захо́длівы, ‑ая, ‑ае.

Абл.

1. Які робіцца, ствараецца з вялікай сілай, пачуццём і пад. [Клён] то ледзь варушыць асобнымі лістамі, то раптам заходзіцца, зашуміць ад дыхання ракі ўсім багатым шатром, і тады ўжо не так ляскоча ў вушах страснае і заходлівае крумканне жаб, ад якога аж звініць начное паветра. Ракітны. Іграе Андрэй Андрэевіч, ходзяць ходырам рукі, з імі ў руху вясёлым, заходлівым скачуць ногі. Лынькоў.

2. Які лёгка паддаецца раздражненням, часта заходзіцца ад плачу, гневу і пад. Заходлівае дзіця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́зці, вязу, вязеш, вязе; вязём, везяце; пр. вёз, везла і вязла; заг. вязі; незак., каго-што.

1. Перамяшчаць каго‑, што‑н. пры дапамозе транспартных сродкаў. Вязуць бярвенні гонкія У вёску вазакі. Бядуля. // Перапраўляць каго‑н. куды‑н. сілай. Калі [Віцю] везлі.. з турмы ў Нямеччыну, хлопец прарэзаў сценку.. у вагоне і зноў вярнуўся ў атрад. Брыль.

2. безас.; перан. Тое, што і шанцаваць. Не вязе, падумаў я, І за што гарую? Доля горкая мая — Халастым памру я. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пе́рыць ’з сілай, моцна біць па чым-небудзь’, ’выбіваць, праць бялізну пранікам’ (ТСБМ, Мал., Бір., Некр., Янк. 1, Шат., Сцяшк. Сл., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС; ЛА, 3), пэріть ’сячы, біць’ (Нікан.), пэрыты ’біць, збіваць’ (Клім.), пе́рыць ’лупцаваць’ (стаўб., Жыв. сл.), ’ісці (пра вялікі дождж)’, ’лупцаваць дзіцё’, ’прагна есці’ (саліг., Нар. словатв.). Укр. пра́ти ’мыць’, ’біць, дубасіць’, рус. пра́ть ’ціснуць, перці’, ’гнесці, душыць’, польск. prać, чэш. práti, славац. prať, славен. práti ’таўчы, гнесці’, ’мыць’, серб.-харв. пра̏ти, макед. пере, балг. пера́, ц.-слав. пьрати ’таптаць нагамі’, ’умываць’. Прасл. *pьrati, *periti ’біць, удараць’, роднаснае літ. per̃ti ’лупіць, драць, сячы’, ’парыць каго-небудзь у лазні’, лат. pḕrt ’тс’ (Міклашыч, 239; Фасмер, 3, 240; Фрэнкель, 578; Бязлай, 3, 104; БЕР, 5, 167), гл. праць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нязло́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога нельга перамагчы, знішчыць; вельмі моцны. Няхай грыміць па белым свеце слава Пра шчасце мірнае, пра Новы год, Пра родную савецкую дзяржаву, Пра мужны і нязломны наш народ. Астрэйка. Ішлі мы ў маршах агнявых Нязломнай грознай сілай. Хведаровіч.

2. перан. Стойкі, цвёрды ў перакананнях, намерах і пад. Фучык сціснуў карандаш да болю, Ён маўчыць, нязломны камуніст. Ляпёшкін. // Які выражае цвёрдасць, стойкасць. Нязломная вера. □ [Вольга:] — А пра Буралома я табе дам знаць. Гэта — правакатар. Такое маё нязломнае перакананне. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Незак. да парваць (у 5 знач.).

2. Настойліва вабіць, заманьваць куды‑н. З якой незвычайнай сілай парываюць .. [старасвецкія шляхі Беларусі] да сябе і як моцна дакранаюцца да струн душы! Колас. / у безас. ужыв. Паходню парывала неадкладна зайсці да Кудзіных — хоць бы яны дазналіся пра яго прыезд. Хадкевіч. // Узрушаць, хваляваць. І ўстануць з’явы, як жывыя, Малюнкі сэрцу дарагія, І моцна душу парываюць. Колас. Праз колькі дзесяткаў год ужо гучалі .. [словы Купалы], узрушалі, парывалі не адно сэрца. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паступа́льны, ‑ая, ‑ае.

