гарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. Паддавацца дзеянню агню, знішчацца агнём. У печцы зырка гарэлі дубовыя дровы. Шамякін. Уперадзе каля станцыі гарэлі эшалоны. Мележ. // Паліцца (пра вогнішча і пад.). Гарыць піянерскі касцёр. □ Ля калёс гарэлі агні. Лынькоў.

2. Даваць, выпраменьваць святло, полымя; ярка свяціцца. І над усім — над горадам, над ракой, над бязмежнымі прасторамі зямлі гарэла, пералівалася зыркае ранішняе сонца. Лынькоў. Нешта сёння у Агаты Лямпа весела гарыць, А людзей дык поўна хата, — Так як дзверы зачыніць. Крапіва.

3. Траціць маёмасць з прычыны пажару, аказвацца ў становішчы пагарэльца. Вось дзед Хвядос пяць разоў гарэў ад маланкі, пяць разоў будаваўся. Бажко.

4. Разм. Быць моцна нагрэтым, гарачым. Ад лютай летняй спёкі Гарыць сухі пясок. Глебка. Пройдзеш круг — рукой не дакранешся да лемяхоў і нарогаў. Гарыць жалеза. Бялевіч.

5. Быць у гарачцы, у ліхаманкавым стане. Бацька ўсё гарэў, аж два тыдні не ўставаў з пасцелі. Сабаленка. // Ныць, пячы (пра натруджаныя, пашкоджаныя ўчасткі цела). На далонях пад вечар гараць мазалі. Бураўкін. Ужо сонца на поўдні, ужо ногі гараць і ныюць ад стомленасці, а нішто нідзе не прасвятляецца. Кулакоўскі.

6. Рабіцца гарачым, чырванець ад прыліву крыві. Гарэць ад сораму. □ Адно, што адчуваў.. [Алёшка], гэта — як гараць яго вушы, як густая чырвань залівае ўвесь твар, падбіраецца да жорсткіх бялесых віхроў. Лынькоў. Гарачая хваля найвялікшага шчасця залівае.. [Сяргею] грудзі, часта і гулка стукае сэрца,.. гараць шчокі, вушы. Шамякін.

7. звычайна чым. Быць ва ўзбуджаным стане, з запалам аддавацца якой‑н. справе, пачуццю. Гараць жаданнем. Гарэць ад нецярплівасці. □ Сягоння жыла, трапяталася і гарэла ўся .. шчуплая істота [Тодара Кірыка], — гэтакіх навін яму даўно не здаралася разносіць па сяле. Крапіва. Жанчына гарыць на калгаснай рабоце. Пташнікаў.

8. Ззяць бляскам, выдзяляцца яркімі колерамі, афарбоўкай. Пад страхой полымем гарэлі гронкі рабіны. Шамякін. У снежнай завеі гарэлі алмазам Старыя крамлёўскія вежы. Колас. // Блішчаць пад уплывам якога‑н. пачуцця, думкі (пра вочы). Вочы.. [Паўла] гарэлі вострым агнём нявыказанай крыўды, і губы трасліся. Чорны.

9. Цвісці (пра агуркі, гарбузы і пад.). У барознах павівасты гарбузнік.. гарэў цветам. Грамовіч.

10. Псавацца, станавіцца непрыгодным ад моцнага перагрэву. Буксы гараць. // Разм. Сохнуць, гінуць ад засухі, моцнай спёкі (пра расліннасць). Пасевы гараць. // Разм. Прэць, гніць. Сена гарыць у стагах.

11. перан. Разм. Цярпець няўдачу ў якой‑н. справе, задуме і пад. // Не выконвацца, не рэалізавацца. Планы гараць. Пуцёўка гарыць.

12. Разм. Хутка зношвацца, рвацца (пра абутак, адзенне). На дзецях усё гарыць, адзежа і абутак.

13. Адбываць чаргу пры гульні ў гарэлкі.

•••

Вока (зуб) гарыць на што гл. вока.

Гары яно гарам; хай яно гарам гарыць — ужываецца як праклён.

Гарыць зямля пад нагамі ў каго гл. зямля.

Гарэць агнём — а) пра гарачкавы стан хворага; б) вельмі моцна балець, пячы. Рана гарыць агнём.

Ліха гарыць з каго гл. ліха.

На злодзеі шапка гарыць гл. шапка.

Не гарыць — няма патрэбы спяшацца.

Работа (усё) гарыць у руках гл. работа.

Скура гарыць на кім гл. скура.

Як мокрае гарыць гл. мокры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. развёў, ‑вяла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Адвесці кожнага на сваё месца. [Мар’я:] — Усіх [дзяцей] ужо развяла па людзях, адзін вось застаўся, меншанькі самы. Шамякін. Брыгадзір развёў [студэнтаў] па хатах. «Работніца і сялянка». // Расставіць па пастах. Развесці вартавых.

2. Разняць, аддзяліць адно ад другога. — Во гэтакі ахапак вяргінь ды руж прынесла, — солтыс развёў рукі і паказаў, які вялікі пук прынесла Ліпачка. Сабаленка. А Рэкс і зубоў не расшчапіў. Ледзьве .. яму вінтоўкаю развялі. Жук. // Адвесці ў розныя бакі часткі чаго‑н., рассунуць, расставіць што‑н. злучанае, самкнутае. Развесці мост. □ І, сеўшы на пень пад зялёнай бярозай, задорна развёў баяніст свой баян. Машара. // Спец. Адагнуць зубы адзін за адным управа і ўлева (пра пілу). // перан. Разлучыць каго‑н., аддаліць аднаго ад другога. Ты была маёй першай каханай, Толькі лёс навекі нас развёў. Ставер. — Сёння ты прынёс порхаўку замест чалавечага носа, а заўтра прыедзеш без нармальнай сківіцы. Сорак два няшчасці! Я вашу .. кампанію хутка развяду. Паслядовіч. // перан. Рассеяць, развеяць, ліквідаваць (бяду, гора і пад.). Каб знала Яніна — устала б, Ляцела к яму, як магла, Да любага сэрца прыпала б І ласкаю гнеў развяла. Чэрня. Чужую бяду рукамі развяду. Прымаўка.

