пратэ́ст, ‑у, М ‑сце, м.

1. Рашучае пярэчанне супраць чаго‑н., заява аб нязгодзе з чым‑н., аб нежаданні чаго‑н. Сваім удзелам у жалобным шэсці людзі дэманстравалі пратэст супраць паліцэйскага гвалту. У. Калеснік. Спроба бацькі забраць яго з рук Максіма сустрэла рашучы пратэст хлопчыка. Шамякін. Слухаючы разважанні старога Скуратовіча, Кандрат Назарэўскі не можа скрыць свайго абурэння і пратэсту. Барсток.

2. Афіцыйнае выказванне нязгоды з якім‑н. рашэннем, пастановай. Пратэст пракурора. // Спец. Афіцыйнае пацвярджэнне факта нявыплаты ў тэрмін па вэксалі, якое дае трымальніку апратэставанага вэксаля перавагі пры сыскванні доўгу. // Спец. Афіцыйная заява капітана марскога судна, якая пратакаліруе факт аварый судна або псавання грузу. Марскі пратэст.

[Ад лац. protestor — публічна даказваю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скры́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скрыць.

2. у знач. прым. Схаваны ад чыіх‑н. вачэй; нябачны. Сяргееў хацеў ісці скрытымі мясцінамі, па лазняку. □ Валодзя ведаў карацейшую дарогу. Федасеенка. // Замаскіраваны, тайны. Скрытая барацьба. Скрытыя падкопы ворагаў.

3. у знач. прым. Без характэрных знешніх прыкмет; унутраны. Скрытая форма хваробы. // Які не выяўляецца яскрава, скрываецца (пра пачуцці, адчуванні і пад.). Тонкія, таксама падфарбаваныя вусны нервова ўздрыгвалі, вялікія сінія вочы глядзелі журботна, з вялікім скрытым болем. Шашкоў.

4. у знач. прым. Які ўласцівы каму‑, чаму‑н., але яшчэ не выявіўся або знешне незаўважальны. Скрытыя сілы. □ Адам Міцкевіч, чытаючы лекцыі ў парыжскім Калеж дэ Франс, гаварыў .. аб скрытых, патэнцыяльных магчымасцях беларускай мовы. Мальдзіс.

•••

Скрытая камера гл. камера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

затаі́цца, ‑таюся, ‑тоішся, ‑тоіцца; зак.

1. Схавацца, прытаіцца, імкнучыся застацца незаўважаным. Хлопцы затаіліся ў засені кустоў бэзу і сачылі адтуль за малымі. Шыловіч. Маленькі краб, выкінуты хвалямі на бераг, затаіўся пад каменем, дзе засталося крыху вільгаці, і пагражальна варушыць чорнымі клюшнямі. Бяганская. // перан. Разм. Імкнучыся застацца нявыяўленым, часова спыніць сваю дзейнасць. — Нам неабходна ўстанавіць пастаянны нагляд за Грыбоўскім і дзедам Гаўрылам. Толькі дзейнічаць трэба вельмі асцярожна. Пачнём ім мазоліць вочы, яны адразу здагадаюцца, затояцца... Курто. Белыя затаіліся, чакаюць большых сіл. Галавач.

2. перан. Скрыць, утаіць ад іншых свае думкі, пачуцці. Затаіцца ў сабе. □ Магла б тады ў крыўдзе затаіцца, Замкнуць давер’я дзверы на ключы І з пуцявіны выбранае збіцца, Навобмацак уперад ідучы, Калі б не дзядзька той мяне суцешыў. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Зрабіць амаль нябачным; часова схаваць. Малады бярэзнік і альшэўнік атулілі буданы зялёным аксамітам, прыхавалі ад чалавечага вока. Шчарбатаў. Падчас бойкі ля універсітэта яшчэ мінулай восенню.. [Вольга] памагла мне апрытомнець і прыхавала наган, калі ён выпаў у мяне з кішэні. Карпюк. — А я пайду ставіць каня і прыхаваю ў пуньку бярвенне. Чорны. // Зберагчы для будучых часоў; пакінуць на запас. — Трэба нам быць гатовым на ўсё і хоць што-небудзь прыхаваць. Прыйдзецца ў лес бегчы, тады з лесу выходзіць, дык застанешся ў чым стаіш... Карпюк. — Не, брат Стары, тут і танней пражыць можна. Будзеш сабе сталавацца ў бацькі, можна і капейку прыхаваць. Колас.

