бля́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Траціць яркасць афарбоўкі; рабіцца цьмяным. Бляклі фарбы наваколля, нават і неба, здавалася, пачало выцвітаць пад пякучымі праменямі сонца. Васілёнак. // Траціць свежасць, рабіцца вялым; бляднець. А прыйдзе восень, знікне сонца — і памідор блякне ўвесь і разам з лісцем сваім памірае і сам... Сачанка. // Траціць бляск, румянец; рабіцца бледным; выцвітаць. Вочы блякнуць. □ [Вера Антонаўка] бачыла, як сын выцягваецца, худзее, як некалі чысты дзябёлы твар яго блякне. Карпаў.

2. перан. Траціць яркасць, моц, сілу ўздзеяння. Блякнуць успаміны. □ Рамантычныя мары ўсё больш і больш бляклі, калі Лясніцкі лепш пазнаваў Раісу. Пшыркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зліня́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які страціў першапачатковы колер, яркасць фарбаў; выцвілы. З кійком у руцэ, у злінялым, выцвілым капелюшы, у латаных штанах уваходзіць Сухалета. Вітка. // перан. Збіты, пошлы. — Новае нельга выказаць толькі старымі, злінялымі словамі. Новаму трэба і новыя словы... Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цямне́ць, 1 і 2 ас. не ўжыв., -е́е; незак.

1. Станавіцца цёмным, цямнейшым; траціць яркасць.

Срэбра з часам цямнее.

2. безас. Пра надыход цемнаты; змяркацца.

Улетку позна цямнее.

3. Вылучацца сваім цёмным колерам, віднецца (пра што-н. цёмнае).

Здалёк цямнеў лес.

На фоне неба цямнела нейкая постаць.

|| зак. пацямне́ць, -е́е (да 1 і 2 знач.) і сцямне́ць, -е́е (да 2 знач.).

|| наз. пацямне́нне, -я, н. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прыцьме́лы, ‑ая, ‑ае.

Які прыцьмеў, страціў сваю яркасць, бляск. Партрэт, схаваны ў вайну ў склепе, трохі быў пашкоджаны. Летась, будучы тут, мастак паднавіў яго, асвяжыў прыцьмелыя фарбы. Ліс. // Які адышоў на задні план, прызабыўся. Прыцьмелая ў дрымоце трывога раптоўным штуршком нібы ўдарыла.. [Івана] у самае сэрца. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жи́вость

1. жы́васць, -ці ж.;

2. (подвижность) жва́васць, -ці ж.; руха́васць, -ці ж.;

3. (выразительность) выра́знасць, -ці ж., я́ркасць, -ці ж.; см. живо́й.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

вы́пуклость

1. вы́пукласць, -ці ж., пука́тасць, -ці ж.;

2. перен. вы́пукласць, -ці ж.; я́ркасць, -ці ж., яскра́васць, -ці ж.; выра́знасць, -ці ж.; рэлье́фнасць, -ці ж.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

збля́кнуць і збле́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Страціць яркасць афарбоўкі; выцвісці. Матэрыя зблекла. □ Зара тым часам падалася ўправа, і светлы ветразь яе зменшыўся, ружовыя фарбы збляклі. Дуброўскі.

2. Завянуць, страціць свежасць (пра расліны). Зблякла трава. / Пра чалавека, яго твар. Вочы .. [Сцяпана] на момант загарэліся, але тут жа і збляклі. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паліня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Страціць сваю першапачатковую афарбоўку; выцвісці. Пасціраліся і абцёрліся вуглы ў гармоні, .. палінялі залочаныя мяхі. Лынькоў. Гляджу на леташнія здымкі, Што крышку палінялі без пары. Грахоўскі. // перан. Разм. Страціць выразнасць, яркасць. Палінялі зоркія вочы сялянкі, якая з маленства ўглядаецца ў бязмежжа палявых прастораў. Грахоўскі.

2. Скінуць ці змяніць у пэўныя перыяды сваё верхняе покрыва (пра жывёл, птушак).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збля́клы і збле́клы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў яркасць афарбоўкі, выцвіў. І ясная зара, і чароўная ціхая ноч, і збляклыя рэдкія зоры.. — усе начныя з’явы і гукі адбіваюцца ў яго сэрцы. Дуброўскі.

2. Які завяў, страціў свежасць. Вунь купаю дрэвы, Між іх — журавель. Кіруем налева Па збляклай траве. Крапіва. / Пра чалавека, яго твар. Марына Паўлаўна запаліла святло, і яно цьмяна азарыла твар яе, стараваты ўжо, збляклы. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зліня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

Разм. Страціць першапачатковы колер, яркасць фарбаў; выцвісці. На плячах фрэнча яшчэ не злінялі сляды ад пагонаў. Грахоўскі. [Будынак] пастарэў, трошкі зліняла ўжо золата літар на шыльдзе. Сабаленка. // перан. Прытупіцца, сцерціся (пра пачуцці, перажыванні). Янку здавалася, калі пачне ён пра ўсё гэта расказваць каму б там ні было, дык усе яго самыя яркія адчуванні зліняюць і нічога ад іх не застанецца. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)