3. Скасаваць чый‑н. шлюб. — Дык скажыце вы мне, Хіба гэта мужчына?! Я прашу нас развесці, Так жыць немагчыма. Кляўко.

4. Апусціўшы ў ваду або іншую вадкасць, распусціць, растварыць; зрабіць раствор. Развесці чарнільны парашок. □ Гэтыя куханы Гінка пякла хто ведае з якой мукі.. Пасыпаны яны былі но цукрам, а папырсканы салодкай вадой, у якой Гінка, напэўна, развяла драбок сахарыну. Корбан. // Дабавіўшы вады або іншай вадкасці, зрабіць слабейшым раствор чаго‑н.; разбавіць. Развесці спірт. Развесці воцат.

5. Вырасціць або выгадаваць у значнай або вялікай колькасці. Развесці карпаў. Развесці кветкі. □ — Думаем на будучы год вінаградную лазу развесці... Пянкрат. — Калі пашанцуе, то і з адной калодкі можна развесці пчолкі, — гаварыў Сёмка. Колас. // Пакласці пачатак якой‑н. справе па вырошчванню, гадоўлі чаго‑н. Развесці кветнік. □ Перасадзіў [садоўнік] з панскага гадавальніка перарослыя дзічкі — прышчэпліваць іх давялося ўжо вышэй галавы, — развёў і свой гадавальнік. Кірэйчык. // Даць распладзіцца, размножыцца чаму‑н. у выніку бяздзейнасці, неахайнасці і пад. — Бадай ты спрогся, стары пень! — лаяліся мужыкі: гэта ж .. [Анісім] расплодзіць такога бруду, што і не акараскацца — заразу развядзе. Колас. — Тваіх спраў, якія ты развёў тут, я прымаць не буду. Будзеш справаздачу даваць у другім месцы, — не гледзячы ў яго бок, адказаў Лазняк. Дуброўскі.

6. Разбараніць каго‑н. Імкліва падышоў [Рыгор] да рабят, якія ўсё пагражалі адзін аднаму, і, узяўшы іх за каўняры, развёў у бакі. Ваданосаў.

7. Распаліць, раскласці (агонь, вогнішча). Пасля дня блукання сышліся [паляўнічыя] ужо ля дамоўкі, развялі касцёр. Ракітны.

8. Разм. У спалучэнні з абстрактным назоўнікам азначае: пачаць рабіць тое, аб чым гаворыцца ў назоўніку. Развесці плёткі. □ — Каб хто толькі ведаў, якую .. [Наўмыснік] развёў дзейнасць. Грамовіч.

•••

Развесці рукі (рукамі) — рухам рук выказаць цяжкасць, безвыходнасць становішча, бяссілле ў вырашэнні якой‑н. справы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фігу́ра, ‑ы, ж.

1. Форма, абрысы чаго‑н. Ды дарожкі ўсе ў парадку І праведзены пад шнур, Гожы клумбачкі і градкі Розных выглядаў-фігур. Колас. // Форма, малюнак, узор, утвораныя пэўным размяшчэннем прадметаў. Вычварныя фігуры кустоў і дрэў. Мазаікавыя фігуры.

2. Склад цела, знешнія абрысы, формы чалавека. — Узмужнеў, узмужнеў, — сказаў Булай, задаволена аглядваючы моцную фігуру Алеся. Шыцік. Уся.. фігура [Арлоўскага] вызначалася сярод партызан строгай афіцэрскай выпраўкай. Машара. Ва ўяўленні [Юркі] паўставаў Лёдзін вобраз — ..з тых, што трапляюць у песню, стройная фігура, якая нечакана і раптам аформілася. Карпаў. // Пра чалавека якога‑н. выгляду, якой‑н. знешнасці. Уся ўвага цяпер пераключана на фігуру запыленага чалавека, чый узмах рукі выклікаў такую небывалую весялосць, такое радаснае захапленне. Перкін. // Разм. Прыгожы склад цела. [Юля] раней ганарылася сваёй фігурай. Грамовіч.

3. Чалавек (звычайна невядомы, незнаёмы ці кепска бачны). Ля абгарэлага пня, скурчыўшыся, сядзелі цёмныя фігуры... Маўр. Падымаю галаву і бачу чужую, незнаёмую фігуру. Скрыган. Нібы з зямлі выраслі непадалёку тры чалавечыя фігуры. Чарот. З боку цёмнай грамадзіны-капліцы падсоўваецца белая здань. Ціха ідзе гэта таемная фігура, як бы плыве. Бядуля. // Разм. пагард. Чалавек, тып. Ідзе — сунецца фігура, Азіраецца панура, Каб ёй хто не перашкодзіў. Колас. // Чалавек як носьбіт якіх‑н. якасцей, уласцівасцей. Буйная палітычная фігура. □ Як тут яшчэ раз не ўспомніць светлую фігуру Анатолія Фёдаравіча Коні, яго сумленныя і мужныя паводзіны на працэсе Веры Засуліч! Мехаў. // Важная асоба, персона. Леў цяжкую пагрузку нёс: Начальнік як-ніяк, фігура немалая. Корбан. [Надзя:] — Захар Пятровіч усё-такі значная фігура ў інстытуце, і справу з ім табе прыдзецца мець яшчэ не аднойчы. Шахавец.

4. Постаць чалавека або жывёлы ў скульптуры, жывапісе. А там з боку дарогі вынырнуў незвычайны фантан з пачварнымі скульптурнымі фігурамі і мудрагелістай лепкай. Б. Стральцоў. На каменных плітах высечаны рэльефныя фігуры людзей — партрэты пахаваных. В. Вольскі. // Вобраз, персанаж твораў мастацкай літаратуры або тэатральных спектакляў. Галоўная фігура твора [«Лявон Бушмар»] — уладальнік хутара.. Бушмар. Луфераў. «Чалавек з масы».. становіцца цэнтральнай фігурай у літаратурных творах. Адамовіч.

