апаві́ць, апаўю, апаўеш, апаўе; апаўём, апаўяце; зак., што.
1. Абматаць, абкруціць што‑н. чым‑н. Апавіць галаву стужкай. // Размясціць вакол чаго‑н., абкружыць. Здаецца, недарэчным было да гэтых вочак-васількоў, да льняных кудзеркаў, што вянком апавілі твар яе [Ганнін] белы, браўнінг пры поясе, маленькая карабінка за плячыма, кулямётная стужка цераз плячо... Нікановіч. // Аплесці сабой (аб раслінах).
2. перан. Пакрыць з усіх бакоў, ахугаць; заслаць (дымам, туманам). Лісце алае засыпае роў, Пушчу чорную апавіў туман. Караткевіч. Ціхі ночы спакой усё наўкол апавіў. Гурло. // Ахапіць, абняць (пра пачуцці). Невыразна лёгкі, як дымок, сум апавіў сэрца. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аб..., прыстаўка (гл. а... 1).
1. Ужываецца замест «а... 1»: 1) перад галоснымі: абысці, абыграць, абымшыць, абумовіць, абучыць, абярнуцца; 2) у некаторых выпадках перад зычнымі: абняць, абдумаць, абвешаць, абвесці, абжаць.
2. Ужываецца ў некаторых выпадках нароўні з прыстаўкай «а... 1» перад зычнай: абгарадзіць, абкарыць, абпаліць, абкантаваць, (параўн. агарадзіць, акарыць, апаліць, акантаваць).
3. Ужываецца для ўтварэння дзеясловаў са значэннем прычыніць страту каму‑н. у працэсе дзеяння: абважыць, абмераць, аблічыць, абхітрыць.
4. Ужываецца для ўтварэння дзеясловаў са значэннем не ўлічыць, абысці каго‑, што‑н. пры размеркаванні чаго‑н.: абдзяліць, абмінуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
круцёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм.
1. Назва розных прадметаў, прыстасаванняў, якія круцяцца. У другой грамадзе народ акружыў чалавека з круцёлкаю і пазіраў, як прабаваў хто шчасця. Колас. Сям-там скрыпеў журавель або тарахцела круцёлка над студняй. Брыль. [Шыковіч] дасканала ведаў усе старажытныя канструкцыі сялянскіх замкоў — круцёлак, засовак, зашчэпак. Шамякін.
2. Легкадумны, ветраны чалавек (пераважна пра жанчыну). Збіраўся нават раскрычацца [Арцём Ісакавіч] на гэтую бессаромную круцёлку, якая — на табе — знайшла час распытваць аб розных глупствах, ды ў каго распытваць! Лынькоў. [У Веры Андрэеўны] ўжо складаўся вобраз Тамары — хлуслівай круцёлкі, якая хоча ашукаць яе сына. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кале́цтва, ‑а, н.
1. Пашкоджанне арганізма, якое робіць цяжкім або немагчымым яго нармальнае функцыяніраванне. [Арлоўскі] радаваўся, што, не зважаючы на цяжкае калецтва, ён яшчэ патрэбен людзям. Паслядовіч. Нават каб і мог ён [Зыгмунт] дзе-небудзь знайсці работу, дык не можа з-за свайго калецтва стаць на яе. Чорны. // Псіхічны стан арганізма з такім пашкоджаннем. Ласкавасць ад усяго свету, а не ад аднаго толькі чалавека, выратуе дзіцячую душу ад псіхалагічнага калецтва. Чорны.
2. Калечанне, знявечанне. Пасля калецтва прыкра было бачыць князю кухара з заткнутым вухам, і ён ніколі ўжо не гукаў яго на параду аб стравах. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
камуні́зм, ‑а, м.
1. Найвышэйшая грамадска-эканамічная фармацыя, якая гістарычна прыходзіць на змену капіталізму, грунтуецца на грамадскай уласнасці на сродкі і прадукты вытворчасці і мае дзве фазы развіцця: сацыялізм і камунізм. // Другая фаза гэтай фармацыі. Сацыялізм паступова пераходзіць у камунізм..
2. Вучэнне марксізма-ленінізма аб пралетарскай рэвалюцыі і пабудове камуністычнага грамадства.
•••
Ваенны камунізм — часовая эканамічная палітыка Савецкай улады ў перыяд Грамадзянскай вайны 1918–1920 гг., выкліканая цяжкасцямі ваеннага часу.
Навуковы камунізм — тое, што і камунізм (у 2 знач.).