Накіраваны ўперад, у будучае. Паступальнае развіццё савецкай культуры. □ У тыя дні наша партыя, намячаючы далейшыя напрамкі паступальнага развіцця савецкага грамадства, падкрэслівала, што на шляхах камуністычнага будаўніцтва нас чакае велізарнейшая работа. «Звязда». Рух паступальны — поспеху залог, Таму і забаронены стаянкі На скрыжаванні вуліц і дарог. Жычка. Увесь гэты час складаліся кнігі, пісаліся вершы, паэмы з жаданнем — праўдзіва і поўна паказаць паступальны рух нашага грамадства, ажыццяўленне задум савецкіх пакаленняў, паднятых сілай і страсцю Кастрычніка. Лужанін.

•••

Паступальны рух гл. рух.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гры́мнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да грымець.

2. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца. Нечакана грымнула вайна, і сын нават не развітаўся са сваёй добрай, чулай старэнькай маці. Новікаў.

3. чым і без дап. Моцна, з сілай ударыць, стукнуць. Ладынін з размаху грымнуў кулаком па стале. Шамякін. Максім так грымнуў.. [афіцэрыку] у карак, што той носам заараў мокры пясок. Грахоўскі.

4. Разм. З грукатам упасці, паваліцца. І абняла Петрычыха ногі, ды так абняла, што .. [Журавінка] не адзержаўся на іх, на зямлю грымнуў. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзябёлы, ‑ая, ‑ае.

1. Дужага целаскладу; поўны. Ростам Петрык не вызначаўся, але затое быў ён хлопчык дзябёлы, круглы з твару. Якімовіч. [Міхась] глядзеў на шырокія плечы, на дзябёлую, налітую сілай постаць майстра. Сіўцоў. Параска Клімаўна і да таго ніколі дзябёлаю не была, то тут, то там у яе калола. Кандрусевіч.

2. Тоўсты, грубы, трывалы. Вароты ў хляве былі дзябёлыя і крэпкія, замкнёныя моцным унутраным замком. Колас. Адны [лыжкі] былі дзябёлыя, важкія, арэхавыя ці грушавыя, другія — лёгкія, асінавыя, пафарбаваных. Якімовіч. // Тоўсты, шчыльны (пра тканіну). Дзябёлае сукно.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разраўня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

Зрабіць роўным, згладзіўшы складкі, згібы, няроўнасці. [Штаны] моршчацца гармонікамі, і ніякай сілай іх не разраўняеш. Адцягне Пецька рукамі штаніну ўніз — роўна, толькі за другую возьмецца, а першая — пстрык! — і зноў гармонікам. Сяркоў. У Глыбаве разраўнялі палетак вакол клуба, абнеслі прыгожым парканам. Кірэйчык. // Зняць, расправіць (складкі, няроўнасці і пад.). Разраўняць зморшчкі на спадніцы. // Зрабіць раўнамерным, аднолькавым слой чаго‑н. Верка перакінула салому цераз перагародку, перагнулася, каб яе там разраўняць. Гаўрылкін. Трэба было разраўняць грунт, утрамбаваць, падвесці пад ровень. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскі́дзісты, ‑ая, ‑ае.

1. Шырока раскінуты ў бакі. Сядзібу .. [Казачэнкі] аздабляе старая бяроза з раскідзістым, як шацёр, голлем. Навуменка. Грозна схіліўшы свае раскідзістыя рогі, .. [алень] з сілай ударыў імі аб зямлю і кінуўся да ворагаў. В. Вольскі. // З шырока раскінутымі галінамі (пра дрэва, куст). Цьмяна чарнелі паблізу абрысы дрэў, высокіх, вастраверхіх, і нізкіх, раскідзістых, якія ціха, але неспакойна шумелі. Мележ.

2. Раскінуты, размешчаны на вялікай прасторы. Мястэчка відаць адсюль як на далоні, — вялікае, раскідзістае, яно цягнецца праз усю раўніну ад лесу да лесу. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)