5. Комплекс рухаў пры выкананні чаго‑н. (танца, пры катанні на каньках і пад.). Першая фігура кадрылі. □ Група хлапчукоў смела кружылася вакол шырокай палонкі, выпісваючы такія адмысловыя фігуры, што Максім ажно пазайздросціў. Шамякін. // Палёт самалёта з рознымі паваротамі, віражамі. Фігура вышэйшага пілатажу.

6. Спец. Меладычны або рытмічны элемент, які ўскладняе і ўпрыгожвае музычны твор. Аркестравыя фігуры. Рытмічная фігура характэрна для маршавага руху.

7. У геаметрыі — частка плоскасці, абмежаваная замкнутай лініяй, а таксама наогул сукупнасць размешчаных пэўным чынам пунктаў, ліній, паверхней і цел. Геаметрычныя фігуры.

8. У шахматах — кароль, ферзь, ладдзя, слон і конь. Хапаю яе [шахматную дошку], кладу на табурэт, пачынаю расстаўляць фігуры. Жычка.

9. Старшая ігральная карта (туз, кароль, дама, валет).

10. Моўны зварот, стылістычны прыём, які надае мове асаблівую выразнасць. Цэзуры, паўзы і іншыя рытмічныя фігуры робяць разнастайнай рытміку вершаў Багушэвіча. Ларчанка.

11. Спец. Чарцёж, схема, рысунак, якія змяшчаюцца ў тэксце кнігі.

[Лац. figura — вобраз, форма.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыро́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікія памеры ў папярочніку; проціл. вузкі. Тратуар шырокі. Па ім ідзе многа людзей. Брыль. Вагоны ў цягніку былі надзвычай прыгожыя, усё з шырокімі вокнамі. Лынькоў. Мужчына прыцмокнуў языком, і шчаціністы твар яго расплыўся ў шырокай ласкавай усмешцы. Няхай. Прайшло шмат часу, а яны [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнае голле. Дуброўскі. // Буйны, плячысты, каранасты (пра склад цела чалавека). Ліпа Варфаламееўна — шырокая, высокая, дзябёлая і таксама вельмі ветлівая, вельмі гаваркая, вельмі шчырая. Пянкрат. А той [Максім], высокі, шырокі ў плячах, але крыху згорблены, праціснуўся наперад. Капусцін.

2. Свабодны па пакрою, які не прылягае да фігуры. Поп выйшаў босы, накінуўшы на сябе шырокі каптан. Колас. Сівы, увесь ружовенькі, як анісавы яблык, з запалым, як у бабулькі, ротам, апрануты.. [сусед] быў у шырокі салдацкі мундзір. Ракітны.

3. Які займае сабой вялікую прастору; вялізны. Налева адкрыўся шырокі плёс. Брыль. Шырокі парк, густы агрэст, Шумяць дубы і клёны. Прыходзька. На луг шырокі Грамада рушыла касцоў. Гурло. Я праходжу, Мая краіна, Твой шырокі, Як свет, Прастор. Глебка.

4. Размашысты, свабодны (пра крокі, рухі і пад.). Ад ложка доктар пайшоў хутка, шырокім крокам, як спяшаўся куды. Пташнікаў. — Прашу! — Гунава, ідучы да стала, зрабіў шырокі, гасцінны жэст. Самуйлёнак.

5. перан. Вялікі па колькасці, ступені ахопу, размаху і пад. Шырокая сетка школ. Шырокія паўнамоцтвы. Шырокія планы. □ Шырокая аўдыторыя таксама прыкмеціла і запомніла інтэлігентнага лектара, які ўмеў вельмі жыва і цікава расказаць пра творчасць Някрасава ці Маякоўскага. Ліс. // Вялікі, значны па багаццю, разнастайны па выбар і пад. Шырокая начытанасць. Спецыяліст шырокага профілю. Шырокая праграма навуковых даследаванняў. □ У чайной заўсёды шырокі асартымент страў. «Беларусь». // Неабмежаваны, агульны. — Мы павінны лячыць фактычна здаровых людзей, разумеючы лячэнне ў шырокім сэнсе гэтага слова. Шахавец. Творчы кругагляд Самуйлёнка вельмі шырокі, цікавіўся ён многім. «Маладосць». Пад восень 1943 года пачалося наша шырокае наступленне. Лужанін. // Які вызначаецца вялікім размахам у дзейнасці, шчодрасцю ў выяўленні сваіх пачуццяў і пад. Гэта быў чалавек з адкрытым, шырокім характарам. «Маладосць». Ты ведай, дзяўчына, павер, дарагая, Даўно ў маім сэрцы шырокім жывеш. Бялевіч. // Свабодны і гучны. Напевамі песні шырокай Гамоняць палі і лугі. Колас. Песня хлынула шырокая, працяжная... Грамовіч.

6. перан. Які ахоплівае ўсё, многае або ўсіх, многіх, распаўсюджваецца на ўсё, многае або ўсіх, многіх; масавы. Шырокае сацыялістычнае спаборніцтва. Шырокія колы чытачоў. □ Бальшавікі разгарнулі сярод салдат шырокую агітацыю, растлумачваючы ім сапраўдныя мэты і прычыны вайны, паказваючы, у чыіх інтарэсах яна вядзецца. Кудраўцаў. Таварыства [аховы помнікаў гісторыі і культуры] праводзіць шырокую прапагандысцкую работу. «Помнікі». // Які з’яўляецца прадстаўніком многіх людзей. Шырокі чытач. // Распаўсюджаны, вядомы многім. Шырокая папулярнасць. □ Шырокі рэзананс кабыла беларуская літаратура на Украіне ў пачатку ХХ стагоддзя. «Полымя». // Прызначаны для многіх людзей, разлічаны на шырокія масы. На прадпрыемствах Ніжняга Тагіла расшыраецца выраб тавараў шырокага ўжытку. «Звязда».

•••

Шырокі экран гл. экран.

На шырокую нагу гл. нага.

