі здольны жыць не толькі на поўначы, але і ў розных кліматычных умовах. На корм яны вельмі непераборлівыя. В. Вольскі. З усіх збожжавых культур авёс — самы непераборлівы, расце на тых палетках, дзе ніякія іншыя культуры не маглі даць нават сярэдняга ўраджаю. «Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ніжэ́йшы, ‑ая, ‑ае.
1. Выш. ст. да прым. нізкі (у 1–3 і 7 знач.).
2. Самы просты, прымітыўны. Ніжэйшыя арганізмы.
3. Які знаходзіцца на першай, пачатковай ступені развіцця. Ніжэйшая стадыя таварнай вытворчасці.
4. Пачатковы. Ніжэйшая школа.
5. Малодшы па пасадзе, падначалены. У супрацоўніка, ніжэйшага па чыну, Сцяпан Сцяпанавіч абедаў раз... Корбан.
6. У класавым грамадстве — які не адносіцца да пануючых класаў. Сяляне засталіся і пасля вызвалення «ніжэйшым» саслоўем, падатным быдлам, чорнай косцю, з якой здзеквалася пастаўленае памешчыкамі начальства, выкалачвала подаці, біла розгамі, пускала ў ход рукі і нахабнічала. Ленін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памутне́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаў мутным, непразрыстым. Вокны высока над зямлёй, і цераз іх, за памутнелымі шыбамі, можна ўбачыць толькі палову столі і самы верх супрацьлеглай сцяны. Галавач. // Які стаў мутным, прыняў неасэнсаваны выраз (пра вочы, погляд). Жанчына памутнелымі вачыма пазірае на траву. Мележ.
2. перан. Які страціў яснасць, зацямніўся (пра думкі, розум і пад.). У памутнелай свядомасці Кузняцова праплыў твар жонкі, дзяцей, родны завод... Пташнікаў.
3. Які страціў выразнасць абрысаў; расплыўчаты. І ўсё наўкола нас — і палянка, і камень, і лес апранаецца ў памутнелыя шэрыя тоны. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́рус, ‑а; мн. парусы, ‑оў; м.
1. Умацаваны на мачце кавалак моцнай тканіны, якая надзімаецца ветрам і прыводзіць у рух судна. [Тапурыя:] — Узняўся страшэнны вецер, ён паламаў нашы высокія мачты і парваў шырачэзныя парусы на шмаццё. Самуйлёнак. Быццам крыло беласнежнай птушкі, пад блакітнай гладдзю ракі віднеўся парус. Даніленка.
2. Кавалак тканіны, што нацягнута на крылы ветранога млына.
3. Спец. Верхні, самы буйны пялёстак у кветках бабовых раслін.
4. У архітэктуры — трохвугольнае сферычнае спляценне, якое нагадвае па форме надзьмуты парус.
•••
Касы парус (спец.) — трохвугольны і чатырохвугольны парус.
На ўсіх парусах — вельмі хутка (ісці, ехаць і пад.).
[Ад грэч. pharos.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пясо́чніца, ‑ы, ж.
1. Уст. Пасудзінка з пяском для пасыпання і высушвання напісанага чарнілам.
2. Уст. Урна, плявальніца з пяском.
3. У паравозе — скрынка з пяском, які аўтаматычна высыпаецца на рэйкі, калі пачынаюць буксаваць колы. У збірацца на пад’ём было цяжка, колы зноў і зноў буксавалі, і Аляксею ўвесь час прыходзілася ўключаць пясочніцу. Васілёнак.
4. Разм. Скрынка з пяском для дзіцячых гульняў. Няшчасце Віцева было ў тым, што Пеця, рыжы Пеця, з якім яны калісьці разам гулялі ў адной пясочніцы,.. гэты самы Пеця не даў яму першаму запусціць змея. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свая́к, ‑а, м.
Той, хто знаходзіцца ў сваяцтве з кім‑н. Па другі дзень раніцай Эма сказала маці, што едзе пагасціць да сваякоў у Глыбокае. Машара. Дзядзька Лявон даводзіўся Міколу нейкім сваяком у восьмым ці ў дзевятым калене. Корбан. У Дабрынічах гэтых Пальчыкаў добрая палова, і ўжо цяжка разабрацца, хто каму сваяк і ў якім калене. Дамашэвіч. На трэці дзень прыйшлі падводы, Усе сваякі папрыязджалі. Колас. // Расліны і жывёлы, якія адносяцца да аднаго віду. Расліна гэта завецца індыйскі фікус баніян — продак і самы блізкі сваяк нашага хатняга фікуса. Матрунёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ты́кацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Мітусіцца, стараючыся пранікнуць куды‑н. Людзі тыкаліся ва ўсе бакі, як сляпыя шчаняты. Асіпенка. // Ударацца, стукацца аб што‑н., упірацца ў што‑н. Калі паляцелі качкі, закрычалі з неба, наша Шэрачка, — так мы яе звалі, — спачатку пачала бегаць па дварышчы, тыкаючыся ў плот, у сцены, а пасля ўзнялася на крылле .. і падалася да чарады. Дубоўка.
ты́кацца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. фам. Звяртацца да каго‑н. на «ты». Месяц назад гэты самы Лёшка не азваўся б, а цяпер глядзі — тыкаецца, як з роўным. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усяля́кі, ‑ая, ‑ае; займ. азначальны.
1. Самы разнастайны, розны. Ламачча ўсялякага тут хапала, хоць гаць гаці. Гурскі. Вялікі доктар усялякай хворасці ў чалавечай душы — час — мае вечнага свайго дапаможніка — працу. Чорны. / у знач. наз. усяля́кае, ‑ага, н. У жыцці здараецца ўсялякае, і нельга яшчэ з аднаго факта рабіць вывады. Дзятлаў.
2. (звычайна ў спалучэнні з прыназ. «без»). Які-небудзь, які б там ні быў. Дзень прайшоў без усялякіх здарэнняў. Новікаў. — [Хлопец] ужо два разы назначаў мне спатканне, — без усялякай хітрасці казала Ліна. Алешка. Сяброўкі хацелі ўкутаць яе трэцяй коўдрай, але Юля адмаўлялася ад усялякіх паслуг. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)