апраме́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, як у пекле; пякельны. // перан. Незвычайны па ступені праяўлення. На міг здалося, што навокал апраметная цемрадзь. Карпаў. Прыўзнімаю галаву .. і жахаюся: пада мною — прадонне. Чорная, як сажа, апраметная бездань. Сачанка.
2. у знач. наз. апраме́тная, ‑ай, ж. Пекла, падземнае царства. — А вы, бацюшка, — перабіў яго Андрэй, — у Чыжэвічы да свае Юлькі ўсё яшчэ па лёдзе ходзіце ці праз мост? Па лёдзе цяпер страшна, праваліцеся ў апраметную. Чарнышэвіч.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
імкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
1. Тое, што і імкнуцца (у 1 знач.). Жоўтыя хвалі з белым накіпам бурліва імкнуць і імкнуць у далячынь. Пестрак. А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю. Багдановіч. Імкнуць палкі, ідуць байцы Чырвонай слаўнай раці. Колас.
2. Распасцірацца, цягнуцца ў якім‑н. напрамку. Ад плошчы, праз мост, угару імкнуў праспект. Карпаў.
3. што. Накіроўваць рух, цягнуць куды‑н. Галіны распасцёрты, дрэва Свой стан імкне ў блакіт пусты... Гаўрусёў.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
канве́ер, ‑а, м.
Прыстасаванне для бесперапыннага перамяшчэння вырабаў пры іх апрацоўцы ад аднаго рабочага да другога або для транспарціроўкі грузаў. Па грукату, што рабілі .. [адліўкі], падаючы на канвеер, які нёс іх кудысьці ў цёмны правал у сцяне, адчувалася, што адліўкі важкія, з металу. Карпаў.
•••
Зялёны канвеер — сістэма планавай вытворчасці зялёных кармоў для бесперапыннага забеспячэння жывёлы на працягу ўсяго пашавага сезону.
Па канвееру — ад аднаго да другога (перадаваць і пад.).
Сысці (сыходзіць) з канвеера гл. сысці.
[Англ. conveyer.]
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
ко́ннік, ‑а, м.
1. Той, хто едзе вярхом на кані; верхавы. Антон насцеражыўся, зірнуў у акно і ўбачыў, як, пагойдваючыся ў сядле, да канцылярыі пад’ехаў коннік. Сіўцоў.
2. Конны воін; кавалерыст. Пачалі сустракацца коннікі і пехацінцы, якія рушылі ад пазіцыі ў тыл, шукаючы бліжэйшага штаба. Галавач. На чале коннікаў праехаў начальнік разведкі. Карпаў.
3. толькі мн. (ко́ннікі, ‑аў). Прывілеяванае саслоўе з высокім маёмасным цэнзам у Старажытным Рыме і некаторых іншых антычных рабаўладальніцкіх дзяржавах.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
ла́яць, ‑лаю, ‑лаеш, ‑лае; заг. лай; незак., каго-што.
Называць грубымі, зневажальнымі, абразлівымі словамі. [Таццяна:] — Сышліся бабы ды давай сварыцца, лаяць адна адну. Зарэцкі. Калі Мікіта Мікітавіч лаяў сына, дык толькі самымі ўедлівымі, абразлівымі словамі. Карпаў. // Ганьбіць, бэсціць. Усю дарогу Крушынскі горача лаяў кантрабандыстаў. Бядуля. // Дакараць, рабіць вымову. Кірыл пачынаў лаяць сябе ў думках за тое, што прыехаў дамоў. Кавалёў. За прагул .. [Пятра] лаяў дырэктар, выклікалі ў камсамольскі камітэт, дапытваліся, дзе ён быў дзесяць дзён. Шамякін.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
мо́ршчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; незак., што.
1. Збіраць у маршчыны (скуру, часткі твару). Віцька моршчыў усыпаны залаціста-карычневымі вяснушкамі нос, памагаў у гаворцы рукамі. Карпаў. Васількоў тым часам накідваў тэзісы даклада. Ён часта задумваўся, моршчыў лоб. Асіпенка.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Утвараць складкі рабізны на гладкай паверхні (вады), рабаціць. Дзьмуў халодны красавіцкі вецер, .. моршчыў ваду ў лужах, што расплыліся на балоце. Дуброўскі. // без дап. Разм. Ляжаць нягладка, маршчыніцца (пра адзежу).
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
партко́м, ‑а, м.
Партыйны камітэт — камітэт, які выбіраецца партыйнай арганізацыяй КПСС для вядзення бягучай работы. Мне ўспомнілася гэтае падарожжа з сакратаром парткома, гутарка з ім і яго словы — «пабачыце, што тут будзе рабіцца», калі я прыехаў на Нафтабуд у самы разгар будаўніцтва завода. Хадкевіч. // Памяшканне, пакой, дзе праводзіцца работа партыйнага камітэта. Дзімін падыходзіў ужо да парткома, калі ўбачыў машыну галоўнага інжынера. Карпаў. // Сход, пасяджэнне такога камітэта. [Страмілін:] Я думаю паставіць даклад галоўнага інжынера на парткоме. Крапіва.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
пла́ўка, ‑і, ДМ плаўцы; Р мн. плавак; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. плавіць.
2. Спец. Адзін вытворчы цыкл выплаўкі металу. // Метал, выплаўлены за адзін вытворчы цыкл. І спявае сэрца сталявара, душа доменшчыка ў тую хвіліну, калі з латка печы, як першы промень сонца на ўсходзе, шугаюць іскры, пальецца цяжкая плаўка. «Беларусь». Праз нейкі час, калі Міхал афіцыйна прыняў змену і печ выдала першую плаўку, яго выклікаў да тэлефона галоўны інжынер. Карпаў.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
спадні́ца, ‑ы, ж.
1. Жаночае адзенне, а таксама частка сукенкі ад таліі ўніз. Сынклета Лукічна апусціла галаву і доўга моўчкі перабірала складкі спадніцы. Шамякін. Спадніца і кофтачка, што прынесла маці, былі просценькія, злінялыя. Карпаў.
2. перан. Разм. Пра жанчыну (як прадмет цягі мужчын). На адно ён [Мікіта] здацен — Бегаць за спадніцай. Бачыла. [Сулькіна:] — Самаачыстку трэба весці сістэматычна. Нам таксама неабходна выгнаць усіх тых, якія здольны ганяцца за ўсякаю спадніцаю. Гурскі.
•••
Трымацца за спадніцу гл. трымацца.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
узва́р, ‑у, м.
Адвар з ягад, траў і пад. Часам заходзіць да іх суседка, Вальчына матка, прынясе матцы якога ўзвару з зёлкаў, забярэ малых, накарміць. Арабей. На Мішку ж стрэл падзейнічаў задужа,.. калі казаць па сакрэту, дык нават жыватом захварэў, і доўга адпойваў яго доктар чарнічным узварам. Лынькоў. // Кампот з сушаных фруктаў ці ягад. — А ў нас, у вёсцы, больш аладкі ды ўзвар з груш-дзічак прыносілі, — зажурылася на хвілінку Арына. Карпаў.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)