бо́йкі, ‑ая, ‑ае.

1. Рашучы, энергічны, смелы. Рыгорка — хлопчык здольны, бойкі і вельмі ганарысты. Колас. «Ну, будзе дзянёк!» — .. падумала .. [Таня], міжвольна прыслухоўваючыся да голасу бойкага юнака ў карычневай футболцы. Даніленка.

2. Жвавы, скоры. А жыў там адзін чалавек. З выгляду так сабе — недалужны, затое на язык бойкі: за словам у кішэню не лезе. Якімовіч.

3. Ажыўлены, поўны руху, дзейнасці. Бойкі шлях. Бойкі гандаль. □ Самы бойкі клёў плоткі назіраецца, як правіла, на досвітку і позна ўвечары, калі яе касякі выходзяць на кармленне пад берагі. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зачарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

Уздзейнічаць чарамі, магічнымі словамі; заваражыць. — А ты не бядуй, уцешыла дзяўчынка Косціка. — У наступны раз я навучу цябе, як зачараваць гарлачык. Даніленка. Ой, трыпутнічак, Трыпутнік!.. Зелле-зеллейка жывое!.. Ты цвіцеш Ды пры дарогах, — Зачаруй майго мілога!.. Трус. // перан. Падпарадкаваць свайму ўплыву; паланіць, прывабіць. [Міцьку] зачаравала суровасць ракі, яе патаемная сіла, якой ён раней зусім і не заўважаў. Лупсякоў. Тонкая, чарнявая, з касою — Пра такіх Кабзар пісаў не раз — Светлаю дзявочаю красою Ты тады зачаравала нас. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́сцік, ‑а, м.

1. Памянш. да мост (у 1 знач.); невялічкі мост. Пад нагамі заскрыпелі дошкі маленькага мосціка праз раўчук. Шамякін. І неяк міжвольна перакідаецца мосцік паміж учарашнім днём і заўтрашнім. Шахавец.

2. Тое, што і мост (у 2, 4 знач.).

3. Высокая пляцоўка, узвышэнне на караблях, некаторых машынах для назірання за чым‑н., камандавання. Капітанскі мосцік. □ Марына адной рукой ухапілася за поручань, а другой ускінула кошык на паравозны мосцік. Кавалёў. Недзе там, на мосціку камбайна, стаяў і тоўсты Амархан. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набрыня́ць, ‑яе; зак.

1. Набраўшыся вільгаці, вадкасці, павялічыцца ў аб’ёме. Зямля набрыняла вадой, разбухла, як перастаялае цеста. Асіпенка. Лёд на рацэ набрыняў, зламаліся на ім і запоўніліся вадой пракладзеныя людзьмі сцяжынкі. Хадкевіч. // Наогул прасякнуць вільгаццю, вадкасцю. Штаны і ватоўка адразу ж набрынялі вадою і пачарнелі. М. Ткачоў. [Ігнацюк] гнаў аўтобус, гледзячы толькі наперад. Бінт на руцэ збіўся, набрыняў крывёю. Хомчанка.

2. Тое, што і набухнуць (у 1 знач.). Стаяла вясна. Яшчэ не распусціліся клейкія бярозавыя лісточкі, а пупышкі ўжо набрынялі. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабо́льшаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Стаць большым па колькасці. Людзей на вуліцы пабольшала. □ Колішняя.. старая лесапільня стала большая, рабочых у ёй пабольшала. Чорны. І вось ужо далёка ззаду засталася сядзіба саўгаса, домікі. Іх апошнія дні пабольшала. Даніленка.

2. Стаць большым па велічыні, памерах, аб’ёму. Дзень пабольшаў. □ Сонца апусцілася нізка, заружавела і пабольшала. Якімовіч. // Падрасці. За тры гады дрэвы ў вёсцы пабольшалі, параскашнелі. Гаўрылкін.

