усуты́ч, прысл.

Вельмі блізка, ушчыльную. Пачатак [наступлення] быў ўдалы: за першыя суткі прарвалі адну моцную лінію абароны і падышлі ўсутыч да другой. Мележ. [Байцы] ішлі ўсутыч адзін каля аднаго, каб пры неабходнасці засланіць сваімі спінамі тых, што былі наперадзе. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уху́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Адзецца ў што‑н. цёплае, абгарнуцца, захутацца з усіх бакоў. Дзяўчынка ўхуталася ў старую світку, бо на дварэ трашчаў мароз. Сабаленка. / у перан. ужыв. Лісты на ніжніх галінах шчыльна ўхуталіся асенняй цемрай. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

худо́ба, ‑ы, ж., зб.

Разм. Свойская жывёла. Бабка Наста, накінуўшы чырвоны кажушок, стаяла на дварэ, ламала рукі і галасіла: чым жа цяпер карміць худобу? Колас. Некалькі дзён худоба тут не хадзіла, дык усюды паднялася густая мяккая траўка. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́жылак, ‑лка, м.

1. Вузкая палоска чаго‑н., вузкі прамежкавы слой (у камені, дрэве і пад.). Мармуровыя прожылкі. □ Па чырванаватаму прожылку прыгнутай травінкі мурашка цягне ў дзесяць разоў большае за сябе яйцо. Кулакоўскі.

2. Жылка, якая свіціцца праз скуру. — Ну, што ж, — стары фатограф падаў сухенькую з сінімі прожылкамі руку. — Вельмі рады з вамі сустрэцца. Мехаў.

3. Адгалінаванне ніткападобнага патаўшчэння на лістах і кветках раслін. На алешніку лісце ўжо вялікае, але ліпкае, з чырванаватымі прожылкамі. Кулакоўскі.

4. Спец. Вузкая трэшчына ў зямной кары, запоўненая горнай пародай, адгалінаванне жылы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утулі́ць, утулю, утуліш, утуліць; зак., што.

1. Схаваць унутр чаго‑н. Жанчына падышла, .. асцярожненька, спакваля села і раптам утуліла твар у адварот халата, ціха заплакала. Кулакоўскі. Сінічкін.. падняў каўнер свайго габардзінавага плашча, утуліў у яго вушы. Пестрак.

2. Уцягнуць, увабраць унутр чаго‑н. (пра галаву). Маленькі, шчуплы стараста раптам зрабіўся яшчэ меншым, сціснуўся, утуліў галаву ў плечы, нібы на яго замахнуліся кіем. Шамякін.

3. Прыціснуць вушы да галавы (пра каня і пад.). Конь зноў ірвануў угору галаву, утуліў вушы і неяк вінавата маргнуў вялікімі, кожнае па лапцю, павекамі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канспірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.

Захоўваць канспірацыю; таіцца, хавацца. Мірон стварыў ячэйку ў вёсцы, з якою амаль што не канспіраваўся, на нарадах шмат гаварыў і прарочыў хуткую міжнародную рэвалюцыю. Пестрак. — Чалавек павінен ведаць мясцовасць, людзей, умець найлепш канспіравацца. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагля́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Тое, што і нагледжваць. [Якаў:] — У лесе Цітка Сядуру сустрэў. Бегае, дзялянку наглядвае. Лобан.

2. Тое, што і назіраць (у 4 знач.). Камандзір сам потым паглядваў за хлопчыкам, сам даваў яму некаторыя даручэнні. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аблу́біца, ‑ы, ж.

Абл. Лубяны абруч у ручных жорнах; бакавая сценка кругом жорнаў у млыне, дзе сыплецца мука. Там [у млыне] акрамя каменя была многа незвычайнага: і велізарнае кола з зубамі, і кош з жытам, аблубіца і іншыя цудоўныя рэчы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заву́лак, ‑лка, м.

Невялікая вуліца, якая звычайна злучае дзве іншыя вуліцы. Некалькі крокаў па вузкай вуліцы, потым яшчэ трошкі па завулку — і тут жа табе высокі, круты бераг. Кулакоўскі. Прайшоўшы некалькі вуліц і завулкаў, Лабановіч накіроўваецца на прыстань. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зады́шка, ‑і, ДМ ‑шцы, ж.

Цяжкае частае дыханне (пры вялікай фізічнай нагрузцы або хваробе); дыхавіца. — Скажыце, дзе тут трактарны завод? — ледзь вымаўляючы ад задышкі словы, звярнуўся Васіль да [шафёра]. Кулакоўскі. Увайшоў дацэнт Садовіч — грузны, з задышкай, выкладчык супрамату. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)