разва́жлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які любіць падумаць, разважыць, дзейнічае правільна і разумна. Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Маўр. — Яна [маці] жанчына разумная, разважлівая, ведае, што да чаго і як... Сачанка.
2. Які выяўляе разважлівасць, здольнасць разважаць. Гарачаму па натуры, рамантычнаму Валерыю якраз і не хапала яснага, разважлівага розуму і арганізатарскіх здольнасцей Кастуся Каліноўскага. Якімовіч. Крокі ў Сцяпана Захаравіча шырокія, цвёрдыя, гаворка разважлівая. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ста́дыя, ‑і, ж.
Перыяд, этап у развіцці чаго‑н., які мае свае якасныя асаблівасці. Імперыялізм — апошняя стадыя капіталізму. Туберкулёз у апошняй стадыі. □ Але ў гэты момант напружанне даходзіць да такой стадыі і так узбуджае эмоцыі, што на хвіліну да мяне нават вяртаецца здольнасць адчуваць пахі. Карпюк. Эндшпілем называецца заключная стадыя [шахматнай] партыі. «Маладосць».
•••
Светлавая стадыя — стадыя развіцця расліны, у праходжанні якой вядучую ролю адыгрываюць умовы асвятлення.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стаіцы́зм, ‑у, м.
1. Напрамак у антычнай філасофіі, які патрабаваў свядомага падпарадкавання чалавека пануючай у свеце неабходнасці і панавання чалавека пад страсцямі.
2. перан. Стойкасць, мужнасць у жыццёвых выпрабаваннях, здольнасць супрацьстаяць спакусам. Помнячы пра бацьку і прыносячы яму за ўсё зробленае для беларускай культуры шчырую падзяку, мы, аднак, бяром сабе за прыклад сына — яго [Максіма Багдановіча] любоў да Айчыны, служэнне ёй, яго непахіснасць і нязломны стаіцызм. «Маладосць».
[Ад назвы порціка Stoa ў Афінах, дзе вучыў філосаф Зянон.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
*Навяжоны, навежоны ’дзіўны, дзівакаваты’ (ТС), параўн. укр. навішений ’вар’ят’. Відаць, ад дзеяслова навяжаць ’наведваць’ (Нас.), параўн. палес. навыжʼаты ’развітвацца з нябожчыкам’ (драгіч., Клім.), якое, як відаць з ілюстрацыі (Бабы пошлы noKojHUKa навыжʼаты), хутчэй мае значэнне ’наведваць’, параўн. ст.-бел. ест хоробою обложною навежоны, што суадносіцца з дзеясловам навежати ’наведваць’, адзначаным у пісьмовых помніках з XV ст., які Булыка (Лекс. запазыч., 197) лічыць запазычаннем са ст.-польск. nawiedzać. Польск. дыял. nawiedzony ’ненармальны чалавек, які знаходзіцца пад уплывам злых духаў, знахар’ тлумачыць семантыку беларускага слова (= *чалавек, якога наведалі злыя духі, у выніку чаго ён страціў здольнасць нармальна сябе паводзіць’), аднак не дае фармальных падстаў лічыць яго непасрэдным запазычаннем, паколькі ўсходнеславянскі рэфлекс ж < *dj характэрны і для тураўскай гаворкі, параўн. на́жа (< *nadja), нужа (< *nudja) і г. д.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
адубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм.
1. Вельмі змерзнуць, застыць ад холаду; скарчанець. Стары Няміра адубеў, стоячы на скавышы. Чорны.
2. Стаць нягнуткім, непаслухмяным; страціць адчувальнасць, здольнасць рухацца; агрубець. [Дар’я:] А чаму.. [рукі] граблямі сталі? Чаму яны адубелі? Ад бульбы, што кожны дзень чышчу. Ад бялізны, што мыю? Губарэвіч. // Ахалодаць, адзеравянець (пра нябожчыка). [Юзэфа:] — Спіць [Акцызнік]. Як з ног зваліўся. Не дабудзішся, не даклічашся... Што калода. Можа ўжо і адубеў дагэтуль. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здо́льны, ‑ая, ‑ае; ‑лен, ‑льна.
1. Які мае здольнасць (у 1 знач.); які можа або ўмее што‑н. рабіць. Здольны захапляцца. □ Высокі, спрытны, стройны, да работы ўсякай здольны. Дубоўка. Героі любоўнай лірыкі Танка — маральна здаровыя людзі, яны здольны на глыбокае і моцнае пачуццё. У. Калеснік.
2. Які мае здольнасці (у 2 знач.); таленавіты. Здольны артыст. Здольны інжынер. □ «Няўжо гэта праўда, што .. [Аленка] такая здольная?» — думаў Сцёпка і не хацеў даваць веры. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змо́га, ‑і, ДМ змозе, ж.
1. Здольнасць рабіць што‑н.; сіла, магчымасць. Наколькі хопіць сілы ў мяне, змогі, наколькі хопіць дзён жыцця майго, — мы пойдзем хваляй, палкай, як агонь, ад перамогі і да перамогі. Дубоўка. Хоць пацяжэлі рукі, цела, ногі, І ўжо ўзняцца мы не мелі змогі, А вочы пільна паглядалі ў далеч. А. Астапенка.
2. Моцная стомленасць, поўнае бяссілле. Балелі рукі, млелі ногі, Старыя падалі ад змогі. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сле́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. слеп, ‑ла; незак.
Рабіцца сляпым; траціць здольнасць бачыць. Румба слепла, працаваць яна не магла ўжо зусім. Навуменка. [Юстына:] — Пахавала дачок, дый Гарбуна старога. Ой, колькі я выплакала тады, ажно слепнуць стала. Гурскі. // Часова не бачыць (ад дыму, моцнага святла і пад.). Беларусь — мая маці і мова, паветра і хлеб! Гэта ўзважана сэрцам, на нервах расстайных дарог, дзе не раз пад агнём задыхаўся ад дыму і слеп. Вялюгін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спусто́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад спустошыць.
2. у знач. прым. Зруйнаваны, разбураны. Назаўтра Мікола блукаў па спустошаным і спаленым горадзе, шукаў знаёмых. Якімовіч. // Неўрадлівы (пра глебу). Поле панскае аралі, Секлі [беднякі] тоўстыя камлі І без хлеба паміралі На спустошанай зямлі. Грахоўскі. // перан. Які страціў маральныя сілы, здольнасць да актыўнага, творчага жыцця. Нейкі асаблівы, востры напал ва ўзрушанасці Варановіча працяў і .. [Тодара], ён разам адчуў сябе перад Варановічам бездапаможпым, спустошаным. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хамелео́н, ‑а, м.
1. Жывёліна атрада лускаватых, якая мае здольнасць мяняць афарбоўку покрыва ў залежнасці ад змен акаляючага прыроднага асяроддзя.
2. Разм. Пра чалавека, які часта мяняе свае погляды і думкі ў залежнасці ад абставін. — Вы [Карніцкі] расказваеце не пра людзей, а пра нейкіх хамелеонаў, — ціха адказала Лазарэўская. Паслядовіч.
3. Спец. Марганцава-кіслы калій, які рэзка мяняе сваю афарбоўку ў розных растворах.
4. Паўднёвае сузор’е, што складаецца з дзесяці зорак.
[Лац. chameleōn.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)