Шырокая косць; шырокі ў косці гл. косць.

Шырокая натура гл. натура.

Шырокім фронтам гл. фронт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. Пакінуўшы якое‑н. месца, перайсці на іншае; адысці ўбок. У той меры, у якой Мішурын зрабіў свой першы рух, каб ісці, і чалавек хістануўся за ім, але з месца не саступіў. Чорны. Нечаканы сігнал машыны перапыніў іх гаворку. [Леў Раманавіч і Вера] саступілі на абочыну. Асіпенка. [Трацюк] таропка аглянуўся назад, быццам чакаючы, што яго нехта дагоніць на вузкай сцяжынцы і прымусіць саступіць у жыта. Кавалёў. // Сысці з чаго‑н., спусціцца. Дзед санліва, з асцярогаю саступіў з ганка. Мележ. [Немец] вяла саступіў з прыступак і сеў. Быкаў.

2. што і чаго. Разм. Добраахвотна адмовіцца ад каго‑, чаго‑н., аддаўшы, перадаўшы што‑н. каму‑н. іншаму. [Сцяпан:] — Вася, будзь чалавекам, саступі мне сваю змену. Пянкрат. [Віктар:] — Я вам саступлю права мыць сёння посуд. Савіцкі. // Вызваліць сваё месца (на якім можна сядзець, ляжаць) для каго‑н. іншага. [Дзяўчынка:] Табе, Мікола, праз хвілінку, Напэўна, месца давядзецца саступіць: Глядзі, бабулька да аўтобуса бяжыць. Корбан. [Бабуля:] — Малады чалавек, саступі месца старому. Якімовіч. // Пакінуць, здаць ворагу якое‑н. месца, пазіцыю. Мы сціснулі зубы да болю І клятву Радзіме далі, Што ворагу-хціўцу ніколі Сваёй не саступім зямлі. Астрэйка. І голас краіны рабочай дамчыцца з бяскрайняе далі: — Чужое зямлі мы не хочам — сваёй не саступім ні цалі. Дудар.

3. Разм. Паддацца сіле, націску; перастаць супраціўляцца. Стогнучы ад болю,.. [Сцяпан і Васіль] цягалі адзін аднаго за валасы, і ніхто не хацеў саступіць другому. Каліна. Сядзеў [Янкель], пакуль не давялося саступіць сіле. Карпюк. // Пайсці на ўступкі адпаведна патрабаванням, пажаданням іншых. Валодзя — хлопец спакойны, малому саступіць. Брыль. Потым ужо [Хадоська] падумала, што Хоня дарэмна не саступіў: толькі раззлаваў бацьку. Мележ. Я натурай — памяркоўны. У спрэчкі ўступаць не люблю.. Па-мойму, такому, у каго язык лёгка падвешаны ў роце, лепей саступі. Грамовіч.

4. (звычайна з адмоўем). Не вытрымаць параўнання з кім‑, чым‑н., аказацца горшым у якіх‑н. адносінах. Дачка — лётчыца, другая, праўда, яшчэ пешкі пад стол ходзіць, не саступіць старэйшай. Гурскі.

5. што. Прадаючы, згадзіцца аддаць танней вызначанай цаны. [Цётка да Ганны:] — Колькі ты аддала за шлюбную сукенку? Калі крыху саступіш, я магу ўзяць у залік твайго доўгу. Дубоўка. [Анісім Панок:] — Яно-то канешне, можна б і саступіць трохі, каб гэта які другі конь. А за гэтага дык не хачу, як той казаў, і граха на душу браць, і так аддаю табе за паўцаны. Сабаленка.

•••

Саступіць дарогу (з дарогі) — а) адысці ўбок, даўшы месца для праходу, праезду. Дзверы расчыніліся, жанчына саступіла з дарогі і ўпусціла Славу. Хомчанка; б) пайсці на ўступкі каму‑н. [Грыгор’еў:] — Найшла ў вас каса на камень, і адно аднаму дарогу саступіць не хочаце. Кірэйчык; в) даць магчымасць дзейнічаць, вылучыцца ў якой‑н. галіне. Адна з іх [актрыс] ужо саступіла дарогу маладым. «Работніца і сялянка».

Саступіць з (свайго) шляху — адмовіцца ад вызначанай мэты, задач і пад., здрадзіць ранейшым матам. [Кубяк:] — Мы добра ведаем, што і вам і нам даў Кастрычнік, і мы не саступім, таварышы, са шляху нашай з вамі рабочай, пралетарскай дружбы. Брыль.

Саступіць месца чаму — замяніцца чым‑н. Хаты старога мястэчка саступілі месца дамам і дамкам новага мястэчка. Чорны. Бескарыслівасць [Гарасіма] пад старасць саступіла месца сквапнасці. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адысці́, адыду, адыдзеш, адыдзе; пр. адышоў, ‑шла, ‑шло; заг. адыдзі; зак.

1. Пакінуць ранейшае месца; ідучы, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. Ілька адышоў ад вогнішча на ўзгорак. Каваль. Прабіраючыся праз заросшае кустамі балота, Палазок адышоў далёка ўправа і згубіў сяброў. Колас. // Разм. Пайсці, адправіцца куды‑н. Дзеці адышлі ў майстэрню і моўчкі селі за кравецкім сталом. Пестрак. // Адправіцца з месца стаянкі па свайму маршруту. Аўтобус ужо даўно адышоў, а.. [дзяўчына] усё ніяк не магла скрануцца з месца. Астрэйка. // Перайсці жыць у новае месца, пакінуўшы хату, родных; аддзяліцца. І рад бы быў стары Верамейчык, каб сын адышоў куды-небудзь з хаты.. Але, як відаць, нікуды не думае адыходзіць Юзік. Крапіва. // Перамясціцца, аддаліцца (пра падзеі, з’явы прыроды і пад.). Ваенная хваля адышла на захад і ў горадзе паспакайнела. Чорны. Сонца даўно адышло за небасхіл. Галавач. // перан. Падняцца ў якіх‑н. адносінах на вышэйшую ступень. Сын не далёка адышоў ад бацькі. // Пакінуць свае ранейшыя пазіцыі; адступіць. Казакі зняліся з пазіцыі і адышлі за Нёман. Брыль.

