напо́р, ‑у, м.

1. Дзеянне моцнай сілы, націск. Шыбы бразгацелі пад напорам ветру. Лупсякоў. Хутка пойдуць крыгі, і не вельмі ўжо моцная перамычка можа не вытрымаць напору лёду. Броўка.

2. Рашучае, энергічнае дзеянне; напад, націск. Стрымліваць напор ворага. □ Недабіткі фашысцкай аховы адыходзяць пад напорам сілы. Брыль. // Энергічнае ўздзеянне на каго‑н. Пад дружным напорам сяброў Данік нарэшце прымушаны быў згадзіцца. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насце́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сцяны. Бетоннаму заводу трэба было выпусціць першую партыю жалезабетонных вырабаў для чыгуначнай эстакады і насценныя блокі. «Маладосць». // Прызначаны, прыстасаваны вісець на сцяне. Насценны каляндар. Насценны гадзіннік. // Змешчаны ў сцяне. Адчыніў [Вася] насценную шафу, яшчэ раз агледзеў форменны кіцель, штаны і чыстую паласатую цяльняшку. Краўчанка.

2. Які выкананы на сцяне. Насценны жывапіс.

•••

Насценная газета гл. газета.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасце́рці, ‑сцяру, ‑сцярэш, ‑сцярэ; ‑сцяром, ‑сцераце; пр. прасцёр, ‑сцерла; зак., што.

Разм. Тое, што і распасцерці (у 1, 3 знач.). Сягоння ўзмужалае гэта жыццё На варту пастаўлены класам, каб вораг крывавай рукі не прасцёр Над нашым прасторам і часам. Глебка. Пахілая вярба прасцёрла галлё над ціхай вадой. Краўчанка. Грыміце, салюты! Іграйце, фанфары! Дзень Міру і Славы нам руку прасцёр. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачы́н, ‑у, м.

1. Пачатая кім‑н., па чыёй‑н. ініцыятыве справа; пачынанне. Падтрымаць пачын наватараў. Патрыятычны пачын. □ Пачын брыгад камуністычнай працы — Вось ён — наступных дзён жывы пралог! Звонак.

2. Разм. Пачатак чаго‑н., якой‑н. справы. [Грабок:] — Глянь, колькі! Падахвоцілі і мяне на пачын за рыдлёўку ўзяцца. Краўчанка. Каля касы, як сталы, Грошы двойчы злічыў І падумаў: «Нямала, Хоць і першы пачын!» Матэвушаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бязла́ддзе, ‑я, н.

Разм. Адсутнасць або парушэнне ладу, парадку ў чым‑н.; беспарадак. Бязладдзе гукаў. □ Мітусіліся па цэху людзі, — кожны нешта рабіў, нешта некуды нёс. Няўжо ў гэтым бязладдзі і мітусні быў пэўны парадак, няўжо ўсё гэта нехта прадумаў і спланаваў, нехта гэтым кіруе?.. Краўчанка. Тут [ля штаба] было сёння бязладдзе, якое гаварыла, што людзі сюды вярнуліся нядаўна і вельмі стомленыя. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крышы́цца, крышыцца; незак.

1. Драбіцца, рассыпацца на невялікія часткі; ператварацца ў крошкі. Пад пальцамі хрустка крышыўся дробны, сухі мох. Самуйлёнак. Паўлік радасна схапіў крэйду і пачаў упэўнена выпісваць на дошцы знаёмыя лічбы. Ён так спяшаўся, што ажно крэйда крышылася ў яго пад рукой. Краўчанка. // перан. Разбурацца, знішчацца. Крышыліся старыя, струхлелыя законы, узнімаліся парасткі новага. Кудраўцаў.

2. Зал. да крышыць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кабі́на, ‑ы, ж.

Невялікае, звычайна закрытае, памяшканне спецыяльнага прызначэння (напрыклад, для пілота ў самалёце, вадзіцеля ў аўтамабілі, тэлефонных размоў і пад.). Кабіна для галасавання. Душавая кабіна. □ У празрыстай шкляной кабіне, асветленай гарачым майскім сонцам, на фоне чыстага сіняга неба быў відзён сілуэт кранаўшчыка. Грахоўскі. Пятрусь вылез з пілоцкай кабіны крыху збянтэжаны — ён не чакаў, што яго будзе сустракаць усё сяло. Краўчанка.

[Фр. cabine.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пы́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да пыхкаць.

2. Раптоўна і хутка заняцца агнём. Агонь .. [Падбярэцкі] расклаў адным махам — смалякі пыхнулі, як порах. Пташнікаў. Дасталі запалкі, падпалілі сухі ядловец, і касцёр адразу пыхнуў. Дубоўка. // Раптоўна загарэцца, засвяціцца ярчэй. Падышла дзяўчынка, высыпала з прыполу на вуголле шматкі бяросты. Ярка пыхнула полымя. Хомчанка. // Хутка і моцна пачырванець. Твар Казіміра зноў пыхнуў чырванню. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рубі́ць 1, рублю, рубіш, рубіць; незак., што.

Падшываць край чаго‑н.; рабіць рубец. Рубіць хустку.

рубі́ць 2, рублю, рубіш, рубіць; незак., што.

1. Будаваць што‑н. з дрэва, бярвення. Захар аблюбаваў месца для новай хаты і пачаў рубіць зруб. Краўчанка. Уладзік толькі дрэва навалачыў, каб новую хату рубіць. Брыль.

2. Здабываць (руду, вугаль).

•••

Рубіць з пляча — гаварыць, дзейнічаць неразважліва, рэзка, занадта катэгарычна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скасі́цца, скашуся, скосішся, скосіцца; зак.

1. Стаць косым, скрывіцца, пахіліцца. Сівенькі, кволенькі зруб калодзежа журботна скасіўся ў бок прыгрэбніка. Колас.

2. Паглядзець скоса. Спакойны, непаспешлівы ў рухах, ветэрынарны ўрач, перш чым агледзець хворую трусіху, скасіўся з-пад акуляраў і доўгім уважлівым позіркам паглядзеў на Даніка. Краўчанка. — Ідзі бяры мантажнікаў, чаго марудзіш, — панура сказаў .. [Кашын] і скасіўся на лісток, што ляжаў на стале. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)