бал, бала; мн. балы, балаў; м.
1. Адзінка вымярэння сілы ветру, хвалявання мора, землетрасення. Вецер у пяць балаў. Шторм у дзевяць балаў.
2. Лічбавая ацэнка поспехаў у навучальных установах, дасягненняў у спорце. Пасля практыкаванняў на першых трох снарадах каманда СССР лідзіравала з вынікам 143,05 бала. □ На ўступных экзаменах у інстытут Наташа не дабрала нейкіх там двух нікчэмных балаў, якія і рашылі яе лёс. Краўчанка.
3. Гіст. Шар для падачы голасу за каго‑н. на выбарах. // Голас, пададзены за каго‑н. шляхам апускання шара.
[Фр. balle.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лёгкасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць лёгкага (у 1–5 знач.). Светлая абліцоўка надавала .. [дому] лёгкасць. Шахавец. Я ведаю вашу [пілотаў] паходку: Разлічаны крок і размах І лёгкасць у жэстах кароткіх, Якой не ўладае і птах. Глебка. Са здзіўляючай лёгкасцю Ірына магла спакойна круціцца цэлы вечар на танцульках, хоць заўтра трэба было ісці здаваць чарговы залік. Краўчанка.
2. Пра стан унутранай свабоды, радасці, спакою. Таццяна слухала маладога чалавека, і незвычайная лёгкасць апаноўвала яе. Васілёнак. Даўно не адчуваў Пракоп такой лёгкасці, такога спакою душы, як цяпер. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
міг, ‑у, м.
Вельмі кароткі прамежак часу; імгненне, момант. Воўк завыў ад болю і схаваўся пад вадой, але праз міг вынырнуў і штосілы паплыў назад. Краўчанка. Колькі ўсяго прагучала ў хвіліну, Колькі за міг занялася ў душы!.. Кірэенка. // Пэўны прамежак часу. І мы запомнілі той міг, Бо сэрцам верылі ў адно — У новы век для нас усіх Сам Ленін адчыніў акно. Калачынскі. Лета, кароткае лета, Міг урачыстасці кветак, Свята паўночнай красы. А. Александровіч.
•••
У адзін міг (момант, імгненне) — вельмі хутка, імгненна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прынале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; зак.
Разм.
1. Націснуць, налегчы з вялікай сілай, энергіяй на што‑н., каб дасягнуць лепшага выніку працы. Данік павярнуў човен на рэчку, і я з усёй сілай прыналёг на вёслы. Краўчанка. Толькі Валока не выпускаў .. [немца], ямчэй прыналёг плячом. Быкаў.
2. перан. Пачаць працаваць, рабіць што‑н. больш старанна, энергічна. Пасля сустрэчы з настаўнікам Шурка прыналёг на рускую мову. Шыловіч. — Што першае ў нас — дык гэта клуб ... Сам ведаеш, што значыць раскалыхаць старых.. Але наш камсамол прыналёг — і гатова. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
серабры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
1. Рабіцца серабрыстым, набываць серабрысты колер, бляск. Дзьмуў лёгкі ветрык, рабацела рака, а калі выглядала сонца з-за хмар, вада серабрылася. Гурскі. // Выдзяляцца сваім серабрыстым колерам, бляскам, віднецца (пра што‑н. серабрыстае). На аддаленых вяршынях серабрацца воблакі. Бядуля. Усё дно ракі серабрыцца на сонцы, зіхаціць, усланае маляўкай... Краўчанка. // Сівець; зіхацець сівізной. На скронях ужо серабрыліся валасінкі і паглыбіліся зморшчкі ля вачэй, якія, як і раней, захавалі свой сталёвы колер і сваю напорыстасць. Пестрак.
2. Зал. да серабрыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тру́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да трубы (у 1 знач.). Трубны дым. // Які звязаны з вытворчасцю труб. Трубны завод. Трубны цэх.
