паспе́шлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які прывык спяшацца; які спяшаецца. [Мужчын] .. абмінала, а часам штурхалі паспешлівыя ваенныя, бурчалі, што сноўдаюцца тут усялякія. Грахоўскі. Дзімін паспакайнеў, стаў не такім паспешлівым, пачаў больш думаць. Карпаў. // Уласцівы таму, хто спяшаецца. Пачуўся паспешлівы тупат. Нейкія людзі беглі ад Пальмінкі. Новікаў. Накіданыя паспешлівай рукой радкі дазваляюць нам цяпер уявіць, што ж адбылося ў Беларусі пасля абвяшчэння рэформы [1861 года]. Кісялёў. // Хуткі, таропкі, беглы. [Язэп] адразу здагадаўся, што тут здарылася без яго. Насцярожана акінуў натоўп паспешлівым позіркам, шукаючы, каго не хапае сярод жанчын. Асіпенка.
2. Неабдуманы; заўчасны. А можа трэба было не згадзіцца на гэта паспешлівае вяселле? Шамякін. Наш паважаны Сцепаненка, відаць, робіць паспешлівыя вывады... Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысла́ць 1, прышлю, прышлеш, прышле; прышлём, прышляце; зак., каго-што.
1. Даставіць што‑н. поштай або праз каго‑н. Поштай маці мне прыслала ў інтэрнат пасылку. Лойка. [Цыпрук:] — Прышлю табе праз унука старыя граблі. Бядуля. З другім пісьмом Надзя прыслала Салаўёву фотакартку. Шахавец.
2. Накіраваць каго‑, што‑н. куды‑н. з якой‑н. мэтай, па якой‑н. справе. Сяльчонак абяцаў прыслаць машыну, адвезці Льва Раманавіча ў горад на аэрадром. Асіпенка. Такое не здаралася, відаць, як свет светам: да мужыцкага сына прыслалі сваццю з панскага двара. Брыль.
прысла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; зак., што.
Трохі, няпоўнасцю заслаць, прыкрыць зверху. Сяк-так давалок [мяшок збожжа]. На палаткі ўсцягнуў. Сенам прыслаў. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
радня́, ‑і, ж.
1. зб. Родныя, сваякі. Да палкоўніка адразу прыехала радня: родная сястра, жонка, нейкі яшчэ малады чалавек. Чорны. Абапал маладых садзяцца шафёры і шаферкі. Потым сваты і свацці, а далей ужо блізкая і далёкая радня. Асіпенка.
2. Разм. Родны (родная), сваяк (сваячка). Здавалася, нібы ўсе яны [людзі і малпы] адчувалі, што даводзяцца адзін аднаму раднёй. Маўр. Можа, ён быў яму нейкая радня, а можа і што-небудзь іншае звязвала іх, але гэты бялявы хлопец быў для оберста не толькі дзеншчыком. Шахавец. // перан. Аб кім‑, чым‑н. падобным у якіх‑н. адносінах. Я ў Новай Рызе — зусім як дома, бо з новым Мінскам яна радня. А. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саслізну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Слізгаючы, спусціцца ўніз; з’ехаць. Саслізнуць з берага ў раку. □ [Васіль], як вокам згледзець, саслізнуў з дрэва, і, не разбіраючы дарогі, мы памчаліся па поплаве. Каліна. // Хуценька ўстаць, пакінуць якое‑н. месца. Міша паслухмяна саслізнуў з бацькавых каленяў і падаўся да сваіх кубікаў — будаваць дом. Шахавец. // Саслізнуўшы, перамясціцца з аднаго месца ў іншае. Аўтамат у Свіступова, нібы жывы, саслізнуў з пляча і аказаўся ў руцэ. Паўлаў. Прамень па твары крадзецца яе, На вейкі саслізнуў. Дзяргай.
2. Не ўтрымаўшыся дзе‑н., спаўзці, зваліцца. Крук ударыўся аб провад і саслізнуў уніз. Курто. Паходня пацягнуўся наперад, ногі саслізнулі з купіны, і ён уваліўся ў ваду па пояс. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; зак., каго-што.
1. і з інф. або дадан. сказам. Пераканаць словамі, заставіць згадзіцца з кім‑, чым‑н. [Анісім:] Нічога не будзе, хлопчыкі, не ўгаворыце. Гурскі. Трэба было абавязкова ўбачыць Сцепаніду Андрэеўну, угаварыць яе не пакідаць школы. Шахавец. [Данута:] Я не магу ўявіць смерці, і мне лёгка сябе ўгаварыць, што нічога не зменіцца, хоць мяне і расстраляюць. Карпюк. // Падказаць каму‑н. якую‑н. думку, рашэнне. [Марыля:] Нічога яму [Сымону], дзедка, не ўгаворыш. Не такой падатлівай натуры ён у мяне ўдаўся. Купала.
2. Супакоіць, уцешыць. Старая жанчына .. усе гэтыя дні вельмі ўжо сумавала па сынах сваіх і па мужу. Марылька не магла яе ўгаварыць. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
удава́ць, удаю, удаеш, удае; удаём, удаяце; незак.
