ве́ды, ‑аў; адз. няма.
1. Сукупнасць звестак, якія раскрываюць аб’ектыўныя заканамернасці жыцця. Грунтоўныя веды. Сталыя веды. □ [Маці:] — Бацька твой, як ты і сам чуў, і лектар неблагі. Людзям ён перадае веды, лекцыі чытае. Даніленка. // Дасведчанасць у якой‑н. галіне. Настаўніца суцішыла дзяцей і асцярожна пачала правяраць іх веды. Васілевіч.
2. Навука. Шляхі да ведаў і культуры. Цяга да ведаў. □ [Краеўскі:] — Свет асвятляецца сонцам, а чалавек — ведамі. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзяцю́к, дзецюка, м.
Разм. Юнак, хлопец. Адам, які па мірным часе хадзіў бы ў шосты клас,.. выглядаў ладным дзецюком. Навуменка. Цяпер яго Васільком зваць было неяк няёмка — гэта быў зграбны, плячысты дзяцюк, які толькі абліччам і, галоўнае, вачамі нагадваў даўнейшага гарэзнага школьніка. Дубоўка. // Нежанаты малады чалавек; кавалер. — А ён жа, Васіль, усё-такі яшчэ хлопец малады, мог бы смела гадоў з два пагуляць дзецюком. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскашо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Тое, што і раскашавацца. Свет, у якім адзін чалавек мае магчымасць эксплуатаваць другога, свет, у якім адзінкі раскашоўваюцца на поце і крыві мільёнаў, павінен знікнуць, саступіць месца новаму свету, дзе расквітнее вольная праца .. людзей. «ЛіМ». Трэба людзям дуб ці якая жардзіна — усё сюды, у лясы пятроўскія, едуць. Там ужо і з хатамі не вельмі раскашоўваюцца: не разводзяць харомін. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падсмалі́ць 1, ‑смалю, ‑смоліш, ‑смоліць; зак., што.
Памазаць, насыціць смалой у асобных месцах; насмаліць дадаткова, яшчэ трохі. Падсмаліць дно лодкі. □ [Васіль:] — Пачакай.. Зараз толькі нос [чоўна] падсмалю, недзе тутака цякло... Савіцкі.
падсмалі́ць 2, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак., каго-што.
Злёгку або дадаткова абпаліць агнём. Падсмаліць валасы. □ Стараючыся, каб як не падсмаліць вусоў, чалавек дакурвае да самых губ. Чорны. Стары перавярнуў кабанчыка дагары нагамі, каб добра падсмаліць падчаровак. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непастая́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Няўстойлівы, зменлівы. Непастаяннае надвор’е. □ У Адама Ягоравіча было цяжкае дзяцінства. Бацька.. не меў надзелу, і сям’і даводзілася жыць з няпэўных і непастаянных заробкаў, на ўсім купленым. М. Стральцоў. Ды як паверыш ветру-ветрагону: Такі непастаянны — проста страх! То лісце разганяе па адхонах, То звоніць цэлы дзень у правадах. Свірка.
2. Які часта мяняе свае погляды, звычкі, адносіны да каго‑, чаго‑н. Непастаянны чалавек.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няйна́чай,
1. прысл. Напэўна, іменна. Павел уважліва агледзеў кожную мясцінку, заўважыў пасохлыя галінкі бярэзніку, няйначай камісар наводзіў тут якую маскіроўку. Лынькоў. Зося дапускала, што калі.. [Рыгор] прыехаў, то няйначай павінен выйсці на рынак. Гартны.
2. у знач. пабочн. Хутчэй за ўсё, відавочна. [Нехта з дамашніх:] — І хто ж мог запаліць.. [стажок]? Пастушкі, няйначай. Колас. [Майбарада] зірнуў на чалавека. Высокі, танклявы, яшчэ малады, няйначай, студэнт, чалавек глядзеў дабрадушна, выказваючы шчырую ўдзячнасць за паслугу. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нямо́глы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Слабы, хваравіты. І жыла ў ёй, у гэтай хатцы, старая, зусім нямоглая жанчына, якую ў нашай вёсцы і вялікія, і малыя, звалі баба Ёўга. Сачанка. Апошнія дні дажываў і Кручынін. Ён зусім аслабеў, стаў нямоглым, як стары. С. Александровіч. // Уласцівы такому чалавеку. Чалавек плюнуў пад ногі, тады павярнуўся і ўжо не тым нямоглым крокам, як сюды, пайшоў да варот адрыны. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пада́тлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які лёгка паддаецца апрацоўцы, лёгка змяняе сваю форму. Напаленае жалеза падатлівае. □ Зямля была мяккая, падатлівая. Асіпенка.
2. Згаворлівы, уступчывы (пра чалавека). Астаповіч змалку і дагэтуль быў чалавек мяккі і падатлівы чужому слову. Чорны. А пакажацца яна, вабная, дзябёлая, падатлівая, — і хлопец зусім траціць розум. Сачанка. // Уласцівы такому чалавеку. Была ў майго сябра добрая душа, падатлівы характар і чулае сэрца. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нае́знік, ‑а, м.
1. Чалавек, які добра ездзіць вярхом; яздок. Жаўнер быў выдатны наезнік, і конь пад ім быў лёгкі і быстры. Колас.
2. Тое, што і жакей. Пад адабральны гул трыбун наезнікі прадэманстравалі сваё майстэрства ў пераадоленні бар’ераў. «Звязда». // Цыркавы артыст, які выступае на кані.
3. Спецыяліст, які займаецца на конных заводах.
4. Дробнае насякомае атрада перапончатакрылых, якія адкладваюць яечкі ў цела вусеняў іншых насякомых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пранікнёны, ‑ая, ‑ае.
1. Якому ўласціва пранікнёнасць. — Толькі дайце дажыць у здароўі, — ужо зусім недарэчы фатальна закончыла няскладную, але пранікнёную прамову Волька. Васілевіч. У свой час, у бытнасць Шчакаціхіна студэнтам, новы выкладчык Сідараў прынёс у аўдыторыю непадкупную і пранікнёную адданасць самаму масаваму і надзённаму віду мастацтва — графіцы. Ліс.
2. Праніклівы, пільны, уважлівы. — Адкуль вы, таварыш? — Чалавек уважліва паглядзеў на мяне пранікнёнымі вачыма. П. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)