паткну́цца, ‑ткнуся, ‑ткнешся, ‑ткнецца; ‑ткнёмся, ‑ткняцеся; зак.
Разм. Сунуцца, паказацца куды‑н. Жанкі з дзецьмі былі на агародах, баючыся паткнуцца ў вуліцу. Чорны. — Мы ім дамо пытлю, няхай толькі паткнуцца! — гулі мужчыны. Грахоўскі. — Ой, Волька, як жа на вуліцу выйсці, — бядуе Уля. — Людзі пальцамі паказваць будуць... — І раптам крык: — Ну, няхай яшчэ раз паткнецца ў нашу хату — кіпнем аблію! Паўлаў. // перан. Паспрабаваць што‑н. зрабіць, памкнуцца. Паткнуцца сказаць сваё слова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кругля́к, ‑а, м.
1. Абрубак дрэва, кароткае тоўстае палена акруглай формы. Парэзаць бервяно на круглякі. □ Падбліжалася грамада рабочых, якія цягнулі на кругляках здаровую роўную хваіну. Гартны.
2. зб. Нячэсанае круглае бярвенне як будаўнічы матэрыял. На хутары стаялі чатыры прасторныя хаты, пуні і гумны з тоўстага кругляка. Грахоўскі. Побач.. здаровая, вялікая хата з смольнага кругляка. Чорны.
3. Разм. Пра тоўстага, круглага чалавека. Але гэта яшчэ дзед быў! Ружовы, белабароды кругляк. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ры́цца, рыюся, рыешся, рыецца; незак.
1. Капацца ў чым‑н. рыхлым, сыпкім (пра жывёл). Мыкалі каровы, на прызбах грэбліся куры, каля платоў рыліся парсюкі. Грахоўскі.
2. перан. Разм. Перабіраць, перакладваць, шукаючы што‑н. Неўзабаве ноччу прыйшлі рабіць вобыск: перавярнулі кнігі, рыліся ў рукапісах і забралі іх з сабою. С. Александровіч. У сваім кабінеце застаў Гаварушку. Той, не чакаючы прыходу Шэмета, рыўся ў шуфлядзе стала. Калі ўбачыў, засунуў прыскрынак і ўсхапіўся. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэпраду́кцыя, ‑і, ж.
1. Перадрукоўванне малюнка, карціны, чарцяжа і пад. паліграфічнымі або фатаграфічнымі сродкамі.
2. Перадрукаваны малюнак, карціна ці фотаздымак. На сцяне вісела рэпрадукцыя з рэпінскай карціны. Грахоўскі. Пані .. падышла да адной карціны і расчаравана ўскрыкнула: «Дык гэта ж вісіць у мяне на кватэры ў Вільні!» — Тут арыгінал, а ў вас — рэпрадукцыя! — тлумачу ёй. Карпюк.
3. Узнаўленне чаго‑н., што захавалася ў памяці.
4. Узнаўленне, размнажэнне племянной жывёлы ці сартавога насення.
[Ад лац. re — зноў і productio — ствараю, раблю.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спусто́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад спустошыць.
2. у знач. прым. Зруйнаваны, разбураны. Назаўтра Мікола блукаў па спустошаным і спаленым горадзе, шукаў знаёмых. Якімовіч. // Неўрадлівы (пра глебу). Поле панскае аралі, Секлі [беднякі] тоўстыя камлі І без хлеба паміралі На спустошанай зямлі. Грахоўскі. // перан. Які страціў маральныя сілы, здольнасць да актыўнага, творчага жыцця. Нейкі асаблівы, востры напал ва ўзрушанасці Варановіча працяў і .. [Тодара], ён разам адчуў сябе перад Варановічам бездапаможпым, спустошаным. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
су́вязны 1, ‑ая, ‑ае.
Які звязвае, аб’ядноўвае што‑н. Сувязнае звяно.
сувязны́ 2, ‑ая, ‑ое.
Які наладжвае, падтрымлівае сувязь з суседнімі воінскімі часцямі. Сувязны самалёт. Сувязны афіцэр. // у знач. наз. сувязны́, ‑о́га, м.; сувязна́я, ‑о́й, ж. Там [на ўскраіне горада] выявілася, што няма групы Карпілава. А каля могілак яшчэ не сціхаў бой. Камандзір паслаў сувязнога. Грахоўскі. Шкада .. [Машы] стала ног, нібы яны — самае галоўнае, што спатрэбіцца ёй у рабоце разведчыцы. Ногі патрэбны мне, сувязной. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сусе́дства, ‑а, н.
1. Блізкасць з кім‑, чым‑н. па месцу жыхарства. Камсамолкі з інтэрната № 2 узялі шэфства над хлопцамі, што пасяліліся па суседству з імі. Грахоўскі. [Некрашэвічы і Нарбутовічы] жылі па суседству, але ў хату адзін да аднаго не заходзілі. Чарнышэвіч. // Блізкасць, сумежнасць з кім‑, чым‑н. па месцу знаходжання, размяшчэння. Стаіць .. [хата] наводшыбе і ў блізкім суседстве з хмызняком ускрай балота. Колас. Суседства з рынкам прыносіла і нямала забаў. Бачыла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
су́чча, ‑а, н., зб.
Сукі. Апалае лісце пазграбана ў кучкі, на іх ляжыць зрэзанае сухое сучча. Грахоўскі. Цяпер не стала і бяроз. Абгарэлае, абпаленае сучча нязграбна чарнела на вячэрнім блакіце неба. Лынькоў. // Тое, што і галлё. Распусціўшы сучча, У глухім прыволлі, Сам адзін расце ён На далёкім полі. Купала. // Тое, што і хвораст. Толькі назад ішла .. [Іваніха] яшчэ цішэй, і за спінай у яе пагойдвалася ў такт хадзе вязанка дробнага сучча. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчэ́бет, ‑у, М ‑беце, м.
Спеў шчыглоў, ластавак і некаторых іншых птушак. На світанні яны [палескія лясы] звіняць птушыным шчэбетам, пераклікаюцца глухім перастукам дзятлаў і буркатаннем дзікіх галубоў. Грахоўскі. Шчэбетам сустрэлі [ластаўкі] Родны край з дарогі. На тэлеантэне Пасядзелі трохі. Калачынскі. // перан. Гучны, хуткі, ажыўлены гоман, размова. Дзеці рассыпаліся па лесе і агаласілі яго сваім крыкам і шчэбетам. Колас. / у перан. ужыв. Сталы стаялі ўпрытык. Ад металічнага шчэбету машынак можна было аглухнуць. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
навылёт і навы́лет, прысл.
1. Праз усю таўшчыню чаго‑н. За змену целагрэйкі прамакалі навылёт і пачыналі пахнуць нейкаю балотнаю тхлінай. Грахоўскі. На кажуху, блізка адна ад адной, былі дзве невялікія дзіркі — асколак прайшоў навылёт. Шахавец. Юначае сэрца навылет Прастрэліў фашысцкі свінец. Прануза.
2. Без перапынку на працягу якога‑н. часу. І выдумшчык самых прываблівых нот, Спяваў салавейка ўсю ноч навылёт. Агняцвет. Навылет ночы я сядзеў за працай. Клімковіч.
•••
Бачыць навылёт (навылет) гл. бачыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)