чатырохсло́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з чатырох слоў. Так узніклі двухслоўныя (трох- і чатырохслоўныя) найменні, якія давалі магчымасць адрозніваць асобы, што насілі аднолькавае імя, індывідуалізавалі іх. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаткава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што і без дап.

Рэзаць доўгімі тонкімі палоскамі (звычайна капусту). Свайго засолу Добрая капуста — Вось так шаткуе Толькі маці ў нас. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расшчамі́ць, ‑шчамлю, ‑шчэміш, ‑шчэміць; зак., што.

Расшчапіць, разняць што‑н. зашчэмленае. Ніякая сіла не здолела б расшчаміць .. пабялелыя пальцы [Азёрнага] — так яны ўпіліся ў палотнішча. Хомчанка. Цімох з Паўлікам падбеглі, расшчамілі каршуновы кіпцюры і вызвалілі чапляня. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэнаро́к, ‑рка, м.

Разм. Не асабліва моцны мужчынскі голас высокага тэмбру. Але Асмалоўскі зрабіў выгляд, што гэтыя папрокі яго не тычацца, і зноў загаварыў тонкім тэнарком: — От я і кажу, што так далей працаваць нельга. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распіса́цца, -пішу́ся, -пі́шашся, -пі́шацца; -пішы́ся; зак.

1. Паставіць свой подпіс пад чым-н.

Р. у дзённіку сына.

2. перан. Сваімі ўчынкамі, паводзінамі пацвердзіць што-н. у адносінах да сябе.

Р. ў сваёй бездапаможнасці.

3. з кім і без дап. Зарэгістраваць свой шлюб (разм.).

4. Пачаўшы пісаць, захапіцца (разм.).

Так распісаўся, што не спыніць.

|| незак. распі́свацца, -аюся, -аешся, -аецца.

|| наз. распі́сванне, -я, н. (да 2 знач.) і распі́ска, -і, ДМ распі́сцы, ж. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

паслабе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць слабым, слабейшым. Талімон адступіў ад цяжкай работы, таму што паслабеў здароўем. Кулакоўскі.

2. Аслабнуць — пра ўсіх, многіх. Але паправіць што-небудзь не было магчымасці, бо ўсе паслабелі так, што не маглі нават трымаць вінтовак. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Не́ўма1, нэвма ’няўмека’ (столін., Нар. лекс.). Лакальнае ўтварэнне ад не умець, параўн. нераб і лад.

Неўма2, звычайна ў спалучэннях неўма што (шчо) ’абы-што’, неўма дзе ’немаведама дзе, далёка’, неўма як, неўма які ’вельмі’ (Ян.), неўма як ’неахайна; не так, як патрэбна, звыш меры’ (калінк., З нар. сл.), неўма колькі ’вельмі доўга, многа’. Магчыма, алегра-форма ад немаведама (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уляпі́ць, уляплю, улепіш, улепіць; зак.

1. што. Уставіць, урабіць што‑н. пры дапамозе лепкі. Уляпіць мазаіку ў сцяну.

2. што, каму. Разм. Моцна ўдарыць, выцяць. Злаўчыўшыся, .. [Каржаневіч] так уляпіў у вуха Вергнеру, што той ледзь устояў на нагах. Гурскі. // Збіць каго‑н. [Пятрусь:] — Калі аконам з парабкамі памкнуліся заняць хлеў, дык яму так уляпілі хлопцы, што той ледзьве ўцёк. Гартны.

3. што, каму. Разм. Ужываецца замест дзеясловаў даць, паставіць і пад. пры ўзмацненні або нечаканасці дзеяння. Уляпіць вымову. Уляпіць вучню двойку. □ [Бялькевіч:] — Ну, вінаватыя. Але ж гэтакі штраф уляпіць — дзесяць працадзён! Мнагавата! Савіцкі.

4. што. Разм. Патраціць на што‑н. «Ой, якая раскоша! Усяго накупілі. Ой, шалёныя ж грошы за ўсё гэта ўляпілі!..» Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упадаба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Спадабаць, захапіцца кім‑, чым‑н. [Канстанцін Міхайлавіч:] — Прачытаў яму [бацьку] свой верш за чужы. А ўжо як бацька ўпадабаў, прызнаўся, што напісаў сам. Лужанін. Стаўшы калгасным конюхам,.. [Павел] так упадабаў гэтую работу, так звыкся з коньмі, што не хацеў і адыходзіць ад іх. Кулакоўскі.

2. Палюбіць каго‑н. Упадабала.. [Лукер’я] тады мужнага чэкіста-камсамольца, выйшла за яго замуж. Місько. [Жняя:] — Зямляк то зямляк, але ж і ўпадабаў. Ды і чаму цябе не ўпадабаць: ты ж як тая кветачка. А кветачка ж кожнай пчолцы кідаецца ў вочы. Сабаленка. Дзе гэта відана, каб шляхцянка ўпадабала бацькавага парабка і каб ён так прысох да яе. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гэ́блік, ‑а, м.

Памянш. да гэбель; невялікі гэбель. Гэблік так спрытна хадзіў у яго руках, што Сымонка не паспеў агледзецца, як на варштаце вырасла куча белапенных стружак. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)