геро́й, ‑я, м.

1. Чалавек, які зрабіў подзвіг, робіць подзвігі. Герой грамадзянскай вайны. Слава героям. □ Народ таго заве героем, хто б’е фашыстаў смертным боем. З нар.

2. Галоўная дзеючая асоба літаратурна-мастацкага твора. Героі рамана. Героі апавяданняў Коласа. Герой кінааповесці.

3. чаго. Чалавек, які з’яўляецца тыповым прадстаўніком пэўнай эпохі, асяроддзя. Герой нашага часу.

4. чаго. Пра таго, хто чым‑н. вылучыўся, звярнуў на сябе ўвагу. Герой дня. Героі пяцігодкі. □ Героя працы — бацьку, машыніста Насіла моладзь на руках. А. Александровіч.

5. Легендарны правадыр, асілак старажытнагрэчаскай міфалогіі.

•••

Герой Савецкага Саюза — ганаровае званне, якое прысвойваецца ў СССР за выключную доблесць і гераізм.

Герой Сацыялістычнай Працы — ганаровае званне, якое прысвойваецца ў СССР за выдатныя дасягненні ў галіне народнай гаспадаркі і культуры.

[Грэч. hērōs.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’я́ва, ‑ы, ж.

1. Усякае праяўленне чаго‑н. у выглядзе змен, рэакцый і пад. Фізічная з’ява. Хімічныя з’явы. З’явы прыроды. □ Снежная маланка — з’ява досыць рэдкая, і ўбачыць яе ўдаецца далёка не кожнаму. Матрунёнак. // У філасофіі — знешняе выяўленне сутнасці, знешняя форма, у якой прадметы, працэсы рэчаіснасці выступаюць на паверхні.

2. Падзея, факт, выпадак. Яшчэ адна з’ява, што так глыбока запала ў душу Сяргея і так моцна ўскалыхнула яе, — гэта смерць камандзіра іх батарэі. Колас. // Пра што‑н. выдатнае, адметнае ў навуцы, культуры. Класіка на акадэмічнай беларускай сцэне — гэта ж з’ява. «ЛіМ».

3. Частка драматычнага твора — акта або дзеі, у якой склад дзеючых асоб не мяняецца. Першая з’ява другога акта.

•••

Бытавая з’ява — пра якую‑н. з’яву, якая стала штодзённай, звычайнай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

све́тач, ‑а, м.

1. Уст. Тое, што і дзед ​3. Датлела ў светачы лучына, Памалу вочы жмурыць сон. Танк. Здавалася тады, што ў хаце ля стала гарыць у светачы смаляны агарак. Пташнікаў.

2. перан. Пра тое, што з’яўляецца носьбітам праўды, свабоды, культуры і пад. Як магутная сіла сусветнай сацыялістычнай садружнасці, як несакрушальная цытадэль міжнароднай салідарнасці, як светач міру і сацыяльнага прагрэсу ўзвышаецца сёння наша вялікая Радзіма — правобраз будучага сусветнага брацтва працоўных. Машэраў. О радзіма! мой светач цудоўны, адзіны, Явар мой, мой агністы снягір на сасне. Караткевіч.

3. перан. Пра таго, хто нясе з сабою ісціну, асвету, свабоду і пад. На разняволенай зямлі Шлях асвятліў нам светач вечны: І Правадыр, і Чалавек, І мудры, і сардэчны. Пушча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сула́1 ’бярозавы сок’ (ігн., воран., Сл. ПЗБ). З літ. sulà ’тс’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 73).

Сула́2 ’гурт жанчын, якія ўдзельнічаюць у абрадзе ваджэння стралы/сулы’ (усх.-палес., СіБФ, 1986, 45), ’абрадавае дзеянне ў выглядзе доўгай змейкі гуляючых, якая скручваецца ў тугі клубок’ (добр., Земляроб. каляндар), ’абрадавы кіёчак, які пускаюць у раку пры ваджэнні сулы’ (гом., бран.). Паводле Вінаградавай (Язык культуры, 230), назва паходзіць з фальклорнага тэксту, які суправаджае абрад (“Ой лятить сула да й удоль села”), дзе сула можа чаргавацца са страла (гл. страла3), што дае падставы звязаць яе са стараж.-рус. сула, сулица ’кароткае кідальнае кап’ё’ (гл. суліца), гл. Антропаў, Веснік ЕДУ, 1987, 1, 56. Сумніўная генетычная сувязь з рум. (малд.) sul ’вясенні абрад провадаў (пахавання) зробленай з дэталяў ткацкага стана лялькі’ (< рум. sul ’вал ткацкага стана’), гл. Г. И. Кабакова. Этногенез, ранняя этническая история и культура славян. М., 1985, 54–55.