2. перан. Перастаць займацца якой‑н. справай, пакінуць ранейшы занятак. Адысці ад літаратуры. // Адхіліцца ад ранейшага напрамку ў рабоце, гутарцы, разважаннях і пад. Адысці ад тэмы размовы. □ Мастацкая праўда дыктавала пісьменніку [Петрусю Броўку] задачу дзейнічаць не па шаблону, можна нават сказаць, павярнуць трошачкі стырно, адысці ад логікі завяршэння вобраза героя. Кучар. // Парваць сувязь з кім‑, чым‑н.; зрабіцца далёкім, чужым для каго‑, чаго‑н. Ад людзей адбіўся Габрусь. Ад жыцця агульнага, таварыскага адышоў. Шынклер.

3. Адстаць, аддзяліцца, перастаць шчыльна прылягаць да чаго‑н. Завесы адышлі. □ Нарэшце камень павярнуўся і адышоў ад сцяны. Арабей.

4. Дайсці да звычайнага, нармальнага стану; перастаць хварэць, адчуваць недамаганне. Малая ўжо за гэты час адышла, адужала. Васілевіч. З якой дарогі ні вяртаўся б Ваўчок якія б клопаты яго ні турбавалі, ён ведаў, што дома адыдзе, адпачне, збярэцца з думкамі і сіламі. Хадкевіч. // Зрабіцца зноў адчувальным, рухомым (аб змерзлых, здранцвелых частках цела). Рукі сагрэліся і адышлі. □ — Нідзе так асабліва і не баліць, — удзячна адказаў Даніла, — калені толькі нібы мурашкі пакусваюць, але дарма, адыдуць, — калі.. патру.. рукамі. Кулакоўскі. // Супакоіцца, прыйсці ў сябе пасля зведанага перапалоху, гневу, хвалявання і пад. Юрка ўжо адышоў ад разгубленасці. Брыль. У вачах Каралёва былі зларадныя агеньчыкі, а Дрозд яшчэ не адышоў ад перапуду. Карпюк. // Дайсці да ранейшага стану; адтаць, адагрэцца, ажыць (пра глебу, расліны і пад.). Зямля адышла. □ Дрэвы ў дзедавым садку ў вайну абгарэлі, але за гэты час некаторыя з іх адышлі, дзед пасадзіў некалькі новых яблынь. Грамовіч.

5. Перайсці ва ўласнасць каго‑н. другога. Цяпер сэрца старога радуецца: не толькі сенажаць, але і панскае поле за рэчкай і па гэты бок адышло круплянскаму калгасу. Сабаленка.

6. Закончыцца, мінуць. Абед адышоў. Жніво адышло. □ Будзем жыць мы без панскай апёкі. Адышла, адцвіла іх пара. І панам не вярнуцца. Колас. // Перастаць існаваць зрабіцца гісторыяй, мінуўшчынай, легендай. Тых часін, што адышлі ў туманы, засталіся сведкамі курганы. А. Вольскі. // Памерці. Я ўспомніў маё знаёмства з Міхаілам Міхайлавічам [Прышвіным] .. і думаў, што добра вось так: зрабіць усё што мог і адысці. Брыль.

7. Зак. да адыходзіць (у 2 знач.).

8. Разм. Перастаць дакучаць, турбаваць. [Міхал] ірвануў.. [Зосю] за руку: — Адыдзі! Чорны.

•••

Адысці на задні (на другі план) — страціць актуальнасць, стаць другарадным.

Адысці ў нябыт (у мінулае) — не астацца ў памяці людзей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сарва́ць 1, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак.

1. што. Тузануўшы, аддзяліць ад галінкі, сцябла і пад. (што‑н. з таго, што расце). Пяшчотныя ружы, Здаецца, сарвалі цяпер іх, Здаецца, запахнуць... Тарас. [Даміра:] Раптам я ўбачыў тры лісточкі зайцавай капусты. Прагнымі рукамі сарваў іх. Асіпенка. Сунічку апошнюю гэтага лета Сарваў я сягоння ды з’еў на мяжы. Грамыка.

2. каго-што. Рэзкім рухам аддзяліць (што‑н. прымацаванае). Сарваць дзверы з завесаў. □ Прыкладам з балтоў аканіцы сарваў І глянуў, і хаты сваёй не пазнаў. Танк. Камендант.. сарваў пячатку на замку. Лынькоў. Уночы, пад’язджаючы да гэтага лесу, .. [Паўлоўскі з таварышам] сарвалі з аднаго з дарожных слупоў адозву. Чорны. // Адрываючы, скідаючы адкуль‑н., панесці (пра буру, ваду, вецер). Сяргей успомніў, як аднойчы летам бура сарвала дах з суседскай, Калячковай, хаты: ён упаў у іх агарод на таполю. М. Стральцоў. Біў вецер насустрач, .. намагаўся шапкі сарваць. Лынькоў. / у безас. ужыв. Тады якраз каля Ліпнішак мост сарвала паводкай. С. Александровіч. Ён [Бусел] не пазнаў высокі дуб, Што быў відзён праз кіламетры: Скруціла бура дубу чуб, Гняздо зімой сарвала ветрам. Свірка. Нашых два пакаты Сарвала хваляй выбуховай прэч. Зарыцкі. // Рэзкім рухам, рыўком зняць, сцягнуць. Стафанковіч, мыляючы губамі, сарваў з.. вешалкі нейкую старую вопратку і падаў Любе. Чорны. Калі я [Пятрусь] памкнуўся да каня. Лаўрэн сарваў з маёй галавы шапку. Якімовіч. Тут дзед сарваў з носа акуляры і ніяк не мог дрыжачымі пальцамі ўкласці.. ў футлярык. Грамовіч. Не цямячы, што робіць, Анісім сарваў з пляча стрэльбу і шмыгануў назад. Сачанка. // Разм. Здзерці, абадраць (скуру і пад.). Рыючы пальцамі зямлю, .. [Ганна] неяк сарвала аб каменьчык палову пазногця. Мележ. // перан. Разм. Прымусіць каго‑н. пакінуць якую‑н. работу, занятак, месцажыхарства і пад. З таго часу як.. [Сцяпан] сарваў Маю з работы, а сам стаў планавіком, усе адвярнуліся ад яго. Дуброўскі. [Антапюк:] — Не, адчуванне віны не ад таго, што сарваў Васіля з універсітэта; армія — таксама універсітэт. Шамякін.