2. Які ўтвараецца трубой (у 2 знач.). Трубныя гукі. // Які па сіле, тэмбру і пад. нагадвае гукі трубы. Як толькі чытанне рэзалюцыі было скончана, Бабека, як арол, акінуў вачамі залу і трубным голасам аддаў загад: — Асуджанага Лабановіча Андрэя Пятровіча зараз жа ўзяць пад варту! Колас. Над галавой, дзесьці высока ў небе, чуваць трубныя крыкі адлётных жураўлёў... Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хі́трыкі, ‑аў; адз. няма.
Хітрыя прыёмы, выверты. Усур’ёз [дзядзька Яўтух] гаворыць, а я ўсе яго хітрыкі бачу: хай, маўляў, нагаворацца сабе, хай адны пабудуць брыгадзір з трактарысткаю. Бялевіч. [Міця] добра бачыў хітрыкі рудога круцяля, які галасней за ўсіх крычаў, абвінавачваючы другіх у парушэнні правіл. Навуменка. // Круцельства, падман. Ёсць на хітрыкі майстры: Не рыхтуюцца да ўрокаў, А глядзяць, каб бокам-скокам Жыць шпаргалкай да пары. Кірэенка. [Мікола:] — Ты адгарадзіўся ад людзей высокім плотам, думаў лажыцца на хітрыках і махінацыях. Краўчанка. // Выбрыкі, гарэзлівыя штукі, свавольства. Хлапчукі пусціліся на хітрыкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чыстакро́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Чыстай, не змешанай пароды (пра жывёл). — Гэта не трус, а трусіха, — нахмурыўшыся, адрэзаў Дапік. — І прытым не абы-якая трусіха, а чыстакроўная «белы велікан». Краўчанка.
2. Разм. Сапраўдны, праўдзівы. Гэта — чыстакроўная арыстакратка, і нізавошта мяне не прызнала б за чалавека, калі б я стаў нават мільянерам! Карпюк. [Драздовіч:] — Яго [Павалковіча] тут старым кавалерам завуць, шляхціцам. Хоць ніякі ён не шляхціц, з дзеда-прадзеда чыстакроўны мужык. Машара. // Тыповы, яскрава выражаны, характэрны для каго‑, чаго‑н. (пра чалавека). Чыстакроўны паляшук. Чыстакроўны немец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шапаце́ць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; незак.
Абзывацца шолахам; шумець чым‑н. сухім. Толькі дробныя кроплі дажджу шапацелі ў маладых таполевых лістках. Шахавец. Ціха журчала ў лозах вада, шапацеў леташні сухі чарот. Краўчанка. Вось і ліпень настаў. Наліваўся ячмень за ракою, шапацелі абапал дарогі аўсы. Грахоўскі. // чым. Утвараць шолах, шум. Шапацелі маладой лістотай бярозы і таполі на школьным двары. Навуменка. Зірнеш, і не верыцца, што не так даўно тут шапацела ніва спелымі каласамі пшаніцы. Пальчэўскі. / у вобразным ужыв. Шапаціць зялёным шоўкам Беларуская вясна. А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адхлы́нуць, ‑не; зак.
1. Пацячы, памкнуцца ў адваротным напрамку (пра ваду). Вада адхлынула ад берага. □ Васіль увесь сумеўся, адчуў, як у яго ад твару адхлынула кроў. Краўчанка. // Раптоўна адступіць, адысці (пра пачуцці і пад.). Гора на момант адхлынула ад дзіцячага сэрца, і Косцік заснуў. Пестрак.
2. перан. Адысці назад, адступіць (пра натоўп людзей). Тады гітлераўцы павярнулі дулы аўтаматаў на натоўп. Усе адхлынулі і на момант замоўклі. Пальчэўскі. // Адхіснуцца, аддаліцца ад каго‑н. Убачыўшы, што Міша цалкам захапіўся ўжо новай мэбляй, дзяўчаты адхлынулі ад яго. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)