карце́ць, ‑ціць; незак.
1. безас. з інф., са злучн. «каб» і без дап. Пра неадольнае жаданне што‑н. зрабіць; хацецца; не цярпецца. Ульяне карцела спытаць, чаго Кастусь наведаўся ў такую рань, але ён сам загаварыў яшчэ здалёк. Пташнікаў. [Халімону] хацелася разважаць і карцела, каб хто-небудзь чуў гэтыя разважанні і згаджаўся з імі. Галавач. [Марына:] Ну, што ж... Калі так ужо карціць — няхай едзе. Губарэвіч.
2. Турбаваць, хваляваць, не даваць спакою. [Базыль] адчуў, што яму чагосьці не стае, па нечым смыляць рукі, нешта карціць, некуды рвецца душа. Сачанка. Маці ведае — не грыбы карцяць сыну — і дае хутчэй есці. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
касі́цца 1, косіцца; незак.
1. Паддавацца скошванню. Канюшына была радкаватая, касілася лёгка.
2. безас. Пра наяўнасць жадання або магчымасці касіць. З расой лёгка косіцца. □ Так мне лёгка і весела косіцца, У руках я не чую касы. Свірка.
3. Зал. да касіць 1.
касі́цца 2, кашуся, косішся, косіцца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Станавіцца касым (у 1 знач.); крывіцца. Сцяна косіцца. Вокны косяцца.
2. Глядзець не прама, а скоса, убок. Нерашуча ступаючы за Маяй,.. [Чудзін] з жахам касіўся на свой шынель. Карпюк.
3. перан. Адносіцца неадабральна, недаверліва да каго‑н., злавацца. Марына ж не касілася на .. [Пракопа], не абыходзіла бокам. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
квітне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Паэт. Распускацца, расцвітаць (пра кветкі). Пралескі пачалі квітнець І зелянець паляны. Смагаровіч. // Мець кветкі, быць у пары цвіцення; цвісці. Квітнее бэз. □ Квітнеюць сады. Палі і лугі ператварыліся ў стракатыя каляровыя дываны. В. Вольскі.
2. перан. Паспяхова развівацца, знаходзіцца ў спрыяльных для развіцця ўмовах; працвітаць. Квітнее прамысловасць. Квітнее культура. □ Квітней, сталіца ўсіх сталіц — Васьмівяковая Масква! Калачынскі.
3. перан. Быць здаровым, прыгожым; знаходзіцца ў стане росквіту. Жанчына квітнее. □ [Данута] адчувала сябе, відаць, выдатна, бо аж уся квітнела. Карпюк. // Станавіцца радасным, прыгажэць. Усім падабалася і ўсе хвалілі. Сяргей проста квітнеў ад задавальнення. Яму яшчэ не даводзілася так апранацца. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
красамо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўмее добра, прыгожа гаварыць; надзелены красамоўствам. — Так казаў Антон Корж, чалавек мудры і красамоўны. Багдановіч. — Сяргей Пятровіч, я чалавек не красамоўны і тостаў гаварыць не люблю. Шамякін. // Выказаны выразна, умела; поўны красамоўства. Красамоўны даклад. □ Кастусь з вялікай увагай слухаў прамову дырэктара, але красамоўныя і гучныя словы ўляталі ў адно вуха і выляталі ў другое. С. Александровіч.
2. перан. Які выразна перадае, паказвае што‑н. Красамоўны позірк. □ Коля, ідучы следам за Гусевым, даў Даніку красамоўны знак рукамі ўніз — правал. Шамякін.
3. перан. Пераканаўчы, наглядны, несумненны. Красамоўныя лічбы і факты аб вайне і міры прыцягвалі да сябе прахожых. Маўр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змо́ршчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
1. Сабрацца ў маршчыны, складкі. Твар зморшчыўся. □ Адам прыплюшчыў вочы, і ў яго зморшчыўся лоб. Чорны.
2. Зморшчыць твар, скрывіцца ад чаго‑н. непрыемнага. Ваўчок зморшчыўся, як моршчыўся заўсёды, калі размова заходзіла пра новую і клапатлівую справу. Хадкевіч. Алік толькі паспытаў суп і зморшчыўся. Ваданосаў.
3. Заўчасна пахудзець, пастарэць, усохнуць (ад гора, нялёгкага жыцця). Паліт, калі ад’язджаў [у Амерыку], быў кучаравы, стройны дзяцюк, а вярнуўся лысы, як той бубен. Згорбіўся, зморшчыўся Паліт. Бялевіч.
4. Пакрыцца складкамі, няроўнасцямі; пакарабаціцца, усохнуцца. Грыбы зморшчыліся так, што нават не было чаго есці. Маўр. [Яблыня] раптоўна пачала чэзнуць, вянуць. Лісточкі і пялёсткі зморшчыліся. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
казна́, ‑ы, ж.
