прызначэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прызначаць — прызначыць.
2. Рашэнне аб залічэнні на якую‑н. пасаду, работу, а таксама дакумент з такім рашэннем. Атрымаўшы прызначэнне ў Мінск, Кавалёў адразу хацеў забраць з сабою і сям’ю, але жонка не дала згоды. Чарнышэвіч. У кішэні ў .. [Рыгора] ляжала прызначэнне на працу аграномам у Васілішкі, у калгас «Сцяг Леніна». Краўчанка.
3. Роля, функцыя каго‑, чаго‑н. Група асобага прызначэння. □ Усё мае сваё месца і прызначэнне. Не прападае дарам ні лісток, ні пясчынка. Бядуля. Спецыяльнае прызначэнне гэтага пакойчыка — даваць прыпынак людзям, па той ці іншай справе наведваўшым калгас. Колас. Прызначэнне некаторых прылад было для .. [дацэнта] незразумелым. Шахавец. // Мэта, задача, прадвызначэнне. Грамадскае прызначэнне твораў К. Чорнага — ненавідзець і ганьбаваць чалавечыя заганы, якія заставаліся ў спадчыну ад мінулага. Кудраўцаў. Зусім яшчэ маладой дзяўчынай, неяк інстынктыўна ўгадваючы сваё прызначэнне ў новым, разам з вясковымі хлапцамі пайшла ў камсамол. Галавач. А можа, і трэба гарэць дашчэнту? А можа, і трэба жыць нам ахвярна? А можа, ўсё гэта і не марна? А можа, ў гэтым гарэнні-мучэнні наша вышэйшае прызначэнне? Вярцінскі.
•••
Па прызначэнню — у прызначанае, умоўленае месца (паслаць, перадаць і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адмаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
1. Незак. да адмовіць.
2. Выступаць праціўнікам чаго‑н.; не прызнаваць існавання, значэння, мэтазгоднасці чаго‑н. Адмаўляць існаванне бога. □ У процівагу В. Дуніну-Марцінкевічу паэт-грамадзяін Ф. Багушэвіч адмаўляў увесь тагачасны, і дзяржаўны лад. Шкраба. Помніць толькі [Сяргей], што ён нешта нігілістычна адмаўляў, і не столькі ад цвёрдага пераканання, колькі ад простай мужчынскай ўпартасці. Шамякін.
3. Абвяргаць што‑н., не згаджацца з кім‑, чым‑н. Да гэтага часу Скуратовіч прызнаўся, што некалькі разоў бачыўся з Толікам, але адмаўляў удзел сына ў забойствах. Чорны. [Уладзік:] — А таму нам [настаўнікам] трэба дагаварыцца загадзя; як трымацца на допыце, што казаць, а пра што маўчаць або адмаўляць зусім, каб не было супярэчлівых паказанняў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асвяжы́ць, асвяжу, асвяжыш, асвяжыць; асвяжым, асвежыце; зак., каго-што.
1. Зрабіць свежым, чыстым. Першы снег асвяжыў паветра, зрабіў яго прыемным для чалавека. Галавач. Разам з кветкамі ў пакой уварвалася вясна, асвяжыла яго, упрыгожыла. Васілевіч. // Выклікаць адчуванне свежасці, халадку; ахаладзіць. І хоць Алесю ў той час не хацелася піць, ён нахіліўся, і прыемны халадок асвяжыў яго ўсяго. Броўка.
2. Аднавіць сілы, вярнуць бадзёрасць. Тацяна.. напілася, чэрпаючы ваду прыгаршчамі, пражыла вочы. Вада асвяжыла, прагнала сон. Шамякін.
3. Абнавіць, паднавіць. Асвяжыць фарбы. Асвяжыць туалет. □ Учора.. [суседка] прыйшла да іх, пасядзела трошкі, пагаварыла, ды кажа: — Пайду хіба дахаты. Думаю к святу аканіцы асвяжыць. Пальчэўскі.
4. Аднавіць у памяці. Трэба было яшчэ раз перад дзяржаўным экзаменам.. асвяжыць усё ў сваёй памяці. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зна́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Вялікі намерам, колькасцю, сілай і пад. Значная частка. У значнай ступені. □ Малыя варожыя заслоны, якія трапляліся на шляху, — знішчалі [байцы]. Ад сустрэчы са значнымі сіламі ворага ўхілялася, заходзілі глыбей у лясы. Шамякін. Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, .. тым болей, што для гэтага трэба зрабіць значны крук. Колас.
2. Важны па значэнню; істотны. Значныя падзеі. Значная роля. □ Астаючыся верным сабе, Кашын не прапускаў ніводнага больш-менш значнага сходу. Карпаў. // Разм. Які займае высокае становішча ў грамадстве; уплывовы. Ну, калі ўжо сам таварыш Верашчака... — прамовіў я такім тонам, быццам мне вельмі добра было вядома, якая гэта значная птушка — Верашчака. Васілёнак.
3. Разм. Бачны, прыметны. Вусны дзедавы складаліся ў ледзь значную ўсмешку. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
натра́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.
Разм.
1. Выпадкова сустрэцца, трапіцца. Мабыць, я доўга блукаў бы па гэтых дарогах і сцежках, як у дрымучым лесе, калі б чалавек, якога я хацеў перш-наперш убачыць, не натрапіўся мне сам. Хадкевіч. Пачыналася квартальная справаздача, старшы наш бухгалтар Наўроцкі збіраўся пасля яе пайсці на пенсію, трэба было даць яму некага ў памочнікі. Якраз на гэты час натрапіўся Собіч. Скрыган. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпадкова знайсціся. [Любе] натрапілася ў рукі адна рэч. Гэта быў зусім змяты і пацёрты заклеены канверт. Чорны.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выдацца, выпасці; надарыцца. Прымаючы ў сваю групу чалавека, Алёша пытаў у яго: — Гарэлку п’еш?.. — Калі натрапіцца, — адказваў часам.. хлопец. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перашы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., што.