2. перан. Схаваць, утаіць, скрыць што‑н. У Марыі кальнула ў сэрцы, але яна старалася прыхаваць гэта ад мацеры. Кулакоўскі. Каб прыхаваць сваю збянтэжанасць, я ўнурыўся ў школьны журнал, разглядаючы спісы вучняў мінулых гадоў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укры́ць, укрыю, укрыеш, укрые; зак., каго-што.

1. Накрыць, закрыць поўнасцю, з усіх бакоў. Укрыць машыну брызентам. Укрыць хворага коўдрай. □ Чыясь руплівая рука ўкрыла [Панаса] цёплым футрам. Колас.

2. Накрыць, запоўніць, усеяць чым‑н. па паверхні. Цвіль укрыла сцены. □ Першы кволы лядок укрыў нешырокую раку. Чарнышэвіч. Сухі пыл уеўся за дзень у твар, укрыў плечы, пабіўся за шыю. Пташнікаў. У паветры марозна, відаць, хутка пойдзе снег, укрые зямлю. Дуброўскі. // Ахутаць, ахінуць (пра туман, смугу, дым і пад.). Ізноў асеннія туманы Укрылі сосны і дубы. Ляпёшкін. // Выступіць па паверхні чаго‑н., распаўсюдзіцца на паверхні чаго‑н. Жанчына, здавалася, не дыхала. Твар яе ўкрылі кропелькі поту. Чыгрынаў. Чырвань укрыла .. шчокі [Статкевіча]. Алешка.

3. Схаваць дзе‑н., засцерагчы ад каго‑, чаго‑н. Мсціўцаў ад ворага ўкрыла Ноч сваёй шэрай імглою, Зноў павяла іх дарога Да паласы франтавое. Калачынскі. А я ў дарозе Пад голай вербай днём асеннім Успомню аб густой бярозе, Што ў спёку ўкрыла мяне ценем. Гаўрусёў. // Дапамагчы скрывацца каму‑н. Укрыць злачынца. // перан. Утаіць, скрыць што‑н. ад каго‑, чаго‑н. Укрыць маёмасць ад аблажэння падаткам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́ска, ‑і, ДМ масцы; Р мн. масак; ж.

1. Накладка на твар, падобная на звярыную морду або чалавечы твар. Тэатральнай маска. Маска зайца. // Накладка на верхнюю частку твару з прарэзамі для вачэй, якую надзяваюць для таго, каб не быць пазнаным. Карнавальная маска. // Чалавек у маскарадным касцюме і такой накладцы. Душа твая — малюнак артыстычны: Пад лютняў звон прыгожых масак рой Танцуе там, адзеўшыся нязвычна, У надзеі скрыць праз гэта смутак свой. Багдановіч.

2. перан. Прытворства, якое скрывае сутнасць каго‑, чаго‑н. Мужчыны стараліся стрымаць свае пачуцці і роблена прыкрываліся маскай абыякавасці і лёгкай іроніі. Васілевіч. Сваё замяшанне [Зелянюк] досыць удала хаваў пад маскай вясёлага бадзёрага ажыўлення. Зарэцкі.

3. Адліўка з гіпсу, знятая з твару нябожчыка. // Скульптура твару чалавека або галавы жывёлы. Пад выпуклым барэльефам белай мармуровай маскі — старадаўняга акцёрскага сімвала — было высечана: Антон Максімавіч Саковіч. Рамановіч.

4. Спец. Засцерагальнае прыстасаванне, якое надзяваюць на твар. Супрацьгазавая маска. Маска для падводнага плавання. // Накладка спецыяльнага прызначэння на твар. Перад .. [Надзяй] стаяў урач у дзіўнай масцы і незвычайным фартуху. Карпюк.

5. У касметыцы — слой накладзенага на твар лекавага саставу, крэму і пад.

•••

Зняць (скінуць) маску гл. зняць.

Надзяваць (насіць) маску гл. надзяваць.

Сарваць маску гл. сарваць.

[Фр. masque ад араб. mashara — насмешка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)