пяць 1, ‑і, Т пяццю, ліч. кольк.

1. Лік і лічба «5». Пяць памножыць на два. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай «5». Пяць чалавек.

2. Тое, што і пяцёрка (у 2 знач.). Атрымаў пяць па матэматыцы.

•••

Ведаць як свае пяць пальцаў гл. ведаць.

Ні ў пяць ні ў дзесяць — не да месца; не так, як трэба, як хацелася.

пяць 2, пну, пнеш, пне; пнём, пняце; незак.

Разм. Напружваць, напінаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разагну́цца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; ‑гнёмся, ‑гняцеся; зак.

Выпрастацца, разагнуць спіну. Бабка Параска спыніла работу, разагнулася. З яе сухога, круглага твару пазбягалі маршчынкі. Яна засмяялася. Колас. Калі Гарбачэня разагнуўся, то крокаў за дзвесце ад сябе ўбачыў падгалістую ласіцу з ласянём, якая, відаць, прыйшла на вадапой. Гурскі. // Стаць простым, роўным (пра што‑н. сагнутае). Кручок разагнуўся. □ І на дзіва змяніўся чалавек: патлусцеў, раздабрэў на белых харчах так, што і спіна разагнулася. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбо́йнік, ‑а, м.

1. Той, хто займаецца разбоем, грабяжом. Разбойнікі хаваліся ў Дуброве і рабавалі людзей. Чарнышэвіч.

2. перан. Той, хто прычыняе фізічныя або матэрыяльныя страты каму‑н. Фашысцкія разбойнікі. □ [Язва:] Па вачах ён [Праменны] лірык, а так разбойнік. Вы яго асцерагайцеся. Крапіва.

3. Пра таго, хто часта любіць уступаць у бойку.

4. Ужываецца як лаянкавае слова. [Маці:] — Як ты пасмеў, разбойнік? Ты зноў прыйшоў спісваць урокі? Гамолка.

•••

Разбойнікі пяра — аб прадажных буржуазных пісаках.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгрэ́бці, ‑грабу, ‑грабеш, ‑грабе; ‑грабём, ‑грабяце; пр. разгроб, ‑грэбла і ‑грабла, ‑грэбла і ‑грабло; зак., што.

Адгрэбці ў розныя бакі, раскідаць што‑н. сыпкае, рыхлае. Дзеці разграблі салому і трэскі, нарысавалі кіёчкам «класы». Брыль. Гэта было зімою, сястра Настася разгрэбла снег і дастала барвенак. Хведаровіч. // Расчысціць ад чаго‑н. сыпкага, рыхлага і пад. Разгрэбці дарогу. □ Мірон разгроб пару шырэй, глыбей, так, каб агонь быў пад верхнім пластом зямлі. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак., што.

1. Пераламаўшы ў некалькіх месцах, падзяліць на часткі, на кавалкі. У гэтай бойцы .. [певень] разламаў ляшчоткі. Амаль зрошчаная нага зноў матлялася. Пальчэўскі. А разломіш напалам, .. [печаная бульба], як пірог, — хрусткая, белая, так і просіцца ў рот. Гамолка.

2. Разбурыць, разваліць. [Максім:] — Учора ўвечары перабраўся ў хату, а сёння разбурыў зямлянку... Ведаеце, з радасцю ... сам разламаў. Шамякін. Неяк напрадвесні Цялутка разламала загарадку, выбегла, падбрыкваючы, на двор. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхо́давацца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак. і незак.

1. Разм. Патраціць (траціць) свае сродкі на што‑н. Расходавацца на падарункі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Траціцца (патраціцца), ісці (пайсці) на што‑н. Прадукты расходуюцца неэканомна. □ Маладых сіл было многа; здавалася, ніколі не вычарпаеш іх, і расходаваліся яны так, як расходуе з восені заможны, але маладасведчаны і непрактычны гаспадар багаты збор ад свае нівы. Колас.

3. толькі незак. Зал. да расходаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падмыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Незак. да падмыць.

2. звычайна безас. Разм. Пра моцнае жаданне што‑н. рабіць (зрабіць). Але іншы раз .. [Ігнася] так і падмывала сарвацца з месца, з крыкам праімчацца ўздоўж платоў і збіць з ног якога-небудзь важнага сямікласніка. Чарнышэвіч. Азёр дзівосных бачыў я нямала, І калі чуў, як гучна славяць іх, Мяне часамі крыкнуць падмывала: «А вы да нас загляньце хоць на міг!». Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажада́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які патрэбны; які адпавядае інтарэсам, патрабаванням. Пажаданыя вынікі. Пажаданы кірунак падзей. □ Грушэўскі адчуў чамусьці непакой за сход: абмеркаванне даклада, а потым вылучэнне кандыдатур магло пайсці не ў пажаданым парадку. Карпюк.

2. Такі, якога чакаюць; жаданы. [Лабановіча і Тукалу] лічылі самымі вясёлымі і пажаданымі людзьмі, якія нікому нічога благога, апроч саміх сябе, не зрабілі. Колас. // Прыемны, мілы. Я лаўлю гэтак добра знаёмы і так пажаданы пах. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памярко́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Падатлівы, уступчывы, які лёгка прыстасоўваецца да іншых. [Макар:] — Я чалавек памяркоўны, жонцы амаль ніколі не пярэчу. Корбан. [Анэта] памяркоўная жанчына: усё сцерпіць, усюды змоўчыць. Васілевіч.

2. Які выяўляе мяккасць, цярпімасць; добразычлівы. Гарохам сыпле Богут словы, А самы тон яго прамоў То памяркоўны, то суровы. Колас. І так пачалася бяседа, спачатку памяркоўная, а пасля з грымучай гутаркай. Пестрак.

3. Які прытрымліваецца сярэдняй лініі, не схільны да крайнасцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неспазна́ны, ‑ая, ‑ае.

Не перажыты раней, незнаёмы. Мелодыя, як і ўсё на гэтым вечары, вядзе ў іншы свет, прывабны і неспазнаны, сама льецца ў душу. Навуменка. // Разм. Недаследаваны, нявывучаны. [Тацяна] яшчэ так мала ведае. А на свеце ж столькі ўсяго цікавага, неспазнанага. Васілёнак. / у знач. наз. неспазна́нае, ‑ага, н. Дзякуй табе, Манголія, за далеч і шыр, за кветкі і ўсмешкі, за трывогу і перамогу над ёй, за само шчасце — пазнаць неспазнанае! Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)