наўскася́к, прысл. і прыназ.

1. прысл. У бок ад прамога, перпендыкулярнага напрамку, па дыяганалі. Дождж сячэ наўскасяк, вадзяныя пырскі залятаюць нават у касавую залу. Лупсякоў. [Вайтовіч] тупаў некаторы час па хаце наўскасяк — з кутка ў куток — разлікаў ногі. Пальчэўскі.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «наўскасяк» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет, пад вуглом да якога што‑н. размяшчаецца або рухаецца. Лінія лесу ішла наўскасяк дарогі. Чорны. Неўзабаве на канапе, на тумбачках з’явіліся вышытыя сурвэткі, наўскасяк стала лягла квяцістая дарожка. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

несціха́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не сціхае, не змаўкае, не спыняецца доўгі час; які чуваць бесперапынна. Несціханы гул. Несціханы крык. □ Сінее высокі абрыў. На кручы стагоднія дрэвы. Над імі паводка зары, Вятроў несціханых напевы. Танк. У вушах стаяў несціханы звон, быццам ля кожнага вуха хтосьці настойліва, да знямогі, біў у нешта жалезнае, гулкае. Шахавец.

2. Які не праходзіць, не сунімаецца (пра боль і пад.). Змардаваны на допыце.. і пакутуючы ад несціханага болю, Шурка туліўся да вільготнай і халоднай сцяны. Мехаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павуча́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які можа навучыць чаму‑н., можа быць выкарыстаны як прыклад. Павучальны ўрок гісторыі. Павучальныя вынікі. □ Шмат яшчэ цікавага і павучальнага расказаў .. [стары] у гэты вечар. Ляўданскі. Жыццё Леніна — павучальны прыклад для моладзі. «Полымя».

2. Які ўтрымлівае ў сабе павучанне, мае характар павучання. Павучальная гутарка. □ Я. Купала пісаў і павучальныя байкі, у якіх высмейваў паасобныя недахопы, уласцівыя людзям. Казека. // Які бывае звычайна пры павучанні. Спакойны павучальны лад гаворкі Шкробата распякаў Насціну ганарыстасць. Мележ. Іван усміхаўся, адчуўшы павучальны тон сваіх слоў. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; пр. пажыў, ‑жыла, ‑ло; зак.

1. Жыць, існаваць нейкі час. Не можа быць, каб.. [Карага] яшчэ не пажыў на свеце. Колас. // Пражыць яшчэ нейкі час. [Стафанковіч] думаў пра тое, што ён многа год пражыў на свеце, што ён стары, што доўга не пажыве. Чорны. Блажэвіч усміхнуўся: — Не шкадуйце мяне і не хавайце загадзя. Я яшчэ пажыву. Шыцік.

2. Прабыць нейкі час дзе‑н., у каго‑н. Пажыць у вёсцы. □ Пасля дэмабілізацыі Сяргей пажыў ва Узлессі мала. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

празвіне́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.

1. Утварыць звонкі, высокі гук. Ужо празвінеў першы званок, а Павел усё яшчэ не з’яўляўся. Шахавец. // Пачуцца, прагучаць (пра звонкі гук, голас). Танклявы галасок маленькай Верачкі празвінеў за сталом так нечакана, што ўсе сціхлі і павярнуліся да яе. Каршукоў.

2. перан. Стаць вядомым. [Аксіння:] — Глінчыха вунь, Наталька Чарнавус ды другія некаторыя гэтым летам на ўвесь раён празвіняць. Кулакоўскі. [Баяніст:] Наш ансамбль будуць запісваць для радыё. І пра цябе [Гэлю] запішуць. На ўвесь свет празвініш! Губарэвіч.

3. Звінець некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскла́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. раскладаць ​1 — раскласці ​1.

2. Графік, у якім указваецца час, месца, паслядоўнасць правядзення чаго‑н. Пеця дакладна ведаў расклад усіх паяздоў і да кожнага з іх быў напагатове. Ракітны. Вучні застукалі векамі партаў, зашамацелі сшыткамі — у раскладзе значыўся ўрок па мове. Шахавец. // Парадак, распарадак чаго‑н. Лабановіч прыносіць свой расклад работы ў школе. Колас.

•••

Штатны расклад — дакумент, які вызначае склад работнікаў якой‑н. установы, прадпрыемства з указаннем іх пасад і акладаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тае́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Скрыты, невядомы, непрыкметны для іншых. Таемнае жаданне. □ А цёплымі вечарамі ля Ручайкі [назва рэчкі] шмат таемных мясцін для закаханых. Марціновіч.

2. Загадкавы, невядомы, акружаны тайнаю. Ніяк не мог зразумець .. [Міколка], што гэта за такая таемная асоба, якой баяцца людзі, якой баіцца маці. Лынькоў.

3. Які сведчыць пра наяўнасць якой‑н. тайны. На твары .. [Кастуся] ляжаў таемны выраз вялікага змоўшчыка. Чорны. Сяргей паслухаўся гэтага таемнага голасу, азірнуўся. Тое, што ён убачыў, яго вельмі здзівіла. На просецы мільгалі агеньчыкі: адзін, другі, трэці... Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уцэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

Страляючы, кідаючы або ўдараючы, папасці ў каго‑, што‑н. Каменне паляцела.. [Эльзе] наўздагон, і адзін камень уцэліў ёй у патыліцу. Чорны. // Паразіць якую‑н. цэль. Па сцягу толькі стралялі, стараючыся ўцэліць у дрэўка, каб перабіць яго і зваліць сцяг на зямлю. Шахавец. // Трапіць у што‑н. (пра бомбы, снарады). На самай ускраіне паляны былі машыны медсанбата, і туды ўцэліла некалькі бомбаў. Сабаленка. // Стукнуць, ударыць па чым‑н. У сківіцу, як жалезам, Мне ўцэліў яго кулак. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шапаце́ць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; незак.

Абзывацца шолахам; шумець чым‑н. сухім. Толькі дробныя кроплі дажджу шапацелі ў маладых таполевых лістках. Шахавец. Ціха журчала ў лозах вада, шапацеў леташні сухі чарот. Краўчанка. Вось і ліпень настаў. Наліваўся ячмень за ракою, шапацелі абапал дарогі аўсы. Грахоўскі. // чым. Утвараць шолах, шум. Шапацелі маладой лістотай бярозы і таполі на школьным двары. Навуменка. Зірнеш, і не верыцца, што не так даўно тут шапацела ніва спелымі каласамі пшаніцы. Пальчэўскі. / у вобразным ужыв. Шапаціць зялёным шоўкам Беларуская вясна. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адгуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Правесці некаторы час на гуляннях. Вось ужо цэлае лета адгулялі.. [Антон і Надзя] на вечарынках. Грамовіч. // што. Выкарыстаць чарговы адпачынак, водпуск, дазволены за звышурочныя работы, дзяжурствы. Адгуляў сын-афіцэр свой водпуск у вёсцы. Ракітны.

2. што. Адсвяткаваць; згуляць. — У гэтым доме, — заўважае брат, — на Новы год вяселле адгулялі. Гілевіч.

3. Перастаць, кончыць гуляць. [Лятун:] — Стары я, браткі, недалугай раблюся. Што год, то горш. Але не шкада, сваё адгуляў, сваё адмазоліў. Лынькоў. // перан. Прайсці, закончыцца. Адгрымела маразамі зіма, адгуляла завеямі ў палях. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)