3. што. Рэзкім рухам, моцна націснуўшы, сапсаваць (разьбу і пад.). Сарваць разьбу.

4. што. Пашкодзіць здароўе, галасавыя звязкі ад празмернага напружання. Сарваць здароўе. Сарваць голас.

5. што. Парушыць ход чаго‑н.; не даць ажыццявіць, выканаць што‑н. Сарваць графік. Сарваць планы падпальшчыкаў вайны. □ [Васіль:] — Глядзі! Сарвеш хоць адзін дзень уборкі — не трапляй на вочы. Шамякін. — Нават нязначнае самавольства ці адступленне ад загаду могуць сарваць справу. Кулакоўскі. Вядома, самае страшнае было сарваць рэпетыцыю. Сяргейчык.

6. што. Разм. Атрымаць у выніку ашуканства, вымагання; прысвоіць. Стрынадка добра ведаў Бычка: той не прапускаў выпадку, каб не сарваць з каго ці пры абмене кватэры, ці з якога-небудзь іншага выпадку. Сабаленка. // Урваць. [Сабака], пачуўшы Агапін голас, садзіў проста ў хату, бо ведаў, што патрэбен Ігнасю і што ў яго можна сарваць часам смачнае перапечкі. Мурашка. Дзяўчаты на танцах. Ім на ўсё пляваць. Абы сёння сарваць больш вяселля... Мыслівец.

7. што, на кім-чым. Спагнаць на кім‑н. (злосць, гнеў і пад.). Пятрусь сеў на воз, сарваў сваю злосць на кані, сцебануўшы яго пугаю разоў са тры. Колас.

•••

Сарваць галаву каму — строга пакараць каго‑н. (ужываецца як пагроза). [Шпак:] — Мне ж камандуючы галаву сарве, калі з табою што-небудзь здарыцца. Шамякін.

Сарваць маску з каго — выкрыць каго‑н., паказаць сапраўдны твар каго‑н.

Сарваць покрыва (пакрывала) з чаго — выявіць, паказаць сапраўдную сутнасць чаго‑н., падаць у сапраўдным выглядзе што‑н.

сарва́ць 2, ‑рве; безас. зак., каго.

Вырваць, званітаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцяна́, ы́; мн. сце́ны (з ліч. 2, 3, 4 сцяны́), сцен; ж.

1. Вертыкальная частка будынка, якая служыць для падтрымкі перакрыццяў і для падзелу памяшкання на часткі. Каля цёмнай сцяны гумна Аня прыпынілася, прыслухалася. Мележ. За сцяной, у другім пакоі, пані Мар’я вядзе ў пятым класе арыфметыку. Брыль. Прынесла [Волька] тапчан — якраз ён стаў ад сцяны да сцяны. Скрыган. // звычайна мн. (сце́ны, сцен); чаго або якія. Пра які‑н. будынак, памяшканне, установу, дзе што‑н. адбываецца або хто‑н. знаходзіцца. У сценах семінарыі будучы пісьменнік [К. Чорны] захапляецца рускай класікай. Луфераў. За сцяною астрожнай Вязню дорагі, любы Жменька травы мурожнай, Лісцік з бярэзіны, з дуба. Маляўка.

2. Высокая агароджа з каменя, цэглы і пад. Крамлёўская сцяна. □ Іліко і Гіго сядзелі на моле, на каменнай сцяне, што ішла далёка ў мора, адлучала ад яго Паційскую бухту і заканчвалася маяком. Самуйлёнак. А вораг тут, ля гарадской сцяны, І чуцен звон ягоны: Звіняць страмёны, Мячы і дзіды звоняць. Сіпакоў. [Турма] абведзена сцяной мураванай, дротам калючым ублытана. Нікановіч. // толькі мн. (сце́ны, сцен); перан.; чаго або якія. Пра непасрэдную блізкасць, подступы да якога‑н. горада, крэпасці. Мы ў свой горад прыйшлі Ад Масквы і ад Сцен Сталінграда. Танк.

3. чаго або якая. Стромая бакавая паверхня чаго‑н. Жэнька ўпаў на калені, пацалаваў Івана Сумака .. Потым паклаў абодвух забітых пад сцяну акопа. Шамякін. Перасякаем чыгуначныя лініі і ідзём уздоўж прычальнай сцяны. В. Вольскі. Жоўты пясок .. ледзь не роўнай сцяной вісіць над вадой. Бядуля.

4. перан. Тое, што аддзяляе, раздзяляе каго‑, што‑н.; перашкода для чаго‑н. Герой проста губляецца перад сцяной судова-паліцэйскіх рагатак і кручкатворства. Навуменка. [Караневіч:] Душа твая імкнулася да цяпла і ласкі, а натыкалася на халодную сцяну. Крапіва. Угаворы, тлумачэнні нават самога Паўла Антонавіча.. — усё сустракала пакутлівую сцяну маўчання. Васілевіч.

5. перан.; чаго. Цесны рад або суцэльная маса чаго‑н., якія ўтвараюць заслону, перашкоду для чаго‑н. Сцяна лесу. □ Уперадзе, над бліскучай вадою, стаяла белая сцяна туману. Савіцкі. Белы птах .. імчаў па вадзе, пакідаючы за сабою шырокую сцяну пены. Самуйлёнак. За сцяною агню рухаўся ланцуг чырвонаармейцаў. Грахоўскі. // каго. Самкнуты строй людзей. Вакол ваяк стала жывая сцяна народу. Колас. Няспынна, Цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор. Глебка. Жанатыя мужчыны стаялі шчыльнай сцяной і цягнулі басамі. Грамовіч.