Су́ла ’рыба судак’ (калінк., Арх. ГУ), заўвага пра гандаль рыбай: “из Малороссіи разныя рыбы, особливо сула” (Меер Крыч.). Параўн. укр. сула́ ’судак, Lucioperca lucioperca L.’, рус. сула́ ’тс’, славац. šúl, šula ’тс’, серб.-харв. šulj ’тс’, балг. сула ’шчыпоўка’, сулка ’судак’. Запазычанне з цюркскіх моў, параўн. каракалп. сыла ’тс’, магчыма, таксама праз пасрэдніцтва венг. süllö ’тс’, гл. Каламіец, Рыбы, 116; Фасмер, 3, 799; ЕСУМ, 5, 471.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

по́мнік, ‑а, м.

1. Архітэктурнае або скульптурнае збудаванне ў знак ушанавання памяці якой‑н. асобы або падзеі. Пасярод плошчы узвышаўся помнік У.І. Леніну. Хадкевіч.

2. Збудаванне на магіле з граніту, мармуру і пад. ў памяць памёршага. Тут жа, побач, над брацкай магілай стаіць помнік. Бялевіч. [Хлопцы] зрабілі невялікую труну і на магіле паставілі помнік. Навуменка.

3. Прадмет матэрыяльнай культуры мінулага. Недалёка ад плошчы ўбачыў драўляную царкву, цікавы помнік народнага ўмельства. В. Вольскі.

4. Твор старажытнай пісьменнасці. Літаратурныя помнікі гэтага часу [канца 17 і 18 стст.] нешматлікія. Івашын. Калі новая рэдакцыя — гэта этап у літаратурнай гісторыі тэксту пэўнага твора, то новы помнік — гэта пэўны этап у гісторыі цэлага жанру. Чамярыцкі.

5. перан. Тое, што напамінае аб чыіх-небудзь справах. [Алеся:] — Вырастуць дрэвы і будуць помнікам тым, хто загінуў у імя гэтай перамогі... Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́мра, ‑ы, ж.

1. Адсутнасць святла, густы змрок; цемната. Вечар поле цемраю ахутае, Цьмяны месяц прыплыве здалёк. Загарыцца на маўклівым хутары Ледзь прыкметнай зоркай аганёк. Панчанка. Людзей ужо не было відаць у начной цемры. Паслядовіч.

2. перан. Культурная адсталасць; невуцтва. Царызм, баючыся ўздыму нацыянальнай самасвядомасці народаў, пазбаўленых дзяржаўнасці і палітычнай самастойнасць, бачыў сваю задачу не ў развіцці навукі і культуры на ўскраінах імперыі, а ў насаджэнні адсталасці і цемры сярод нацыянальных меншасцей. Суднік. Вы [камуністы] развеялі ўсю цемру, Што сляпіла вочы нам. Журба.

3. перан. Увасабленне зла, пакут, цемрашальства. Над логавам нямецкага фашызму быў узняты чырвоны сцяг перамогі святла над цемрай. Брыль. Чаму заўсёды ходзяць разам, Заўсёды разам — боль і радасць? Таму, што ёсць святло і цемра, Таму, што ёсць жыццё і смерць? Мацяш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міну́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўжо прайшоў, мінуў. Марыя з роспаччу паведаміла, што мінулай ноччу ў санчасці было трывожна. Кулакоўскі. Гнілая зіма мінулага года была асабліва цяжкаю для будаўнікоў. Ноччу ляпіў мокры снег, раскісалі дарогі, ледзяною карою абрасталі тросы пад’ёмнікаў. Грахоўскі. // Які быў раней, былы. Нібы зноў вярнуліся мінулыя радасці, мінулыя думы. Лынькоў. А тым часам перад Палінай праходзілі ўсе, адзін за адным, дні яе мінулага жыцця. Кавалёў.

2. у знач. наз. міну́лае, ‑ага, н. Тое, што прайшло, адышло; былое. Успомніць мінулае і параўнаць яго з цяперашнім, дык гэта — ноч і дзень, неба і зямля. Кулакоўскі. Аддаючы належнае народнаму мастацтву, многія дзеячы культуры разумелі, што нельга .. фарміраваць нацыянальны стыль, пакінуўшы без увагі багатыя мастацкая традыцыі мінулага. Шматаў. Лізу Сцяпан ніводнага разу не папракнуў мінулым. Корбан.

