Жэ́рабя ’ўмоўны знак пры вызначэнні парадку, чарговасці і да т. п.’ Балг. жрѐбие ’тс’. Параўн. рус. жребий (< ст.-сл.), дыял. же́ребей, же́ребий, укр. же́реб ’тс’, жеребій ’пэўная частка поля’ (Жэлях.), славац. žreb ’жэрабя’, ’латарэйны білет’, славен. žrêb ’жэрабя’, серб.-харв. жре̑б, жри̏јеб, ждре̑б ’тс’, макед. ждре̂б ’тс’. Ст.-слав. жрѣбъ, жрѣбии ’жэрабя’. Ст.-рус. жеребей ’жэрабя, доля, частка; карцечны шрот’. Ст.-прус. girbin ’лік’; параўн. літ. ger̃bti ’шанаваць’ (Параўн. прасл. *čьtǫ ’шаную’ і ’лічу’), ням. kerben ’рабіць зарубкі’, грэч. γράφω ’пішу’. Першапачаткова жэрабя ’кавалак дрэва з зарубкай (надпісам, лікам)’, ці ’адрэзак зямлі’. Бел. форма з суфіксам ‑я (< *‑ę < *‑ent) адлюстроўвае, відаць, невялікі памер гэтага кавалка шляхам аднясення да групы малых істот (і прадметаў). Зыходнае прасл. *žerb‑ < і.-е. *gerbh‑ ’рабіць рысы і г. д.’ Покарны, 1, 392; Фасмер, 47–48; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 297; Скок, 3, 672–673; БЕР, 1, 554; Траўтман, 87; Тапароў, E–H, 242; Хэмп, Этимология, 1981, 37.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сакаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае шмат соку. Такое высокае і сакавітае кепскае шчаўе расло, што між яго трэба было адшукваць рэдкія і хілыя кусцікі чырвонай канюшыны. Пянкрат. Нясуць калгаснікі на рынак Лясоў багатыя дары: Маліну, зорныя суніцы, Тугіх парэчак шрот буйны. І сакавітыя чарніцы З прыемным водарам лясным. Жычка. // Водарны, духмяны. Нашто тое лета, калі няма жніва, калі на пасецы не раяцца пчолы, не пахнуць у садзе чырванабокія сакавітыя малінаўкі?.. Кулакоўскі. // Апетытны, смачны, не сухі. — Шынкевіч таксама добрая цаца! — падчэпліваючы відэльцам сакавітую бакавіну ліня з каструлі, абурана прадаўжаў Фама Гаўрылавіч. Паслядовіч.

2. перан. Разм. Поўны сіл, здароўя, энергіі (пра чалавека). Перад самай вайной цётка прыязджала да нас у госці з нейкай сакавітай і гладкай рагатухай. Карпюк. // Яркі, свежы, поўны (пра вусны, рот). Смяяліся яе [Гаецкай] сакавітыя вусны, выпешчаныя шчокі — то з’яўляліся, то знікалі сімпатычныя ямачкі на іх. Шамякін. // Прыемны, поўны задавальнення. Паміж двума сакавітымі пацалункамі Сімон пачуў такую лічбу, ад якой яму стала холадна. Самуйлёнак.

3. перан. Каларытны, насычаны спалучэннем яркіх фарбаў. Сакавітыя фарбы пейзажу.

4. перан. Трапны, вобразны (пра мову, словы і пад.). Сварыліся [шляхта] на сакавітай беларускай мове, хоць называлі яе мужыцкай, часта ўстаўляючы словы «пане» — ды так, каб яно гучала праз нос. Пестрак. Калі плытагон выходзіць у сплаў, дарога абяцае яму сустрэчы... Яны то радасныя, з сакавітымі кпінамі і блазенскім рогатам, то гаркава-маўклівыя. Карамазаў.

5. перан. Гучны, звонкі, прыемны (пра гук, голас і пад.). Ад Еўніч і Старыцы яшчэ чулася іх гамонка, а часам і жніўная песня, у якой высока лунаў, ведучы яе, чый-небудзь сакавіты голас. Хадкевіч. Мужчыны смяяліся, і смех самога расказчыка быў такі сакавіты і гучны, што конік, стрыгучы вушамі, нават без пугі пачаў хутчэй перабіраць нагамі. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)