марнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.

1. што. Траціць без карысці, марнатравіць. Марнаваць грошы. Марнаваць час. □ Я не для бас, паны, о не, Свае дні лепшыя марную, — У вечнай з мукамі вайне Жыву і радасці не чую. Купала.

2. каго. Мучыць, стамляць. [Антаніна:] — Дакуль гэта, дзеўка, ты будзеш сябе марнаваць? Не ў адной цябе такое няшчасце. Васілевіч. Я цэлымі днямі не выходзіў з Мальвінінага пакойчыка і ўсё паўтараў, што так марнаваць сябе не трэба. Сачанка. Сапраўды, Міхал не любіў пераліваць з пустога ў парожняе, не любіў марнаваць людзей бясконцымі прамовамі. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

матля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

Разм.

1. чым. Тое, што і матаць ​1 (у 2 знач.). Жэнька сядзіць у дваровым садку на лавачцы, есць .. хлеб і матляе нагамі. Лужанін. Ззаду фыркалі і матлялі галовамі, адбіваючыся ад камароў, коні. Новікаў.

2. што. Часта рухаць з боку ў бок; хістаць. Вецер матляў мокрыя, цяжкія ад дажджу крысы паліто, зрываў шапкі. Васілеўская. Плуг выскокваў з баразны, матляў.. [Марыйчына] худзенькае цельца, нібы былінку. Місько. / у безас. ужыв. Коні ўсё набіралі бег, усё ляцелі, калёсы кідала, матляла так, што сэрца як не разрывалася. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзець, дзену, дзенеш, дзене; зак., каго-што (ужываецца з прысл. «дзе», «недзе», «куды», «некуды»).

Разм.

1. Палажыць куды‑н. так, што цяжка знайсці. Куды ты дзеў маю кнігу?

2. Змясціць куды‑н., знайсці для каго‑, чаго‑н. месца, прытулак і пад. — Куды ж вы .. [трусоў] дзенеце? У вальер да ўсіх? Ракітны. [Люба] пачала звязваць лахманы, каб цяпер увечары, без людскіх вачэй, вынесці іх адгэтуль назаўсёды і дзе-небудзь дзець іх. Чорны. // Выкарыстаць, патраціць. Некуды дзець час. Некуды дзець грошы.

•••

Дзець некуды (няма куды) — надта многа.

Некуды (няма куды) вачэй дзець — пра пачуццё сораму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каўту́н, ‑а, м.

1. толькі адз. Хвароба скуры на галаве, пры якой валасы зблытваюцца і зліпаюцца. Галава .. [пані Даміцэлі] з прычыны каўтуна абкручана палатнянай наміткаю. Колас. // Хвароба скуры ў коней (звычайна пад грывай).

2. Зблытаны, збіты пук валасоў, поўсці і пад. [Міхаська] успомніў, як калісьці дзед расказваў пра ласак, маленькіх вёрткіх звяркоў, якія вельмі любяць бегаць па конях, заплятаючы ў каўтуны ім грывы. Рылько.

3. толькі мн. (каўтуны́, ‑оў). Разм. пагард. Валасы. — Давялося пайсці на грэх: тузануў я .. [гаспадыню] за кудлы, ды так з тымі каўтунамі, што асталіся ў руцэ, і падаўся ў вішняк. Кулакоўскі.

[Ад казах. калтук — пучок валасоў.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зава́ла, ‑ы, ж.

1. Прыстасаванне ў форме металічнага стрыжня або палкі для запірання дзвярэй. Жудро і Макарэнка зачыніліся на замок і завалу. Новікаў. Баніфацый імгненна зачыніў дзверы і наклаў завалу. Чарнышэвіч. У сенцах зноў заскрыпелі дзверы, грукнула адкінутая завала знадворных дзвярэй. Краўчанка.

2. Тое, што і завал (у 1 знач.). У гэту ноч яму [Грысю] з Модарам загадана зрабіць завалу на адной важнай дарозе. Кулакоўскі.

