паваро́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн.так; ж.

1. Дарога, якая адыходзіць у бок ад асноўнай магістралі. Неўзабаве паказалася паваротка ў Ліпск. Старшы механік прытармазіў і паволі з’ехаў з шашы на палявую дарогу. Паслядовіч. Перад.. [Шрэдарам] была брукаваная паваротка і надпіс на слупе: «На Сумлічы. Шэсць кіл[а]метраў». Чорны.

2. Разм. Тое, што і паварот (у 2 знач.). Паваротка, яшчэ раз паваротка, і дарога ўразаецца ў стары лес. А. Александровіч.

•••

Зрэзаць паваротку гл. зрэзаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паво́дзіцца, ‑водзіцца; безас. незак.

Разм.

1. Жыцца; складвацца (пра ўмовы жыцця, працы і пад.). Букрэй разгаварыўся з Панасам, распытваў яго, як паводзілася ў палякаў, што ён чуў там і бачыў. Колас. [Нахлябіч] хацеў ужо ісці далей, але Пніцкі перапыніў яго: — Ну, як вам паводзіцца? Чорны.

2. Быць прынятым. Так у нас паводзіцца. Паводзіцца здаўна.

3. Разм. Тое, што і паводзіць сябе (гл. паводзіць). Гэта сапраўды было ўсё. Цяпер .. [Алесь] не мог паводзіцца, як раней. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пага́нец, ‑нца, м.

Разм. лаянк.

1. Вельмі дрэнны, подлы чалавек. [Доктар:] — Колькі людзей праз гэтага паганца загінула, падумаць страшна. Грахоўскі. // Наогул пра каго‑н. непаслухмянага, надакучлівага і пад. [Жанчына:] — Колькі я цябе буду клікаць! Ну, паганец, не прыходзь дамоў! Я табе дам! Шамякін. Навёў тэадаліт — а гнус той слепіць вочы. Ну так і лезе дрэнь у нос, у рот, У вушы, за каўнер залазіць абармот. І не дасі паганцу рады. Корбан.

2. Уст. Нехрысціянін, чалавек іншай веры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падплы́сці, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. падплыў, ‑плыла, ‑плыло; зак.

1. Плывучы, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Падплысці да берага. Падплысці да вострава. □ Падплыла рыба, павісла нерухома, паводзячы плаўнікамі, як сом вусамі. Шыцік.

2. Заплысці пад што‑н. Падплысці пад мост.

3. Разм. Аказацца на вадзе або на якой‑н. іншай вадкасці; падмокнуць. А бывала і так, што высахне сена, толькі б яго зграбаць, а дождж як ліне, дык падплыве ўсё. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазы́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што і чаго.

1. Даць каму‑н. што‑н. у доўг. [Язэп:] — Калі вам так патрэбны грошы, дык я вам пазычу. Бядуля.

2. Узяць у каго‑н. што‑н. у доўг, на час. Маці кінулася да суседзяў, каб пазычыць у каго сена. Якімовіч. Тым часам бацька бегаў па хатах, каб дзе пазычыць калёсы на жалезным хаду. Сабаленка.

•••

У сабакі вачэй пазычыць (пазычыўшы) — згубіць сумленне, пачуццё сораму, уласнай годнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакамячы́ць, ‑мячу, ‑мечыш, ‑мечыць; зак., што.

1. Скамячыць, памяць. Пакамячыць бялізну. □ Мяжэнны, скінуўшы з сябе коўдру, пайшоў да шафы, каб адразу прыфранціцца, але счакаў: пакуль ехаць, .. касцюм можна пакамячыць. Гроднеў.

2. Камячыць некаторы час. Кінуўшы паламаны аловак на карту, выйшаў з-за стала Грай, адкашляўся, пакамячыў у пальцах недакурак, сплюнуў у кут. Мікуліч.

3. Абл. Сціснуць (пра кулакі). А дзядзька кулакі пакамячыў, і так туга, туга пакамячыў іх, ды падступіўся да мяне. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Зак. да слухаць.

2. і без дап. Слухаць некаторы час. Мы летуцелі ўсе аб тым, каб сесці ў засень на хвіліну, паслухаць, як шумяць лісты ў зялёных, пышных верхавінах... Дубоўка. Чалавек прыткнуўся да дрэва плячыма і астаўся так паслухаць і паглядзець. Чорны.

3. заг. паслу́хай(це). Ужываецца пры звароце да каго‑н. звычайна ў пачатку фразы, каб прыцягнуць увагу. Я таргануў за рукаў кулямётчыка: — Паслухайце, таварыш! Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’емся, ‑б’яцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разбіцца — пра ўсё, многае. Перабіліся талеркі.

2. Разм. Перажыць нястачу, цяжкасці; сяк-так пражыць, абысціся некаторы час без чаго‑н.; перакідацца. — На людзях і гора не такое горкае. Як будуць усе жыць, гэтак і мае [родныя] пераб’юцца, — сказаў я Марынічу. Сабаленка. [У вёсцы] пражыць танней, можна было не чапаць пенсіі за летнія месяцы, перабіцца на дамашнім хлебе і на бацькоўскім крупніку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабудава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., што.

1. Унесці змены ў будову чаго‑н., пабудаваць іначай. Перабудаваць прадпрыемства. □ Неўзабаве зноў прыехаў малады цясляр. — Трэба, — кажа, — дом нанава перабудаваць. Іначай нічога не будзе. Якімовіч.

2. Унесці змены ў сістэму, арганізацыю, парадак чаго‑н. Перабудаваць працу школы. Перабудаваць кіраўніцтва прамысловасцю. Перабудаваць лекцыю. □ [Пауль] прачытаў гэтыя словы па-руску, пераклаў на нямецкую мову, перабудаваў нямецкі сказ так, каб ён гучаў найбольш прыгожа. Шамякін. // Змяніць карэнным чынам. Перабудаваць свет. Перабудаваць жыццё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

першапачатко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Самы першы, пачатковы, зыходны. Першапачатковы план падарожжа. Аднавіць першапачатковы тэкст. □ Першапачатковы спалох праходзіў, вярталася .. [Таццяніна] звычайная ўпэўненасць і рашучасць. Шамякін. // Які быў раней, былы. Першапачатковы выгляд. Страціць першапачатковую форму. □ [Настаўніку] вельмі падабаліся такія гутаркі з гэтымі простымі людзьмі, якія яшчэ так мала адышліся ад часоў першапачатковай людской культуры. Колас.

2. Які з’яўляецца пачаткам, першай ступенню чаго‑н. Першапачатковы перыяд хваробы. Першапачатковая апрацоўка льну. Першапачатковы ўлік.

3. Самы просты, элементарны. Развіццё першапачатковых навыкаў чытання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)