прыступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак.

1. Наблізіцца, падысці да каго‑, чаго‑н. Толькі і дадавала прыгажосці азярцо, што ляжала ў балоце, але да яго нельга было прыступіцца ні з аднаго боку. Чарнышэвіч. Ад станцыі напрасткі да.. [коп сена] было не прыступіцца — гразкае балота. Новікаў. // Падысці, звярнуцца да каго‑н. Ціток загадаў абавязкова Параску прывесці. І калі тая сапраўды прыйшла, ён не ведаў, з якога боку да яе прыступіцца: яна і такая, яна і гэтакая. Лобан. Але старая маці баіцца прыступіцца да Зоські, бо тая пачынае злавацца ды з хаты ўцякае. Бядуля.

2. Узяцца за што‑н.; прыступіць. — А я буду рабіць тое, да чаго падручны і нават сярэдні майстар прыступіцца не адважыцца. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

с... (а таксама са..., су...), прыстаўка.

I. Ужыв. пры ўтварэнні дзеясловаў і надае ім знач.:

1. Убіранне чаго-н. з паверхні або наогул адкуль-н., напр.: ссыпаць, спілаваць.

2. Рух зверху ўніз; перамяшчэнне туды і назад, напр.: сцячы, скінуць, скаціцца, схадзіць (у краму).

3. Злучэнне:

а) змацаванне, напр.: скруціць (дрот), склеіць;

б) сканцэнтраванне ў адным месцы, напр.: ссунуць (сталы), ссяліць;

в) (звычайна з часціцай -ся) рух з розных месцаў у адзін пункт, напр., сцячыся.

4. (з часціцай -цца). Узаемнае дзеянне, напр.: спісацца, спрацавацца.

5. Выніковасць:

а) паўната, інтэнсіўнасць, наступленне якога-н. стану, напр.: ступіцца, спісацца (пра чарніла);

б) зрасходаванне ў выніку якога-н. дзеяння, напр.: скурыць (тытунь), скарміць;

в) выраб прадмета ў выніку дзеяння, напр.: скруціць (вяроўку), спячы (торт).

II. Утварае форму закончанага трывання некаторых дзеясловаў, напр.: скласці, станцаваць.

III. Ужыв. пры ўтварэнні прыслоўяў са знач. месца, напрамку, прычыны ад ускосных склонаў назоўнікаў, напр.: справа, спачатку.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак.

1. Ступіўшы адзін або некалькі крокаў назад, убок, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н.; адступіць. «Ці ісці, ці не?» — усумніўся Рыгор і нават адступіўся некалькі крокаў ад брамы. Гартны. Бачу, што чалавек.. зусім не жадае са мною гаварыць. І я адступіўся ад дзвярэй. Кавалёў. // Саступіўшы ўбок, перастаць засланяць дарогу, святло каму‑, чаму‑н. Бяссонаў адступіўся, прапусціў машыну паўз сябе. Мележ.

2. перан. Аказацца на далейшай адлегласці ад чаго‑н. Ясеняў і цяпер многа па дварах, хоць вёска даўно ўжо адступілася ад лесу. Арочка.

3. перан. Адмовіцца ад чаго‑н.; перастаць дамагацца чаго‑н. Саўка хацеў паквітацца з войтам і яго прыяцелямі, парваць з імі кантакт і адступіцца ад той бруднай ролі, на якую падбілі яго. Колас. // Адкаснуцца, адчапіцца. [Ганна:] — Як жа адступіцца ад гэтых сватоў, ад бяды гэтай, — каб бацька зразумеў, ухваліў яе, каб мачыха не асудзіла. Мележ. Я думаў, стражнікі пабаяцца нас дваіх і адступяцца. Не будуць жа яны страляць у нас! Якімовіч.

4. Парваць адносіны, сувязь з кім‑н.; пакінуць каго‑н. па волю лёсу; адвярнуцца ад каго‑н. [Вялічка:] — Максім, калі будзе што са мною — не адступіся ад майго Уладзі, як бы я табе прыпаручыў яго. Чорны.

5. Перастаць прытрымлівацца (абяцанняў, поглядаў, перакананняў і пад.), адрачыся ад чаго‑н. Адступіцца ад прысягі. □ Справядлівасць вымагае зазначыць, што не было яшчэ такога здарэння, каб Самабыліха адступілася ад свайго слова. Колас. // Пайсці на прымірэнне, згоду. Ганна чула душою адно: адумаўся, адступіцца рашыў [Васіль]. Мележ.

6. перан. Адысці, аддаліцца ад першакрыніцы, ісціны і пад. [Сакратар:] — Ты ж глядзі, каб ні на крок не адступіўся ад тэксту. Сабаленка. [Завуч:] — І калі.. [карэспандэнт] не напіша пра твае ўцёкі, то адступіцца ад праўды. Рунец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)