3. перан. Лянівы чалавек; лежабок. — Ну і народ, каб ён апрогся! Так запусціць зямлю нядбала? Не гаспадар быў, а завала! — Антось стаіць, штось разважае. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навастры́цца, ‑ваструся, ‑вострышся, ‑вострыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пасля наточвання зрабіцца вострым. Піла добра навастрылася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Стаць, зрабіцца больш адчувальным (пра органы пачуццяў).

3. перан. Разм. Стаць, зрабіцца больш уважлівым; насцеражыцца. — Ой, Мішка, што нядаўна было! — Сяргей аж за галаву схапіўся. — Што? — навастрыўся Міша. Курто.

4. Разм. Набыць уменне, спрыт, стаць спрактыкаваным у чым‑н. У адной хаце славіўся на ўсё сяло пчаляр, які так навастрыўся ў пчалярскай справе сваёй, што нават гаварыць з пчоламі ўмее. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назначэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. назначаць — назначыць.

2. Распараджэнне, пастанова аб прызначэнні на якую‑н. пасаду, работу. Атрымаць назначэнне. □ Дэсант лічыўся разгромленым, і .. [камандзір] чакаў новага назначэння. Чорны. // Разм. Дакумент, які пацвярджае прызначэнне на пасаду, работу. У кішэні ляжала назначэнне на новую работу.

3. Асноўная функцыя, роля каго‑, чаго‑н. Атрад асобага назначэння. // Мэта, прызначэнне каго‑, чаго‑н. Мець сваё назначэнне. □ Сваё галоўнае назначэнне, як настаўніка, Лабановіч вызначаў так: абудзіць у вучнях і выклікаць да дзеяння крытычны розум. Колас.

4. Прадпісанне ўрача. Доктар Сільвановіч запісваў у картачку назначэнне хвораму. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напе́рці, ‑пру, ‑прэш, ‑прэ; ‑пром, ‑праце; пр. напёр, ‑перла; заг. напры; зак.

Разм.

1. Штурхаючы, націснуць на каго‑, што‑н. Наперці на дзверы. Наперці на людзей.

2. чаго. Прынесці, прывезці ў вялікай колькасці чаго‑н. Наперці дроў з лесу.

3. чаго. Напхаць у вялікай колькасці чаго‑н. Наперці вопраткі ў шафу.

4. безас. каму. Вельмі спатрэбіцца, прыспічыць. — Я, пане Арлоўскі, ноччу са Слуцка ехаў, не спаў, а вам разлічыцца са мной цяжка, бо валі спаць хочацца. А мне хіба не хочацца? Ды мне грошы трэба. — Ай-яй! Так ужо вам наперла, пане Ашакевіч. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наўсця́ж, прысл. і прыназ.

1. прысл. Ва ўсю даўжыню чаго‑н. І гудуць касілкі, Свішчуць тонка косы, І наўсцяж кладуцца Роўныя пракосы. Астрэйка.

2. прысл. На ўсёй прасторы, ва ўсіх напрамках; навокал. І ўся зямля наўсцяж — Законны наш спажытак. Колас. А жыта красуе, а жыта красуе, Каб потым наўсцяж палавецы.. Кляўко.

3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «наўсцяж» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на прадмет, уздоўж па лініі якога што‑н. размяшчаецца, рухаецца. Самалёты, як развярнуліся, так і паляцелі наўсцяж дарогі, на захад, на гарадок. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недалу́жны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Слабы, хваравіты. Быў гэты певень крыху недалужны, кульгаў на адну нагу. Лынькоў. // Бяссільны. Пакуль пануе звон ланцужны, То твой пратэст — крык недалужны. Колас.

2. Непрыглядны, няскладны, няўклюдны. З выгляду [чалавек] так сабе — недалужны, затое на язык бойкі: за словам у кішэню не лезе. Якімовіч. // Недарэчны, сказаны не да месца. [Лясніцкі] хацеў быў перавесці.. [Нініны словы] на жарт, але замест гэтага вырваўся з вуснаў недалужны дакор. Зарэцкі.

3. перан. Недалёкі, прастакаваты. [Рыбаку] на хвіліну здалося, што Партноў.. нейкі недалужны блытанік, але тут жа ён здагадаўся: следчы хоча заблытаць яго. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)