Парэ́чкі ’кустовая ягадная расліна сямейства агрэставых; ягады гэтай расліны’. Рус. смал. поре́чка ’чырвоныя парэчкі’, укр. порі́чки ’чырвоныя парэчкі’, польск. porzeczka ’парэчкі’. Да рака, таму што ў дзікім выглядзе расце па берагах рэк (гл. Махэк, Jména rostl., 99). Утворана конфіксам po‑ + ‑ька. Статус беларускага слова вызначыць цяжка. Хутчэй за ўсё пранікненне з польскай мовы, якое выцесніла ўсх.-слав. смародзіна (гл.). Параўн. Мяркулава, Очерки, 221.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абляпі́ха, ‑і, ДМ ‑ляпісе, ж.

1. Калючая ягадная кустовая расліна сямейства лохавых. Паглядзелі яны вельмі добра на сібірскую абляпіху. Ягады на ёй не гроначкамі, не на віціначках, а як быццам налеплены, прыклеены.. да кары. Дубоўка.

2. зб. Духмяныя кіславатыя ягады гэтай расліны. Варэнне з абляпіхі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ажы́на, ‑ы, ж.

1. Кустовая ягадная расліна сямейства ружакветных з калючымі сцябламі. Масюк і Сушыцкі ў гэты час сядзелі ў канцы вёскі пад кустом ажыны. Пальчэўскі.

2. часцей мн. (ажы́ны, ажын). Чорна-шызыя ядомыя ягады гэтай расліны, з выгляду падобныя на маліны. [Каза:] — Але я ўсю пушчу гэту Абягаю з лета ў лета. Пакажу, дзе шмат чарніц, Шмат малін, ажын, суніц. Муравейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суні́цы, ‑ніц; адз. суніца, ‑ы, ж.

1. Шматгадовая травяністая ягадная расліна сямейства ружакветных з белымі кветкамі і пахучымі ружова-чырвонымі пладамі. А ўнізе навакол цвілі, адцвіталі суніцы. Лынькоў.

2. Пахучыя салодкія ці кісла-салодкія ягады гэтай расліны. Мы з Галінкай назбіралі збанок суніц. Васілевіч. Андрэй пачаставаў суніцамі Веру і швагерак. Кулакоўскі. Летам каля старых сухіх пнёў вельмі рана паспяваюць духмяныя суніцы. Ігнаценка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

буякі́, ‑оў; адз. няма.

1. Кустовая нізкарослая ягадная расліна сямейства бруснічных, якая расце ў нізкіх лясных месцах. Святло выхоплівала з цемнаты мокрыя, сумнаватыя ствалы маладых хвоек, бліскучую, як слюда, кару бяроз, кусцікі буякоў і багунніку. Кудравец.

2. Цёмна-сінія з шызым налётам кіславатыя на смак ягады гэтай расліны. Роўнае, чыстае поле было і на лузе, дзе мы кідалі з бацькам стагі, на тых балотах, куды хадзілі з маткаю па журавіны, буякі... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парэ́чкі, ‑чак; адз. парэчка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

1. Кустовая ягадная расліна сямейства агрэставых. У гародчыку буялі парэчкі і дзікая ружа з агрэстам. Пташнікаў. Грышка пераскочыў цераз плот у сад, пасля папоўз між кустоў парэчак і агрэсту аж у канец саду, дзе ўжо пачынаўся лес. Чарот. Ідуць радамі ў шапках шэрых Кусты парэчак і ажын. Глебка.

2. зб. Кіславата-салодкія ягады гэтай расліны чырвонага, жоўтага або чорнага колеру. Віно з парэчак. □ І я, задаволены гэткай сустрэчай, Успомніўшы Прыпяць і вёску сваю, Купіў на дарогу празрыстых парэчак ў жанчыны, падобнай на маці маю. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)