•••

Глухая сцяна — суцэльная сцяна без акон і дзвярэй.

Капітальная сцяна — асноўная сцяна, якая служыць апорай для страхі.

Біцца галавой аб сцяну гл. біцца.

Ілбом сцяны не праб’еш гл. прабіць.

(І) сцены вушы маюць — трэба гаварыць асцярожна, таму што могуць падслухаць.

Кітайская сцяна — пра поўную ізаляванасць ад знешніх уплываў (ад назвы старадаўняй сцяны, якая аддзяляла Кітай ад Манголіі).

Лезці на сцяну гл. лезці.

Між чатырох сцен (жыць, сядзець і пад.) — а) не маючы ні з кім зносін, у адзіноце; б) не выходзячы з дому.

Прыперці да сцяны гл. прыперці.

Свае сцены — пра свой дом. Мы перабраліся ў свае сцены, як толькі зляпілі печ. Палтаран.

Ставіць да сцяны гл. ставіць.

Стаць сцяною гл. стаць.

Сцяна да сцяны — у непасрэднай блізкасці, па суседству, паблізу (жыць, знаходзіцца і пад.).

Як за каменнай (мураванай) сцяной — пад надзейнай аховай, спакойна (жыць, быць, адчуваць сябе і пад.).

Як у (аб) сцяну (сценку) гарохам — не рэагуе, не звяртае ніякай увагі на што‑н. сказанае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак.

1. каго-што. Пачаць цягнуць каго‑, што‑н., прымушаючы рухацца. Паравоз, скрануўшы з месца вагоны, павольна пацягнуў іх за сабою. Арабей. Жанчына схапіла хлопчыка за руку і пацягнула да адчыненых дзвярэй аўтобуса. Каліна. Кандрат пацягнуў Андрэя за сабою, разам з цэпам, і спінаю прыціснуў Паўлюка ў кут. Караткевіч. / у безас. ужыв. Пакуль шынель не намок, Чыжык яшчэ трымаўся на паверхні. Потым яго пацягнула на дно. Няхай. // перан.; што. Выклікаць што‑н., з’явіцца прычынай узнікнення чаго‑н. Такіх дакументаў, якія маглі б пацягнуць за сабою арышты другіх асоб, Нявідны не меў звычаю насіць пры сабе. Колас. Як гэта часта бывае, адна добрая прапанова пацягнула за сабой новыя. Шыцік.

2. каго-што. Узяўшыся за каго‑, што‑н., прымусіць зрушыцца, скрануцца. [Андрэйка] ўскочыў на жэрдку плота, схапіў адно вудзільна, пацягнуў да сябе. Ваданосаў. [Ліда] пацягнула на сябе дзверы і сама выйшла на ганак — насустрач гэтаму ранняму госцю. Васілевіч. // што. Працягнуць, накіраваць. Да яго [сцяга] пацягнуў руку я, Поўны шчасця, тугі і любві. Бураўкін.

3. безас. перан.; каго. Пачаць хіліць, вабіць, прыцягваць; адчуць патрэбу, неабходнасць у кім‑, чым‑н. Спачатку мы перашэптваліся, потым стаміліся, пацягнула на сон. Няхай. [Лабановіча] пацягнула на свежае паветра, на волю. Колас. Пацягнула хутчэй дадому, да Андрэя. Як знойдзенага, абхапіла за шыю, заплакала. Лобан.

4. перан.; каго. Прыцягнуць да адказнасці. [Людміла:] — Іван Іванавіч... Дык вам жа небяспечна тут заставацца. Калі я пайду, — вас зноў могуць пацягнуць, арыштаваць могуць. Арабей.

5. безас. чым. Пачаць распаўсюджвацца; падзьмуць, павеяць. З Нёмана пацягнула прахалодай. В. Вольскі. Ад кастра пацягнула прыемным цяплом. Бяганская. З расчыненых дзвярэй пацягнула насустрач знаёмымі пахамі друкарскай фарбы і спрасаванай паперы. Хадкевіч.

6. што і чым. Набраць, уцягнуць у сябе (паветра, дым і пад.). Лось узняў угару пакручастыя рогі і моцна пацягнуў у сябе паветра. Няхай. Ганька пацягнула носам. Смачна пахне гарачымі блінцамі. Трэба хутчэй уставаць! Васілевіч. // Курачы, зрабіць зацяжку. [Мароз] выняў з шуфляды запалку, пакарпаў ёю ў люльцы і .. зноў пацягнуў. Лобан. // чаго і без дап. Выпіць, цягнучы патроху. Салдат зноў дрыжачымі губамі пацягнуў кіпню. Лобан. // чаго і без дап. Разм. Выпіць чаго‑н. спіртнога. [Ладымер:] Хаця каб ён не выпіваў. А то ён часта пацягнуць любіць. Чорны.

7. чым. Слізгануць чым‑н. па паверхні; правесці. [Хвядос] адчуў, як невядомы абапёрся яму на плечы і нечым мокрым пацягнуў па твары. Скрыпка. Бруском пацягнуў [Міхал] разоў дваццаць, паклаў яго назад, сякеру заткнуў за папружку. Чорны. // Разм. Ударыць. З лесніком жарты малыя, яму нічога не значыць пацягнуць па спіне дубцом за самавольства. Асіпенка. — Вось лазіною пацягну каторую — перастанеце пустое малоць. Мыслівец.

8. што. Пакрыць паверхню чаго‑н. тонкім слоем якога‑н. рэчыва. Пацягнуць падлогу лакам. // Пакрыць, абшыць паверхню вопраткі якім‑н. матэрыялам. [Маці] збіралася яшчэ на зіму «пацягнуць» фуфайку кортам. Пташнікаў.

9. Накіравацца ў якім‑н. напрамку. Пакружыўся [бусел] над сваім гняздом, Адзінокі ў вырай пацягнуў. Астрэйка. Хмара здаволілася ліць, як з вядра, і пацягнула на лес. Грамовіч.

