прыгразі́ць, ‑гражу, ‑грозіш, ‑грозіць; зак.
З пагрозай папярэдзіць аб чым‑н., паабяцаць зрабіць што‑н. непрыемнае. Прыгразіць судом. □ Косцік ніяк не хацеў абуваць важкіх чаравікаў — прывык бегаць босыя. Ды сястра прыгразіла, што не возьме яго, і хлопчык паслухмяна абуўся. Даніленка. Лявонка ад страху замірае, бо маці толькі што прыгразіла яму дзедам Запрудам, які можа яго забраць. Асіпенка. // Зрабіць пагражальны жэст, рух. — Падлогу запэцкаеш, хіба не бачыш, толькі што памылі, — Паліна Антонаўка прыгразіла яму пальцам і зачыніла дзверы на зашчапку. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́свіст, ‑у, М ‑сце, м.
1. Гук свісту, які суправаджае асноўны гук або наогул якое‑н. дзеянне. За сценкай па-ранейшаму чуўся храп з прысвістам, прыглушанае мармытанне. Даніленка. [Юлій] прыкметна пастарэў, кашляе глуха, з прысвістам. Жычка. Над дубамі нізка праляцеў бусел, напружана, з прысвістам, махаючы крыламі. Дуброўскі.
2. Свіст, які суправаджае спевы, танцы і пад. Самы спрытны і фарсісты [хлопец] Выйшаў, тупае з прысвістам Ля красуні маладой. Ляпёшкін. Думаў Вася мо хвіліну. Потым з прысвістам, з прыпевам Кінуўся і сам На дрэва. Вітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распрану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Зняць з каго‑н. верхняе адзенне. Галіна Фёдараўна зараз жа разгарнула раскладушку, кінула на яе падушку, прасціну, коўдру, распранула млявую Верачку і паклала спаць. Паслядовіч. // Зняць з сябе (верхняе адзенне). — Калі ласка, распраніце шынель, я тут павешу, і праходзьце! — ветліва прапанавала дама. Карпюк. Віктар распрануў пінжак і павесіў яго на спінку крэсла. Даніленка.
2. перан. Зняць, скінуць покрыва (лісце, траву) з чаго‑н. Лістапад распрануў.. сад да апошняга лістка. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ры́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Імкліва кінуцца, накіравацца куды‑н. ці за кім‑н. Рынуцца ў бой. □ Парфенчык на хвіліну спыніўся, а потым рынуўся да месца стрэлу. Шчарбатаў. // Хлынуць (пра якую‑н. вадкасць). Калі мы праб’ём .. тунелі, вада рынецца ў першую велізарную трубу. Даніленка. З Башкірыі сюды да нас Па трубах нафта рынецца... Барадулін. // перан. Цалкам аддацца якой‑н. дзейнасці. Рынуцца ў бой за ўраджай. □ Пайшоў .. [Ларывончык] у горад працаваць на скабяны завод, а адтуль з галавой рынуўся ў вір рэвалюцыйнай барацьбы. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэ́йка, ‑і, ДМ рэйцы; Р мн. рэек; ж.
1. Вузкі стальны брус, які замацоўваецца на шпалах (у два рады) для руху паяздоў, ваганетак і пад. У два рады між палёў Роўна рэйкі ляглі. Колас. Па рэйках тых бягуць цягнікі. Лынькоў. Павольна стукаюць на рэйках колы цягніка. Ставер.
2. Вузкая і тонкая драўляная дошка ці брусок. Мы прыладзілі да.. [карты] тоненькія рэйкі, старанна яе падклейвалі. Даніленка.
3. Драўляны брусок з дзяленнямі для вымярэння ўзроўню вады і пад. Вадамерная рэйка. Снегамерная рэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак., што.
1. Выкарыстаць як ежу. — Лепей бы мы іх [яйцы] спажылі, — жалкавала Куліна. — Каб жа знаццё тое, нізавошта не пакінулі. Даніленка. [Пушкарэвіч:] — Забіць — забіў, але спажыць не ўдалося. Качка ўтапілася. Гурскі.
2. Зрасходаваць, выкарыстаць, ужыць для сябе. Ты многа спажыў з той скарбніцы дабра. Вярні І папоўні, што сам з яе браў. Чарнышэвіч. Свет вялікі, усюды месца чалавеку хапае. І людзі жылі-пажывалі, ніякага ліха не зналі. Што сваімі рукамі зрабіў, тое і спажыў. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стварэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. стварыць.
2. Тое, што створана кім‑н.; твор літаратуры, мастацтва. Я да мазалёў на пальцах і рабаціння ў вачах папакутаваў над уласным новым стварэннем [скрыпкай]. Кулакоўскі. Мне здаецца, што ў нас ёсць усе падставы іменна такім чынам, прачытаць сягоння геніяльнае стварэнне Шэкспіра. Лужанін.
3. з азначэннем. Жывая істота — чалавек, жывёліна. [Ніна:] — Здаецца, няма нічога прыгажэй і мілей за гэтае малое, харошае стварэнне, — прыціснула яна да сябе, цалуючы, Люду... Васілевіч. Птушка — стварэнне кволае, догляду асаблівага патрабуе. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хны́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Жаласна плакаць, утвараючы адрывістыя насавыя гукі. Леначка крывіла губкі, хныкала, але зноў цэлілася на калені. Дуброўскі. Аднаму хлапчуку, які адарваў адзінае вуха ў плюшавага мядзведзя, [Яўсейчык] паспеў ужо даць кухталя, і малы паціху хныкаў у кутку. Даніленка.
2. перан. Скардзіцца на што‑н.; наракаць. Уладзік, даведаўшыся, што без яго вырашана, каму ісці заўтра ў лес, пачынаў хныкаць: — Усё мне ды мне пасвіць... С. Александровіч. [Чыжык:] — Вось што, Лёнька! Ты вельмі не хныкай. Як-небудзь пражывеш. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ці́на, ‑ы, ж.
Зялёныя водарасці, якія плаваюць густой масай у стаячай і мала праточнай вадзе. Мора сіняе прымчыць да нас вадой Бутэльку к берагу, аблітую смалой, Усю ў дробных ракаўках і ціне. Багдановіч. У тайніку, побач з канавай, Сцяпан хавае «трохзубку» — жалезныя граблі, якімі ён выцягвае з вады ціну ці карчакі. Парахневіч. // перан. Тое, што засмоктвае, аблытвае, пазбаўляе волі, свабоды дзеяння. Колькі.. [Віктар] пражыў у тым мяшчанскім гняздзе, а і пальцам не паварушыў, каб разграміць той ладненька скалочаны дабрабыт, ускалыхнуць застаялую ціну. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шалупі́нне, ‑я, н., зб.
1. Шалупіны. Проста на стол была насыпана бульба ў шалупінні, ад якой ішла пара. Арабей. // Адходы пасля ачысткі пладоў, бульбы і пад. Кожную суботу на ішаку.. [гаспадар] прыязджаў па шалупінне да нашай кухні. Даніленка. Як і на вялікдзень, на Юр’я фарбуюць яйкі. У адным чыгунку Ганьчына маці парыць шалупінне ад цыбулі. Васілевіч.
2. перан.; чаго або якое. Што‑н. непатрэбнае, лішняе, што не мае ніякага значэння, з’яўляецца знешнім прыкрыццём чаго‑н. [Міцкевіч] адкідаў бруд і шалупінне папоўскіх нагавораў. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)