1. Перарабіць пашытае, гатовае, пашыць іначай, другім фасонам. Перашыць плацце. // Пашыць з пашытага што‑н. другое. Перашыць шынель на паліто. □ [Дзед:] — А хіба ж пасля тваёй маткі нічога такі не асталося — ні палатна, ні гатовай якой адзежыны? То няхай бы табе перашылі. Сабаленка.
2. Прышыць што‑н. нанава, іначай або ў другім месцы. Перашыць гузікі. □ Майстар.. доўга ўглядаўся на маю падкладку, круціў яе ў руках, калупаў пальцамі, нарэшце надзьмуўся і сказаў: — Перашыць. Якімовіч.
3. Спец. Пераслаць чыгуначную каляю. Немцы перашылі чыгунку на свой манер: кастылі яны замянілі непадатлівымі шурупамі, якія трэба было завінчваць ключом. Навуменка.
4. Разм. Пашыць на працягу якога‑н. часу вялікую колькасць чаго‑н. Колькі ён людзям адзежы і абутку перашыў!
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
справядлі́васць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць справядлівага; правільнасць. Справядлівасць прыгавору. □ Дабрата і справядлівасць калгаснага брыгадзіра Лявона Архіпавіча былі ўсім добра вядомы. Якімовіч.
2. Пра аб’ектыўныя, справядлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Справядлівасць вымагае зазначыць, што не было яшчэ такога здарэння, каб Самабыліха адступілася ад свайго слова. Колас. Трэба аддаць справядлівасць нашым хлопцам: паказалі яны сябе тут сапраўднымі героямі. Маўр. А іншыя даказвалі, што лепей разам .. і пажаць, і памалаціць, і па справядлівасці раздаць людзям. Марціновіч.
3. Адпаведнасць чалавечых адносін, дзеянняў патрабаванням маралі і права; чалавечыя адносіны, законы, звычаі, якія адпавядаюць маральным і прававым нормам. Разам з Янкам, Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам Змітрок Бядуля праўдзіва адлюстраваў жыццё народа, яго імкненне да справядлівасці. Каваленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сто, ста, ліч. кольк.
1. Лік і лічба 100. Сто дзеліцца на пяць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 100. Сто працэнтаў. Павялічыць у сто разоў. □ Узяў мужык сто рублёў, сеў у панскую карэту і паехаў. Якімовіч.
2. Разм. Ужываецца для вырашэння вялікай колькасці ў значэнні: шмат, вельмі многа. Пытае Цімох разоў сто І марна адказу чакае. Колас.
3. У спалучэнні слоў «шмат», «некалькі» і пад. з старой склонавай формай «сот» ужываецца як назоўнік са значэннем: сотня. Грошай было шмат сот тысяч. Чорны.
•••
На ўсе сто — поўнасцю, цалкам. [Лініч:] — А ты, Змітрок, хлопец на ўсе сто. Нават з прысыпачкаю. І на працу звер. Я таксама такі, але мяне распаліць трэба. Савіцкі.
У сто крат гл. крат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
супярэ́чнасць, ‑і, ж.
1. Становішча, пры якім адно (выказванне, думка, учынак) выключае іншае, не сумяшчальнае, не ўзгодненае з ім. Прагараваўшы ўсю ноч у роздумах і душэўных супярэчнасцях, хлопец заснуў толькі пад раніцу і прачнуўся позна. Кулакоўскі. Усё, чым .. [Васіль] жыў у гэты вечар, было поўна супярэчнасці. Мележ. // Неадпаведнасць, няўзгодненасць. [Паддубны] разважае аб тым, што супярэчнасць паміж розумам і пачуццямі трэба вырашаць шляхам свядомага іх спалучэння. Хромчанка.
2. звычайна мн. (супярэ́чнасці, ‑ей). У філасофіі — адносіны процілегласцей, уласцівых прадметам і з’явам прыроды і грамадства. Класавыя супярэчнасці. Унутраныя супярэчнасці. □ Першая сусветная вайна вельмі абвастрыла і выявіла найглыбейшыя супярэчнасці капіталістычнай сістэмы. «Звязда».
3. Выказванне або ўчынак, накіраваныя супраць каго‑, чаго‑н.; супярэчанне, пярэчанне. Нарэшце ў ім [Максіме] ўзяло верх простае пачуццё супярэчнасці. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умясці́цца, умяшчуся, умесцішся, умесціцца; зак.
1. Поўнасцю змясціцца ў чым‑н., дзе‑н. Язэп асцярожна падышоў да жыта, сарваў колас. Ён не ўмясціўся на далоні. Асіпенка. Чэк трэба было асабліва асцярожна падпісваць: каб умясціцца ў вузенькім радку і, барані божа, не заскочыць якой-небудзь рыскай за блакітнае поле. Скрыган. Падышоў тралейбус, і чарга ўмясцілася ў яго. Сабаленка. // перан. Заняць, запоўніць сабой што‑н. Усё, што здарылася за адзін дзень, не магло ўмясціцца ў галаве [Шылянка]. Кавалёў.
2. Размясціцца на якім‑н. месцы. Міхась паслухмяна саслізнуў з лаўкі і ўмясціўся побач з рыжым хлопчыкам. «Вожык». Глыбока ўздыхнуўшы, Чарнавус лепш умясціўся на лаўцы, паставіў на калені локці і апусціў на далоні сваю жорсткую бараду. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)