3. Стаць большым па сіле, інтэнсіўнасці. Неспакой пабольшаў. □ Дождж пабольшаў. Пакуль [Люба] дайшла да дома, усё было скрозь мокра. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасажы́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пасажыра, належыць пасажыру. Увесь таварны і пасажырскі рух спыніўся. Лынькоў. // Прызначаны для перавозкі пасажыраў. Гэта быў адзін з тых пасажырскіх самалётаў, якія курсіравалі на адлегласці не больш дзвюх гадзін палёту. Шамякін. А тут самае большае, як праз паўгадзіны на Кіеў павінен прайсці пасажырскі параход. Даніленка. // у знач. наз. пасажы́рскі, ‑ага, м. Разм. Поезд для перавозкі пасажыраў. Вось пасажырскі рушыў, перад намі паказаліся два таварныя саставы, вагоны прыгараднага цягніка, што стаяў у тупіку. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасядзе́ць, ‑сяджу, ‑сядзіш, ‑сядзіць; ‑сядзім, ‑седзіце; зак.

Сядзець некаторы час. Пасядзець на лаўцы. Пасядзець над задачай. Пасядзець з дзецьмі дома. Пасядзець у астрозе. □ [Бацька] пасядзеў, апусціўшы галаву, потым устаў і пайшоў з хаты. Ляўданскі. [Турсевіч:] — Люблю я, ведаеш, гэтак з прыяцелем за чаем пасядзець!.. Колас. Дзядзька Нічыпар спрабаваў прыпыніць гэты рух гасцей, угаворваў яшчэ крыху пасядзець. Кулакоўскі. — Нам прыйдзецца толькі пасядзець тут тыдзень ці два, пакуль спадзе вада. Маўр. Калі ўсё было гатова, бацька сказаў: — А цяпер, перад дарогай, пасядзім трохі. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. перавёз, ‑везла і ‑вязла, ‑везла і ‑вязло; зак., каго-што.

1. Перамясціць, даставіць якім‑н. транспартам з аднаго месца на другое. Перавезці дзяцей на дачу. □ Ужо некалькі дзён дзед не вартаваў птушкаферму: яе перавезлі на дальні выган. Даніленка. Цэлую ноч вазілі снапы. Перавезлі апошнія, калі ўсходзіла сонца. Чарнышэвіч.

2. Везучы, перамясціць цераз што‑н. на другі бок чаго‑н. Валодзька спыняецца на беразе Нёмана і гукае на той бок паромшчыку: — Дзеду, а мо перавёз бы? Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Падумаўшы яшчэ раз, змяніць свой намер, прыняць іншае рашэнне. Кастусь падышоў да акна, хацеў пастукаць, але перадумаў. С. Александровіч. Над пераходам з’явілася чайка і паляцела ўслед. Потым перадумала, нешта выглядзела сабе ў хвалях, спрытна спікіравала. Даніленка.

2. што, аб чым і без дап. Падумаць пра ўсё, многае. Малады настаўнік шмат перажыў, перадумаў. Колас. Пальчык апынуўся на гаўптвахце. Усяго яму ўляцела дзесяць сутак. Часу было многа, каб перадумаць усё, узважыць і ў многім пакаяцца. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пля́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

Разм.

1. што. Секчы; нішчыць. Пляжылі векавыя дубы, хвоі, ясені, бярозы, грузілі іх на машыны, падводы, тралявалі да чыгункі. Сачанка.

2. Біць. Пляжылі некалі молатамі ў кузні і бацька Шведзікаў і брат, ды мала ад таго было карысці. Даніленка. — Мяне толькі бацька пляжыў дубцом па лытках, калі часам у чужы сад заблуджуся, — прызнаўся Грэчка. Няхай.

3. што. Нішчыць, глуміць. — Не будзе больш жыта машынай пляжыць. Зара[чэцца] і дзесятаму закажа. Як далі на партыйным сходзе вымову... Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)