во́йтаўства, ‑а, н.

Гіст.

1. Пасада войта, а таксама праца, звязаная з выкананнем абавязкаў войта. Бусыга разважаў сам з сабою аб сваім войтаўстве, — яно было забяспечана яму панам Крулеўскім. Колас.

2. Адміністрацыйная адзінка ў Вялікім княстве Літоўскім і ў Польшчы ў 15–18 стст.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́дуль, ‑я, м.

1. У тэхніцы — назва некаторых каэфіцыентаў. Модуль пругкасці.

2. У матэматыцы — лік, на які трэба памножыць лагарыфм адной сістэмы, каб атрымаць лагарыфм другой сістэмы.

3. У будаўнічай справе і архітэктуры — умоўная адзінка даўжыні, якая ўжываецца для каардынацыі памераў будоў, збудаванняў і іх частак.

[Фр. module, ад лац. modulus — мера.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ачко́, ‑а; Р мн. ‑оў; н.

1. Значок на ігральнай карце ці косці, які абазначае яе вартасць у гульні.

2. Адзінка падліку выйгрышаў у спаборніцтвах, спартыўных гульнях. Набраць найбольшую колькасць ачкоў.

3. Від азартнай карцёжнай гульні. Па абрыўках слоў Сіпак здагадаўся, што паліцаі іграюць у ачко. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

у́нцыя, ‑і, ж.

1. Мера вагі ў Старажытным Рыме, а таксама ў сучаснай Англіі і шэрагу краін Лацінскай Амерыкі.

2. Адзінка аптэкарскай вагі (у Расіі роўная 29,86 г), якая выкарыстоўвалася да ўвядзення метрычнай сістэмы.

3. Назва розных старадаўніх залатых манет у некаторых краінах Еўропы і Лацінскай Амерыкі.

[Лац. uncia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́са, -ы, мн. -ы, мас, ж.

1. Фундаментальная фізічная велічыня, якая вызначае інертныя і гравітацыйныя ўласцівасці цел (спец.).

Адзінка масы.

2. Цестападобнае бясформеннае рэчыва, густая сумесь.

Расплаўленая м. чыгуну.

Сырковая м.

3. Што-н. вялікае, якое выступае ў агульных рысах і ўспрымаецца як цэлае.

Будынак узвышаўся цёмнай масай.

4. каго-чаго. Мноства, вялікая колькасць каго-, чаго-н. (разм.).

М. народу.

5. Шырокія колы працоўнага насельніцтва.

Воля мас.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

падраздзяле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падраздзяляць — падраздзяліць.

2. Вайсковая адзінка ў большай вайсковай часці (батальён у палку, рота ў батальёне, узвод у роце і пад.). Падабраў [Шутаў] усе рэзервы, усе дапаможныя падраздзяленні і ўмацаваў батальён. Мележ. Пераважную.. большасць падраздзяленняў брыгады.. [Злобіч] адцягнуў сюды, на бальшак. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цеплата́, ‑ы, ДМ ‑лаце, ж.

1. Спец. Від энергіі, што ствараецца бязладным рухам мікрачасцінак цела (малекул, атамаў і пад.) і праяўляецца ў награванні яго. Адзінка вымярэння цеплаты.

2. Тое, што і цеплыня. Востры сум.. патроху раставаў ад бадзёрых Юзікавых слоў, ад цеплаты і дужасці яго грудзей. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэнт 1, ‑а, М ‑нце, м.

Дробная манета ў ЗША, Канадзе, Нідэрландах і шэрагу іншых краін, роўная адной сотай грашовай адзінкі (долара, гульдэна). Нік хадзіў поблізу на пляжы, прымаў заказы, збіраў заробленыя цэнты. Лынькоў.

[Англ. cent.]

цэнт 2, ‑а, М ‑нце, м.

У акустыцы — адзінка частотнага інтэрвалу, роўная 1/1200 актавы.

[Ад лац. centum — сто.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трост ‘мера ў 60 коп = 3600 метак уюноў’ (Байк. і Некр.), ‘мера колькасці рыбы’ (Сержп. Грам.). Другаснае ўтварэнне шляхам адсячэння суф. ‑ка ад тростка < тросць1 ‘чараціна’, на якую нанізвалася рыба, у выніку тэрміналагізацыі стала абазначаць ‘нізка (рыбы)’, а затым — ‘адзінка вымярэння’ (Скурат, Меры, 133), аналагічна да троск ад троска1 (гл.), з адсячэннем канчатка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гмі́на, ‑ы, ж.

Самая дробная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Польшчы. Ваявода Даўнаровіч абяцаў распачаць шырокі наступ на бунтарскія гміны і вёскі са сваімі людзьмі, якіх падбіраў асабіста. Паслядовіч. // Адміністрацыйны цэнтр такой адзінкі, дзе знаходзіцца яе кіруючы апарат. У .. доме каля плошчы размясцілася гміна, куды солтысы носяць садраныя з людзей падаткі. Брыль.

[Польск. gmina з ням.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)