Ба́чыць (з XVI ст.; Нас. гіст.), укр. ба́чити (з XVI ст.; Цімчанка), рус. дыял. ба́чить (рус. слова засведчана з пач. XVII ст. і запазычана з укр. мовы; Праабражэнскі, 1, 20; Шанскі, 1, Б, 61). Запазычанне з польск. baczyć ’тс’ (а гэта пераразлажэннем з *obačiti: *ob‑ačiti*o‑bačiti > bačiti, дзе ač‑, ak‑ да і.-е. кораня, што і ў слове *oko ’вока’). Гл. Ільінскі, PF, 11, 183; Бернекер, Зб. Ягічу, 598–599; Бернекер, 24; Траўтман, 4; Ваян, RÉS, 22, 7; Слаўскі, 1, 24; Фасмер, 1, 138. Іначай, але непераканаўча, Брукнер, 10 (ад польск. baka ’вока’). Неверагодна Мацэнаўэр, LF, 7, 4 (запазычанне з тур. bakmak ’бачыць’); Махэк, SP (Brno), 2, 1953; 135; SP (Brno), 4, 1955, 32 (сувязь з польскім opatrzyć, славац. páčiť). Таксама вельмі няпэўнай з’яўляецца этымалогія Лера–Сплавінскага, JP, 26, 166–170 (= Studia, 195–198) аб паходжанні польск. слова ад выклічніка ба! Памыляўся Лорэнц, Pomor., 1, 13, які лічыў bačiti прасл. словам. Факт усх.-слав. запазычання з польскай мовы на аснове дадзеных помнікаў добра асвятліў Лер-Сплавінскі (там жа). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 42; Трубачоў, Этимология 1965, 44–47. Сюды, мабыць, адносіцца і бачыць ’не дагаджаць’ (Яўс.: Чым я табе бачу, што ты ны мяне так узьеўся?), але развіццё семантыкі растлумачыць цяжка. Да ба́чыць адносяцца і ба́чны, ба́члівы і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Багро́вы (ст.-бел. багровый, параўн. Бярында, 239: багровая фарба; у яго ж багрян ’баграны’, 228; багряни́ца, 217), ба́гра ’пурпурная фарба’ (Нас.), баграві́зна ’пляма ад удару на целе’, ба́гравіць ’крывавіць, пачырваніць’ (Нас.). Рус. ба́гор, багр ’пурпурны колер’, укр. ба́гор, ст.-слав. багрити, багръ, балг. ба́гря ’фарбую чырвоным’ і г. д. У зах.-слав. мовах гэтага слова няма. Паходжанне няяснае. Магчыма, роднаснае з грэч. φώγω ’пяку, смажу, абпальваю’, ст.-в.-ням. bahhan ’пячы’, Фасмер, 1, 103. Няпэўным з’яўляецца параўнанне Младэнава, 39, РФВ, 68, 373 з гал. baggaert ’твань’, слав. bag(ъ)no і балг. божу́р ’мак’. Неабгрунтавана Праабражэнскі, 1, 11 (< гоц. fagrs, ст.-в.-ням. fagar ’прыгожы’; супраць Фасмер, 1, 103). Локач (107) лічыць запазычаннем з араб. maġra ’прыродная чырвоная фарба’. Не пераконвае Львоў, ЭИРЯ, IV, 66–71: < ba‑gъr (ba‑ ўзмацняльная частка, gъr — да gorěti). БЕР, 1, 24–25: < і.-е. *bhōgh‑ro‑ (*bhāgh‑ro‑) ’тапіць, мачыць’ (параўн. грэч. βάπτω ’патапляю, таплю, акунаю’, βαπτός ’ярка пафарбаваны, яркага колеру’); Лапацін (Исслед. ист. лекс., 250–252) дадае і іншыя паралелі. Менгес (UAJb, 31, 177–178) стаіць за цюрк. крыніцу (яго падтрымлівае Трубачоў, Серболуж. сб., 160). Пашырэнне слова ва ўкр. дыялектах (параўн. назвы для кароў і валоў: багрі́й, ба́гря; для сліў: багру́ля і г. д.; для раслін: багри́на, багрове́ць) робіць няпэўнай думку аб запазычанні наогул гэтага слова з паўд.-слав. моў (так Цімчанка, 48; КЭСРЯ, 26).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)