Разм.
1. Незак. да удаць.
2. (пераважна са словамі «сябе», «з сябе»). Рабіць выгляд, паказваць; прыкідвацца. Не кідалася [Верачка] радасна да Яўхіма, удавала сябе нават абыякавай, але Яўхім бачыў: рада яму, падабаецца ёй. Мележ. Пытанні і абвінавачванні сыпаліся на Смірніцкага, як удары. Але ён не ўгінаў галавы пад іх цяжарам, ён толькі чырванеў і ўдаваў з сябе пакрыўджанага ды гордага чалавека. Шахавец. [Надзя] ўдае, што кудысьці спяшаецца. Козел.
3. Здавацца. Лаза .. зазелянела першым, яшчэ не густым, кволым лісцем, і здаля, з берага, удавала не зялёнаю, а празрыста-жоўтаю. Сачанка. Як дамоў ішла Хрысціна — не згадала, Незнаёмаю мясціна ўдавала. Дзяргай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Нечакана задумаць, захацець зрабіць што‑н. — Не ўздумайце страляць, — крыкнуў праваднік. — Мы партызаны. Вядзіце нас да начальства. Новікаў. Мажэйка вырашыў рашуча адбівацца ад усіх, хто ўздумае на яго нападаць. Шахавец. // Надумаць. — З інспектарам аблана Віктарам Кучэрыным нам даводзілася ездзіць даволі часта, і паміж намі ўстанавілася такая блізкасць, пры якой кожны меў права распытваць другога, што толькі ўздумае. Карпюк.
2. каго-што і з дадан. сказам. Разм. Успомніць, прыпомніць. Маці .. ніяк не магла ўспомніць і выгаварыць сынава імя. Возьме дзіця на рукі, а як зваць, не ўздумае. Васілевіч. Хацела [Алена] запрасіць: «Прыходзьце вы да нас», але ўздумала, што не яна гаспадыня тут, — Ядзя павінна запрашаць. Лось.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чараўні́к, ‑а, м.
1. У казках і павер’ях — той, хто можа чараваць, валодае чарамі; вядзьмар. Усё роўна, як у тых страшных казках, дзе злы чараўнік ператварае чалавека ў жабу ці яшчэ якую погань... Шахавец. І Харытон Шчыт, маленькі, ужо сагнуты гадамі, у пацямнелым скураным фартуху, снуючы па кузні ў гэтым дрыготкім святле, быў падобны на чараўніка з казкі. Хадкевіч.
2. Знахар. Як хвор ды бедзен — сам бяруся Лячыць сябе: я чараўнік! Бо я без доктара лячуся, — Бо я мужык, дурны мужык. Купала.
3. перан. Той, хто зачароўвае, захапляе чым‑н. Чараўнік слова. □ І яшчэ многімі сваімі творамі здзіўляў, зачароўваў, радаваў і хваляваў мяне гэты чараўнік паэзіі [Аркадзь Куляшоў]. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гу́тарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Дзелавая або сардэчная размова. Пачалася гутарка людзей, што не бачыліся можа толькі адзін дзень, але ў якіх сабралася за гэты дзень шмат навін. Шахавец.
2. Лекцыя, даклад, паведамленне, разлічаныя на абмен думкамі прысутных. Часопіс пачынае друкаваць цыкл гутарак аб камунізме. «Звязда». Урокі работы над тэкстам часцей за ўсё праводзяцца ў форме гутаркі. Барсток.
3. Літаратурны твор, пабудаваны ў форме дыялогу. Гутаркі і з явіліся найбольш, падыходзячым жанрам літаратурных твораў, зручным для прапагандысцкай работы. Пшыркоў.
4. Гаворка, чутка. Таксама тут і здань здалася — Аб ёй і гутарка вялася, — Што быццам нехта на вадзе, Яшчэ нябачаны нідзе, Сядзеў і з люлькі зацягаўся Ды раптам згінуў, бы распаўся... Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адсту́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што. Стукам, ударамі перадаць што‑н. Адступаць мелодыю. Адступаць тэлеграму. // Разм. Надрукаваць на машынцы. Адстукаць старонку тэксту. // Прабіць, адлічыць (пра час). Адстукаў гадзіннік Дванаццаць гадзін, Год новы страсае Сняжок на парозе. Хведаровіч.
2. Прапрацаваць нейкі час (малатком, сякерай, тэлеграфным ключом і пад.). Пайшоў наш хлопец да местачковага шаўца Янкеля.. стукаць малатком, ладзячы атопкі. Адстукае ён там патрэбныя гадзіны і зноў ходзіць па мястэчку. Шахавец. [Мірон Сцяпанавіч Бельскі] тры гады на тэлеграфе адстукаў. Ракітны. // Разм. Перастаць стукаць, спыніць стук.
3. перан. Разм. Адбыць прызначаны тэрмін (зняволення, службы). — Судзіўся? — гледзячы ва ўпор; запытаўся.. [Рыбакоў] у паддопытнага.. — Судзіўся, грамадзянін начальнік. — За што? — Самі ведаеце, самагонку гнаў, тры гады, як піць даць, адстукаў. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)