Першабытны камунізм — грамадскі дакласавы лад першабытнай родавай абшчыны з агульнай уласнасцю на сродкі і прадукты вытворчасці.
[Ад лац. communis — агульны, усеагульны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зразуме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.
1. Засвоіць сэнс, змест чаго‑н.; асэнсаваць. Зразумець тлумачэнне настаўніка. □ Алеся зразумела жарт і пакрыўджана змаўчала. Шамякін.
2. Здагадацца ці даведацца аб чым‑н.; усвядоміць што‑н. Зразумець сваю памылку. □ У Ліды пахаладзела сэрца: яна адразу ўсё зразумела. Сяргей памёр. Шамякін. У хату зайшла маці. Глянула на пабітае акно і адразу ўсё зразумела. Рылько.
3. Пазнаць, распазнаць чалавека, разабрацца ў яго думках, поглядах, учынках. І не ведаў яшчэ Алёша, што ніколі не зразумее ён гэтага чалавека. Чорны.
•••
Даць зразумець гл. даць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лагі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да логікі (у 1 знач.). Лагічныя катэгорыі. Лагічны метад.
2. Заснаваны на законах логікі; які адпавядае законам логікі. Лагічнае мышленне. □ Было нешта падобнае на праўду ў падасланым лісце. Аб гэтым гаварылі лагічныя довады, з якімі нельга было не пагадзіцца. Лынькоў. // Выяўлены, устаноўлены з дапамогай законаў логікі. Лагічная памылка.
3. Абумоўлены самім характарам, унутранай заканамернасцю чаго‑н.; непазбежны, заканамерны. Само сабою, як лагічны вынік, як завяршэнне ўсіх думак і разважанняў, узнікла адно простае і шчырае пытанне. Кулакоўскі.
4. Паслядоўны, разумны. Быць лагічным. Лагічны ўчынак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лёд, лёду (ільду); мн. льды (ільды), ‑оў; м.
Вада, якая замерзла і перайшла ў цвёрды стан. Тонкі лёд на застылай лужыне праламаўся, разляцеўся мокрымі льдзінкамі. Шыцік. Сонца залаціла стрэхі і тонкія іголкі лёду. Чорны. // толькі мн. (льды́, ‑оў). Вялікая колькасць ільдзін; суцэльны лёд. Вечныя льды. Палярныя льды.
•••
Сухі лёд — цвёрдая вуглекіслата, якая прымяняецца як ахаладжальны сродак.
Біцца як рыба аб лёд гл. біцца.
Зімой лёду не дастаць у каго гл. дастаць.
Лёд крануўся — пра пачатак якога‑н. дзеяння, руху.
Разбіць лёд гл. разбіць.
Як лёду — роўна, якраз, не больш і не менш.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ло́гіка, ‑і, ДМ ‑гіцы, ж.
1. Навука аб законах і формах мыслення. Фармальная логіка. Дыялектычная логіка. Матэматычная логіка.
2. Ход разважанняў, вывадаў. У выступленні Тамары менш было запалу і рашучасці, затое логіка якая! Ермаловіч. // Правільнасць, разумнасць мыслення. [Міхал] ніколі не вызначаўся асаблівай выдатнасцю логікі ў думках. Чорны. Фронт быў ад нас яшчэ за сотні кіламетраў, але насуперак логіцы ўсім захацелася пачуць у гэтых выбухах грукат сваёй артылерыі. Карпюк.
3. Унутраная заканамернасць. Логіка рэчаў. □ Дзіўныя справы .. захапляюць мяне сваёй навізной, такім незвычайным для нашага жыцця паваротам падзей і логікай з’яў. Быкаў.
[Грэч. logikē.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маладо́сць, ‑і, ж.
1. Юнацкі ўзрост, маладыя гады жыцця. Дзяцінства .. [Строніна] і першая маладосць прайшлі бесклапотна. Чорны. Маладосць, як бы яна ні была пражыта, ніколі не пакідае нас. Скрыган. // Якасць і ўласцівасць маладога (у 1 знач.), малады выгляд. На некаторы час у пані Ганны прапала зайздрасць да маладосці і прыгажосці Стэфкі. Бядуля.
2. Нядаўняе, непрацяглае існаванне чаго‑н. Маладосць дзяржавы.
•••
Другая маладосць — аб прыліве новых сіл, творчай энергіі, узнікненні пачуцця кахання ў пажылыя гады.
Не першай маладосці — не маладых гадоў, сталага ўзросту; сярэдніх год.
Па маладосці гадоў — з-за недастатковай сталасці, па нявопытнасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)