•••

Адысці ў мінулае гл. адысці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

геро́й, -я, мн. -і, -яў, м.

1. Храбры, самаадданы чалавек, які зрабіў, робіць подзвігі.

Г.

Вялікай Айчыннай вайны.

Г. працы.

2. Галоўная дзеючая асоба літаратурна-мастацкага твора.

Г. рамана.

3. чаго. Асоба, што ўвасабляе ў сабе характэрныя рысы эпохі, асяроддзя.

Г. нашага часу.

4. каго-чаго. Чалавек, які чым-н. вылучыўся, які з’яўляецца прадметам захаплення.

Г. дня.

Герой Беларусі — найвышэйшая ўзнагарода Рэспублікі Беларусь за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам.

Герой Савецкага Саюза — ганаровае званне, якое прысвойвалася ў СССР за выключную доблесць і гераізм.

Герой Сацыялістычнай Працы — ганаровае званне, якое прысвойвалася ў СССР за выдатныя дасягненні ў галіне народнай гаспадаркі і культуры.

Горад-герой — ганаровае званне, прысвоенае гарадам, насельніцтва якіх праявіла масавы гераізм і мужнасць у абароне Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Крэпасць-герой — ганаровае званне, прысвоенае Брэсцкай крэпасці за абарону і мужнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны.

|| ж. гераі́ня, -і, мн. -і, -раінь.

Маці-гераіня — ганаровае званне, якое прысвойвалася ў СССР шматдзетным маці, якія выхавалі не менш як 10 дзяцей.

|| прым. геро́йскі, -ая, -ае (да 1 знач.).

Г. ўчынак.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

подъём м.

1. (действие) падыма́нне, -ння ср., падніма́нне, -ння ср., падня́цце, -цця ср., пад’ём, -му м.; узніма́нне, -ння ср., узды́м, -му м.;

подъём тя́жестей падыма́нне (падніма́нне) цяжа́раў;

подъём воды́ в реке́ падня́цце (пад’ём) вады́ ў рацэ́;

во вре́мя подъёма на́ гору у час пад’ёму (падыма́ння, падніма́ння) на гару́;

подъём зя́би с.-х. пад’ём зя́бліва;

2. (рост, развитие) узды́м, -му м.;

подъём культу́ры узды́м культу́ры;

3. (побудка) пад’ём, -му м.;

затруби́ли подъём затрубі́лі пад’ём;

4. (об участке дороги) пад’ём, -му м.;

круто́й подъём круты́ пад’ём;

5. (часть ноги) усхо́д, -ду м., пад’ём, -му м.;

сапоги́ жмут в подъёме бо́ты ці́снуць у пад’ёме (на ўсхо́дзе);

6. (воодушевление) узды́м, -му м.;

арти́сты игра́ли с подъёмом арты́сты ігра́лі з узды́мам;

тяжёл на подъём ця́жкі на пад’ём;

лёгок на подъём лёгкі на пад’ём;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

эпо́ха, ‑і, ДМ эпосе, ж.

1. Вялікі прамежак часу ў развіцці прыроды, грамадства, навукі і г. д., які вызначаецца якімі‑н. характэрнымі асаблівасцямі. Савецкая эпоха. Эпоха Адраджэння. □ Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя адкрыла эпоху пераходу ад капіталізму да сацыялізма ў сусветным маштабе. «Звязда». // Асобны перыяд у гісторыі, развіцці якой‑н. навукі, віду мастацтва і пад. Яго [Я. Купалы] творчасць складае цэлую эпоху ў мастацкім развіцці беларускага народа, з’яўляецца славутай старонкай у гісторыі беларускай культуры. Івашын. // Перыяд у развіцці грамадства, звязаны з жыццём і дзейнасцю выдатнага чалавека. Эпоха Скарыны. Эпоха Пятра I.

2. У геалогіі — падраздзяленне геалагічнага перыяду. Верхняя эпоха мелавога перыяду мезазойскай эры.

3. У астраноміі — момант, з якога пачынаюць адлік часу, звязаны з рухам якога‑н. нябеснага цела.

•••

Сучасная эпоха — гістарычны перыяд пераходу чалавецтва ад капіталізму да сацыялізма і будаўніцтва камуністычнага грамадства, крушэння каланіялізму і перамогі нацыянальна-вызваленчых рэвалюцый.

[Ад грэч. epochē — прыпынак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)