устано́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн. ‑новак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. устанаўліваць — устанавіць (у 1 знач.).
2. Механізм, прыстасаванне. Рэнтгенаўская ўстаноўка. Буравая ўстаноўка. Дажджавальная ўстаноўка. □ Ля корпуса [універсітэта] стаяла машына з пражэктарнымі ўстаноўкамі. Шахавец. Спецыяльныя аўтаматычныя ўстаноўкі падтрымлівалі пастаянную тэмпературу і вільготнасць у пакоі. Шыцік. // Разм. Баявая гармата, ракета, спараныя кулямёты. Узрывы гранат ярка асвятлялі зенітныя ўстаноўкі. Лынькоў.
3. Мэтавая накіраванасць, арыенціроўка на што‑н. Устаноўка на якасць прадукцыі. □ Творчая ўстаноўка пісьменніка ў пазнейшых апавяданнях істотна адрозніваецца ад той, якую мы бачылі ў першых празаічных вопытах. Навуменка. // Дырэктыва, прынцып, накіроўваючае ўказанне. Ленінскі этап не абмяжоўваецца перыядам жыцця Леніна, гэты этап няспынна працягваецца тэарэтычнай дзейнасцю КПСС і брацкіх партый, увасабляецца ў праграмных устаноўках сусветнага камуністычнага руху. «Звязда».
4. У псіхалогіі — схільнасць суб’екта да пэўнай актыўнасці пры пэўнай сітуацыі; цэннасныя арыентацыі асобы, індывідуума.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хі́мія, ‑і, ж.
1. Навука пра рэчывы, іх будову, састаў, уласцівасці і ўзаемныя ператварэнні. Тэарэтычная хімія. Падручнік па хіміі.
2. Практычнае прымяненне гэтай навукі, яе законаў у вытворчасці, у прамысловасці. Беларусь ператварылася ў край вялікай хіміі. «Звязда». // Разм. Аб прэпаратах, хімічных сродках, растворах і пад. — Можна было б і цыбулькай [ікону] нацерці ці гэтай самай хіміяй, па якую ты .. бегаў у аптэку. Брыль.
3. Якасны, хімічны састаў чаго‑н. Хімія нафты. Хімія крыві.
•••
Аналітычная хімія — навука аб метадах вызначэння хімічнага саставу рэчыва.
Арганічная хімія — навука пра злучэнні вугляроду з іншымі элементамі.
Бытавая хімія — галіна хімічнай прамысловасці, якая выпускае прадукцыю для задавальнення бытавых патрэб насельніцтва.
Калоідная хімія — раздзел фізічнай хіміі, які вывучае калоіды.
Квантавая хімія — раздзел тэарэтычнай хіміі, у якім хімічныя з’явы вывучаюцца на аснове ўяўленняў квантавай механікі.
Неарганічная хімія — навука пра хімічныя элементы, простыя і складаныя рэчывы, якія не маюць у сваім саставе бялку.
Фізічная хімія — навука, якая тлумачыць хімічныя з’явы і вызначае іх заканамернасці на аснове агульных прынцыпаў фізікі.
Ядзерная хімія — раздзел навукі, які вывучае ўзаемны ўплыў і ператварэнні атамных ядраў і ўласцівасцей рэчыва.
[Ад грэч. chēmeia.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)