парке́т, ‑у, М ‑кеце, м.
1. зб. Невялікія гладкія, пераважна з цвёрдых народ дрэў, дошчачкі, якімі насцілаюць падлогу. Да ліфта трэба было прабегчы цераз нізкі, прасторны, вылажаны жоўтым блішчастым паркетам хол. Скрыган.
2. Падлога, зробленая з такіх дошчачак у форме розных геаметрычных фігур. Голле гэтага старога бору ўжо цяпер калышацца пад вокнамі трохпавярховых дамоў, з паркетам і паравым ацяпленнем, з халадзільнікамі і ваннамі. Грахоўскі. Увайшла я ў залу з бліскучым і светлым паркетам. Мядзёлка.
[Фр. parquet.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыдзі́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Які часта і да ўсяго прыдзіраецца, вышуквае ва ўсім недахопы. Ад бяздзеяння, нуды і зайздрасці здаровым таварышам камандзір стаў неспакойным, прыдзірлівым. Брыль. Якая ні прыдзірлівая была пані, але хваліла Васілене за ўмельства. Броўка. Патрабавальная і прыдзірлівая камісія заўважае кожную шчыліну ў дзвярах, дрэнна закітаваную шыбу, няроўна пафарбаваную падлогу. Грахоўскі. // Які мае ў сабе прыдзірку, з прыдзіркай. Каб пазбегнуць прыдзірлівых позіркаў вайскоўцаў, мне прыходзілася на левай руцэ насіць чорную пальчатку. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прысох, ‑ла; зак.
Падсохшы, прыстаць, прыліпнуць да чаго‑н. Скручаныя альховыя лісты прысохлі да галінак. Кулакоўскі. Таццяна развязала ручнікі, якімі яго перавязалі жанчыны і якія ўжо .. прысохлі. Шамякін. // перан. Захапіўшыся кім‑, чым‑н., закахацца. — Мала што. Трэба ўмець прываражыць. Эх, не на мяне .. [Уладзімір] нарваўся — прысох бы. Скрыган. Дзе гэта відана, каб шляхцянка ўпадабала бацькавага парабка і каб ён так прысох да яе. Грахоўскі.
•••
Язык прысох гл. язык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэалізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.
1. Правесці (праводзіць) у жыццё; ажыццявіць (ажыццяўляць), здзейсніць (здзяйсняць). Рэалізаваць планы. Рэалізаваць задумы. □ [Райхенау:] Перад пагрозаю смерці ваша галава пачала інтэнсіўна дзейнічаць. Ну што ж, паспрабуйце рэалізаваць свае планы. Дзейнічайце. Губарэвіч. Адстойваць дабро — значыць раззбройваць зло, вынішчаць яго карэнне і рэцыдывы.. Гэта добра разумее Мікола Маляўка, хоць яшчэ і не поўнасцю рэалізуе свае дэкларацыі. Грахоўскі.
2. Перавесці (пераводзіць) у грошы; прадаць (прадаваць). Рэалізаваць прадукцыю. Рэалізаваць тавар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэгістра́тар, ‑а, м.
1. Службовая асоба ва ўстанове, якая праводзіць рэгістрацыю каго‑, чаго‑н. «Кінь, дачушка, — кажа [маці], — галаву скруціш. Лепш ідзі да нас у бальніцу за рэгістратара». Грахоўскі. // Той, хто рэгіструе каго‑н., адзначае яўку каго‑н. Адзначыцца ў рэгістратара.
2. перан. Той, хто адзначае, канстатуе бягучыя з’явы, падзеі. Наш друк, радыё і тэлебачанне не павінны быць толькі рэгістратарамі новых станоўчых з’яў жыцця. «Звязда».
•••
Калежскі рэгістратар — першы, ніжэйшы цывільны чын у дарэвалюцыйнай Расіі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэгла́мент, ‑у, М ‑нце, м.
1. Уст. Інструкцыя, службовы статут, звод правіл. У Куцага чэшуцца рукі да бойкі, але ён ведае рэгламент, дзе сказана, што біць нельга. Пестрак.
2. Устаноўлены, прыняты распарадак з’езда, схода і пад. Устанавіць рэгламент. Рэгламент пленарнага пасяджэння канферэнцыі. // Разм. Час, адведзены згодна з устаноўленым распарадкам на выступленне. Гэта нават не нарада, гэта хутчэй аператыўнае пасяджэнне баявога штаба ў палявых умовах. Рэгламент — тры хвіліны. Уносіць толькі канкрэтныя прапановы. Грахоўскі.
[Ад фр. règlement.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стрэ́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
1. Вострая, тонкая трэска, востры асколак шкла, металу, які залез пад скуру. У пяце была стрэмка, хлопец паспрабаваў выцягнуць яе, ды мізэрны кончык ніяк не даваўся ў пальцы. Быкаў. Дома маці лае, што сукенку падрала, што ўсе ногі ў стрэмках і смале. Грахоўскі.
2. перан. Разм. Пра надакучлівага і прыдзірлівага чалавека. «Ах, і стрэмка ж ты, дзядзька Яўтух! — думаў я, слухаючы ўсё гэта. — Перац!» Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сыпу́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Тое, што і сыпкі (у 1 знач.). Тут ру да сапраўды падобная на соль — сыпучая, толькі ружовая. Чаркасаў. З пылам сыпучым .. Вецер пад полем не раз пралятаў. Колас. За вокнамі скавытаў вецер і гнаў сухі сыпучы снег. Грахоўскі. Ад грэйдэрнай сыпучай магістралі Сцяжынка ўлева павяла. Астрэйка.
2. Які рассыпаецца; пушысты, лёгкі (пра валасы). Люська спярша расчэша свае вільготныя кудзеркі, затым бярэцца за Сабініны валасы — важкія, сыпучыя каштанавыя пасмы. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трухля́вы, ‑ая, ‑ае.
Які ператварыўся ў парахню ад гнілі і часу. Суцяшае галку драч: «Ты цяпер ужо не плач. Хай гарыць гняздо пустое на трухлявым сухастоі...» Грахоўскі. Засыпаныя снегам шпалы, старыя трухлявыя пні даўно загубленых дрэў, гнілыя галіны, — усё выглядала з-пад снегу і ўсё, здавалася, радавалася, што не апошні раз бачыла сонца. Колас. // перан. Які аджыў свой век; непатрэбны. Хто ведаць мог, .. Што гэта слова Зрушыць турмаў краты, Зруйнуе свет Трухлявы і стары. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узвыша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да узвысіцца.
2. Вылучацца сваёй вышынёй, высіцца над чым‑н. Далей, за перонам, узвышаюцца прыгожыя, шматпавярховыя дамы з шэрага каменю. Лупсякоў. Кіламетры за тры ад ускраіны ўзвышаўся пясчаны курган. Грахоўскі. На тратуарах узвышаліся сумёты снегу. Гурскі. // перан.; над кім-чым. Вылучацца сярод іншых якімі‑н. станоўчымі якасцямі. Толькі тым узвышаецца пад народам паэт, што ён больш за іншых ведае і чуе. Навуменка.
3. Зал. да узвышаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)