Уст.
1. Сукупнасць грашовых, зямельных і іншых матэрыяльных каштоўнасцей дзяржавы. — Пад казну зямля пайсці не можа, гэта ўласнасць пана міністра. Чорны.
2. Дзяржава як уладальнік гэтых каштоўнасцей, а таксама ўрадавая ўстанова, якая распараджаецца маёмасцю дзяржавы. — Далася вам гэтая казка. Самі на сябе рабіць будзеце, а не на казну, свая ж гаспадарка будзе. Галавач. // Дзяржаўная ўстанова, прадпрыемства. А хлеба ўсё ж такі не хапала; узімку наймаліся ў казну рэзаць дровы, вазілі кароўкі, наймаліся ў гарадах... Каваль.
3. Грашовыя сродкі, маёмасць. Паднятыя апоўначы ў пошуках заработку бедныя дзеці так і паехалі, не багата сабраўшы для папаўнення казны сіроцкага дома. Філімонаў.
[Цюрк.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ліпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
Разм.
1. Ледзь-ледзь трымацца (пра каго‑, што‑н.). У акуратна зрубленай клеці ледзь ліпяць на адной завесе — вось-вось упадуць — перакошаныя дзверы. Лынькоў. Каплічка, здавалася, ледзь ліпела і гатова была кожную мінуту разваліцца. Колас. У той час мы з Андрыянай разам жылі, наймалі маленькі катушок пад самым дахам. То яна якую работу знаходзіла, то я. Так і ліпелі. Хомчанка.
2. перан. Пра вельмі слабае праяўленне якіх‑н. працэсаў, пра стан заняпаду чаго‑н. Ледзь ліпіць аганёк, Смольны корч дагарае. Зарыцкі.
•••
Ліпець на валаску (на павуцінцы) — тое, што і вісець на валаску (гл. вісець).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
затулі́ць, ‑тулю, ‑туліш, ‑туліць; зак., каго-што.
1. Закрыць, засланіць чым‑н. Затуліць вочы далонямі. □ Апоўначы Свіст.. затуліў нейкім рыззём абодва акенцы і ўзяўся распальваць у грубцы. Быкаў. [Зыбін] заўважыў, што Жэня, у сваёй кароткай ватоўцы, у няцёплай хустцы, стыне на ветры, і стаў так, каб затуліць яе. Мележ. // Пакрыўшы, засланіўшы сабой, зрабіць нябачным. Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі неба. Маўр.
2. Схаваць, захінуць у што‑н.; утуліць. [Хрысціна] шчыльней захуталася ў куртку, падняла каўнерык, затуліла ў яго твар. Асіпенка. Вінцэсь падышоў к грамадзе, адвярнуўся ад ветру, затуліў бараду ў каўнер сваёй світкі. Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
го́рад, ‑а; мн. гарады, ‑оў; м.
1. Буйны населены пункт, адміністрацыйны, прамысловы, гандлёвы і культурны цэнтр. Сталічны горад. Горад нафтавікоў. Партовы горад. □ Горад шумеў, як дзень, так ноч, тысячамі галасоў. Колас. // Пра жыхароў такога населенага пункта. Увесь горад гаворыць пра апошнія падзеі.
2. Гіст. Населенае месца, абгароджанае і ўмацаванае сцяной. Старажытны славянскі горад.
•••
Вольны горад — а) сярэдневяковы горад, які вызваліўся з-пад улады феадала і набыў правы самастойнай дзяржавы; б) сучасны горад з асаблівым міжнародным рэжымам, вылучаны ў самастойную палітычную адзінку.
Губернскі горад — галоўны горад губерні.
Заштатны горад (уст.) — горад, які не мае адміністрацыйнага значэння.
Ні к сялу ні к гораду гл. сяло.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дапасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што да каго-чаго.
1. Разм. Падагнаць; прыладзіць. Трэба дапасаваць лубяныя ніці-стужкі да дзірак такім чынам, каб ніводная кропля вады не пранікла. Маўр. // Зрабіць што‑н. супадаючым у часе з чым‑н. Дапасаваць выпуск насценнай газеты да святочнага дня. // Аднесці, прымяніць. Да Якуба Коласа, так як і да яго вялікага друга і саратніка Янкі Купалы, можна дапасаваць словы, сказаныя А. М. Горкім пра Пушкіна: «Ён у нас — пачатак усіх пачаткаў». Лужанін.
2. Паставіць залежнае слова ў тым самым родзе, ліку, склоне або асобе, у якім стаіць галоўнае слова. Дапасаваць прыметнік да назоўніка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)