10. Паказаць пры ўзважванні пэўную вагу; заважыць. Нарэшце агурок з грады ўрачыста знялі. Калі ж яго на вагі ўсклалі, Ён пацягнуў прыблізна пуд! Корбан.

11. Разм. Справіцца з якой‑н. работай, даручанай справай. Цяпер .. [Алёшку] паставілі на брыгаду, якую толькі што ўзбуйнілі, і лічылі, што ён пацягне. Кухараў.

12. колькі. Разм. Пражыць, працягнуць. — Ці доўга я яшчэ, доктар, пацягну? — запытаў Кручынін. С. Александровіч.

13. каго-што. Разм. Украсці, сцягнуць каго‑, што‑н.

•••

Ног не пацягнуць — не магчы скрануцца з месца ад стомы.

Пацягнуць за язык каго — прымусіць сказаць, вымавіць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзе, прысл.

1. пытальнае. У якім месцы? — Дзе ты, Міколка? — запытаўся.. дзед. Лынькоў. Цікава — дзе цяпер яе [Насцін] Андрэй? Загінуў? Астапенка. // У пытальна-клічных сказах, якія выражаюць жаль, здзіўленне ў сувязі з адсутнасцю чаго‑н. Дзе мой дом, дзе ты, хата мая, Дзе загон хлебадайнай зямлі? Купала. — Дзе мае семнаццаць год, — зухавата сказаў Пракоп. Шыцік.

2. месца. У якім месцы. Яны — суседзі нашы, і дзе б стары ні кашляў — у гумне, у хаце, на дварэ — усё чуваць. Брыль. — Вось дурная! — казалі людзі, — мае гэткага багатага сына, а сама бадзяецца невядома як і дзе! Бядуля. [Бацька] быў вельмі дужы, спрытны, толькі не было дзе разгарнуцца, разгуляцца той сіле. Бялевіч. // (звычайна з часціцай «вось», «во»). У гэтым месцы, тут. Бачыць — ляжыць вялізны рак: адна палавіна на беразе, другая — у моры. Іван падумаў: «Вось дзе нядрэнная спажыва валяецца!» Якімовіч.

3. неазначальнае. Разм. Тое, што і дзе-небудзь. У засадзе больш, чым дзе, патрэбна цярплівасць. Тут не падгоніш ворага, не пойдзеш сам яму насустрач. Шахавец.

4. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) падпарадкоўвае даданыя сказы месца, якія паказваюць на месца або напрамак дзеяння, звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі прыслоўямі «туды», «там». Чырвонаармеец прытуліў Ірынку да грудзей і панёс туды, дзе стаялі вагоны. Чорны. Там, дзе вада спадала, прабівалася і жаўцела буйная шыракалістая лотаць. Колас. Над галавач, дзе учора вісела пахмурная зімняя смуга, цяпер глядзелася чыста-празрыстая сінь. Грамовіч. / Пры пералічэнні. Глянь туды, дзе машыны спяваюць, Дзе палае у горане сталь, Дзе рабочыя песні складаюць Пад сталёвы напеў малатка. Трус; б) падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы, звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «той», «такі» (па значэнню адпавядае злучальнаму слову які). Мы схілім галовы над свежай магілай, Дзе прах свой злажылі героі. Колас. Трошкі вышэй, у тым пункце, дзе крынічка рабіла паваротак управа, перасякаліся дзве дарогі. Колас. Зацякае ручаіна ў такія месцы, дзе, здаецца, не ступала нага чалавека. Пестрак; в) падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. Сам [аграном] памагаў размяркоўваць пасевы культур; вучыў, дзе і як рассяваць мінеральныя ўгнаенні. Брыль. Адгэтуль можна ўпотайкі пазіраць усё, дзе што робіцца. Пестрак; г) падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Дзядзьку было вядома, дзе прападае Юрка. Маўр; д) у спалучэнні з часціцамі «ні», «б» падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы. Колькі лесу, колькі, Дзе б вокам ні кінуў. Купала. — Ёсць такія мясціны, іх я знаходжу ўсюды, дзе ні бываю. Колас; е) пры супастаўленні двух або некалькіх сказаў або членаў сказа з паўтарэннем прыслоўяў у пачатку кожнага (дзе... дзе...) абазначае: у адным месцы, у другім месцы. Дзе можна, а дзе нельга. Па-рознаму жывуць людзі: дзе так, дзе гэтак. □ Дзе скокам, а дзе бокам. Прымаўка.

5. у знач. часціцы. Ужываецца для выражэння поўнай немагчымасці чаго‑н., сумнення ў чым‑н.: а) з давальным склонам і з інф. Дзе табе! Дзе нам за вамі ўгнацца! Дзе старому асіліць такую работу!; б) з назоўным склонам і формай 2‑й асобы адз. ліку. Замітусіліся немцы, наладжваючы пошукі ўцекачоў. Але дзе ты іх зловіш! Лынькоў. // (у спалучэнні з прыслоўямі «там», «тут»). Ужываецца як пярэчанне на чужыя словы або на ўласнае выказванне; выражае немагчымасць, адмаўленне чаго‑н. — Ох і добрая пуга будзе ў цябе, Тонік. — Дзе там... Няма з чаго біч сплесці... Капыловіч. — Намерыўся я назад падацца, абысці гэты балаган — дзе там, проста на мяне група немцаў... М. Ткачоў. Міхаліна.. узяла жменьку лёну, пацерла ў руках і паспрабавала рваць. Дзе там! Чарнышэвіч.

•••

Дзе; дзе ўжо; дзе (ужо) толькі (з адмоўем пры дзеяслове) — усюды, у многіх мясцінах. Дзе ўжо я толькі не бываў!

Дзе і Макар коз не пасе — недзе вельмі-вельмі далёка.

Дзе наша не прападала гл. прападаць.

Дзе папала гл. папасці.

Дзе (толькі) ногі ўзяліся гл. ногі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)